Іван ГАЙВАРОНСКІ
Нарадзіўся 21 кастрычніка 1955 г. у вёсцы Баяры Гродзенскага раёна. Скончыў школу ў Новым Двары Шчучынскага раёна, працаваў будаўніком; закончыў Гродзенскі палітэхнікум і завочна — факультэт біялогіі і экалогіі Гродзенскага універсітэта. Вучыўся ў катэхетычным інстытуце. Жыве і працуе ў вёсцы Новы Двор на Гродзеншчыне. |
МАЛІТВА А я не баюся ні здзекаў, ні кпінаў, І крыж не пастаўлю на мове айчыннай, І буду маліцца - далоні да хрусту - На матчынай мове святой, беларускай. Малюся, каб веру не страцілі дзеці, Каб з Богам жылі на зялёнай планеце, Каб розуму светлая Боская сіла Страшны чарнобыльскі грэх замаліла. З надзеяй прашу я, каб нашы салдаты Ніколі не ведалі войнаў праклятых; Прашу паратунку, каб з рулі вінтоўкі Не кулі ляцелі - глядзелі рамонкі. Прашу Цябе, Божа, каб выпала шчасце Па жыце вясковым прайсціся і ўпасці, Пяшчотна рукой каласоў дакранацца І з роднай зямлёю навекі абняцца. НАТХНЕННЕ Снег страсу я з капелюша, Памалюся, памаўчу... Прад Вялікім Абсалютам На калені упаду. Бог пашле благаслаўленне, Адчыніўшы скрынку слоў. Белым Голубам натхненне Заляціць ў маё вакно. Ўпала знічка і растала У нябёсах і ў рацэ... Чыстай кропелькаю стала - Слёзкай на маёй шчацэ. На душы так чыста, ясна, Боскай скроплена слязой. Нават смерць з касой не страшна, Хай глядзіць - Хрыстос са мной... ПОРЫ ГОДА Прашу - адгукніся вясеннім званочкам, Травой маладою, ракой-ручаёчкам, Нябеснае сферы струной.
Прашу я - прысніся чырвонай рабінай,Бялюткай бярозай, калінай-малінай, Асенняю казкай лясной.
Прайдзіся расою па золаце лета -Знямогу пачуеш у шэпаце кветак, Бухматых чмялёў перазвон.
А дожджык заплача - акрыйся цыратай,Сатканай з валошак, рамонак, агатак, - Дзівосны які парасон!
Марознымі ўзорамі шыбы малююць,Сняжынкі пяшчотныя шчокі цалуюць, Кладуцца на вейкі табе.
У водар зімовы прашу, апраніся,Ляці каляінай лыжні!.. агляніся - Каляды чакаюць цябе.
РАДЗІМЕ Люблю я тваіх каляін бездарожжа, Вясновай тугі запаволены крок І неба птушынага крык пераможны, На дрэвах - шпакоўняў заселены змрок. Люблю я азёраў тваіх чараванне. У чоўнах дубовых калышуцца сны - Рыбацкага шчасця адлюстраванне: У нерат заходзяць тарпеды-самы. А водар тваіх, Беларусь, навальніцаў! Па лужынах цёплых прайдзі басанож! Рамонкі шчыруюць - плятуць небыліцы, Хвастом-абаранкам хвалюецца Сож. Люблю я тваіх курганоў безгалоссе, Лясоў Белавежскіх асенні пажар І мерныя крокі буслоў пры дарозе, І зорачак-знічак раскіданы жар. Люблю я твае снегавыя завеі. Палітру рыхтуе марозік-мастак - І так адштукуе і травы, і дрэвы, Хоць вочы разуй - не пазнаеш ніяк! НОВЫ ДВОР Ты мой Новы Двор, хоць старое мястэчка. Касцёл, сінагога... Яўрэйскі пагост Журботна сумуе за чорнаю рэчкай, Здзічэлай травою і мохам зарос. А месяц у небе, як тое яечка. Нядзельная вуліца раніцай звонкай. Дрыжыць пазалотай спалоханы клён. Гандлёвая плошча, і смех і гамонка. На штрыфель прышпілена ягадаў гронка. Дзяўчатаў салодкі палон. Не цяжка згубіцца. Калёсы, фурманкі. Аж слінкі цякуць - ледзянцы, абаранкі, Вяндліны, каўбасы. А косы-кляпанкі, Вугольныя прасы. Шархэблі-рубанкі. Шляхцянкі ці навадваранкі. Касцёл старажытны з бялюткаю брамай І звон на званіцы не спіць. Пусцеюць рады і гандлёвыя крамы. Няма кірмашоў. Забываюцца драмы. А Крыж як стаяў, так стаіць. |