«Святло і радасць, якія, напэўна, у большасці з нас асацыююцца з думкамі пра Вялікдзень, не могуць, аднак жа, змяніць таго, што ўнутраны змест гэтага свята ўспрымаецца значна цяжэй», — адзначаў у сваім тэалагічным роздуме «Смех Сары»* кардынал Ёзаф Ратцынгер. Каб прыняць глыбокі сэнс гэтага свята, трэба звярнуцца да крыніцы пасхальнай радасці — Бога, які «самім сабою падменьвае чалавека, збаўляе яго і вяртае яму радасны смех, што станецца гімнам стварэння».
Прапануем паразважаць пра падставы гэтай радасці і духоўны сэнс свята Пасхі разам са святым Янам Хрызастомам (Залатавусным), знакамітым айцом Касцёла, каб мы маглі далучыцца да духоўнай весялосці ўсяго сусвету, бо «сёння ўсе анёлы і ўсе нябесныя сілы радуюцца збаўленню людзей».
Усім нам сёння самы раз усклікнуць словамі благаслаўлёнага Давіда: «Хто раскажа пра магутнасць Пана, абвесціць усю хвалу Ягоную?» (Пс 106 (105), 2). Вось настала ў нас жаданае і збавеннае свята, дзень змёртвыхпаўстання Пана нашага Езуса Хрыста — падстава спакою, пачатак паяднання, спыненне варожых дзеянняў, знішчэнне смерці, паражэнне д’ябла. Сёння людзі злучыліся з анёламі, і тыя, што надзеленыя целам, разам з бесцялеснымі сіламі ўзносяць цяпер спеў хвалы. Сёння звергнутая ўлада д’ябла, сёння разарваныя кайданы смерці, знішчаная перамога пекла; сёння самы раз прамовіць таксама наступнае прарочае выказванне: «Смерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога?» (1 Кар 15, 55; Ос 13, 14). Сёння наш Валадар Хрыстус «разбіў медныя дзверы і зламаў жалезныя засаўкі» (Іс 45, 2) і раструшчыў аблічча смерці. Што я кажу — аблічча? Самое імя яе Ён змяніў, таму што яна ўжо не называецца смерцю, але супакаеннем і сном. <...> Адкуль гэта відаць? Паслухай cамога Хрыста, які казаў: «Наш прыяцель Лазар заснуў, але Я іду абудзіць яго» (Ян 11, 11). Як для нас лёгка абудзіць і падняць таго, хто cпіць, так і для Валадара ўсіх нас лёгка ўваскрашаць. <...> І настаўнік сусвету, благаслаўлёны Павел, у Пасланні да Тэсаланікійцаў кажа: «Мы не хочам, браты, пакінуць вас у няведанні пра памерлых, каб не тужылі вы, як і іншыя, хто не мае надзеі» (1 Тэс 4, 13). <...> І яшчэ: «Бо калі мы верым, што Езус памёр і ўваскрос, то і памерлых у Езусе Бог прывядзе з Ім» (1 Тэс 4, 14).
Ці бачыш, што смерць, аблічча якой раней было страшным, цяпер, пасля ўваскрасення, стала выклікаць пагарду? Ці бачыш светлы трафей уваскрасення? Праз яго дадзены нам незлічоныя даброты, праз яго рассеяна д’ябальскае спакушэнне, праз яго мы пагарджаем цяперашнім жыццём, праз яго мы натхняемся надзеяй на будучыя даброты, праз яго мы, надзеленыя целам, можам быць не ніжэй за бесцялесных істотаў, калі захочам. Сёння здзейснілася бліскучая перамога; сёння наш Валадар, узнёсшы трафей перамогі над смерцю і cкінуўшы д’яблаву ўладу, праз уваскрасенне адкрыў нам шлях да збаўлення. Будзем жа радавацца, трыумфаваць і весяліцца. Хоць Валадар наш перамог і ўзнёс трафей перамогі, але і для нас агульная радасць і весялосць, таму што ўсё гэта Ён здзейсніў дзеля нашага збаўлення. І чым перамог нас д’ябал, тым жа пераадолеў яго Хрыстус; Ён прыняў тую ж самую зброю і ёю паразіў д’ябла; а як — паслухай.
Дзева, дрэва і смерць былі знакамі нашага паражэння; дзеваю была Ева, таму што яна яшчэ не пазнала мужа, калі падвергнулася спакушэнню; дрэвам было дрэва пазнання дабра і зла; смерцю было пакаранне Адама. Ці бачыш, як дзева, дрэва і смерць былі знакамі нашага паражэння? Паглядзі ж, як потым яны ж сталі зброяю перамогі. Замест Евы — Марыя, замест дрэва пазнання дабра і зла — дрэва крыжа, замест смерці Адама — смерць Пана Езуса. Ці бачыш, што тое, чым перамог д’ябал, тым жа ён і пераможаны? Дрэвам перамог Адама д’ябал, крыжам перамог д’ябла Хрыстус. Тое дрэва зрынула чалавека ў пекла, а гэтае дрэва, дрэва крыжа, зрынутых туды зноў дастала з пекла; тое прымусіла пераможанага схавацца, як палоннага і голага, а гэтае паказала ўсім пераможцу, з якога здзерлі адзенне, прыбітым на вышыні да крыжа. Тая смерць асудзіла ўсіх, хто жыў і пасля Адама, а смерць Хрыста сапраўды ўваскрасіла ўсіх, і тых, хто жыў да Яго. «Хто раскажа пра магутнасць Пана, абвесціць усю хвалу Ягоную?» (Пс 106 (105), 2). Праз смерць мы сталіся бессмяротнымі, пасля падзення паўсталі, пасля паражэння сталі пераможцамі.
Такія дзеянні крыжа; яны — найбольшае сведчанне ўваскрасення. Сёння трыумфуюць анёлы і весяляцца ўсе нябесныя сілы, разам радуючыся збаўленню роду чалавечага. Бо калі аб адным грэшніку, які пакаяўся, бывае радасць на небе і на зямлі (Лк 15, 7), то тым больш — аб збаўленні сусвету. Сёння Хрыстус узвёў у былую годнасць чалавечую прыроду, вызваліўшы яе ад д’яблавай улады. Калі я бачу, што Першародны мой так перамог смерць, то ўжо не баюся, ужо не адчуваю страху перад барацьбою і не гляджу на сваю слабасць, але думаю аб невымоўнай сіле Таго, Хто гатовы дапамагаць мне ў барацьбе. Той, які перамог панаванне смерці і знішчыў усю сілу яе, чаго толькі ні зробіць для падобнага да сябе, вобраз якога Ён меў ласку прыняць на сябе па сваім вялікім чалавекалюбстве і ў гэтым вобразе ўступіць у барацьбу з д’яблам? Сёння ва ўсім сусвеце радасць і духоўная весялосць; сёння ўсе анёлы і ўсе нябесныя сілы радуюцца збаўленню людзей. <...>
Дык вось, няхай ніхто сёння не сумуе па прычыне сваёй беднасці: бо гэта — свята духоўнае; няхай ніхто з багатых не ганарыцца багаццем: бо ад багацця ніколькі не можа павялічыцца гэтае свята. На святах свецкіх, жыццёвых, дзе вялікая пышнасць, свецкая вытанчанасць і раскоша на сталах, там, сапраўды, беднаму бывае сумна і маркотна, а багатаму прыемна і весела. Чаму? Таму, што апошні апранаецца ў бліскучае адзенне і прапануе багаты стол, а беднаму беднасць не дазваляе паказаць такую ж раскошу. Але тут няма нічога падобнага; усялякая няроўнасць знішчаная; адна трапеза — і для багатага і для беднага, і для нявольніка і для свабоднага. Калі ты багаты — атрымаеш не больш за беднага; калі ты бедны — атрымаеш зусім не менш за багатага, і ад беднасці аніяк не зменшыцца тваё духоўнае баляванне, таму што гэта — Боская ласка, якая не адрознівае асобаў.
Што я кажу: і багатаму і беднаму прапануецца адна і тая ж трапеза? І таму, хто носіць дыядэму, апрануты ў парфіру, хто валадарыць над сусветам, і бедняку, які просіць міластыню, прапануецца адна і тая ж трапеза. Такая ўласцівасць дароў духоўных: Бог дапускае да ўдзелу ў іх, зважаючы не на тытул, а на жаданне, волю і склад думак. З аднолькаваю адвагаю і пашанаю і кароль, і бядняк прыступаюць да гэтых Боскіх сакрамэнтаў. І што я кажу: з аднолькаваю? Часам бядняк нават з большаю адвагаю. Чаму? Таму што кароль, заняты клопатамі аб справах і акружаны мноствам абставінаў, з усіх бакоў апанаваны безупыннымі хвалямі, нібы ён знаходзіцца на моры, робіцца замешаным у шматлікія грахі; а бедны, вольны ад усяго гэтага, клапоцячыся толькі аб неабходнай ежы, ведучы жыццё, неабцяжаранае справамі і ціхамірнае, нібы ён сядзіць у ціхім прыстанішчы, прыступае да гэтай трапезы з вялікаю пашанаю.
І не толькі ад гэтага, але і ад іншых шматлікіх прычынаў паходзіць рознага роду смутак у тых, што наведваюць свецкія балі. Беднаму бывае там маркотна, а багатаму весела не толькі па прычыне трапезы і раскошы, але і па прычыне светлага адзення і пышнага ўбрання багача. Калі бедны бачыць багатага, апранутага ў дарагое адзенне, то ім авалодвае туга, ён лічыць сябе няшчасным і шмат наракае. А тут ліквідаваны і гэты cмутак, таму што тут ва ўсіх адно адзенне — збавеннае адзенне, пра якое кажа Павел: «Усе вы, хто ахрысціўся ў Хрыста, у Хрыста апрануліся» (Гал 3, 27). <...>
Будзем жа святкаваць гэтае свята, у якое ўваскрос Пан. Ён уваскрос і ўваскрасіў разам з сабою ўвесь сусвет. Сам Ён уваскрос, разарваўшы кайданы смерці, і нас уваскрасіў, разарваўшы путы нашых грахоў. <...> Ці бачыш чалавекалюбства Валадара? Ці бачыш веліч Яго клопату? Не будзем жа няўдзячнымі ў адносінах да такога Дабрадзея, і таму, што прайшоў пост, не будзем неруплівымі, але цяпер яшчэ больш, чым раней, будзем клапаціцца аб душы, каб яна ў той час, калі набірае паўнату цела, не сталася нямоглаю; каб нам, клапоцячыся пра служанку, не пагарджаць пані. Якая карысць, скажы мне, расплывацца ад сытасці праз меру і пераступаць межы патрэбнага? Гэта і целу наносіць шкоду, і душу пазбаўляе высакароднасці. Будзем задавольвацца ўмеркаваным і патрэбным, каб і душы, і целу даваць столькі, колькі трэба, каб раптам не растраціць усяго дабра, набытага постам. <...>
Заканчваючы гэтае павучанне, я хачу звярнуцца да тых, хто ў гэтую святланосную ноч удастоіўся Боскага дару хросту, — да гэтых цудоўных парасткаў Касцёла, да кветак духоўных, да новых ваяроў Хрыстовых. Тры дні назад Валадар быў на крыжы, а сёння ўваскрос; так і яны тры дні назад былі апанаваныя грахом, а сёння ўваскрэслі разам з Хрыстом. Ён памёр целам — і ўваскрос, а яны былі мёртвыя праз грэх — і ўваскрэслі ад грэху. <...> Паслухайце вы, якія сёння і ў гэтую ноч залічаныя да грамадзянаў нябеснага Ерузалема; і вы праяўляйце пільнасць, адпаведную велічы дароў, каб вам атрымаць яшчэ большую ласку, бо ўдзячнасцю за атрыманае прыцягваецца шчодрасць Валадара. Не дазволена табе, дарагі, жыць потым абыякава; але ты прызнач сабе законы і правілы, каб рабіць усё дбайна і выказваць вялікую абачлівасць нават у адносінах да таго, што лічыцца няважным. Бо ўсё гэтае жыццё — подзвіг і барацьба, і таму, хто аднойчы ўступіў на гэтую ніву цнотаў, належыць быць устрыманым ва ўсім: «Кожны спаборнік, — кажа Апостал, — вытрымлівае ўсё» (1 Кар 9, 25). Ці ж не бачыш, як у гімнастычнай барацьбе шмат клапоцяцца пра сябе тыя, што выступаюць на барацьбу з людзьмі, і з якой вытрымкаю яны практыкуюць сваё цела? Так павінна быць і тут. Але паколькі ў нас барацьба не з людзьмі, а са злымі духамі, то і практыкаванне нашае, і ўстрыманне павінны быць духоўнымі, таму што і зброя наша, у якую адзеў нас Хрыстус, духоўная. Дык вось, няхай і вока мае свае межы і правілы, каб не захапляцца адразу ўсім тым, што дадзена яму; і язык няхай мае перашкоду, каб не апярэджваць думкі. <...> Калі мы засвоім сабе такую звычку з самага пачатку, то, ідучы потым па гэтым шляху з лёгкасцю, будзем рабіць вялікія поспехі ва ўсялякай цноце без вялікага намагання і здабудзем сабе вялікую дапамогу з неба. Такім чынам мы здолеем бяспечна пераплыць хвалі гэтага жыцця і, стаўшы вышэй за д’ябальскія путы, зможам атрымаць вечныя даброты праз ласку і чалавекалюбства Пана нашага Езуса Хрыста, з якім Айцу, з Духам Святым, хвала, валадарства і пашана цяпер і навекі. Амэн.
-
* Гл. часопіс «Наша вера», № 1(31)/2005. Пераклад з нямецкай а. Юрыя Шэнды ОР.