Як і паўсюль у свеце, на тэрыторыі парафіі Езуса Міласэрнага нямала людзей, якія маюць патрэбу ў такой увазе. Толькі з ліку католікаў не могуць хадзіць не менш як 10 чалавек. Імі апякуюцца ксяндзы, сёстры законныя Ніколя і Шчэпана, парафіяльны актыў. Яны рэгулярна наведваюць хворых, каб падрыхтаваць іх да ўдзялення сакрамэнтаў, дапамагчы ў нейкіх хатніх справах і проста дзеля душэўнай размовы. Актыўна працуе ў гэтым накірунку і парафіяльная група «Легіёна Марыі». Апроч гэтага, парафія апякуецца мясцовым Домам дзіцяці, дзе таксама шмат хворых.
«Чалавеку ўласцівае жаданне пазбягаць цярпенняў, — сказаў падчас святой Імшы для хворых пробашч парафіі Тадэвуш Кахановіч. — Але ж і цярпенні неабходныя. І, можа, гэта не так датычыць непасрэдна цярпенняў саміх хворых, як тых, хто апякуецца хворымі і павінен знаходзіць у сабе моц, каб пераадолець абыякавасць да хворага чалавека або гідлівасць да праяваў яго хваробы. Аблічча Хрыста — найперш у хворым чалавеку, пра гэта заўсёды варта памятаць».
У жыцці хворага чалавека не апошняе месца займаюць стасункі з іншымі людзьмі — гэта таксама ўлічылі арганізатары сустрэчы, наладзіўшы па ўдзяленні хворым сакрамэнту намашчэння размову пры стале з печывам і гарбатай.
Фота с. Ніколі SSNPM.