Расказвае Марыя Явід з Брычкоўскіх:

«Прадзед наш жыў каля Нясвіжа. Ён быў дваранінам. Пры савецкай уладзе дзеда прымусілі выбіраць: альбо адрачыся ад дваранства, альбо пакінуць усю сваю маёмасць і выехаць, куды хоча. І вось прадзед пакідае ўсё, нягледзячы на тое, што быў багаты, меў шмат зямлі, і выязджае ў рубяжэвіцкую парафію. Бярэ ў арэнду маёнтак Міхалава і пачынае працаваць. Калі прадзед памірае, застаецца дзед. У дзеда было тры сыны. Усе яны былі жанатыя. Праз нейкі час двое з іх — старэйшы і малодшы — паміраюць. Застаецца сярэдні — мой бацька. Ён пачынае апекавацца жонкамі братоў і іх дзецьмі (іх было восем, і пазней у яго сваіх было таксама восем). У нашай сям’і старэйшым быў Баляслаў. З дзіцячых гадоў ён вельмі любіў касцёл. У гульнях з дзецьмі ён заўсёды быў «ксяндзом», «адпраўляў святую Імшу», праводзіў «працэсію». Відаць, з дзіцячых гадоў ён меў пакліканне да святарства. Вучыўся ён у школе ў Ціханавай Слабадзе. Пазней вучыўся ў Наваградскай гімназіі. У 1928 г. памірае бацька. Застаюцца мама, восем дзяцей і дзве братавыя, у якіх не было ўласнага дома. Мама хацела забраць Болька з гімназіі, бо ўжо не мела магчымасці за яго плаціць.

Рубяжэвіцкі ксёндз дзекан святой памяці Герасевіч дапамагае, і Болька забірае біскуп Лазінскі ў Пінск, дзе не трэба плаціць за навучанне. Баляслаў скончыў духоўную семінарыю, святарскія пасвячэнні атрымаў у 1936 г. Прыміцыйную святую Імшу цэлебраваў у Рубяжэвічах. Усе мы былі ахрышчаны і атрымалі сакрамэнт бежмавання ў Рубяжэвічах.

Ксёндз Баляслаў атрымлівае месца вікарыя ў Бярозе Картузскай. Нядоўга ён там працаваў, атрымлівае новае прызначэнне — месца пробашча ў Крывошыне. Ён быў вельмі добры: не толькі католікам, але і праваслаўным аказваў дапамогу. Быў вельмі добрым прапаведнікам.

У 1939 г. прыходзяць бальшавікі. Ён вельмі шмат перажыў. У 1940 г. выязджае з плябаніі. Была зіма, мароз, прыйшлося выехаць. Паехалі ў Гарадзішча, дзе быў невялікі касцёл, і там мы пачалі жыць. Перад вайною нас часта наведвала НКВД, але ксяндза ніколі не заставалі дома. Яны хацелі яго арыштаваць, але Бог выратаваў. Прыйшлі немцы. Адразу казалі нам вяртацца на плябанію. Пыталіся, хто аддаў распараджэнне выехаць з плябаніі. Ксёндз Баляслаў не сказаў, хто даваў распараджэнне, сказаў толькі, што «ваенныя». Немцы пыталіся, хто быў у партыі. Ксёндз Баляслаў сказаў, што, мабыць, ніхто, бо, як было вядома, неабходна было спачатку два гады быць кандыдатам і ўжо толькі тады можна было ўступіць у партыю.

29 чэрвеня 1942 г., на святых Пятра і Паўла, калі ксёндз Баляслаў меўся цэлебраваць святую Імшу, прыйшлі паліцаі, каб яго арыштаваць. Ксёндз папрасіў, каб яму дазволілі адправіць святую Імшу, бо людзі ўжо сабраліся. Яму дазволілі.

Ён адразу сказаў, што «арыштаваны». Складана апісаць, што адбывалася пасля. Ён усіх супакойваў, казаў, што не адчувае сябе вінаватым і што вярнецца, але ў гэтыя словы ніхто не верыў. Яго адвезлі ў Баранавічы. Туды прывезлі вельмі шмат ксяндзоў, і пачалося даследаванне. Трынаццаць ксяндзоў забралі ў лагер у Колдычава, дзе з іх жахліва здзекваліся, а пазней атруцілі газам — такую яны прынялі смерць. Целы іх кінулі недалёка ад лагера, дзе яны і былі пахаваны. Астатніх святароў расстралялі ў Баранавічах на праваслаўных могілках».