«Cакрамэнт любові»: адгартацыя пра Эўхарыстыю

«Сакрамэнт любові, Найсвяцейшая Эўхарыстыя — гэта дар, у якім Езус Хрыстус прыносіць самога сябе, аб’яўляючы бясконцую любоў Бога да кожнага чалавека», — так пачынаецца паслясінадальная адгартацыя Sacramentum Caritatis, падпісаная Святым Айцом Бэнэдыктам XVI у свята Катэдры святога Пятра 22 лютага. Адгартацыя «пра Эўхарыстыю, крыніцу і вяршыню жыцця і місіі Касцёла» стала плёнам працы ХІ Генеральнай асамблеі Сіноду біскупаў, што праходзіла ў Рыме з 2 па 23 кастрычніка мінулага года. Дакумент быў прадстаўлены на спецыяльнай прэс-канферэнцыі, якую 13 сакавіка правялі ў Ватыкане Патрыярх Венецыі кардынал Анджэло Скола і арцыбіскуп Нікола Этэравіч, Генеральны сакратар Сіноду біскупаў.

Тэму Сіноду выбраў яшчэ Ян Павел ІІ. Акрамя звычайнай падрыхтоўчай працы, Сіноду папярэднічаў абвешчаны ім ва ўсім Касцёле Год Эўхарыстыі. Арцыбіскуп Этэравіч падкрэсліў, што Бэнэдыкт XVI, які прызначыў дату правядзення Сіноду менш чым праз месяц пасля свайго выбрання, унёс у яго працу шмат важных асабістых заўвагаў і разважанняў. Кардынал Скола, галоўны дакладчык на пасяджэннях Сіно-ду, падрабязна прааналізаваў змест адгартацыі. Патрыярх Венецыі адзначыў, што сярод шматлікіх азначэнняў, якія на працягу стагоддзяў ужываліся ў адносінах да Эўхарыстыі, Святы Айцец выбраў выраз святога Тамаша Аквінскага: Sacramentum Caritatis — Сакрамэнт любові. Такім чынам паслясінадальная адгартацыя пераклікаецца з энцыклікай Бэнэдыкта XVI Deus caritas est — «Бог ёсць любоў».

«Эўхарыстыя паказана менавіта як сакрамэнт Божай любові, літургічнае дзеянне, якое дае нам адчуць гэтую любоў», — сказаў кардынал Скола. Гэтая любоў зачароўвае і працягвае выклікаць здзіўленне. Яна выклікала здзіўленне дванаццаці апосталаў, калі Езус, палюбіўшы іх да канца, схіліўся, каб абмыць ім ногі. Яна выклікала здзіўленне вучняў на дарозе ў Эмаўс падчас ламання хлеба. «Такім чынам Эўхарыстыя, калі можна так сказаць, даецца таксама сёння, праз дзве тысячы гадоў, як шлях, даступны для людзей нашага часу, каб яны адчулі сапраўдную любоў, „прыгожую любоў”, і каб навучыліся любові. Гэтыя дзве рэчы вельмі патрэбныя ў наш час», — заўважыў Патрыярх Венецыі.

Кардынал Скола звярнуў увагу на тое, што адгартацыя Sacramentum Caritatis упісана ў кантэкст ажыццяўлення пастановаў ІІ Ватыканскага Сабору. Папа пацвярджае дабратворны ўплыў саборнай літургічнай рэформы на жыццё Касцёла, нягледзячы на пэўныя адзначаныя злоўжыванні. Яна мае ў сабе багацці, якія яшчэ поўнасцю не выкрыстаныя.

Дакумент складаецца з трох частак, якія называюцца «Эўхарыстыя — таямніца веры» (І частка), «Эўхарыстая — таямніца цэлебрацыі» (ІІ частка) і «Эўхарыстыя — таямніца жыцця» (ІІІ частка). У ім можна знайсці паглыбленае тэалагічнае разважанне над рознымі аспектамі Эўхарыстыі і каля пяцідзесяці практычных рэкамендацый літургічна-душпастырскага характару. Так, у адгартацыі ідзе гаворка пра сувязь Эўхарыстыі з іншымі сакрамэнтамі, асабліва святарствам і сужэнствам. Бэнэдыкт XVI падкрэслівае значэнне святарскага цэлібату як спосабу наследаваць Хрыста, пацвярджаючы яго абавязковасць у Касцёле лацінскага абраду. Папа таксама адзначае, што «повязь сужэнства ўнутрана звязаная з эўхарыстычным адзінствам Хрыста-Жаніха з Касцёлам-Нявестаю». Пры гэтым Святы Айцец закранае тэму непарушнасці сужэнства, разам з тым заахвочваючы да душпастырскага клопату пра тых, хто жыве ў разводзе. Іншыя рэкамендацыі датычацца прыгажосці літургіі і ўзроўню прапаведніцтва.

У апостальскай адгартацыі Sacramentum Caritatis Бэнэдыкт XVI гаворыць пра запланаванае выданне спецыяльнага «Кампендыума», з прапановаю стварэння якога выступілі ўдзельнікі апошняга Сіноду. «Кампендыум» павінен дапамагчы ў веры, цэлебрацыі і ва ўсё больш глыбокім перажыванні эўхарыстычнай таямніцы. У ім будуць сабраныя тэксты з Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, малітвы, тлумачэнні эўхарыстычных малітваў з Імшала і ўсё тое, што можа аказацца карысным для належнага разумення, здзяйснення і ўшанавання Сакрамэнту Алтара.

Паводле «Радыё Ватыкана»

 
У абарону жыцця

З 23 па 24 лютага ў Ватыкане праходзіў кангрэс на тэму «Хрысціянскае сумленне ў абарону права на жыццё», арганізаваны Папскай акадэміяй Pro Vita. Выступаючы перад удзельнікамі ХІІІ пленарнага пасяджэння гэтай акадэміі, Святы Айцец Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на неадкладную неабходнасць фармавання сумлення моладзі і дарослых бацькамі, выхавацелямі і касцёльнымі супольнасцямі.

Папа падкрэсліў, што сумленне хрысціяніна трэба няспынна ўмацоўваць глыбокай матывацыяй, якая абгрунтоўвае права на жыццё. Яго павінны абараняць усе, бо гэта — аснова ўсіх іншых правоў чалавека. «Хрысціянін пакліканы да таго, каб мабілізавацца перад абліччам шматлікіх нападаў на права на жыццё. Ён ведае, што пры гэтым можна разлічваць на матывацыю, глыбока ўкаранёную ў натуральным праве, а таму яе можа ўспрыняць кожны чалавек са шчырым сумленнем», — сказаў Святы Айцец. Ён адзначыў, што з часу публікацыі энцыклікі Яна Паўла ІІ Evangelium vitae было шмат зроблена для лепшага ўсведамлення гэтай матывацыі ў хрысціянскіх супольнасцях і ў грамадстве. З другога боку, заўважыў Папа, ва ўсім свеце пашырыўся фронт і павялічылася сіла нападаў на права на жыццё, і гэтыя напады набылі новыя формы. «Усё больш настойлівымі становяцца патрабаванні легалізацыі абортаў у краінах Лацінскай Амерыкі і ў краінах на шляху развіцця, якія суправаджаюцца выступленнем за легалізацыю новых формаў хімічных абортаў з прычыны так званага „рэпрадуктыўнага здароўя“. Узмацняюцца стратэгіі дэмаграфічнага кантролю, нягледзячы на тое, што яны былі прызнаныя шкоднымі як у гаспадарчай, так і ў грамадскай сферах», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI.

Акрамя таго Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што ў развітых краінах расце цікавасць да складанейшых даследаванняў у галіне біятэхналогій. Яны суправаджаюцца проста маніякальным імкненнем да атрымання «дасканалага дзіцяці». Пашыраецца практыка штучнага стварэння і розныя формы дыягнастычных даследаванняў, якія павінны падмацаваць селекцыю. У багатых краінах свету таксама назіраецца падтрымка легалізацыі эўтаназіі. Разам з тым расце колькасць ініцыятываў, скіраваных на легалізацыю саюзаў, альтэрнатыўных сужэнству, і такім чынам закрытых для натуральнага нараджэння патомства.

У гэтай сітуацыі тым больш важным становіцца зварот да сумлення, падкрэсліў Папа. Каб правільна кіраваць чалавечымі паводзінамі, маральнае сумленне павінна перш за ўсё грунтавацца на трывалым падмурку праўды. Фармаванне справядлівага сумлення сёння з’яўляецца няпростым заданнем; яно часта сутыкаецца з рознымі перашкодамі, але без яго немагчыма абысціся. «На сённяшняй, так званай постмадэрністычнай стадыі лаіцызацыі, якой уласцівыя супярэчлівыя формы талерантнасці, не толькі пашыраецца адкіданне хрысціянскай традыцыі, але таксама губляецца вера ў тое, што розумам можна пазнаць праўду. Некаторыя нават сцвярджаюць, што індывідуальнае сумленне для таго, каб быць вольным, павінна пазбавіцца ад суадносінаў як з традыцыяй, так і з розумам. Тады сумленне перастае быць святлом, а становіцца толькі фонам, на якім супольнасць, што знаходзіцца ў палоне сродкаў інфармацыі, адбівае супярэчлівыя імпульсы і вобразы».

Святы Айцец нагадаў пра неабходнасць выхоўваць людзей для таго, каб яны жадалі нескажонай праўды, а таксама маглі не паддавацца масавым паводзінам. Гэта з’яўляецца заданнем бацькоў і выхавацеляў у адносінах да дзяцей і моладзі і хрысціянскай супольнасці — да ўсіх вернікаў. Для фармавання сумлення недастаткова павярхоўнага знаёмства з праўдамі веры ў дзяцінстве: неабходна, каб яно адбывалася пастаянна на наступных этапах жыцця. Без гэтага цяжка арыентавацца ў праблемах, якія ставіць біямедыцына ў пытаннях сексуальнасці, нараджэння патомства ці медыцынскай апекі над найслабейшымі.

На заканчэнне сустрэчы Бэнэдыкт XVI працытаваў словы з пастырскай канстытуцыі ІІ Ватыканскага Сабору пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et spes: «У сэрцы чалавека знаходзіцца ўпісаны Богам закон; менавіта падпарадкаванне гэтаму закону вызначае яго годнасць, і паводле яго ён сам будзе суджаны».