І.
на двары нядзеля
ўсё кругом адзела
зіма ў свае шаты
ночкай белай снежнай
краінай бязмежнай
ідзе ў хаты свята
спакойна і шчыра
як у вечны вырай
зорная сцяжынка
так ціха на свеце
як паснулі дзеці
і свеціць ялінка
ці ў Небе начуеш
паслухай і ўчуеш
голас ціхі ясны
свет наноў збудзіўся
Езус нарадзіўся
добрым людзям шчасны
сэрца з сэрцам блізка
Маці над калыскай
схілілася нізка
слёзы спачываюць
анёлы спяваюць
радасць з цудам абяцаюць
на двары нядзеля
ўсё кругом адзела
зіма ў свае шаты
ночкай белай снежнай
краінай бязмежнай
ідзе ў хаты Свята
ІІ.
зорка ўпала за краем зямлі
рассыпаюцца ў вокнах агні
чутны светлы голас далёкі
і празрыстая чысціня
замяла след нябачны лёгкі
з белай ночы да белага дня
так і мы плывем над зямлёй
як марозныя зоры зімой
ці з маленства чыстыя душы
і спакой заснуў пад крылом
калі свечак белыя ружы
затапілі цяплом наш дом
у Святую ціхую Ноч
нават меч не меч нож не нож
чалавек не воўк брат не вораг –
Той каторы прыйшоў да нас
паварочвае свет і горад
запыняе няўмольны час
на пустыні Ночы Святой
месца ёсць быць самім сабой
адкрыць вочы расправіць плечы –
цесны ж наш чалавечы свет –
і пусціць сваю душу з клеткі
паляцець за зоркаю ўслед
зорка ўпала за краем зямлі
не пагаснуць яе агні –
так нячутны нябачны паўсюдны
Той каторы прыйшоў да нас
і заўжды з паспалітым людам
пакуль свет нам здаецца цудам
і пакуль агонь не пагас
ІІІ.
цяпер па вадзе хадзіць –
калі забракла зямлі
і сталі яе дзяліць
народы і каралі
то некалі быў прастор
і воля і верны конь
і кожны ляцеў да зор
і меў у душы агонь
прайшоў наш каменны век
прайшоў наш бронзавы век
прайшоў наш жалезны век –
і дзе цяпер чалавек?
і хто цяпер чалавек?
спамін ці туман і дым
нічога болей па нас –
адзін толькі Божы Сын
ідзе па вадзе скрозь час
праходзіць праз Іярдан
а потым Прыпяць і Стыкс –
прагнала бура туман
і вецер магільны сціх
і сонца жыць і расці
казала ўсяму на зямлі –
і што не маглі знайсці
народы і каралі?
той сойм даўно мёртвых душ
без памяці і святла?
не бі не ламай не руш –
навука ж простай была
дзве тысячы год вядзе
наш род слабы за сабой
і Сам ідзе па вадзе
і Дух ляціць над вадой
і кожны зямны наш год
дзе разам дабро і зло
ў нябачны Яго прыход
стаіць над зямлёй святло...
2005 г.
Алесь Чобат
|