1 верасня, у нядзелю, на пагорках пад Крыжам каля фартоў недалёка ад вёскі Наумавічы, што за 10 км ад Гродна ў бок Сапоцкіна, пачалі з’язджацца і сыходзіцца людзі. (Некаторыя прыехалі на фурманках.) Вернікаў у гэты дзень сабралася каля трох тысяч – прыкладна столькі нявінных ахвяраў ляжыць пад тымі пагоркамі.

У навакольных касцёлах за 9 дзён да ўрачыстасці адпраўлялася навэнна аб заступніцтве благаславёнай Мар’яны Бярнацкай. Правёў набажэнства ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Аляксандр Кашкевіч разам з дапаможным біскупам Антоніем Дзям’янкам. Прысутнічалі госці з Польшчы разам з віцэ-старшынём Рады памяці мучанікаў Станіслава Міккі, госці з Украіны, шматлікія святары, дыяканы, клерыкі і сёстры законныя.

У часе Святой Імшы біскуп асвяціў памятную табліцу ў гонар забітых і пахаваных тут жа нявінных ахвяраў з Луцка, сярод якіх была благаславёная Мар’яна Бярнацкая з сынам. Іх расстралялі гітлераўцы 13 ліпеня 1943 года.

Гэтаксама, як св. Максіміліян Кольбэ, які ў Асвенцыме ахвяраваў сваё жыццё за бліжняга, Мар’яна Бярнацкая памерла за сваю нявестку.

Святы Айцец Ян Павел ІІ беатыфікаваў яе 13 чэрвеня 1999 г. у Варшаве разам са 108 іншымі ахвярамі ІІ сусветнай вайны.

Мар’яна Бярнацкая нарадзілася і вырасла ў Ліпску ў грэка-каталіцкай сям’і. У 20 гадоў выйшла замуж, нарадзіла 6 дзяцей, але выжылі толькі двое. Дачка Леакадзія выйшла замуж, а сын Станіслаў ажаніўся ў ліпені 1940 года. Маладая сям’я жыла разам з маці. Нявестка Ганна была на апошнім месяцы цяжарнасці, калі ў Ліпск прыйшлі нямецкія акупанты і пачалі хапаць людзей за забітага паліцая. Узялі таксама сына Станіслава з нявесткаю. Тады маці ўкленчыла перад гітлераўцам і пачала маліць, каб арыштаваў замест цяжарнай нявесткі яе. Гітлеравец здзівіўся, але на замену згадзіўся.

У Гродзенскай турме Мар’яна папрасіла, каб перадалі ёй ружанец. З малітвай за нявестку і ненароджанае дзіця – сваю ўнучку – дачакалася смерці.

Побач з крыжам у часе гэтага жалобнага набажэнства быў змешчаны надпіс са словамі з Евангелля паводле св. Яна: «Ніхто не мае любові большай за тую, калі хто аддасць сваё жыццё...» (пар. Ян 15, 13). Жыццё і смерць благаславёнай Мар’яны дае нам, жывым, прыклад сапраўднай хрысціянскай любові, якая павінна панаваць у нашых сэрцах і ў нашых сем’ях.

Д. БІЧЭЛЬ, Гродна.