Дзень Велікодны
Дзень - любаванне. Дзень - заглядзенне. Перапаўняюць яго летуценні. У пазалочаны ранак вясенні сонца спраўляе сваё узнясенне. Сонца святкуе сваё усплыванне па-над зямлёю, дзе смутку ні звання. Неба трапечацца, зведаўшы ззянне. Сэрца прасвечана замілаваннем. Не замінаюць нам радасці лішкі. Зашчабяталі ўсе птушкі ў зацішку. На вербалоззі, пагрэўшыся крышку, нібы чмялі, прыўзняліся пупышкі. З грунту сцяплелага сочацца травы - хочацца свету зялёнай аправы. Лёгенька дыхае свет маладжавы і акунаецца ў светлыя справы. Будзь блаславёны ты, міг спасціжэння, што наступіла пара суцяшэння, глебы і сумнай душы абуджэння, кветак і добрых надзей нараджэння. І расступілася цемра згасання, нам перамогу прынесла світанне. І падарыла нам уратаванне сёння дзівоснае Змёртвыхпаўстанне. Замардаваны і жорстка забіты, зноў для вачэй і для сэрца адкрыты, нашай любоўю, як хмелем, спавіты, Езу, жывы Ты, вечнажывы Ты! Смерці ланцуг на світанні раскуты. Езу, да нас Ты ідзеш праз пакуты. І да канца яшчэ намі не ўчуты... Людства няўдзячнае любіш чаму Ты? Нам, як траве, кожны раз абудзіцца і жыватворнай забулькаць крыніцай, чыстай душой у нябёсах узвіцца - нанава нібы на свет нарадзіцца. Езу, даруй нам правіны людскія. Недзе Ты блізка ў хвіліны такія... Ў нашыя сэрцы прыдзі веснавыя - разам з Табою мы вечнажывыя. |
![](img/ciplaty.jpg)