Пасланне да Святога Айца Яна Паўла ІІ
Ушанаваны і светам усім прывітаны, пастыр любімы і самы найбольшы мудрэц. Слухаем голас сардэчны, што йдзе з Ватыкана, — гэта мы чуем твой голас, Свяцейшы Айцец. Праўда Хрыста у тваім карануецца слове, праўда, якая жыве і кіруе людзьмі. Рымскі Айцец, ты апостал вялікай любові, ад Беларусі удзячныя словы прымі. Сейбіт нястомны, ты сееш лагоду і згоду. Голуб нябесны, што мір нам нясе на крыле. Вечны вандроўнік, яднаеш і лучыш народы. і Беларусь захапленне табе сваё шле. Наш рулявы, капітан велізарнага чоўна, буры і ветры ліхія аціхнуць прымусь. У новае тысячагоддзе вядзі нас любоўна. Сілы і моцы жадае табе Беларусь. Шчыры заступнік усіх і гаротных, і бедных. Добры й ласкавы заўжды, апякун маладых. Ты — як надзея у нашых блуканнях і бедах, ты — як апора для хворых, самотных, старых. Нашыя сэрцы запоўні замілаваннем, голас душы абудзі, калі стане нямы. Як ты ахвярна за ўсіх спавясціў пакаянне! О, беларусы, таксама пакаемся мы. Богу і людзям штодзённа ты служыш аддана, верай людскою малітвы твае прараслі. Шчодра ліецца і ззяе святло з Ватыкана — робіцца ясна і цёпла на цэлай зямлі. Змрок прападае паціху ў паветры празрыстым, і блаславёная радасна ўсходзіць зара. Як ты мацуеш старанна Касцёл прамяністы, што збудаваўся ад першай цаглінкі Пятра. Болей і болей вакол дабрыні і мілосці. Сонца ўстае і суцешліва песціць акно... Пастыр любімы! Да нас ты наведайся ў госці, бо Беларусь цябе вельмі чакае даўно. |