Калі 15 мая мінулага года памерла мая маці, святой памяці Уладзіслава, для мяне адразу нібы пашарэў свет. Тады і зразумеў я, што азначае слова «маці» і што значыць маці для святара. Дык няхай гэтыя мае запіскі будуць веснавой кветкай у даніну памяці маёй любай маці.

У маі традыцыя называе Маці Божую некалькімі імёнамі – Маёвай, Каралеваю прыгожага маю, Каралеваю нябёсаў. Да Яе, Маці Божай, мы скіроўваем свае ўмольныя заклікі, хочам, каб Яна была Каралеваю нашых сэрцаў, пачуццяў і думак.

Зямная маці дае свайму дзіцяці жыццё. Святая Марыя таксама нараджае нас для Божага жыцця, нараджаючы ў нашых душах Хрыста. Маці дае свайму дзіцяці любоў. Марыя таксама атачае нас сваёю мацярынскаю любоўю. І нарэшце, маці выхоўвае сваё дзіця ўласным прыкладам. Марыя дае нам прыклад цнотаў, вучыць пакоры і вернасці Богу.

Бог даў нам Найсвяцейшую Панну Марыю за нашу Маці і Каралеву, каб Яна была Маці кожнага з нас, гэта значыць, і тваёй, і маёй. Дзеля таго нам Яе даў, каб Яна была святлом, промнем надзеі для чалавецтва, што блукае ў цемры, для загубленых дачок і сыноў беднай зямлі. Яна з’яўляецца нашай Ранішняй Зоркай, Брамай нябёсаў, Зоркай мора, якая вядзе па бурлівых хвалях жыцця Човен Пятра – Касцёл Хрыстовы – да Брамы Неба і Порту Збаўлення, бо Яна з’яўляецца Каралевай нябёсаў і нашай Маці.

Першае сведчанне пра прысвячэнне месяца мая святой Марыі паходзіць ажно з 1284 года, калі кароль Кастыльі Альфонс Х Мудры даводзіў сваім падначаленым, што ўшанаванне Багародзіцы – гэта найлепшы спосаб перажывання веснавых святаў. У Парыжы ў ХІV ст. 1 мая цэх залацільшчыкаў прыносіў у катэдральны сабор Божай Маці гэтак званы «маёк» – букет кветак, упрыгожаны каштоўнымі камянямі, эмблемамі і стужкамі.

На пачатку XVIII ст. езуіт айцец Ансалоні ўвёў у практыку неапалітанскага касцёла св. Клары вечаровы звычай марыйных спеваў, злучаны з благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам. У 1717 г. падобнае набажэнства практыкавалася ў Генуі, а ад ХІХ ст. ужо і ва ўсім Касцёле. Па-рознаму адбываліся маёвыя набажэнствы ў розных краінах. Цяпер жа ўшанаванне Маці Божай у маі праяўляецца ў спяванні Ларэтанскай літаніі. Найчасцей гэта лучыцца з благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамантам.

Каля прыдарожных крыжоў, каплічак альбо фігураў, а часам і ў дамах вернікаў збіраюцца людзі, каб праслаўляць Марыю. Прыгожа гаворыцца пра гэты звычай у Энцыкліцы Папы Рымскага Паўла VI «Mense maio»: «Гэта менавіта той месяц, калі ў святынях і ў зацішшы дамоў ахвярна і сардэчна ўшаноўваюць Марыю... Гэта той месяц, калі з трону нашай Маці часта і шчодра сплываюць на нас дары Божай міласці. Пабожная практыка, звязаная з маем, вельмі прыемная нам і напаўняе нас суцяшэннем. І гэта таму, што ўшанаванне Марыі прыносіць хрысціянскаму люду шчодрыя плады».

Маёвыя набажэнствы, разважанне над цнотамі Марыі могуць значна змяніць наша жыццё. Святы Бернард, знаны ў Касцёле сваёй самаадданай пашанай і праслаўленнем Марыі, пісаў: «Калі падступіцца навала спакусы – пакліч Марыю. Калі станеш прадметам пыхі, зайздрасці, амбіцыі, абмовы – пакліч Марыю. Калі гнеў альбо зайздрасць забярэ твой спакой – паглядзі на Марыю. Калі цябе прыгнятае цяжар віны і агортвае сум, роспач – падумай пра Марыю. У небяспеках, цяжкасцях і сумненнях прамаўляй Яе імя, кліч Яе, ідучы за Ёю, ты не заблудзішся...Просячы Яе, не будзеш падмануты... Трымаючыся Яе, ты не ўпадзеш... З Яе заступніцтвам ты дойдзеш да мэты...»

Неяк адзін місіянер ляцеў на самалёце і маліўся на Брэвяры, з якога выслізнуў абразок Маці Божай. Дзіця падняло яго, падало місіянеру і запытала: «Хто гэта?». Нядоўга думаючы, місіянер адказаў: «Гэта мая Маці». Дзіця ўважліва паглядзела на абразок, потым на місіянера і прамовіла: «А ты не падобны да Яе». «Але я ўсё сваё жыццё імкнуся стаць да Яе падобным!» – разгублена ўсклікнуў місіянер.

Марыйны месяц май ставіць перад чалавекам пытанні: «Кім для цябе з’яўляецца Марыя? Ці падобны ты хоць трохі да Яе? Ці сапраўднае ты Яе дзіця?»

У той час, калі ўся прырода ў маі абвяшчае хвалу Багародзіцы, было б прыгожа і высакародна свядома і добраахвотна аддаць сябе Беззаганнай Панне. Каб з гэтага часу ўжо не мець уласных заслугаў і вартасцяў, клопату, неспакою, але ў містычнай лучнасці даверыць іх Маці Божай. Шатан баіцца Марыі. Ён уцякае ад Яе вобразу, прамоўленага Яе імя. Таму заслугі і высілкі чалавека, моцна злучанага з Марыяй, набываюць вялікую заслугу і вартасць. Яны ўжо з’яўляюцца не нашымі заслугамі, але належаць Ёй.

2003 год Папа Ян Павел ІІ абвясціў годам Ружанца і дадаў да яго чацвёртую частку. А цяпер падумай, колькі разоў у гэтым годзе ты трымаў у руках ружанец? Ці разважаў ты над Таямніцамі Святла? Ці зразумеў ты іх вартасць для Касцёла?

Даверся Хрысту праз Марыю! Насі Яе медалік, шкаплер і будзь верны Ёй ажно да смерці, сваімі ўчынкамі пацвярджаючы словы адданасці Марыі: «Ніколі я Цябе ўжо, Маці, не пакіну!»

Няхай Акт аддання Марыі, учынены паводле ўзору святога Людвіка дэ Манфора альбо іншым чынам, але часта паўтораны, стане кульмінацыйным момантам твайго маю.

Я, …N, бяру Цябе сёння, Марыя, у прысутнасці ўсяго нябеснага двору за сваю Маці і Каралеву. Як Твой нявольнік аддаю Табе і прысвячаю сваё цела і душу сваю, унутраныя і знешнія даброты, нават вартасць маіх добрых учынкаў, як мінулых, так і цяперашніх, і будучых. Даю Табе поўнае права распараджацца мною і ўсім без выключэння, што мне належыць, так, як Табе падабаецца – дзеля хвалы Бога, у часе і ў вечнасці. Амэн.

Кс. Ян Козак