Працяг. Пачатак у № 1-2 за 2005 г. >>>

Святая прастора

Натуральная прастора мае напрамкі; тры добра вядомыя нам вымярэнні. Яны азначаюць, што прастора ўпарадкаваная, што гэта не хаос. Парадак існуе паміж тым, што знаходзіцца побач, над ці пад нечым. Гэта прыводзіць да таго, што нашае жыццё можа разумным чынам будавацца і рухацца, што мы можам выконваць розныя справы рук сваіх, надаваць ім пэўную форму і пражываць у іх.

Таксама і звышнатуральная прастора — святое — мае парадак. Ён грунтуецца на таямніцы, misterium.

Касцёл збудаваны з захаду на ўсход, звернуты туды, дзе ўзыходзіць сонца. Цеціва сонечнага луку праходзіць праз яго. Святыня прымае першыя і апошнія праменні дня. Хрыстос — сонца святога свету. Напрамак яго дарогі з’яўляецца парадкам святой прасторы, усялякай будовы і ўсялякай формы, якія пастаўлены дакладна з напрамкам вечнага жыцця.

Калі чытаецца Евангелле, то Імшал пераносіцца налева, гэта значыць на поўнач, бо алтар павернуты ў бок усходу. З поўдня прыходзіць святое Слова і ідзе на поўнач. Гэта азначае не толькі гістарычны ўспамін таго, што слова Божае некалі прыйшло з боку Міжземнага мора. Поўдзень — гэта напоўненасць святлом, падабенства звышнатуральнай яснасці. Поўнач — сімвал холаду і цемры. Са святла паходзіць Божае слова. Ён, Той, які ёсць Святлом Свету, і ў цемры свеціць, і пранікае цемру, прыглядаючыся, ці не прымаецца Ён нарэшце.

Трэцяе вымярэнне — напрамак зверху ўніз. Калі святар рыхтуе ахвярныя дары, ён падымае патэну і келіх уверх. Таму што Бог «уверсе», Ён «Святы на вышынях». Чалавек, які просіць, узнімае ўверх позірк і рукі — з глыбіні, de profundis, «да святых вышыняў». І калі біскуп ці святар благаслаўляе падчас асвячэння, то апускае тады руку на галаву чалавека, які стаіць укленчыўшы, альбо на пакладзеныя перад ім прадметы. Таму што ўсялякае стварэнне знаходзіцца «ўнізе», а благаслаўленне прыходзіць зверху, ад Найвышэйшага. Гэта трэцяе вымярэнне, трэці напрамак святой прасторы. Напрамак душы: прагненне малітвы і ахвяры. І напрамак Божы — напрамак ласкі, здзяйснення, сакрамэнтаў.

Так і ідуць гэтыя тры напрамкі святой прасторы. Напрамак у бок узыходзячага сонца, якім ёсць Хрыстус. Насустрач яму звернуты позіркі веруючых; ад яго ідзе прамень Божага святла ў нашыя сэрцы. Вялікая скіраванасць душы на ўсход і сашэсце Бога.

Напрамак з поўначы на поўдзень, калі цемра пазірае на святло, якое праменіць у Божым слове. І святло гэтае прыходзіць з палаючых сэрцаў, каб свяціць і саграваць.

І напрамак знізу ўверх: парыў душы ў прагненні, у малітве і ахвяры, з глыбіні да трону Найвышэйшага Бога. Адказам на гэты парыў з’яўляецца здзяйсненне, якое сыходзіць у ласцы, у благаслаўленні і сакрамэнтах.

Пераклад з нямецкай мовы
Ірыны Бурак.