Папа абвясціў Год Ружанца і дадаў пяць новых таямніц

16 кастрычніка 2002 г., у 24 гадавіну пантыфікату, Святы Айцец абвясціў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae («Ружанец Панны Марыі»), у якім Ян Павел іі запрашае нанова адкрыць Ружанец і аб’яўляе перыяд ад кастрычніка 2002 да кастрычніка 2003 Годам Ружанца. Папа паведаміў таксама ўсім пастырам і вернікам Касцёла, што вядомая на працягу вякоў ружанцовая малітва дапоўнена новаю, чацвёртаю, часткаю. Новую частку Ружанца складаюць таямніцы святла, звязаныя з публічнаю дзейнасцю Хрыста: хрост Пана Езуса ў Ярдане, першы цуд на вяселлі ў Кане, абвяшчэнне Валадарства Божага, перамяненне Пана на гары Табор і ўстанаўленне Эўхарыстыі.

Ян Павел іі прапануе адгаворваць новую частку Ружанца ў чацвер, а радасныя таямніцы, што адгаворваліся ў гэты дзень, перанесці на суботу — традыцыйна марыйны дзень. Такім чынам, у панядзелак і суботу будуць адгаворвацца радасныя таямніцы, у аўторак і пятніцу — балесныя, у сераду і нядзелю — хвалебныя, у чацвер — таямніцы святла.

Святы Айцец заахвочвае да частага адгаворвання Ружанца ў сем’ях, індывідуальна і ў супольнасцях, падкрэсліваючы яго значэнне як малітвы аб спакоі.

  1. Хрост у Ярдане — калі Езус Хрыстус выходзіў з вады, расхінулася неба, і голас Айца абвясціў Яго сваім улюбёным Сынам, а Дух Святы зышоў на Яго і паведаміў Яго будучую місію.
  2. Першы цуд на вяселлі ў Кане — пачатак знакаў Хрыста. Ператвараючы ваду ў віно, Хрыстус, праз заступніцтва Марыі, адкрывае сэрцы вучняў на веру.
  3. Абвяшчэнне Валадарства Божага і заклік да навяртання — Езус адпускае грахі таму, хто набліжаецца да Яго з пакорай і даверам, даючы пачатак таямніцы міласэрнасці, якая рэалізуецца асаблівым чынам праз сакрамант пакаяння (споведзь).
  4. Перамяненне Пана — Айцец пацвярджае Боскасць Хрыста перад апосталамі, заклікаючы іх слухаць Яго і падрыхтоўваючы да перажывання з ім Яго балеснай Мукі, каб дайсці з ім да радасці змёртвыхпаўстання і да жыцця, асвечанага Духам Святым.
  5. Устанаўленне Эўхарыстыі — Хрыстус, са сваім Целам і Крывёю, пад постацямі хлеба і віна становіцца спажываю, даючы «аж да канца» сведчанне сваёй любові да людзей.
1. 2. 3. 4. 5.