Яначку |
Не пішацца верш – Ці жыццё не жывецца? Ужо колькі гадоў Між зямлёю і небам... І есца, і п’ецца, але— Не пяецца... Не выспела, пэўна, Калоссе для хлеба... Калісьці ж – радзіла, Як зерне садзіла, Слязьмі палівала... Цябе гадавала... Ды мала, напэўна, Душы аддавала... Нягож – каралеўна – Сябе шкадавала!.. У полі сцяблінка – Мурашцы хацінка, Валошка, званочак – То смеху збаночак. У Бога – ніводнай душы – сірацінкі... Усміхніся – і разам пакрочым, сыночак, Ад цемры – да яснага сонца, сыночак... |
* * * |
… У любові – не прызнаюся ніколі, каб думкаю суладдзе не парушыць. Ды каласы схінаюцца у полі, і Лік Нябёсны – між галінаў грушавых... Струменіць жыццядайная крыніца, І Неба расхінутае – як кніга: Прыпасці б да яе – і наталіцца, І мудрасці адвечнае напіцца, І гаркаты жыццёвае пазбыцца – Каб у малым адкрылася – Вялікае... |
* * * |
Ці час мне ўжо вяртацца на зямлю? Ці шчэ дасі лунаць ў Тваіх аблоках? У нябёсных хвалях, плынях і затоках Блукаць майму зямному караблю? Шчаслівы, хто паспеў сказаць «люблю» І па зямлі прайшоў не адзінокім… Што ж наракаць на стомленыя крокі, Калі Твой, Божа, позірк я лаўлю? Наперадзе – нязгасны ясны дзень, Тваёй пшаніцы залатое мора, Святло Тваё, Тваёй красы узоры – І дзеці, як анёлы, між людзей... І нашы душы не азмрочаць цені, Мы станем жыць без здрады, слёз і гора... Удзячная, хілюся у пакоры – Прашу любові, веры і надзеі. |
* * * |
Застацца б мне – ціхмянай і лагоднай, Ні краскі, ні травінкі не парушыць. Быць проста часткай Матухны-Прыроды, Наіўнаю, маленькаю мятлушкай... У кожным крылцы – пыл сівых стагоддзяў – Не сівізна на скронях ацяжэлых... Я адлятаю... Лета на зыходзе... Шапоча вецер ў дрэвах парыжэлых... Час засынаць... і дрэвам, і мятлушкам... Нязробленае – здзейсніцца калісьці... Ды толькі вера – у Хрыстова Прыйсце – Нас абуджае і ратуе душы. |
* * * |
З дрэва ліст упадзе – на расу, на траву, на зямлю, І акрые сабою чыёсь неадпетае цела... Шмат стагоддзяў таму – тут памерла яно і сатлела... І імя яго – нат малітоўна – я не назаву... Колькі ў свеце крыжоў – на шляхах, на кладах, на вятрах. Колькі душ, што заўчасна, стамлёна ля іх спачываюць: Не зайздросцяць нікому, не маняць і ўжо не кахаюць – Іх нязгаслы агеньчык гарыць у нашчадка ў вачах... ...Хутка ліст упадзе – на ўрадлівае ўлонне зямлі, І сустрэне яно – з мацярынскім бясслёзным чаканнем... ...Ціхі голас травы – ты складаешся з нашых дыханняў – Стогнаў, шэптаў, прызнанняў – ўсіх – памерлых, ды ў Бога – жывых... ...Ціхі голас травы – ты складаешся з нашых дыханняў, Стогнаў, шэптаў, прызнанняў – Ўсіх – памерлых, ды ў Бога – жывых... |