Гаворачы пра сямейнае кансультаванне, нельга не прыгледзецца бліжэй да людзей, якія ажыццяўляюць гэтую новую для Касцёла справу. Адной з тых, што бралі ўдзел у сустрэчы сямейных кансультантаў у Гродне, была Тэрэса Шота. Па адукацыі ўрач і маці траіх дзяцей, яна належыць да каталіцкага Руху Назаратанскіх Сем’яў, а вечарамі як валанцёр дзяжурыць у сямейнай кансультацыі.

Яе прыход на працу душпастырства сем’яў быў невыпадковы. Яна нарадзілася ў в. Калбасіна пад Гродна, у сям’і, дзе акрамя яе было яшчэ дзве дачкі. Тэрэса ганарыцца сваімі бацькамі і лічыць, што атмасфера душэўнай цеплыні і ўтульнасці бацькоўскага дому паўплывала на асабісты лёс усіх трох сясцёр. Успамінаючы хатнюю атмасферу, Тэрэса называе яе па-сапраўднаму сямейнай. Бацька не меў ніякіх дрэнных звычак, сумленна працаваў і вельмі паважаў маці — заўсёды раіўся з ёю, папярэджваў, калі вымушаны быў спазніцца, дапамагаў па гаспадарцы.

Прыклад маці — вясковай медсястры, усё жыццё якой прайшло ў служэнні тым, каму патрэбна дапамога, паўплываў на выбар прафесіі. І сёння Тэрэса не ўяўляе сябе нікім, акрамя медыка. Неспакойнае, поўнае клопатаў жыццё маці, яе аповеды пра тое, як удалося некага выратаваць, а некаму дапамагчы ў перажыванні пакутаў, адыгралі сваю ролю ў фармаванні спагадлівага стаўлення да чужога няшчасця і неабыякавасці да чужога лёсу. Шлях да Бога для Тэрэсы таксама не быў асабліва складаным. Старэнькая бабуля, амаль непісьменная жанчына, здолела простай мовай перадаць унучкам усю прывабную глыбіню евангельскай праўды, вучыла іх малітвам і дбала, каб ў нядзелю і ў святы сям’я ў поўным складзе была на Імшы.

Такім чынам, можна сказаць, што дзяўчына атрымала з бацькоўскага дому ўсё, каб упэўнена крочыць па жыцці. А потым была праца тэрапеўта ў Бярозе, стварэнне ўласнай сям’і, вяртанне ў родную вёску. Муж Казімір па прафесіі мастак. Пасля заканчэння маскоўскага інстытута жывапісу імя Сурыкава некалькі гадоў працаваў па спецыяльнасці, а потым пачаў зарабляць фізічнай працай. Ён таксама паходзіць з каталіцкай сям’і, быў выхаваны ў пашане да яе вартасцяў, і можа таму паміж мужам і жонкаю па галоўных жыццёвых пытаннях пануе ўзаемаразуменне. Пайшлі дзеці, старэйшаму з якіх сёння 13, сярэдняму 9, а малодшай дачцы 6, і з таго часу Тэрэса пачала жыць для іх. Папрацаваўшы яшчэ трошкі медыкам у в. Квасоўка, яна зразумела, што павінна выбіраць — або праца па прафесіі, або дзеці. У той час для яе не было альтэрнатывы: «Няхай ім будзе не хапаць нечага матэрыяльнага, але затое заўсёды павінна хапаць маці». Так раўнамерна і спакойна цягнулася яе жыццё — праца па гаспадарцы, дом, дзеці, муж... Гэта было жыццё сумленнае, але жыццё толькі для ўласнай сям’і. Пераломным стаў 2000 г., калі пробашч прапанаваў Тэрэсе паехаць з групай медыкаў, педагогаў і псіхолагаў у Ломжу на падрыхтоўчыя курсы, тэматыка якіх была звязана з працай у душпастырстве сем’яў. «Для мяне гэтыя курсы сталі адкрыццём сапраўднага сэнсу жыцця, я спаткала цудоўных людзей і зразумела, што такое хрысціянская радасць», — гаворыць Тэрэса. Яна з цеплынёй успамінае сваіх першых выкладчыкаў, духоўных і свецкіх, што разам з раздзеламі з філасофіі, педагогікі і тэалогіі давалі ўрокі добразычлівасці, сяброўства і павагі да чалавека. Пасля курсу яна нібы пачала новае жыццё, а дакладней — акрэсліла сваё месца і ролю ў ім, і пачала дзяліцца з іншымі тым, што за ўсе гэтыя гады здолела набыць сама. Актыўна ўключылася ў працу ўжо існуючай ў Гродне кансультацыі, пачала выступаць з лекцыямі перад маладымі бацькамі, удзельнічаць у пілігрымках і рэлігійных спатканнях.

Л. М.