На рачулцы Пціч, за 35 кіламетраў ад Петрыкава, знаходзіцца гарадскі пасёлак Капаткевічы. Гэта прыгожы куток Палесся. Жыве тут каля 4,5 тысяч чалавек.

З гістарычных дакументаў вядома, што ў ХVІ ст. сяло Капаткевічы было ў Мінскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і належала роду Яланскіх. З 1793 г. мястэчка ў складзе Расійскай імперыі стала цэнтрам воласці ў Мазырскім павеце. З 1868 г. яно належала генералу Цылаву. Паводле звестак 1886 г., у мястэчку было 368 жыхароў, 58 двароў і рымска-каталіцкі касцёл святога Аўгустына. Касцёл быў драўляны, пабудаваны ў ХVІІІ ст. і знішчаны ў 1935 г. савецкімі ўладамі.

Рэлігійнае жыццё адрадзілася тут у 1995 г., калі мясцовых каталікоў згуртаваў айцец цыстэрцыянец Эфрэм Бісага. Утварылася парафія святога Аўгустына.

З ліпеня 1998 г. пад кіраўніцтвам айца Эфрэма пачалося будаўніцтва касцёла. Пробашч і вернікі з нецярпеннем чакаюць, калі святыня расчыніць свае дзверы, запрашаючы на малітву, а пакуль набажэнствы адпраўляюцца ў часовай капліцы.

Узвядзенне новай святыні было б немагчымым без братняй дапамогі вернікаў з Германіі і Аўстрыі.

Айцец Эфрэм да прыезду на Беларусь працаваў у Аўстрыі. Яго родная мова — нямецкая, але з першага дня душпастырскай працы на Мазырскім Палессі ён імкнуўся размаўляць па-беларуску, выкарыстоўваць мову палешукоў у набажэнствах. Гэта дапамагло яму згуртаваць вернікаў, спрыяла евангелізацыі і духоўнаму росту людзей, многія з якіх абудзіліся ад доўгага сну і ўбачылі сэнс жыцця...

Парафія ў Капаткевічах невялікая, але мае будучыню, бо тут ёсць моладзь і дзеці рознага ўзросту. Цудоўна, што з’явілася новае пакаленне людзей, якое не ведае пераследу за веру, не ўяўляе свайго жыцця без Касцёла, без праўды Хрыста.

Парафія ў Капаткевічах будуе сваю святыню. Гэта толькі кропля ў неабсяжным моры паўсюднага Касцёла, але гэта адно са шматлікіх сведчанняў адраджэння Хрыстовага Касцёла на Беларусі, што паказвае яго моц і непераможнасць.

Руслан ГАРОДКА.
Фота аўтара.