Першыя радасныя воклічы, абдымкі: сустрэліся сябры, тыя, хто даўно знаёмы, хто з нецярплівасцю чакаў знаёмства з новымі сем’ямі. Беззаганная Маці Касцёла заўсёды чакае сваіх дзяцей, але калі мы сустракаемся дзеля таго, каб праслаўляць Маці, каб падзякаваць Ёй за апеку над сем’ямі, за тую ласку, якою Яна нас шчодра надзяляе, то, напэўна, Яна чакае нас з яшчэ большым нецярпеннем і сустракае з радасцю. Кожная маці радуецца, калі яе дзеці жывуць у згодзе, так і Беззаганная Маці Касцёла прымае нас як сваіх сапраўдных дзяцей.
Сустрэча сем’яў распачалася а 12-й гадзіне з малітвы каля абраза Маці Божай Будслаўскай. У 12.30 адбылася святая Імша, якую цэлебраваў кс. Аляксандр Барыла, дыяцэзіяльны мадэратар супольнасці Хатняга Касцёла, руху «Святло-Жыццё». У 15.00 усе сабраліся на малітву да Божай Міласэрнасці пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пасля адбылася канферэнцыя і арганізацыйная інфармацыя на лета бягучага года. На заканчэнне была ўрачыста асвечаная свечка, якая будзе спадарожнічаць у працы супольнасці Хатняга Касцёла ў наступным годзе.
Гэты год у Касцёле прысвечаны Папу Яну Паўлу ІІ. Рух «Святло-Жыццё» таксама жыве пад гэтым знакам памяці. У супольнасці Хатняга Касцёла – галіне руху «Святло-Жыццё» – мы стараемся выконваць тыя заданні, якія ставіць перад намі Каталіцкі Касцёл, стараемся спасцігаць тую вялікую спадчыну, якую пакінуў нам Папа, наш сучаснік, які шматразова звяртаўся да сем’яў як да асновы грамадства, тлумачыў сэнс існавання сям’і, яе значэнне і заданні.
Супольнасць Хатняга Касцёла руху «Святло-Жыццё» на Беларусі мае сваю гісторыю станаўлення. Нягледзячы на ўсе тыя цяжкасці, якія сустракаліся на гэтым шляху, мы верым, што Маці Беззаганная чувае над сваімі дзецьмі, апякуецца намі, моцна трымае кожнага за руку, каб упэўнена крочылі па выбранай дарозе. Нас з кожным годам становіцца больш, складаюцца новыя колы, а гэта азначае, што сем’і імкнуцца будаваць новае ў сабе і ствараць новую супольнасць з новай культурай дзеля існавання прыгожай любові – агапэ.
«Святло-Жыццё»