Зрэшты, убачыць такую батлейку можна і ў Беларусі: айцы францішкане ўстанавілі рухомую стаенку ў вёсцы Удзела, што на Глыбоччыне, дзе знаходзіцца адзін са старэйшых беларускіх кляштараў францішканаў. І цяпер тут у любы дзень можна прыйсці ў невялікі будынак ды сузіраць падзеі, якія адбыліся 2000 гадоў таму ў Бэтлееме, а таксама 11 лютага 1858 года ў Люрдзе. Удзелаўская батлейка так і называецца:«Люрд і Бэтлеем».
Гледачы гэтага дзівоснага відовішча становяцца не толькі назіральнікамі тых падзей, але і ўдзельнікамі. Ды і як жа ты не станеш непасрэдным удзельнікам, калі з беларускага Мінска цягнік у батлейцы прыбывае проста ў Люрд і клапатлівы голас папярэджвае:« Станцыя Люрд. Асцярожна: дзверы адчыняюцца». А праз некалькі хвілінаў ты пачуеш голас самога Яна Паўла ІІ, які сардэчна вітае ганаровых удзельнікаў таго набажэнства, сярод якіх ёсць і наш кардынал Казімір Свёнтэк. Потым ты слухаеш кароткае казанне Святога Айца і цябе зноў не пакідае адчуванне, што ён звяртаецца непасрэдна да цябе. А таму, калі ён удзяляе вернікам благаслаўленне, ты таксама жагнаешся. Не зможаш ты быць проста пабочным слухачом і тады, калі мілая Мадзя Бучак – дзяўчынка з трагічным лёсам, якой давялося несці цяжкі крыж цярпенняў і болю, – пачынае жыццярадасна маліцца на ружанцы...
У гэтай батлейцы ўсё прыгожа і незвычайна: і званы, што б’юць на касцёльнай вежы, і людская працэсія вакол таго касцёла, і сапраўдны фантан, і вялікі папугай, што вартуе ахвяраванні на ўтрыманне батлейкі, і чароўнае слова «Дзякуй», якое раз-пораз успыхвае электрычным святлом.
Пасля ўсяго ўбачанага ты таксама захочаш сказаць свае сардэчныя словы падзякі айцам францішканам за падораныя табе хвіліны радасці, за тое, што наведаць удзелаўскую батлейку і дакрануцца да бэтлеемскіх і люрдаўскіх падзей можна не толькі ў святы Божага Нараджэння, але і ў любы дзень на працягу года, нават летам.
Фота Яўгеніі Бальшаковай.