«Душы праведных у руцэ Божай, і закрануць іх мучэнні. У вачах неразумных яны здаваліся памерлымі, і зыход іх лічыўся пагібеллю, а адыход ад нас – знішчэннем, але яны трываюць у супакоі. (...) Таму Бог выпрабаваў іх і палічыў годнымі сябе. Ён выпрабаваў іх як золата ў горне, прыняў іх як дасканалую ахвяру» (гл. Мдр 3, 1-3, 5-6).

 

Месца гібелі людзей прыцягвае да сябе жывых нейкай незразумелай, невытлумачальнай сілай. Колькі б мы ні тлумачылі гэта сабе патрэбаю «вечнай памяці», усё роўна, мабыць, так і не спазнаем да канца таямніцу гэтага прыцягнення. Таму ідуць гады, адны пакаленні змяняюць другія, а людзі ўсё ідуць і ідуць у Хатынь, у Асвенцым, у Бухенвальд, Трасцянец, Росіцу...

Мабыць, таму праз два тыдні пасля таго, як фашысты спалілі Росіцу разам з паўтары тысячаю людзей, сястра эўхарыстка Ядвіга Віршута з яшчэ адною законніцаю пайшлі на тое жудаснае папялішча. Яшчэ стаяла ў вачах жудаснае полымя, яшчэ едкі дым забіваў дыханне, яшчэ крыкі ды плач нявінных ахвяраў чуліся ў вушах, а яны знайшлі ў сабе сілы пайсці туды. Прыйшлі і ўбачылі Божы знак: сярод попелу і абвугленых целаў заўважылі ацалелую руку з блакітным ружанцам. Ці ж не знак гэта Божае прысутнасці на, здавалася б, праклятым месцы? Ды не, не праклятым, бо і там быў Бог...

59 гадоў мінула з тае страшнае зімы, калі Росіца захлынулася ў агні. А людзі зноў ідуць і едуць туды. Каб памаліцца за нявінных ахвяраў, падзякаваць Пану Богу за дар блаславёных мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. Каб падумаць пра сваё месца сярод бураў сучаснага свету. А галоўнае, каб умацаваць сваю веру ў тое, што Бог ёсць з табою. Заўсёды. Усюды. Нават, калі ты адчуваеш у сваім жыцці гулкую цішу адзіноты і пакінутасці.

Ужо шмат гадоў я бываю ў Росіцы 17 альбо 18 лютага, у дні трагедыі. Так загадвае мне сэрца. І не памятаю, каб хоць калі тут было так шмат пілігрымаў з розных куткоў Беларусі, як сёлета. Улетку – так, улетку на прыгожыя ўрачыстасці сюды з’язджаецца шмат людзей. Але ўсё ж летам паездку, альбо нават і пілігрымку ў прыгажуню Росіцу, што раскінулася сярод блакітных азёраў ды задуменных лясоў, можна нейкім чынам сумясціць яшчэ і з даволі прыемным адпачынкам. Зімой жа ў Росіцы – толькі малітва. І тым даражэйшая наша прысутнасць тут у гэтыя дні, тым больш глыбокі і праніклівы наш позірк у саміх сябе ды ўсведамленне, што тваё жыццё – маленькая часцінка паміж мінулым і будучым. Твой лёс, тваё існаванне на зямлі непарыўна звязана з тым, што было на ёй да цябе, што будзе пасля.

...Росіца вучыць думаць, маліцца, жыць. І... паміраць. Прыгожа, годна, па-хрысціянску. Памятаючы, што «душы праведных у руцэ Божай».

Ірына Жарнасек.
Фота аўтара.