Наша жыццё наскрозь прасякнутае Божай Міласэрнасцю. Усведамляем мы гэта, ці не, верым у гэта, ці не, Божая Міласэрнасць ад гэтага не знікае. Яна ўсюды. Само жыццё – гэта бязмежная Божая Міласэрнасць. Без яе чалавек не змог бы існаваць. Нават аднаго дня. «Бо мы ў Ім жывем і рухаемся і існуем...», – гаворыцца ў Святым Пісанні. І як жа Добры наш Творца прагне, каб чалавек спазнаў Яго Міласэрнасць, прыняў яе і цалкам даверыўся ёй. Для гэтага Бог паслаў у няшчасны наш свет звястунку сваёй бясконцай Міласэрнасці – святую Фаустыну. Ёй была даручана асаблівая місія: «Раскажы збалеламу чалавецтву, няхай яно прыпадзе да Майго Міласэрнага Сэрца, і Я напоўню яго супакоем» (Дз. 1074). Далей у дзённіку св. Фаустыны чытаем: «Чалавецтва не знойдзе супакою, пакуль не звернецца з даверам да Маёй Міласэрнасці» (Дз. 300).
Праз святую Фаустыну Езус даў нам таксама найцудоўнейшую малітву – вяночак да Божай Міласэрнасці. Хрыстус гаварыў сваёй абранніцы: «О, якія ж вялікія ласкі Я спашлю душам, якія будуць маліцца гэты вяночак» (Дз. 848). «З дапамогай яго ты выпрасіш усё, чаго захочаш, калі гэта будзе згодна з Маёй воляй» (Дз. 1731).
У сваім жыцці я шмат разоў упэўнівалася ў сапраўднасці гэтых абяцанняў Хрыста, як, напэўна, і кожны вернік, які давярае Божай Міласэрнасці і моліцца той цудоўны вяночак. Вось толькі некалькі гісторый.

Цудоўная моц малітвы

Алену з яе дзевяцігадовай дачкой Насцяй я сустрэла чатыры гады таму ў шахцёрскім гарадку Горлаўка, што на Украіне. Сэрца аблівалася крывёю ад непамернага гора гэтай сям’і. У адзін год Алена страціла і сына, і мужа. Шаснаццацігадовы Павел з сябрамі бавіў час на даху шматпавярховага будынка. Спрабуючы паказаць перад дзяўчатамі сваю акрабатычную спрытнасць, ён неўзабаве зваліўся. Забіўся насмерць. Пасля такой бяды бацька хлопца, які і без таго не цураўся гарэлкі, стаў піць безупынна і хутка памёр. Алена з малалетняй дачкой у гэтым невымерным горы засталася да таго ж і без сродкаў да існавання. На большай тэрыторыі Украіны і цяпер – галота ды бядота, а тады было яшчэ жахлівей. Усе заводы і прадпрыемствы пазачыняліся. На шахтах грошай не плацілі. Завод, дзе працавала Алена, таксама стаяў. Яна не атрымлівала ані зарплаты, ані дапамогі па беспрацоўі, бо афіцыйна прадпрыемства нібыта існавала. З пенсіяй на дачку, якая страціла бацьку, таксама была суцэльная валакіта, але гэта нікога з чыноўнікаў не цікавіла. Больш таго, з-за даўгоў па аплаце кватэры і электрычнасці адрэзалі святло. У гэтай пакутніцкай цемры няшчасця Алена аднойчы рашылася на страшэнны крок. Яна пайшла да таго дому, дзе загінуў яе сын, каб і сваё жыццё так скончыць. Але Міласэрны Бог не дапусціў гэтага. Калі яна падымалася ўверх па сходах, сустрэла былую сяброўку свайго сына. Дзяўчына нейкім чынам адразу ўсё зразумела і кінулася на шыю жанчыны са словамі: «Цёця Лена, а на каго ж вы Насцю пакінеце, яна ж без вас прападзе!» Нібыта маланка прашыла сэрца жанчыны, і чорная хмара, якая ахутвала душу, разарвалася. Алена, упаўшы на зямлю, доўга галасіла, потым, падняўшыся, паволі пайшла дадому...

У той час я гасціла ў сваёй сястры ў Горлаўцы і збіралася ўжо ад’язджаць у Мінск. Сустрэўшы Алену з яе дачушкай, шкадавала, што не мела ўжо грошай, каб дапамагчы ім. Аднак дала тое, што мела, – ружанец, абразік Езуса Міласэрнага, і расказала аб цудоўнай малітве – вяночку да Божай Міласэрнасці. Потым, укленчыўшы, мы ўсе разам памаліліся. Алена абяцала маліцца штодня.

Праз некаторы час мая сястра ў лісце перадавала прывітанне і падзяку ад Алены. Аказалася, што ў хуткім часе Алену выклікалі на яе прадпрыемства і выплацілі кампенсацыю за ўсе месяцы вымушанага прастою. Потым яна стала на ўлік на біржу, як беспрацоўная, і пачала рэгулярна атрымліваць нейкую капейчыну. Нарэшце атрымала і пенсію на дачку па смерці свайго мужа. Пазней знайшла працу.

Ні адной хвіліны Алена не сумнявалася ў тым, што ўсё гэта яна атрымала ад Езуса Хрыста, да чыёй Міласэрнасці яны з дачкой маліліся некалькі разоў на дзень.

Дзякуй жа Добраму Богу за тое, што адразу дапамог гэтай гаротнай сям’і, і за тое, што яны зразумелі вялікую моц такой цудоўнай малітвы, як вяночак да Божай Міласэрнасці.

Выратаваная любоў

Некалькі гадоў таму ў дабрачынны фонд «Маці Божай Фацімскай» з Мінскага абласнога раддома пазваніла доктар і папрасіла дапамогі для маладой жанчыны, якая нарадзіла дзяўчынку. З-за крайняй беднасці ёй няма ў чым дзіця нават з раддому забраць. Аказалася, што Наталля – круглая сірата, выхаванка дзіцячага дома. Пасля школы яна скончыла прафесійна-тэхнічнае вучылішча і была размеркаваная на адзін з заводаў пад Мінскам. Як сірата, яна хутка атрымала аднапакаёвую кватэру. Калі тэрмін адпрацоўкі на прадпрыемстве скончыўся, вырашыла звольніцца – вельмі брудныя і цяжкія былі ўмовы працы. Да таго ж яна была ўжо цяжарная. Знайшла працу прадаўца ў магазіне. Аднак, пакуль праходзіла медыцынскую камісію, там даведаліся пра яе стан і адмовілі ёй. Яна засталася без усялякіх сродкаў да існавання. Як потым расказвала, мела ў запасе толькі макароны... Але пра аборт нават і не думала.

Яна нарадзіла вельмі маленькую і худзенькую дзяўчынку, але, на шчасце, здаровенькую. Міласэрны Бог не пакінуў у бядзе сірату, якая не забіла свайго дзіцяці. Знайшліся добрыя людзі і дапамаглі чым змаглі. Больш таго, здзейсніўся сапраўдны цуд – у раддом па Наталлю прыехалі бацькі Алега (хлопца, ад якога яна нарадзіла). Даведаўшыся аб тым жахлівым стане, у якім апынулася Наташа, яны сказалі, што не могуць сына сілком ажаніць, але сваёй унучцы не дазволяць пакутаваць – дзіця ні ў чым не павіннае. І, хаця ў Наташы была свая кватэра, праўда, амаль пустая, бацькі Алега забралі яе з дачкой да сябе. Алег сышоў з дому...

У гэты час з дапамогай да Наталлі прыехалі прадстаўнікі фонда «Маці Божай Фацімскай». У падарунак маладая маці, акрамя нейкіх матэрыяльных рэчаў, атрымала ружанец, ікону Езуса Міласэрнага. У канцы ўсе разам памаліліся вяночак да Божай Міласэрнасці. Наталля і надалей абяцала практыкаваць гэтую малітву. Яна вельмі кахала бацьку сваёй дачкі і марыла аб шчаслівай сям’і. Сям’і, якой сама ніколі не мела. Гэта малітва стала тым выратавальным колам, за якое яна ўхапілася з усёю шчырасцю сваёй душы.

Алег пачаў наведвацца дадому, каб сустрэцца з бацькамі і паглядзець на сваю дачку, якую назвалі Святланкай. А калі аднойчы Святланка сур’ёзна захварэла, ён сам падняў на ногі ўсіх знаёмых і незнаёмых дактароў, каб уратаваць жыццё дачкі. Пасля таго як бяда адступілася, ён па-іншаму паглядзеў на жыццё і на адносіны да маці свайго дзіцяці.

Доўга можна апісваць гісторыю іх узаемаадносінаў, а потым гісторыю кахання. Галоўнае – вынік: Алег і Наталля ажаніліся і адразу ж узялі шлюб у царкве.

Няверуючыя людзі назвалі фінал гэтай гісторыі фантастыкай. Але Наталля, гледзячы ў ласкавыя вочы Езуса Міласэрнага на прыгожай іконе, ведае, Хто ўчыніў гэты цуд. Яна прасіла Усемагутнага Бога аб любові. Аб узаемнай любові. І Ён яе выслухаў.

Бог ёсць любоў. Сапраўдная любоў без Бога не можа існаваць. Трэба толькі з вялікім даверам прасіць Яго аб гэтым святым пачуцці. І станецца так, як абяцаў Езус Фаустыне: «О, як моцна Я люблю душы, якія Мне поўнасцю давяраюць – Я ўсё для іх зраблю» (Дз. 294).

Г. К.