Гэтыя падзеі пяцігадовай даўніны прыгадаліся мне 13 лістапада, у дзень асвячэння вуглавога каменя касцёла святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Ужо закладзены падмурак будучай святыні, пачалі ўзводзіцца сцены, а галоўнае, што за гэты час у Расонах паўстаў жывы касцёл, які складаецца з найкаштоўнейшых камянёў – людскіх сэрцаў, што прагнуць Бога. Ёсць сярод іх людзі старэйшага веку, ёсць моладзь, ёсць дзеці. Словам, у Расонах за гэтыя пяць гадоў паўстала паўнакроўная каталіцкая супольнасць – парафія святога Язафата Кунцэвіча.
Сімвалічна, што камень, прывезены з рэшткаў колішняга касцёла святога Юзафа ў вёсцы Гарбачэва, што на Расоншчыне, які быў зруйнаваны за гады савецкай улады, стаў вуглавым каменем будучага касцёла ў Расонах. Асвячаючы яго, біскуп Уладзіслаў Блін маліўся за тое, каб ужо ніколі больш на нашай зямлі не руйнаваліся Божыя святыні і каб людзі ўжо ніколі больш не разрывалі сваю сувязь з Богам.
Прыгожая гэта была ўрачыстасць пад адкрытым пахмурным лістападаўскім небам. Ці ўсведамлялі расонскія дзеці, якія ўдзельнічалі ў святой Імшы, што яны сталі сведкамі гістарычнай, адметнай падзеі, пра якую ў будучыні абавязкова напішуць у нейкай кнізе, прысвечанай гісторыі Расонаў? Ды і не так гэта важна, каб дзеці думалі над такімі сур’ёзнымі пытаннямі. Гэта – справа дарослых. А дзецям так лёгка і хораша спявалася ў той дзень пра дзяцінства Езуса, пра тое, што Бог любіць усіх людзей і што іхнія сэрцы таксама палаюць любоўю да Яго! На канцэрце пасля Імшы лёгка спявалася, дарэчы, і хору з Мёраў, і моладзі з Расонаў, Полацка ды Наваполацка. На супольным абедзе парафіяне прыгадвалі розныя цікавыя гісторыі, якія ім давялося перажыць за гэты час, жартавалі і, вядома, марылі пра тое, як некалі зазвоняць званы касцёла святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах. Зазвоняць і паклічуць іх усіх на святую Імшу.
Фота аўтара.