Дзіна Вецер

Суцэльнасць жыцця
Я паміраю.
Кожны дзень паміраю...
З болем і стогнам.
З агоніяй і трэскам
Срэбнай ніці.
З адпрэчваннем жыцця
І прагай жыць.
Настолькі пакутна,
Што, здаецца, бясконца.
З неапісальным
Уздыхам прымання, палёгкі
І акрыленасці ў канцы...

Я нараджаюся,
Кожны дзень нараджаюся.
Умінаюся і ўціскваюся
У пракруставы ложак плоці.
Зноў пасаджаная
На ніць срэбнага ланцуга.
Адпрэчваю і прымаю.
Прарастаю і прадзіраюся.
Стагну і заміраю,
Пракладаючы сабе
Шлях у зямное
Цемечкам, кволым раднічком.
...Абураюся і благаслаўляю...

Гэта адбываецца
Заўсёды па-рознаму,
Без паўтораў:
Кожны дзень – як новае
Увасабленне й Суд.

* * *
Несупынна
            невычарпальна
                        неспатольна
Крынічыць Дар Божы...
Дар Любові...

Навучы ўпакорыцца
Сяйву зерня святому
Каб быць ласкавым
Кветкавым мурагом
Пад ступні ног Тваіх,
Госпадзі!

Ружа душы
Што падару Табе
З галечы душы маёй
Як выкаласую палымяную
Любоў да Цябе

Бедная душа мая
Бы пустая скала
І няма за што
Вокам ці рукою зачапіцца
Адняць і даць

Стану стану я
Падатлівай падуладнай
Упакоранай Табе Госпадзі
Драпінкі расколінкі лёсу
На скале душы маёй
Зраблю збаночкамі
Шчылінкі
Прыстасую пад вазачкі

І ўзнясу малітву шчасця
Што Ты ёсць на свеце
Госпадзі
Каб лёгка зашумеў
У малітве маёй
Вецер Духа Святога

Каб пралятаючы
Над душой
Бязвіднай і пустой
Зараніў Ён зернейка

Зернейка міласці Божай
Прабачэння і цярплівасці

І вырасце кветка
Паліваная
Дажджом Божае Ласкі
Напоеная сокам
Малітоўных слёз маіх
Утрыманая падатлівасцю
Карэньчыкам зернейка
Дараванага

Ружу скалы душы маёй
Прымі Госпадзі

Юзэфа Чантарыцкая

Пілігрымы
У нядзельку ў Будслаў
Ідуць пілігрымы
Да Маці маліцца
За сваю Радзіму.

А я невядома,
Ці памалюся.
Табе, Святая,
Ці пакланюся.

Я тут хварэю,
Ляжу ў бальніцы.
Можа, прывязуць мне
Свянцонай вадзіцы.

Маліцеся ўсе,
Маліцеся, людзі!
Можа, шчасця нам
Хоць крыху прыбудзе.

Будслаў