Паважаныя чытачы! Як мы ўжо пісалі ў нашым часопісе (гл. №11 за 2002 год), у 24-ю гадавіну свайго пантыфікату Святы Айцец абвясціў Апостальскі ліст Rosarium Virginis Mariae («Ружанец Панны Марыі»), у якім аб’явіў перыяд ад кастрычніка 2002 да кастрычніка 2003 Годам Ружанца. У сувязі з гэтым мы будзем друкаваць урыўкі Апостальскага ліста і матэрыялы, прысвечаныя Ружанцу. Таксама заахвочваем вас, дарагія чытачы, да частага адгаворвання Ружанца ў сем’ях, індывідуальна і ў супольнасцях, падкрэсліваючы яго значэнне як малітвы аб спакоі.

Рэд.


Прасіць Хрыста з Марыяй
16. Хрыстус наказаў нам звяртацца да Бога цярпліва і даверліва, каб мы былі выслуханыя: «Прасіце і будзе вам дадзена; шукайце і знойдзеце; стукайцеся і адчыняць вам» (Мц 7, 7). Аснова гэтай эфектыўнасці малітвы — дабрыня Айца, але таксама пасрэдніцтва ў Яго з боку самога Хрыста (пар. 1 Ян 2, 1) і дзеянне Духа Святога, які «заступаецца за нас», згодна з воляю Божаю (пар. Рым 8, 26-27). Таму што мы «не ўмеем маліцца так, як трэба» (Рым 8, 26) і часам застаемся непачутымі, бо «дрэнна просім» (пар. Як 4, 2-3).

Малітву, якую Хрыстус і Дух Святы абуджаюць у нашых сэрцах, Марыя падтрымлівае сваім матчыным заступніцтвам. «Малітву Касцёла як бы праводзіць малітва Марыі»23. Таму што калі Хрыстус, адзіны Пасрэднік, ёсць Дарогаю нашай малітвы, то Марыя, якая найбольш ярка асветлена Ягоным вобразам, указвае Дарогу. «На падставе гэтага асаблівага супрацоўніцтва Марыі з дзеяннем Духа Святога Касцёлы развілі малітву да святой Маці Бога, засяроджваючы яе на Асобе Хрыста, аб’яўленай у Яго таямніцах»24.

На вяселлі ў Кане Галілейскай Евангелле паказвае менавіта дзейснасць заступніцтва Марыі, якая становіцца перад Езусам як выказніца людскіх патрэбаў: «Не маюць ужо віна» (Ян 2, 3).

Ружанец адначасова з’яўляецца медытацыяй і просьбаю. Цярплівае маленне, якое ўзносім да Маці Божай, абапіраецца на веру, што мацярынскае заступніцтва ўсё можа атрымаць ад Сэрца Сына. Яна «ўсемагутная праз ласку», такімі смелымі, у добрым значэнні, словамі акрэсліў гэта бл. Барталамей Лонга ў сваёй Суплікацыі да Панны25. Гэтае перакананне, пачаўшы ад Евангелля, умацоўвалася ў хрысціянскім людзе на шляху выпрабаванняў. Вялікі паэт Дантэ цудоўна выказаў яго ў духу св. Бернарда: «Пані, такой Ты моцы і шчадроты, што кожны, хто, прагнучы ласкі, да Цябе не звяртаецца, той без крылаў адважваецца лётаць»26. У Ружанцы молім Марыю, Святыню Духа Святога (пар. Лк 1, 35), а Яна становіцца перад Айцом, які адарыў Яе паўнатою ласкаў, і перад Сынам, народжаным з Яе ўлоння, молячыся з намі і за нас.

Абвяшчаць Хрыста з Марыяй
17. Ружанец — гэта таксама дарога абвяшчэння і спасціжэння таямніцы Хрыста, на якой яна пастаянна праяўляецца ў розных сферах хрысціянскага досведу. Прыкладам з’яўляецца малітоўная і кантэмпляцыйная прэзентацыя, мэтаю якой ёсць фармаванне вучня паводле Сэрца Хрыста. Таму што калі ў ружанцовай малітве будуць адпаведна ўлічаны ўсе элементы, каб медытацыя была дзейсная, асабліва, калі Ружанец адгаворваецца супольна ў парафіях і санктуарыях, тады з’яўляецца асаблівая магчымасць катэхезы, якую душпастыры павінны ўмела выкарыстаць. Маці Божая Ружанцовая таксама такім чынам вядзе далей сваю справу абвяшчэння Хрыста. Гісторыя Ружанца паказвае, як гэту малітву выкарыстоўвалі асабліва дамінікане, калі Касцёл перажываў цяжкія часіны з прычыны пашырэння ерасяў. Сёння мы стаім перад новымі выклікамі. Чаму ж зноў не ўзяць у рукі вяночка разам з вераю тых, хто быў перад намі? Ружанец захоўвае ўсю сваю сілу і значэнне, застаючыся абавязковаю прыладаю сярод душпастырскіх сродкаў кожнага добрага прапаведніка Евангелля.


  1. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 2679.
  2. Тамсама, 2675.
  3. Суплікацыя да Каралевы Святога Ружанца, якая ўрачыста адгаворваецца два разы ў год (у маі і кастрычніку), была напісана бл. Барталамеем Лонгам у 1883 г. як бы ў адказ на заклік, які Папа Леў ХІІІ скіраваў да католікаў у сваёй першай Энцыкліцы пра Ружанец, каб сваёю духоўнаю працаю яны змаглі супрацьстаяць грамадскаму злу.
  4. Боская камедыя, Рай, ХХХІІІ, 13-15.