Калі б мы ведалі, што жыццё скончыцца заўтра, напэўна, захацелі б пражыць апошні свой дзень як падараваны нам Богам. А ці было б у ім месца тым справам, якія яшчэ ўчора мы так стараліся зрабіць?
Кожнаму з нас падараваны гэты дзень, такі цудоўны і такі непаўторны! І Пан Бог хоча, каб менавіта ўжо сёння чалавек быў шчаслівы. Хоча, каб мы напоўнілі кожную сваю хвіліну радасцю і любоўю. Мы сёння маем гэты чароўны дзень і сёння павінны зрабіць яго найлепшым! Больш за тое, у нас ёсць толькі адно жыццё, і яно не можа быць простым існаваннем, яно павінна стаць захапляючай вандроўкай да святасці. Кожны свой подых, крок, учынак, кожную хвіліну ў гэтай вандроўцы трэба напоўніць сэнсам.
І вось тут варта спяшацца? Спяшайцеся да малітвы, бо кожнае слова, з якім мы звяртаемся да Пана, нашмат даражэйшае за мільён словаў, якімі часам чалавек цешыць сябе. Спяшайцеся любіць і шанаваць тых людзей, якія знаходзяцца побач з вамі, тады і яны будуць у адказ шанаваць вас. Спяшайцеся дзякаваць Богу за дар жыцця, якое маеце і якое можаце зрабіць цудоўным. Спяшайцеся папрасіць прабачэння ў тых, каго пакрыўдзілі, бо не ведаеце, ці будзеце мець такую мажлівасць заўтра. Спяшайцеся дапамагчы таму, хто сёння чакае вашай дапамогі. Спяшайцеся да святыні, каб паяднацца з Богам і прыняць уцелаўлёнага Езуса ў сваё сэрца, бо Ён — жыццё і праўда. Спяшайцеся ўсміхнуцца таму, каму патрэбна вашая ўсмешка. Спяшайцеся набыць тыя скарбы, якія маюць вартасць у небе. Не чакайце, што свет раптам стане лепшым, спяшайцеся зрабіць яго лепшым з дапамогаю свайго жыцця паводле Божых запаведзяў. Спяшайцеся набываць не дзеля таго, каб шмат мець, але дзеля таго, каб аддаць таму, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу. Спяшайцеся дзякаваць тым, хто стараецца зрабіць прыгожым вашае жыццё, бо сапраўды вялікія іх намаганні. Мы не ведаем, што сапраўды маем, пакуль гэтага не страцім, таму спяшайцеся цешыцца з усяго, што спатыкаеце ў сваім жыцці. Спяшайцеся стацца, як ясны і ласкавы прамень сонейка, які атуляе цяплом усіх, да каго дакранаецца. Спяшайцеся напоўніць сэрцы вашыя дабрынёй, каб вочы ззялі сапраўдным Божым святлом. Спяшайцеся быць справядлівымі, міласэрнымі і не асуджайце нікога, каб і вас не асудзілі. Спяшайцеся з адвагаю несці людзям Хрыста і вы ўбачыце, як радасна служыць Яму і жыць дзеля іншых. Спяшайцеся аддаць свету самае лепшае з таго, што маеце, і адчуеце, як лёгка і прыемна крочыць па жыцці з пустымі рукамі, але з поўным любові сэрцам.
Хто з нас ведае, калі скончыцца яго зямное пілігрымаванне... Які дзень станецца апошнім у яго вандроўцы да Неба... Таму спяшайцеся зрабіць тое, што сапраўды напоўніць сэнсам вашае жыццё і дапаможа прайсці праз браму збаўлення ў Божы Дом. Спяшайцеся ўжо сёння зрабіць як мага больш крокаў на шляху да Нябеснага Валадарства, каб хутчэй дасягнуць яго. Спяшайцеся, сябры, бо сапраўды варта паспець як мага хутчэй стаць шчаслівымі і падзяліцца гэтым шчасцем з іншымі! Спяшайцеся!