Няпростае жыццё святарскае: сёння ў адным месцы працуе чалавек, заўтра, глядзіш, паклікаў Пан Бог выконваць душпастырскую паслугу за тысячы кіламетраў ад яго. З’язджае, але справы застаюцца, застаецца памяць у сэрцах людзей, успамін пра ўсё тое добрае, чым здолеў адзначыцца на іх часта няпростай жыццёвай пуцявіне. I ўжо як надараецца зноў спаткацца — то якая гэта радасць!

Такое спатканне адбылося ўвесну у вернікаў віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага з былым пробашчам парафіі а. сальватарыянінам Тадэвушам Дабравольскім. Кс. Тадэвуш аддаў віцебскай парафіі некалькі гадоў шчырай святарскай працы, а прыехаў пабачыцца з былою пастваю ажно з Манілы (сталіцы Філіпінаў), дзе паўтара гады працваў у духоўнай каталіцкай семінарыі для нараджэнцаў В’етнама, Філіпінаў, Кітая і Шры-Ланкі. Было цікава даведацца пра варункі той працы, наогул пра арганізацыю духоўнага жыцця ў гэтай далёкай азіяцкай краіне. Філіпіны — адзіная дзяржава ў Азіі, дзе большасць вернікаў (каля 80%) з’яўляюцца католікамі, астатнія спавядаюць іслам. Хрысціянства прыйшло сюды з іспанцамі 400 гадоў таму. Краіна з 80-мільённым насельніцтвам складаецца з некалькіх тысячаў выспаў, і гэта надае ёй пэўную спецыфіку як у плане эканамічнага жыцця, так і ў плане рэлігійным. Пэўны час Філіпіны з’яўляліся калоніяй ЗША, таму дзяржаўная мова тут англійская, а наогул у краіне можна пачуць каля 30 моваў.

Паводле расповеду кс. Тадэвуша, філіпінцы вельмі адрозніваюцца ад нас у выяўленні сваёй рэлігійнасці. Там, напрыклад, успрымаецца за норму малітва напрыканцы працоўнага дня. Ніхто не здзівіцца, калі ў супермаркеце а 12-й гадзіне загучыць «Анёл Панскі». Як нікому не прыйдзе ў голаў паціскаць плячыма, убачыўшы абраз з выяваю Маці Божай дзе-небудзь у сталічным супермаркеце. Духоўныя асобы паўсюль карыстаюцца вялікім аўтарытэтам, але іх катастрафічна не хапае, асабліва ў сельскай мясцовасці і ў аддаленых ад цэнтра раёнах.

На Філіпінах няпроста атрымаць адукацыю і добрую працу, але калі ўжо чалавек яе мае, то жыве нябедна. Філіпінцы значна горш за нас абароненыя ў сацыяльным плане, і можа таму яны ў большай ступені, чым мы, хінуцца адзін да аднаго. Найвялікшы клопат для іх — не згубіць годнасці ў вачах іншых людзей. Другою важнаю каштоўнасцю жыхары астраўной краіны лічаць сям’ю, у якой звычайна гадуюцца 5 дзяцей.

У духоўнай семінарыі айцоў сальватарыянаў навучаецца 25 чалавек. Вучоба доўжыцца 8 гадоў, пасля чаго выпускнік мусіць прайсці 1 год дыяканскай практыкі. Працаваць складана з-за кліматычных умоваў: горача і высокая вільготнасць паветра увесь год. Нягледзячы на гэта, многія манаскія каталіцкія кангрэгацыі маюць на Філіпінах свае семінарыі.

Айцец Тадэвуш яшчэ шмат чаго распавёў нам падчас той сустрэчы. Развіталіся мы па-сяброўску: былы пробашч, мабыць, з думкамі пра працу, а мы — пра тое, які вялікі і шырокі ўсё-ткі свет і як шмат у ім цікавага, асабліва калі ўспрымаць жыццё як найвялікшую каштоўнасць, падараваную нам Богам.

Францішак Дубраўскі