абвешчаны Святым Айцом Янам Паўлам ІІ у Апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae»

Таямніцы радасныя
(чытаюцца ў панядзелак і суботу)
  1. Звеставанне Найсвяцейшай Панне Марыі
  2. Наведзіны Паннай Марыяй святой Альжбеты
  3. Нараджэнне Езуса
  4. Ахвяраванне Хрыста ў святыні
  5. Езуса знаходзяць у святыні
Таямніцы Святла
(чытаюцца ў чацвер)
  1. Хрост Пана Езуса ў Ярдане
  2. Першы цуд на вяселлі ў Кане
  3. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
  4. Перамяненне Пана на гары Табор
  5. Устанаўленне Эўхарыстыі
Таямніцы балесныя
(чытаюцца ў аўторак і пятніцу)
  1. Малітва ў Садзе Аліўным
  2. Бічаванне Езуса
  3. Укаранаванне Езуса цернем
  4. Крыжовы Шлях
  5. Смерць на Крыжы
Таямніцы хвалебныя
(чытаюцца ў сераду і нядзелю)
  1. Змёртвыхпаўстанне Езуса
  2. Унебаўшэсце Хрыста
  3. Спасланне Духа Святога
  4. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі
  5. Укаранаванне Найсвяцейшай Панны Марыі на Каралеву неба і зямлі

ТАЯМНІЦЫ СВЯТЛА

Таямніца І. Хрост Пана Езуса ў Ярдане
«І прыйшоў у тыя дні Езус з Назарэту Галілейскага і прыняў ад Яна хрост у Ярдане. І, як выходзіў з вады, тут жа ўбачыў Ян, як расхінаецца неба, і Дух, як голуб, зыходзіць на Яго. І пачуўся голас з неба: «Ты — Сын Мой умілаваны, якому спагадаю» (пар. Мк 1, 9-11).
Калі Езус уваходзіў у ваду як нявінны, зрабіўшы сябе за нас «грахом» (пар. 2 Кар 5, 21), калі расхінуліся нябёсы і пачуўся голас з воблаку, была адхілена заслона таямніцы, святло якой адкрывае сувязь Езуса з Айцом ад самага пачатку Яго публічнай дзейнасці.

Таямніца ІІ. Першы цуд на вяселлі ў Кане Галілейскай
«На трэці дзень адбывалася вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Былі запрошаныя на вяселле Езус і вучні Ягоныя. (...) Так, у Кане Галілейскай учыніў Езус пачатак цудаў і выявіў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя» (пар. Ян 2, 1-11).
Перамяняючы ваду ў віно, праз заступніцтва сваёй Маці, Езус паказаў сваю моц над матэрыяй. Гэтага было дастаткова, каб цуд у Кане стаўся для вучняў святлом, дзякуючы якому іх розум і сэрцы адкрыліся на веру ў Езуса.

Таямніца ІІІ. Абвяшчэнне Божага Валадарства і заклік да навяртання
«Пасля таго як Ян быў выданы, прыйшоў Езус у Галілею, абвяшчаючы Евангелле Божае і кажучы: «Споўніўся час і наблізілася Валадарства Божае: пакайцеся і верце ў Евангелле!» (пар. Мк 1, 14-15).
Колькі Божага святла аб’явілася ў закліку Езуса, які Ён звярнуў да людзей, каб навярнуліся і атрымалі адпушчэнне грахоў, бо набліжаецца Валадарства Божае!

Таямніца ІV. Перамяненне Пана на гары Табор
«А праз шэсць дзён узяў Езус Пятра, Якуба і Яна, брата яго, і павёў іх на гару высокую адных. І перамяніўся перад імі: заззяла аблічча Яго, як сонца, адзенне Яго сталася белае, як святло (...), і вось пачуўся голас з воблака: «Гэта — Сын Мой умілаваны, якому спагадаю; Яго слухайце...» (пар. Мц 17, 1-13).
Якая Боская хвала асвяціла аблічча Хрыста! Апосталы — поўныя захаплення, але Айцец нябесны заклікае іх да паслухмянасці. Яны ўспомняць гэта толькі пасля дзён цярпення і смерці Езуса, калі будуць цешыцца хвалою змёртвыхпаўстання свайго Настаўніка.

Таямніца V. Устанаўленне Эўхарыстыі
«Пан Езус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб і, склаўшы падзяку, ламаў, кажучы: «Бярыце, ешце, гэта — Цела Маё, якое аддаецца за вас; гэта чыніце на Маю памяць». Таксама пасля вячэры ўзяў келіх, кажучы: «Гэты келіх — Новы Запавет у Крыві Маёй. Чыніце гэта кожны раз, калі будзеце спажываць, на ўспамін пра Мяне. Бо кожны раз, калі вы ясцё гэты хлеб і п’еце з гэтага келіха, смерць Пана абвяшчаеце, дакуль Ён прыйдзе» (пар. 1 Кар 11, 23-26).
Устанаўленне Эўхарыстыі пралівае святло на таямніцу незвычайнай любові, якою Хрыстус да канца палюбіў нас, даючы Сябе як спажытак дзеля нашай душы.