15 красавіка над старадаўнім мястэчкам Новы Пагост прагучаў развітальны звон — местачкоўцы праводзілі ў апошні шлях Марыю Бараноўскую. Ксёндз Роберт памаліўся за памерлую дома, цэлебраваў пахавальную Імшу ў касцёле і пешшу, больш за два кіламетры, прайшоў з жалобнай працэсіяй да могілак. Для старэючай цяпер вёскі Новы Пагост такая вялікая працэсія, мноства людзей і вянкоў — з’ява выключная, тым болей што Марыя не займала ніякай пасады. Была яна чалавекам чыстым, светлым, справядлівым — узорнай хрысціянкай. А колькі ў ёй было спагадлівасці і добразычлівасці да чужой бяды, велікадушнасці!

Нарадзілася Марыя ў 1933 годзе ў Францыі, куды яе тата Франак Даргель прыехаў з Заходняй Беларусі, а мама — Параскева — з Заходняй Украіны. Там яны пакахалі адно аднаго і пабраліся шлюбам. Але Радзіма цягнула да сябе, і ў 1937 годзе Франак з жонкай і двума дзецьмі прыехаў у родную вёску Дварышча. Толькі нядоўга змог быць гаспадаром на роднай зямлі: пачалася вайна, потым — калгас. Узімку 1950 года памёр.

Кароткім у Марыі было бесклапотнае дзяцінства, а ў падлеткавым узросце яна пайшла працаваць у калгас. Было цяжка, але гэтае выпрабаванне не зрабіла яе чэрствай, жорсткай. Яна верыла Богу, не пайшла на здзелку з сумленнем. У 1957 годзе выйшла замуж за вясковага хлопца Гедыёна. Абвянчаліся ў касцёле, хаця ён быў праваслаўным. Нарадзіла траіх дзяцей. Жыццё было няпростае. Муж стаў меліяратарам, працаваў на экскаватары, Марыя была яго памочніцай, затым перайшла працаваць тэхнічкай у школе, потым у сельсавеце. Яна не мела вышэйшай адукацыі, але вялікі прыродны розум узняў яе да ўзроўню адукаваных людзей, якія з ёй сябравалі і лічылі роўняй. Яна карысталася вялікім аўтарытэтам у мястэчку, людзі да яе прыходзілі па параду, тлумачэнне падзей. Была выдатнай гаспадыняй: трымала ў добрым парадку дом, агарод, жывёлу і птушку. Нават у часы ваяўнічага атэізму не хавала сваёй веры ў Бога, наведвала касцёл у Мёрах, за 20 кіламетраў. У 1990 годзе католікі дамагліся адкрыцця касцёла ў Новым Пагосце, які быў заснаваны ў 1590 годзе знакамітым Львом Сапегам. Парафіяне яго адрамантавалі і былі вельмі рады, калі адбылося асвячэнне будынка. Марыя была першай сярод тых, хто аднаўляў святыню. Але лёс паслаў ёй новыя выпрабаванні. Яшчэ ў палове васьмідзесятых гадоў захварэў муж, які стаў непрацаздольным, а потым наогул інвалідам-калясачнікам. У самой таксама стала пагаршацца здароўе. Вельмі цяжка было апекавацца мужам і адной даглядаць гаспадарку (дзеці жылі сваімі сем’ямі, далёка ад Новага Пагоста, і дапамагалі толькі ў выходныя дні). З апошніх сілаў, пакуль хвароба яе канчаткова не зламала, Марыя несла свой цяжкі крыж. Пры гэтым яна не крыўдзілася на Вышэйшую Волю, шчыра малілася ў касцёле, мужна ішла па сваім крыжовым шляху да канца. Яна выконвала ўсе Божыя запаведзі, заўжды трымала Бога ў сэрцы, таму і была такой добрай, шчырай і прыцягальнай. Яе любілі ўсе, а не толькі блізкія родныя.

Атрымаўшы апошні святы сакрамэнт — намашчэнне святым алеем — яна адышла ў вечнасць. Яе жыццё — прыклад чысціні, жаночай вернасці, чалавечнасці — таго, чаго так не хапае сёння ў свеце. І ў гэтым — яе жыццёвы подзвіг.

Вечны адпачынак дай ёй, Пане.

Мар’ян Даргель,
г. Віцебск.