Хваляваліся лёзненцы і з яшчэ адной нагоды: менавіта ў гэты па-летняму цёплы дзень ажно 13 парафіянаў, жыхароў раённага цэнтра і прылеглых вёсак, рыхтаваліся да прыняцця сакрамэнту бежмавання. 13 асобаў адносна сталага веку, якія, пераехаўшы калісьці на новае месца жыхарства з заходніх раёнаў вобласці, страцілі на пэўны час сувязь з Касцёлам і паўнакроўнае рэлігійнае жыццё якіх аднавілася дзякуючы стварэнню ў Лёзне каталіцкай парафіі. Дастаткова сказаць, што толькі адна са сталых верніцаў парафіі, Стэфанія Маслюк, прыняла ў свой час сакрамэнт бежмавання, ды і то не дома ў Мосары, дзе тады жыла, а ў Вільні, куды выправілася дзеля гэтага цягніком разам з 16-цю аднавяскоўцамі.
У святочнай Імшы, якую цэлебраваў біскуп, бралі таксама ўдзел іншыя госці: ксёндз пралат Міраслаў Скачыляс, канцлер дыяцэзіяльнай курыі кс. Кшыштаф Вітвіцкі, пробашч катэдральнага касцёла святой Барбары а. Міхал Ермашкевіч, вікарый віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага а. Андрэй Каліцяк, вікарый з Шуміліна а. Марэк Пісарэк, законныя сёстры з парафій абласнога цэнтра і Гарадка, група студэнтаў аддзялення тэалогіі Віцебскага дзяржуніверсітэта. Прыехалі падтрымаць аднаверцаў, раздзяліць з імі радасць удзялення сакрамэнту таксама вернікі з суседніх парафій.
Перад пачаткам Літургіі пробашч парафіі кс. Алег Півавар зрабіў справаздачу аб зробленым парафіянамі і парафіяльным камітэтам за мінулы час, спыніўся на тых планах, якія ўвасабляе ў жыццё лёзненская не такая ўжо шматлікая, але дружная каталіцкая супольнасць.
Асаблівае ўрачыстасці надало святу прачулае, змястоўнае слова падчас Імшы ксяндза біскупа. Апеляванае да вечных хрысціянскіх каштоўнасцяў, яно было адначасова і строгім, і эмацыйным, і не аднаго з прысутных у капліцы людзей натхніла на роздум аб сэнсе жыцця і веры, радасці і пакуты, аб тым прызначэнні, дзеля якога кожнага з нас паклікаў Бог у гэты свет.
Пасля святой Імшы і віншаванняў вернікаў з удзяленнем ім сакрамэнту бежмавання гаспадары капліцы сфатаграфаваліся побач з гасцямі – на памяць, а разам – дзеля напаміну аб тым, колькі супольных справаў ды цудоўных перажыванняў чакае яшчэ наперадзе.
Фота Ірыны Кульпекшы.