Чаму Пан Езус прыйшоў на свет як малое дзіця чалавечае? Чаму жыў трыццаць гадоў між людзьмі ў Назарэце? Мог жа Ён нечакана з’явіцца як дарослы ўжо чалавек, памерці і змёртвыхпаўстаць! Ці ж нас гэта не дзівіць? Якія ж мы быць павінны, калі прымаем таямніцу Божага Нараджэння? Таму Ён прыйшоў на свет як сапраўдны чалавек, каб мы ішлі Яго і нашым чалавечым шляхам. Можна сказаць больш. Езус-Чалавек праз нас дзейнічаць хоча, працаваць, любіць, цярпець, верыць. Калі Ён узяў на сябе наша чалавечае жыццё, то ўсё чалавечае можа стаць святым: наша праца, наша стома, наша каханне людское, адзінота, цярпенне. Святы той, хто не перашкаджае Езусу дзейнічаць. Той, хто спрыяе Езусу ісці праз Яго ў свет. Колькі думак прыходзіць, калі чытаем у Пралогу Святога Яна: «А Слова целам сталася і пасялілася між намі». Пасялілася — значыць, прабывае заўсёды — ёсць.
Ксёндз Ян Твардоўскі
Пераклад К. Л. |