Сям’я Дулебавых з гарпасёлка Тулава, што знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад Віцебска, – адна з тых сем’яў, якія прыйшлі ў касцёл адносна нядаўна. Прыйшлі ў выніку асэнсаванага выбару і адразу ж сталі самымі актыўнымі парафіянамі. З Аляксандрам, Святланай і іх дзецьмі Вікай і Дзімам мы размаўлялі пра рознае, але кожнага разу гаворка міжволі пераключалася на тэмы рэлігійныя. А пачалася яна з жарту пра тое, хто ў сям’і галоўны католік. Адзінадушна роля галоўнай была прызнаная за Святланай.

– Чаму так, Святлана?

Святлана:
– Таму што я паходжу з сям’і з каталіцкімі каранямі. Мае дзядуля і бабуля Міхал і Алена Лісоўскія, жылі ў Крэве на Валожыншчыне, былі католікамі. Выпраўляючыся на святую Імшу, па чарзе бралі з сабою кагосьці са сваіх семярых дзяцей. Адна з тых дзяцей, Яніна, мая будучая маці, трапіла ў паваенны час разам з бацькамі ў Сібір (туды яны выправіліся ў пошуках працы) і там пазнаёмілася з хлопцам з Віцебска. Яны ажаніліся і пераехалі ў Віцебск на сталае жыццё. Дзядуля – Бог даў яму век больш за 90 гадоў – спавядаў экуменічны падыход да рэлігійных справаў. Усё жыццё, нават у самыя неспрыяльныя часы, наведваў царкву (касцёла ў Віцебску тады не было), паклапаціўся, каб усе дзеці і ўнукі былі ахрышчаныя. Кожны раз, калі мы разам з ім наведвалі маміну радзіму, Валожыншчыну, ішлі ў касцёл. А калі з прыездам кс. Януша Скэнчэка ў горадзе пачала стварацца каталіцкая парафія, дзядуля ездзіў на прыватную кватэру, каб узяць удзел у святой Імшы. Мама пачала рэгулярна хадзіць у касцёл пасля трагічнай смерці сына, майго брата Валодзі. Па сёння яна лічыць тую трагедыю расплатаю за мінулае нявер’е, менавіта вера дапамагае ёй перажыць страту.

Аляксандр:
– А я, на жаль, свае карані ведаю не надта добра. Бацька быў ваенным лётчыкам і разбіўся падчас палёту ў Эстоніі. І так атрымалася, што па ягонай смерці сувязь са сваякамі страцілася. Маю сур’ёзны намер узнавіць яе. Да таго як прыйсці ў касцёл, я быў вернікам новаапостальскай царквы, хадзіў туды каля трох гадоў.

Святлана:
– Мы разам туды хадзілі. Быў нават у нашым жыцці такі перыяд, калі адначасова наведвалі і новаапостальскую царкву, і касцёл. А ў выніку – касцёл перамог.

– Чаму так здарылася?

Святлана:
– Адчулі, што менавіта тут – наша, тое, чаго шукалі. Як ні дзіўна, але першым сталым католікам у нашай сям’і быў Дзіма. Мы ж – былі пры ім, вадзілі на катэхезу. Пакрысе ўцягваліся самі: пачалі наведваць святыя Імшы па нядзелях, прайшлі катэхізацыю для дарослых, прынялі першую Камунію і сакрамэнт шлюбу.

– Як вы пазнаёміліся?

Аляксандр:
– Вельмі проста. Трапілі ў школе ў адзін клас ды так і правучыліся ў ім разам дзесяць гадоў.

– Ці не таму ў вас такая дружная сям’я, што ведаеце адно аднаго змалку?

Святлана:
– Напэўна, дружная, хоць мы і вельмі розныя. Я – імпульсіўная, нават занадта, а Саша, наадварот, ураўнаважаны, спакойны чалавек...

– Спадзяецца ва ўсім на Божы Провід?

Аляксандр:
– Не зусім. На мой погляд, чалавек, які жадае жыць годна (у тым ліку і ў матэрыяльным плане), павінен спадзявацца на Божую ласку, але аднаго гэтага недастаткова. Папрасіць – проста, куды цяжэй часам самому прыкласці да нечага рукі. Так што мой прынцып такі: пажадаў чагосьці – прасі, але і рабі адначасова. Што да Божага Провіду, то я шмат разоў упэўніваўся, што гэта – сур’ёзна. Быў такі перыяд, калі вельмі патрэбная была праца, папрасіў – і атрымаў. І наадварот, калі яе было зашмат, Бог зрабіў так, што паменела.

Святлана:
– Сашу ўсе называюць тэхнаром ад Бога, і гэта праўда. Ён умее амаль усё – ад рамонту матора аўто да любой цяслярскай працы.

– Цяпер зразумела, чаму вы вырашылі пакінуць горад і перасяліцца ў прыгарад...

Аляксандр:
– Жыць у нармальных умовах, забяспечваючы іх уласнаю працаю, – гэта, па-мойму, здорава. Тут, на гэтай нашай новай сядзібе, шмат яшчэ клопату, шмат чаго трэба дарабляць, але спадзяемся, што з Божаю дапамогаю ўсё атрымаецца.

– Як на ваш погляд, што цяжэй: будова дома ці ўнутрысямейных адносінаў?

Святлана:
– Цяжка адказаць адназначна. Будова дома патрабуе працы фізічнай, будова сужэнскіх адносінаў – працы душы. Асабліва, калі людзі такія розныя, як мы. На працягу пяці гадоў мы з’яўляемся ўдзельнікамі «Хатняга касцёла». Вось і ўчора якраз прымалі ў сябе сем’і з нашай парафіі. Такія сустрэчы вельмі дапамагаюць, бо праблемы, якія мы абмяркоўваем падчас іх, аналізуюцца з удзелам ксяндза – усебакова і вельмі глыбока. Збліжае і нейкі агульны занятак. Такі, напрыклад, як спевы ў касцёльным хоры «Гасанна».

– Дзіма, пра цябе ўжо сказалі, што ты самы сталы ў сям’і католік. Як пачуваешся ў касцёле?

Дзіма:
– Добра. Ужо падчас вучобы ў школе я адчуў непрыманне для сябе таго ладу жыцця, які характэрны для многіх старшакласнікаў. Пэўна, у немалой ступені дзякуючы касцёлу мне ўдало- ся пазбегнуць яго негатыўных праяваў, з якіх схільнасць да спіртнога – яшчэ не самае горшае. Цяпер я вучуся на аддзяленні тэалогіі Віцебскага дзяржаўнага універсітэта, павышаю свой тэарэтычны ўзровень ведаў. Чатыры разы выпраўляўся ў пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай, бываў у іншых сакральных каталіцкіх мясцінах, а сёлета наведаў радзіму продкаў – Крэва. Думаю, разважаю і неяк фізічна сам адчуваю, што знаходжуся ў перыядзе станаўлення.

– У касцёл заўсёды ідзеш з ахвотаю?

– Бывае так, што і без ахвоты. Але прыйду на Імшу – і ўсё мяняецца.

— Віка, ты таксама вучышся ва універсітэце?

– На аддзяленні «Пачатковая школа і англійская мова».

– У тваёй групе шмат студэнтаў-вернікаў?

– Нажаль, не ведаю. Я сама ў касцёл прыйшла пазней за ўсіх з нашай сям’і. Усё шукала, спрабавала разабрацца ў сабе і ў сваім стаўленні да Бога. Усе пыталіся: ну, калі ж, нарэшце, калі? Сёння касцёл – важная частка майго жыцця. Нямала паспрыяла ўмацаванню маёй веры сустрэча моладзі ТЭЗЭ ў Будапешце, у якой мне пашчасціла браць удзел, а таксама пілігрымка на сустрэчу з Папам Янам Паўлам ІІ у Канадзе. Спадзяюся, надалей буду толькі ўмацоўвацца ў веры.

– Шчыра жадаю гэтага табе і ўсёй вашай інтэлігентнай, схільнай да духоўнага пошуку ды развагаў сям’і. Няхай заўжды дапамагае вам Пан Бог!

Францішак Дубраўскі.
Фота з сямейнага альбома Дулебавых.