За час, што мінуў ад моманту ўзнаўлення ў Беларусі рэлігійнага жыцця на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, насельніцтва нашых вёсак і гарадоў ужо прызвычаілася да праяваў каталіцкай веры: будынак новаўзведзенага касцёла стаўся неад’емным і натуральным складнікам краявіду, а постаць духоўнай асобы ў габіце на вуліцы не здаецца дзіўнаю і нязвыклаю. Але гэта, так бы мовіць, нюансы рэпрэзентатыўнага боку развіцця веры. Што да сутнасці працы ксяндзоў і сясцёр законных, дык, бадай, яна і сёння для таго ж абывацеля застаецца невядомаю. Пра тое, кім і як бачаць сваю паству і сябе ў асяродку паствы яе духоўныя апекуны, у прыватнасці, сёстры законныя, — наша размова з прадстаўніцай Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі з віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага сястрой Ніколяй.

 
Сястра Ніколя, Вы працуеце ў Віцебску з дня стварэння Віцебскай дыяцэзіі. 7 гадоў — дастатковы тэрмін, каб зрабіць нейкія высновы. Што, на Ваш погляд, змянілася за гэты немалы прамежак часу ў духоўным узрастанні людзей?

— Адзін з галоўных кірункаў дзейнасці сясцёр нашай кангрэгацыі — праца з дзецьмі. Мяркуйце самі: калі на пачатку станаўлення парафіі да нас прыходзіла на заняткі па рэлігіі да 10 дзяцей, то цяпер мы маем ажно 7 групаў. Як правіла, гэта дзеці 5–6-гадовага ўзросту. І, што цікава, бацькі, якія іх да нас прыводзяць, дбаюць пры гэтым не толькі пра святую Камунію для свайго дзіцяці, а і пра тое, каб насамрэч прывесці яго да Бога ў шырокім значэнні гэтага паняцця, гэта значыць падрыхтаваць як след да рэлігійнага жыцця, дапамагчы пераняць і засвоіць тыя вартасці, якімі жыве кожны сапраўдны католік. Што гэта, як не сведчанне таго ж духоўнага ўзрастання? Радуе і штогадовае павелічэнне колькасці вернікаў на святой Імшы.

За 7 гадоў працы ў Беларусі Вы, безумоўна, не маглі не заўважыць адрозненняў у падыходзе да асноваў рэлігійнага жыцця ў нас і ў сябе на радзіме, у Польшчы...

— Безумоўна, адрозненні ёсць. Усё гэта тлумачыцца ў першую чаргу наяўнасцю або, наадварот, адсутнасцю традыцый. Возьмем, напрыклад, праблему рэлігійнага выхавання дзяцей. У Польшчы ўсё закладзена традыцыяй з самага пачатку: хрост немаўляці, катэхеза, першая Камунія, бежмаванне... Тут — іначай, і здараецца, што не бацькі прыводзяць дзіця ў касцёл, а дзіця бацькоў. Тут — больш пошуку, а значыць — і адкрытасці, больш таго, што абумоўлена не звычкаю, а патрэбаю сэрца. Разам з тым нельга не адзначыць духоўнага ўзрастання людзей на эмацыйным узроўні. Калі 7 гадоў таму шмат было і моладзі, і старэйшых вернікаў, якія жадалі быць католікамі, але ніяк не маглі ўсвядоміць сябе годнымі веры і Бога, то сёння іх значна меней.

З імі Вы таксама, вядома, працуе...

— Абавязкова. Уявіце, прыходзіць 50–60-гадовы чалавек і з ніякаватасцю ў голасе, прабачаючыся, распавядае пра сваю праблему ў стасунках з Богам. Як не адгукнуцца на гэткі шчыры пазоў, як не дапамагчы? Што гэта для мяне, як не падараваны Богам шанец стаць чалавеку сястрой? Вось чаму я шчаслівая, што маю магчымасць тут працаваць, незалежна ад таго, ці кожны раз мая праца будзе мець станоўчы вынік.

Напэўна, здараюцца і нейкія кур’ёзныя сітуацыі?

— Здараюцца, і нярэдка. Вось, напрыклад, саджуся ў таксі, а кіроўца пасля кароткае размовы і кажа: «Вы вырашылі прысвяціць жыццё Богу? Як гэта можна? Я 25 гадоў аддаў лётнай справе, быў пілотам, а нідзе ніколі ніякага Бога не бачыў». Другі пытаецца: «Мужа маеце?» — «Мой муж — Бог, — адказваю. — Яму служу». — «То як адслужыце — жадаю Вам сапраўднага мужа знайсці...» Для такіх людзей чалавек у габіце — штосьці невытлумачальнае. Але і яны, спаткаўшы такога чалавека, тым больш радаснага, шчаслівага, міжволі задумваюцца. А гэта ж таксама — сведчанне. Як сведчанне святога Францішка, які заклікаў сведчыць пра Евангелле, але пры гэтым нічога не казаў. Можна словам сведчыць, можна жэстам, а можна — учынкам.

Вы сказалі, што ў касцёл прыходзіць усё больш людзей. Гэта, мабыць, асобы з каталіцкімі каранямі?

— Неабавязкова. Вось, напрыклад, ёсць у нас сям’я Сініцаў: маці, двое сыноў. Вельмі добрыя католікі, а ў касцёл прыйшлі не так даўно. Спачатку маці прыйшла, прыгнечаная горам, бо старэйшы сын трапіў у аварыю і стаў інвалідам. Перад гэтым у царкве пабыла, у адвэнтыстаў, але нідзе так не адчула прысутнасці Бога, як у касцёле. Праз год пасля першага наведання атрымала разам з сынам сакрамэнт хросту, яшчэ праз паўгода ўзяла з мужам шлюб. Затым малодшага сына прывяла ў касцёл. Душа радуецца, калі гляджу на гэтую сям’ю падчас святой Імшы.

Распавядзіце, калі ласка, як Вы сталі сястрой законнай?

— Я прыйшла ў кляштар у 19-гадовым узросце. Да таго жыла звычайным жыццём: марыла пра шчаслівую будучыню свецкага чалавека, пра добрую сям’ю, тым больш што бацькі мае заўсёды былі для мяне і ўзорам адданасці адно аднаму, і сапраўднай веры. І вось так сталася, што я неяк адчула вялікае жаданне служыць людзям. Пачала звяртацца да Бога, каб падказаў, якім шляхам ісці, каб рэалізаваць тое жаданне як мага паўней. Падказка прыйшла падчас моладзевай сустрэчы з удзелам сясцёр служабнічак. Менавіта пасля той сустрэчы словы 7-га псальма «Аддай Богу сваё жыццё, даверся Яму» сталі маім дэвізам. На выбар жа кляштара, дзе ўзорам жыцця з’яўляецца жыццё Марыі, у пэўнай ступені паўплывала тое, што я з дзяцінства асабліва любіла Маці Божую.

Як Вашы бацькі паставіліся да рашэння пайсці ў кляштар?

— Спачатку не надта ўхвальна, асабліва маці. Лічылі, мабыць, што кінула іх, братоў, амаль што здрадзіла ўсім. Я ж адзіная была дачка ў сям’і, то, напэўна, ускладалі нейкія іншыя надзеі, больш звыклыя і зразумелыя, чым поўнае адчужэнне ад свецкага жыцця.

А як цяпер?

— Усё добра. Бог, нібы дзеля кампенсацыі майго адыходу з сям’і, даў бацькам яшчэ аднаго сына. Дык цяпер яны вельмі рады: можа, кажуць, з часам і святара ў сям’і займеем. Бацькі бачаць, што мне добра, што я сябе знайшла, і гэта поўніць іх радасцю.

Колькі дамоў кангрэгацыі маеце ў дыяцэзіі?

— Два. Адзін у Віцебску, другі — у Гарадку. У Віцебску мы працуем з сястрой Шчэпанай, у Гарадку служаць сёстры Люцына і Грацыя. Адзін год і я працавала ў Гарадку, прыязджаючы адтуль разам з сёстрамі ў памежнае з Расіяй Езярышча. Гэта цікавы быў перыяд, бо паслуга ў сельскай мясцовасці мае шмат адметнага ў параўнанні з паслугай у вялікім горадзе.

Ці падрыхтавалі сабе наступніц з мясцовых дзяўчат?

— Падрыхтавалі, і гэта вялікая для нас усіх радасць. Беларуска Святлана Крышнёва прыняла імя сястры Багухвалы і практыкуецца цяпер у Польшчы, працуе ў дзіцячым садку. Мяркую, і яшчэ з часам знойдуцца ахвотныя пайсці па яе слядах. Жыццё варта прысвяціць Богу, і добра, што ўсё больш дзяўчат скіроўваюцца на гэты шлях. Так што шчыра запрашаем у нашу Кангрэгацыю Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Размаўляў

Размаўляў
Францішак Дубраўскі.
Фота з альбома с. Ніколі.