«Вы пакліканыя да святасці», — нагадвае нам Касцёл у 2007 годзе. «Як? Хіба я таксама магу быць святым? Я, такі недасканалы, змучаны праблемамі, знерваваны штодзённым клопатам?» — задае сабе пытанне не адзін з нас і шукае адказ найперш на малітве. Але ці валодаем мы гэтым высокім духоўным майстэрствам штодзённай размовы з Тым, Хто паклікаў нас да святасці яшчэ тады, калі мы не ўмелі сказаць ніводнага слова?

Школа малітвы… Яна заўсёды актуальная для ўсіх: і для тых, хто праводзіць на ёй штодня шмат часу, і для тых, хто нядаўна пачаў сваю размову з Найвышэйшым, і для тых, хто яшчэ толькі збіраецца гэта рабіць. Дык давайце ж вучыцца разам, а для гэтага нам трэба ўмець: услухоўвацца ў Слова, узірацца ў жыццё, спасцігаць свет, дадзены нам Створцам, прыслухоўвацца да голасу тых, хто гэтак жа, як і мы, вучыўся і вучыцца размаўляць з Панам Богам.

На гэты раз прыслухаемся да парадаў, сфармуляваных паводле кнігі свецкай місіянеркі з Ірландыі Франс Хоўган «Пакліканыя да святасці».

 
Мусіш зрабіць гэта сам

Духоўнае жыццё — гэта асабісты кантакт з Богам. Ён вымагае, каб мы правялі на асабістай малітве штодня прынамсі адну гадзіну — дзеля таго, каб нашая сувязь з Богам магла ўзрастаць і развівацца. Ніхто іншы за нас гэтага не зробіць, так як ніхто іншы не можа за нас дыхаць альбо есці.

 
Знайдзі час

Нам трэба так размеркаваць расклад нашага дня, каб было ў ім месца на малітву і на чытанне Святога Пісання. Нельга разлічваць на тое, што «неяк там знойдзецца» колькі хвілінаў напрыканцы дня, калі мы стомленыя і няздольныя сканцэнтравацца. Мы павінны ўспрымаць малітву як найважнейшы час кожнага нашага дня. У любым выпадку для яе патрэбная ціша, каб мы былі здольныя пачуць Пана.

 
Кажы Яму пра ўсё

Ідзі да Пана такі, які ёсць, кажы пра ўсё, што цябе непакоіць. Найперш выкажы, што ляжыць на душы, каб потым перайсці да той глыбокай цішы, калі сам Святы Дух заносіць твае малітвы прад Божае аблічча (пар. Рым 8, 26–27). Скіроўвай свой пагляд і розум да Пана, кажучы: «Пане, мяне непакоіць… Благаславі гэтую сітуацыю… гэтага чалавека…»

 
Будзь далікатным і чуйным

Кажуць, што мы павінны маліцца так, як бы ўсё залежала ад Бога, і працаваць так, як бы ўсё залежала ад нас саміх. Шмат далікатнасці й чуйнасці нам патрэбна для таго, каб супрацоўнічаць з Божай дзейнасцю ў нашым жыцці!

 
Працяг у нумары №4(144) 2007 >>>