Аднак бязмежная радасць вернікаў і іх пробашча крыху азмрочана тым, што касцёл перадаецца ў вельмі занядбаным стане — будынку і ўсім камунікацыям патрэбны неадкладны капітальны рэмонт, на які спатрэбяцца вельмі вялікія сродкі, а іх парафія пакуль не мае. Між тым, расколіны, што, нібы павуцінне, аблыталі скляпенні і сцены касцёла, дзе-нідзе ўжо дасягаюць таўшчыні ў сантыметр і з кожным годам павялічваюцца. Калі не прыняць неадкладных мераў, беларуская сталіца можа застацца без яшчэ аднаго з найпрыгажэйшых сваіх помнікаў архітэктуры, якіх у Мінску, на жаль, захавалася вельмі мала. Таму вернікі парафіі звяртаюцца да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб дапамозе. Безумоўна, парафіі патрэбна не толькі фінансавыя сродкі і прафесійная дапамога спецыялістаў: самая першая і найважнейшая дапамога — гэта малітва, і ў скарбонку малітвы свой унёсак можа зрабіць кожны вернік.