На паўднёвым усходзе ад Мазыра, на беразе прыгажуні Прыпяці, знаходзіцца адзін з гарадоў беларускага Палесся — Нароўля. Сумную вядомасць гэтыя мясціны набылі пасля 1986 г., калі ў выніку чарнобыльскай катастрофы аказаліся аднымі з самых забруджаных радыенуклідамі. Шмат вёсак было выселена і паспела парасці лесам. Толькі за 1986—1995 гг. у выніку міграцыі колькасць насельніцтва ў раёне скарацілася на 17 тысяч чалавек.

Нароўля вядома з ХVІІІ стагоддзя як прыватнае мястэчка, што належала славутаму роду Аскеркаў. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. яно ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і стала цэнтрам воласці Рэчыцкага павету Мінскай губерні. У Нароўлі і навакольных вёсках Аляксандраўка, Грушаўка, Габрылееўка, Мальцы, Лубень, Свяча, Чэхі Галоўчыцкія спрадвеку жылі каталікі. У Нароўлі з канца ХІХ стагоддзя ў цэнтры мястэчка (на беразе Прыпяці) стаяла мураваная капліца. Але ў 1919 г. у Мазырскае Палессе прыйшла савецкая ўлада, і горад увайшоў у склад Гомельскай губерні РСФСР, а з 1924 г. — у склад БССР. Таталітарны атэістычны рэжым, які не выносіў іншадумства, пачаў пераслед за веру. Капліца была знішчана. Вызнаваць хрысціянства стала небяспечным. Вернікі маліліся па хатах, зрэдку траплялі ў касцёлы. Ва ўсёй Гомельскай вобласці не было ніводнай каталіцкай святыні.

Дзякуючы дару мужнасці, якім узмацняў Святы Дух, каталікі, нягледзячы на цяжкія выпрабаванні і перашкоды ў гады пераследу, засталіся вернымі Хрыстоваму Касцёлу. «Калі мучымся, дык з Ім і валадарыць будзем, калі адцураемся, і Ён адцураецца ад нас» (2 Цм 2, 12). Не адцураўшыся ад Хрыста, нараўлянскія каталікі дачакаліся, што іх малітоўныя просьбы сталі ператварацца ў рэальнасць.

Рэлігійнае жыццё пачало адраджацца ў 1990 г., а ў 1991 г. у Нароўлі была зарэгістравана рыма-каталіцкая парафія. Яе пробашчам стаў ксёндз Станіслаў Салата. Парафіі аддалі будынак былога аддзела міліцыі: перакошаныя сцены, выламаныя дзверы, выбітыя вокны і горы смецця. Але гэта не напалохала парафіянаў і пробашча. Яны пачалі рамонт, і хутка набажэнствы ўжо адбываліся ў сціплай, але па-хатняму ўтульнай капліцы. Ксёндз Станіслаў не супакоіўся на гэтым — ён марыў аб прыгожым касцёле. І зноў пачалася будоўля. З дапамогай вернікаў з Германіі і Польшчы ўзвялі новую святыню. Незабыўным момантам у жыцці парафіі было асвячэнне касцёла Святога Крыжа кардыналам Казімірам Свёнткам, якое адбылося 20 верасня 1998 г. Слёзы радасці былі на вачах парафіян, асабліва пажылых, якія спазналі і горыч знявагаў за сваю веру, і шчасце адраджэння Касцёла.

Руслан Гародка,
г. Мазыр.
Фота аўтара.