Пачатак

[...Цяпер прадстаўлю дзве дысцыпліны, дзякуючы якім мы можам «дабівацца Валадарства». Іх можна назваць дысцыплінамі малітвы. Гэта дысцыпліна самоты і дысцыпліна жыцця ў супольнасці].

Самота

Духоўнае жыццё без самоты сапраўды немагчымае. Самота – гэта перадусім уменне знайсці час і месца для Бога, і толькі для Яго. Калі мы сапраўды верым, што Бог існуе і актыўна прысутнічае ў нашым жыцці, лечыць, навучае і вядзе нас, то павінны вызначыць час і месца, якія будуць прысвечаны выключна Яму. Езус кажа: «Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой і, зачыніўшыся, памаліся Айцу твайму, які сам у тайне» (Мц 6, 6).

Увядзенне ў жыццё крупінкі самоты з’яўляецца адной з самых неабходных, але адначасова найбольш цяжкіх дысцыплінаў духоўнасці. Нягледзячы на імкненне да сапраўднай самоты, чалавек адчувае пэўны страх перад тым часам, калі павінен будзе застацца адзін. Як толькі мы апынаемся адны, і побач з намі ўжо няма людзей, з якімі можна пагаварыць, кніг, якія можна прачытаць, тэлевізара, які можна паглядзець, ці тэлефона, з дапамогай якога можна ўсталяваць кантакт з кім-небудзь, тады ў нашай душы нараджаецца хаос. І ён можа прывесці нас у такі цяжкі стан разгубленасці і неспакою, што ўжо з нецярплівасцю будзем чакаць моманту, калі ўрэшце зноў зможам чым-небудзь заняцца. Калі мы ўваходзім у свой пакой і зачыняем дзверы, гэта яшчэ не азначае, што адразу знікнуць нашыя ўнутраныя сумненні, неспакой, страх, дрэнныя ўспаміны, нявырашаныя канфлікты, гнеўныя пачуцці, звычкі. Наадварот, калі мы ліквідуем гэтыя знешнія перашкоды, то хутчэй за ўсё адчуем, як адразу ж усплыве на паверхню нашая ўнутраная рассеянасць. Вельмі часта мы выкарыстоўваем знешнія з’явы, якія перашкаджаюць нам засяродзіцца, дзеля таго, каб засланіцца ад унутраных шумоў. І няма нічога дзіўнага ў тым, што калі мы застаемся адны, то перажываем цяжкія хвіліны. Сутыкненне з унутранымі канфліктамі можа стацца для нас надта цяжкім выпрабаваннем.

Усё гэта робіць дысцыпліну самоты яшчэ больш важнай. Самота не з’яўляецца спантанным адказам на запоўненае шматлікімі справамі жыццё, якое паглынае нас. Існуе надта шмат прычынаў, каб не быць аднаму, таму распачаць трэба з дакладнага планавання хвілінаў самоты. Магчыма, мы не вытрываем больш за пяць ці дзесяць хвілінаў на працягу дня. Можа, мы гатовыя прысвяціць самоце гадзіну штодзённа альбо некаторы час у другой палове дня раз у тыдзень, можа, адзін дзень у месяц ці тыдзень у год. Гэты час для кожнага іншы ў залежнасці ад тэмпераменту, узросту, працы, стылю жыцця і ўзроўню сталасці чалавека. Аднак мы не зможам сур’ёзна адносіцца да духоўнага жыцця, калі не знойдзем крышачку часу для таго, каб пабыць з Богам і паслухаць Яго. Можна нават адзначыць гэта ў календары, каб ніхто не адабраў у нас гэтай пары. Тады мы зможам сказаць сябрам, суседзям, студэнтам, кліентам ці пацыентам: «Прабачце, але на гэты час у мяне запланавана сустрэча, і я не магу яе адмяніць».

Калі нас захопіць правядзенне часу ў самоце, то мы станем больш чуйнымі на голас Бога ў нашай душы. Спачатку – у першыя дні, тыдні ці нават месяцы – у нас можа з’явіцца пачуццё, што мы дарма марнуем час, хвіліны ж самоты могуць здавацца нічым іншым як толькі перыядам, калі нас атакуюць тысячы думак і эмоцый, якія ўсплываюць з патаемных закуточкаў нашай свядомасці. Адзін з ранніх хрысціянскіх аўтараў параўноўвае першыя стадыі самотнай малітвы з вопытам чалавека, які шмат гадоў жыў пры адчыненых дзвярах і раптам вырашыў іх зачыніць. Госці, якія звычайна да яго прыходзілі, пачынаюць грукацца ў дзверы і ніяк не могуць уцяміць, чаму іх не пускаюць. І толькі калі ўсвядомяць, што іх не рады тут бачыць, паступова адыходзяць. Такое выпрабаванне чакае кожнага, хто пасля жыцця, пазбаўленага духоўнай дысцыпліны, вырашае ўвайсці ў стан самоты. Напачатку мітусня ў думках увесь час перашкаджае засяродзіцца. Пазней, калі на гэтыя думкі звяртаць штораз меней увагі, яны адступаюць.

Вядома, што лічыцца толькі вернасць дысцыпліне. Спачатку самота, здаецца, да такой ступені супярэчыць нашым імкненням, што ўвесь час з’яўляецца спакуса ўцячы ад яе. Напрыклад, у мары ці сон. Аднак, калі мы не закінем гэтай дысцыпліны, упэўненыя, што Бог ёсць побач з намі нават тады, калі Яго не чуем, то паступова адкрыем, што гэтага часу – «сам-насам» з Богам – страціць не хочам. Нават калі мы не знаходзім шмат прыемнага ў самоце, то ўсё роўна ўсведамляем, што дзень без самоты меней «духоўны», чым дзень, які пазначаны хвілінамі самоты.

Інтуіцыйна мы разумеем, што гэта вельмі важна – знайсці час, каб пабыць аднаму. І нават пачынаем з нецярплівасцю чакаць гэтых дзіўных, здавалася б, дарэмных хвілінаў. Патрэба ў самоце часта з’яўляецца першаю прыкметаю малітвы, першым знакам таго, што прысутнасць Божага Духу перастае быць нябачнай. Мы вызваляемся ад шматлікіх клопатаў, спазнаем не толькі розумам, але і сэрцам, што сапраўды мы ніколі не заставаліся адны, але заўсёды з намі быў Дух Божы. І тады пачынаем усведамляць тое, пра што пісаў св. Павел: «Ад жальбы ідзе цярплівасць, ад цярплівасці – веданне, ад ведання – надзея, а надзея не ганьбуе, бо Любоў Божая разлітая ў сэрцах нашых праз Духа Святога, які жыве ў нас» (Рым 5, 3-5).

У самоце мы пачынаем разумець Духа, якога ўжо атрымалі. Боль і змаганні, з якімі сустракаемся ў самоце, становяцца шляхам да надзеі, бо надзея абапіраецца не на тое, што павінна здарыцца, калі скончацца нашыя цярпенні, але на сапраўдную прысутнасць сярод усіх гэтых цярпенняў Божага Духу, які мае моц аздараўляць. Дысцыпліна самоты дазваляе нам паступова ўваходзіць у кантакт з поўнай надзеі прысутнасцю Бога ў нашым жыцці. Дазваляе ўжо падчас зямнога жыцця спазнаць пачаткі радасці і спакою новага неба і новай зямлі.

Дысцыпліна самоты – згодна з тым, як я апісаў яе, — з’яўляецца адной з найбольш магутных дысцыплінаў у развіцці малітоўнага жыцця. Гэта лёгкі, хоць і няпросты спосаб вызвалення з палону нашых абавязкаў і клопатаў, дзякуючы якому мы можам пачуць голас, які ўсё аднаўляе.

Дазвольце прывесці больш канкрэтнае апісанне таго, як можна практыкаваць самоту. Для гэтай мэты добра мець уласны пакой альбо куток (ці нават вялікую шафу!). Такое гатовае месца дапамагае «дабівацца» Божага Валадарства без падрыхтоўкі, якая паглынае наш час. Некаторыя любяць упрыгожыць гэтае месца іконай, свечкай ці простымі раслінамі. Важна, каб месца самоты было простым і чыстым. Тут мы «жывем» у Божай прысутнасці. Калі чалавек займаецца нечым карысным, чытае нешта стымулюючае, думае пра штосьці цікавае альбо перажывае нейкую незвычайную падзею, гэта заўсёды можа ўвесці яго ў спакусу. Аднак хвіліна самоты – гэта час, калі мы павінны стаць перад Панам з пустымі рукамі, у непрыхаваным выглядзе, безабаронныя, ні да чаго не прыдатныя, не жадаючы нічога даказваць ці абараняць. Такім чынам мы будзем паступова вучыцца прыслухоўвацца да ціхага голасу Бога.

Аднак што рабіць з тым роем думак, якія перашкаджаюць нам засяродзіцца? Ці трэба змагацца з імі і спадзявацца, што такім чынам мы станем больш уважлівымі да Божага голасу? Гэта не самы лепшы спосаб для таго, каб распачаць малітву. Калі ўсю нашу энергію паглынае змаганне з унутранай рассеянасцю, то стварыць пустую прастору, у якой можна пачуць голас Божага Духу, вельмі няпроста. І калі мы ўступаем у непасрэдную барацьбу з хаосам у нашых думках, усё можа скончыцца тым, што мы пачнем прысвячаць ім больш увагі, чым яны гэтага заслугоўваюць. Неабходна сканцэнтравацца на словах Святога Пісання: псальм, прыпавесць, біблійнае апавяданне, выказванне Езуса альбо словы Паўла, Пятра, Якуба, Юды ці Яна дапамогуць нам сканцэнтравацца на прысутнасці Бога. Такім чынам, мы не дазволім, каб «усё гэта» мела над намі ўладу. Калі ў цэнтры нашай самоты змесцім словы Святога Пісання (няхай гэта будзе кароткі фрагмент, некалькі сказаў альбо вялікі тэкст), то яны могуць стаць тым пунктам, да якога мы будзем вяртацца, калі нашыя думкі будуць разлятацца ў розных напрамках. Словы гэтыя створаць надзейны прыстанак сярод бурлівага мора. На заканчэнне гэтага часу ціхага «жыцця» з Богам мы, праз заступніцкую малітву, можам увесці ў Ягоную аздараўляльную прысутнасць усіх людзей, якія з’яўляюцца часткай нашага жыцця, — як нашых сяброў, так і нашых ворагаў. І чаму б не скончыць гэты час словамі малітвы, якой навучыў нас сам Езус: «Ойча наш...»?

Гэта – толькі адна з формаў, у якой можна практыкаваць дысцыпліну самоты. Існуе незлічоная колькасць яе варыянтаў: прагулкі на ўлонні прыроды, паўтарэнне кароткіх малітваў, такіх, як малітва Езуса, простыя песенныя формы, пэўныя рухі ці жэсты – усё гэта і шмат іншых элементаў можа дапамагчы нам у дысцыплінаванні самотаю. Аднак мы павінны вырашыць, якая з гэтых формаў нам найбольш адпавядае, і вернымі якой мы хочам застацца. Лепш практыкаваць дысцыпліну самоты кожны дзень на працягу дзесяці хвілінаў, чым, напрыклад, цэлую гадзіну, але зрэдку. Лепш таксама прызвычаіцца да якой-небудзь адной формы, чым эксперыментаваць з рознымі. Простасць і рэгулярнасць – найлепшыя памочнікі ў пошуках уласнага шляху да малітвы самоты. Яны дазваляюць зрабіць дысцыпліну самоты часткай нашага жыцця, такой, як ежа і сон. Калі так станецца, то тлумныя клопаты паступова страцяць над намі ўладу, і пачне праяўляць сваю прысутнасць аднаўляльнае дзеянне Божага Духу.

Дысцыпліна самоты патрабуе ад нас умення вызначыць для яе час і месца, аднак на самай справе галоўнае, каб нашае сэрца стала тым ціхім пакоем, у якім мог бы жыць Бог, незалежна ад таго, куды мы ідзем ці што робім. Чым больш будзем практыкавацца ў тым, каб праводзіць час з Богам і толькі з Ім, тым хутчэй адкрыем, што Ён знаходзіцца побач з намі ўвесь час і ў кожным месцы. І ўжо вельмі хутка навучымся пазнаваць Яго нават у тлумным і запоўненым разнастайнай дзейнасцю жыцці. Калі самота часу і месца пераменіцца ў самоту сэрца, то нам ужо ніколі не трэба будзе пакідаць гэты стан. Мы зможам жыць духоўным жыццём заўсёды і ўсюды. Дзякуючы гэтаму дысцыпліна самоты дазволіць нам весці актыўнае жыццё ў свеце і адначасова ўвесь час трываць у прысутнасці Бога.

Працяг

Г. НОЎВЭН
Пераклад з польскай мовы Таццяны Мухляды