4 студзеня ў мёрскім Доме культуры прайшоў (таксама ўжо традыцыйны) фестываль Калядак «Зорка Бэтлеему», у якім удзельнічала моладзь з Друі, Новага Пагосту, Шаркаўшчыны, Наваполацка, Расонаў, Оршы, Відзаў і Мёраў. Сярод гледачоў былі прадстаўнікі мясцовых уладаў, а таксама праваслаўныя вернікі на чале з пробашчам а. Мікалаем, іншыя госці. Фестываль прайшоў у вельмі цёплай атмасферы. Яго пераможцамі сталі юныя артысты з Расонаў і Наваполацка (1-е месца), Новага Пагосту (2-е месца), Мёраў і Шаркаўшчыны (3-е месца). Спецыяльным прызам – за найлепшае выкананне інструментальных твораў – адзначаны сталы ўдзельнік фестывалю — ансамбль з Друі.
Потым пачаўся канцэрт калядных спеваў. На гэты раз духоўную музыку рэпрэзентавалі тры харавыя калектывы. Канцэрт распачаў шырока вядомы ў вобласці хор кафедральнага касцёла «Гасанна» пад кіраўніцтвам Таццяны Дарафеевай. Яго змяніў на імправізаванай сцэне віцебскі маладзёжны хор «Юнацтва» пад кіраўніцтвам Аляксандра Раўзы. А завяршыў выступленне ансамбль старадаўняй музыкі «Акадэмія традыцыі» з Кракава пад кіраўніцтвам Антонія Пільхі, у выкананні якога прагучалі арыгінальныя кампазіцыі часоў Рэнесансу, а таксама старадаўняя музыка ў сучаснай апрацоўцы. Твор «Езус – цудоўная кветка» госці выканалі разам з удзельнікамі хору гаспадароў. Падчас канцэрта гучалі спевы на беларускай, рускай, польскай, украінскай, нямецкай, латышскай мовах. У якасці ганаровых гасцей на канцэрце прысутнічалі ўдзельнікі хораў «Кантарай» з нямецкага горада Вецлара і «Крыніца» з Баранавічаў. Цудоўная музыка і адмысловае выкананне не пакінулі абыякавым ніводнага са слухачоў, прадэманстраваўшы хараство спеваў, што славяць Бога.
Гэтаксама святочна і ўрачыста было на наступны дзень у віцебскай капліцы Маці Божай Салятынскай. Перажыць разам з парафіянамі і іх пробашчам кс. Адамам Дынакам свята Аб’яўлення Панскага прыйшлі біскуп Уладзіслаў Блін, іншыя прадстаўнікі дыяцэзіяльнай курыі, а таксама моладзь з розных рэгіёнаў вобласці, якая прыехала ў абласны цэнтр дзеля ўдзелу ў фестывалі-конкурсе Калядак дзіцячых калектываў. Пасля Святой Імшы ў капліцы, дзе, нягледзячы на 25-градусны мароз, было вельмі цёпла і ўрачыста, дзеці і дарослыя (першыя – у якасці артыстаў, другія – гледачоў) перайшлі ў актавую залу Віцебскага дзяржаўнага універсітэта. Там на працягу некалькіх гадзін парафіяльныя калектывы паказвалі ў сцэнках жыццё маленькага Езуса. У якасці вядучых выступілі студэнты аддзялення тэалогіі універсітэта, а майстэрства ўдзельнікаў конкурсу ацэньвала аўтарытэтнае журы. Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях. У намінацыі «Выяўленчае мастацтва» пераможцамі сталі Юры Дробач з Мёраў, Павел Козінец з Відзаў, Раман Раманько з Віцебска і прадстаўнікі праваслаўнай царквы «Благая весть». Першае месца было аднагалосна аддадзена супольнай працы юных вернікаў парафіі Наведзінаў Панны Марыі з Гарадка. У намінацыі «Музычна-тэатральнае мастацтва» журы адзначыла працы вернікаў царквы «Благая весть» з Віцебска (3-е месца), парафіі Маці Божай Салятынскай (2-е месца), Народзінаў Панны Марыі з Відзаў (4-е месца). Гран-пры ўручана (за выкананне містэрыі Эдуарда Акуліна «На Каляды») калектыву парафіі святога Казіміра з Лепеля. Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся віцебскай парафіі Езуса Міласэрнага. Вельмі спадабаліся гледачам вершы «Хрыстос жыве на Беларусі» і «Хрыстос жыве між нас» у выкананні юных артыстак з Відзаў Іры Ліманоўскай і Наташы Жукоўскай. Усе пераможцы конкурсу і яго ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі. Ва ўсіх, хто прысутнічаў на свяце, засталіся незабыўныя ўражанні ад супольных спеваў, што раз-пораз узрывалі цішыню падчас паўзаў і перапынкаў паміж нумарамі. «Выдатна атрымалася, — сказаў, падводзячы вынікі дня, біскуп Уладзіслаў Блін. – А пастараемся – і будзе яшчэ лепш».
Як ужо згадвалася, актыўны ўдзел у правядзенні Дзён хрысціянскай культуры ўзялі віцебскія мастакі. 7 студзеня, у першы дзень праваслаўных Калядаў, у гарадской Ратушы адкрылася выстава «Дарога да храма» загадчыка кафедры мастацтваў Віцебскага дзяржуніверсітэта прафесара Вячаслава Шамшуры і старшага выкладчыка кафедры выяўленчага мастацтва гэтай жа навучальнай установы Ігара Шкуратава. Майстры пэндзля выставілі на суд наведвальнікаў залы 71 працу, пераважна рэлігійнай тэматыкі («Сафійскі сабор», «Святагорскі манастыр», «Дарога да храма», «Усяночная ў Чэрасах», «Калядны вечар», «Калядныя госці» і інш.). Цырымонію адкрыцця выставы аздабляў спевамі калядак хор «Гасанна». Цёплыя словы на адрас мастакоў сказалі калегі, ад курыі – кс. пралат Міраслаў Сканчылас. Як зазначылі самі мастакі, галоўнае для іх — паспрыяць яднанню людзей. Мяркуючы па водгуках гледачоў, гэта ўдалося. Экспазіцыя выдатных работ майстроў з выявамі святыняў і маляўнічых куткоў прыдзвінскага краю прымусіць задумацца над уласным жыццём не аднаго гледача, не аднаго скіруе на спасціжэнне таго вечнага, што ёсць Бог і жыццё паводле Яго запаведзяў. Гэтаксама, як і выстава Людмілы Ярмолавай, што адкрылася 9 студзеня ў фае канферэнц-залы абласной клінічнай бальніцы. Мастачка, урач гэтай жа бальніцы, дарэчы, маці траіх дзяцей, падрыхтавала для наведвальнікаў серыю акварэльных прац «Любіце адзін аднаго». Іх назвы гавораць самі за сябе: «Цуд у Кане Галілейскай», «Капліца Маці Божай Балеснай у Віцебску», «Святы Андрэй Баболя», «Калядны санет», «Святая Ганна», «Калядная ноч». Усе яны з’яўляюцца своеасаблівым вынікам асэнсавання аўтаркай рэлігійных сюжэтаў, а таксама той ролі, якую адыгралі ў развіцці хрысціянскіх традыцый канкрэтныя гістарычныя асобы. Першымі гледачамі выставы былі работнікі бальніцы і хворыя, сярод якіх нямала католікаў – ураджэнцаў заходніх раёнаў вобласці.
Пашчыравалі падчас правядзення Дзён і бібліятэкары абласной бібліятэкі. У аддзеле беларускай літаратуры працавалі выставы «Хрысціянскія канфесіі Беларусі» і «Хрысціянскія матывы ў беларускай літаратуры», у аддзеле мастацтва – «Біблейскія сюжэты ў творчасці мастакоў свету», у аддзеле краязнаўства – «Віцебская епархія і Віцебская дыяцэзія».
Асобна варта адзначыць выдатную працу ў сувязі з правядзеннем святочных мерапрыемстваў удзельнікаў хору «Гасанна» і яго кіраўнічак Таццяны Дарафеевай і Святланы Шыдлоўскай. Ніводная імпрэза, бадай, не абышлася без іх удзелу, а былі ж яшчэ і нялёгкія паездкі ў далёкія парафіі, напрыклад, у Браслаў, дзе паслухаць уганараваных лаўрэацтвам фестывалю «Магутны Божа» прыйшлі сотні, калі не тысячы, людзей.
Уважліва паставіліся да мерапрыемстваў і ўрачыстасцяў і іх асвятлення ў друку мясцовыя журналісты: Наталля Крупіца з «Віцьбічаў», Аксана Шыдлоўская з абласнога тэлерадыёаб’яднання, Уладзімір Базан з «Витебского курьера», Святлана Дзядзінкіна з «Народнага слова». Дзякуючы ім Дні хрысціянскай культуры атрымалі шырокі розгалас сярод грамадскасці, сталі каштоўным культурным здабыткам жыхароў вобласці. Людзей жа, якія прычыніліся да правядзення Дзён, так шмат, што і пералічыць усіх немагчыма. Няхай жа ім і надалей хапае творчай энергіі, няхай беражэ іх Бог дзеля хвалы сваёй і нам на радасць.
Фота з архіва дыяцэзіі і М. Новікава.