![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||
![]() На кніжнай паліцы
З жыцця Касцёла
Мастацтва
Роздум аб веры
Нашы святыні
Проза
Да юбілею 2000 Года
Паэзія
Постаці
Погляд збоку
|
Тамара ЛІХАЧ
ОРДЭН ДАМІНІКАНЦАЎ
|
![]() |
Схема гексахордаў з дамініканскага харальнага дапаможніка. |
Агульны змест дапаможніка адпавядае канонам жанру. Паводле старажытнай еўрапейскай традыцыі, на пачатку кожнага музычнага падручнiка павiнна знаходзiцца дэфiнiцыя музыкi. Анонiм-дамiнiканец у сваёй дэфініцыі паўтарае славутую думку святога Аўгустына: «Музыка - гэта навука добра мадуліраваць»2 (3, с. 121). Ён пiша: «Абавязковыя касцёльныя спевы, якiя Касцёл выкарыстоўвае ў Боскай службе, з-за iх прыстойнасцi, сур'ёзнасцi i велiчнасцi, з'яўляюцца мадуляцыяй (modulatio), якая рухаецца размерана, амаль роўнымi працягласцямi, ва унiсон, па розных, аднак абмежаваных дыятанiчных iнтэрвалах» (2, c. 104).
Адзначым, што дамiнiканец у якасцi асноўных крытэрыяў, спецыфiчных менавiта для харала, называе «рух ва унiсон», дыятанiчнасць і абмежаванасць выкарыстання iнтэрвалаў, па якiх рухаецца мелодыя. Большасць польскiх аўтараў харальных дапаможнікаў (Марэк з Плоцка, Стэфан Манетарый, Себасцьян з Фельштына, Марцiн Кромер), як i некаторыя заходнееўрапейскiя тэарэтыкi (Адам з Фульды, Ёган Кокле) у сваiх дэфiнiцыях musica plana прыводзяць толькi адну вызначальную рысу харальных спеваў - рытмiчную аднастайнасць выканання (9, с. 56). Больш таго, Себасцьян з Фельштына, разглядаючы пытаннi аб сальмiзацыi i распазнаваннi тонаў у грыгарыянскiх спевах, прыводзiць трох- i чатырохгалосыя музычныя прыклады, у якiх харальная мелодыя размешчана ў сярэднiм голасе. Iншымi словамi, ён уяўляе грыгарыянскi харал выключна ў якасцi cantus'а firmus'a шматгалосай кампазiцыi (7, гл. 3).
Такiм чынам, у дэфiнiцыі харальных спеваў з дамiнiканскага дапаможнiка вычарпальна i падрабязна пералiчваюцца iстотныя для грыгарыянiкi рысы рытмікі і мелодыкi, падкрэслiваецца яе манадыйная спецыфiка. Нам не даводзілася сустрэць адпаведнага па паўнаце i дасканаласцi азначэння cantus planus нi ў адным з прагледжаных харальных падручнiкаў з Польшчы ці Еўропы тых часоў.
Прынцыпова важны раздзел тэорыi харала - вучэнне аб тонах i модусах. Дамiнiканскi аўтар прысвячае тонам амаль палову сваёй працы - чатыры раздзелы з дзесяцi. «Compendium regularum» у выкладаннi тэорыi модусаў закранае ўсе пытаннi, разгледжаныя, напрыклад, у працы Шымона Старавольскага «Пытанні музычнай практыкі» («Musices practicae erotemata»; 1656). Як i Ш.Старавольскi, ён дэталёва размяжоўвае аўтэнтычныя i плагальныя тоны, указваючы на рознiцу ў структуры iх гукарадаў. Гук дамiнанты тонаў анонiм называе выключна конфiналiсам, прычым у адрозненне ад традыцыйных поглядаў, конфiналiсам трэцяга i чацвёртага тонаў называе сi цi ля. Гэта адпавядае генезiсу трэцяга лада, аднак супярэчыць вельмi старажытнай практыцы, у якой дамiнанта сi ўстойлiва замянялася на до (8, с. 112).
Анонiм добра ведаў i старажытны падзел тонавых гукарадаў канкрэтных мелодый на дасканалыя (з амбітусам не менш за актаву) i недасканалыя (з амбітусам менш за актаву), а таксама ўведзеныя ў познiм Сярэднявеччы Маркетто Падуанскiм дадатковыя дэфiнiцыi тыпу найдасканалых і мяшаных дасканалых тонаў. Не ўпамiнаецца ў дапаможнiку толькi адзiн з вядомых у агульнай харальнай тэорыi тыпаў гукарада - tonus commixtus (аб'яднанне аўтэнтычнага з непаралельным яму плагальным) (4, c. 166).
![]() |
Пералік раздзелаў з дамініканскага харальнага дапаможніка. |
Правiлы адрознiвання тонаў сабраны i сфармуляваны аўтарам з вялiкай падрабязнасцю i дасканаласцю. Па сваёй паўнаце яны значна пераўзыходзяць, напрыклад, спосабы вызначэння тонавай прыналежнасцi мелодый, рэкамендаваныя ў падручнiку Ш.Старавольскага (6, с. 62-63), Марэка з Плоцка (1518) i iншых (10, с. 4).
![]() |
Тытульная старонка дамініканскага харальнага дапаможніка. |
Як бачна, традыцыйная еўрапейская харальная тэорыя вывучалася у дамініканскіх навiцыятах у поўным аб'ёме; юнакi знаёмiлiся з найбольш складанымi i цяжкiмi яе праблемамi. Грыгарыянскi спеў - важны i прывiлеяваны кампанент музычнага афармлення набажэнстваў - не толькi засвойваўся практычна, але i аналiзаваўся, асэнсоўваўся тэарэтычна.
Абавязковымі для літургічнай практыкі каталіцызму былі званы - старажытнейшы інструмент, які меў сакральнае значэнне ўжо ў раннехрысціянскім кульце. Існаваў нават асобны фармуляр асвячэння новага звана біскупам, падчас якога звон - быццам жывая істота - атрымліваў спецыяльнае памазанне. Напэўна, гэта адзіны музычны інструмент, якому давалі чалавечае імя. Напрыклад, школьны звон у нясвіжскім дамініканскім касцёле называлі «Пётр» (2; c. 163); званы наваградскіх дамініканцаў мелі імёны святых Міхала, Дамініка, Тадэвуша (1; c. 71).
Гуку званоў здаўна прыпісвалася магічная сіла, здольнасць ахоўваць людзей ад усялякіх напасцяў. Лацінскі сярэднявечны верш, у якім звон ад першай асобы, як чалавек, пералічвае свае асноўныя функцыі, добра адлюстроўвае народную веру ў яго адухоўленасць і звышнатуральную моц:
Laudo Deum verum, plebem voco, congrego clerum, Defunctos ploro, pestem fugo, festa decoro3. |
Паводле агульных касцёльных канонаў, звонам склікалі вернікаў да асноўных дзённых набажэнстваў і іншых важных цырымоній; указвалі тым, хто адсутнічаў у касцёле, на час кульмінацыйных літургічных дзеяў (падняцце Святых Дароў падчас Імшы, выкананне гімну «Te Deum laudamus», благаславенне верных Святымі Дарамі і да т.п.). Гук званоў быў натуральным кампанентам штодзённага жыцця, перазвон дыктаваў рытм змены заняткаў, дапамагаў арыентавацца ў часе. Таму асаблівы экспрэсіўны сэнс набывала «маўчанне» званоў у тры апошнія дні Вялікага Тыдня (3; t. IX - X, c. 288 - 292).
Традыцыі выкарыстання званоў у касцёле былі вельмі ўстойлівымі і амаль нязменнымі. У большасці прагледжаных намі манаскіх рэгулямінаў няма спецыяльных заўваг наконт выкарыстання званоў, бо гэта здавалася чымсьці відавочным і не патрабуючым расшыфроўкі. Толькі ў дакументах дамініканскага ордэна поўна і досыць падрабязна сфармуляваны функцыі касцёльных званоў.
Першапачаткова Канстытуцыя ордэна з уласцівым для прапаведнікаў рыгарызмам забараняла мець у кляштары больш чым адзін звон: «Нашыя браты ў кляштарах няхай маюць толькі адзін звон на ўсе службы». Аднак залішняя суровасць яўна супярэчыла традыцыйным рэлігійным звычаям вернікаў. Таму на працягу стагоддзяў улады прапаведнікаў вымушаны былі змяніць адносіны да ўжывання званоў у кляштарных касцёлах. З трохі вінаватай інтанацыяй працытаванае вышэй месца з асноўнага тэксту Канстытуцыі ордэна каментуецца ў выданні пачатку XVII ст. наступным чынам: «На пачатку ордэна ў нашых дамах мелі толькі адзін звон на ўсе гадзіны, як адзначана ў раздзеле... Аднак гэтыя ўстанаўленні былі абмежаваныя супрацьлеглым звычаем, амаль паўсюдным (прынамсі ў Італіі), які да таго ж здаецца разумным і карысным дзеля набожнасці ў народзе. Гэта ўстанаўленне выконваецца так: у звычайныя дні б'ем толькі ў адзін звон да ўсіх гадзін. У двайныя ж святы, а таксама ў святы, вышэйшыя за іх па рангу, дзеля ўзбуджэння набожнасці ў народзе падчас ютрані, нешпараў і Імшы б'ем у многія званы». Далей адзначана, што кляштарныя званы павінны гучаць выключна пасля таго, як адзвоняць у «вялікіх касцёлах».
Канстытуцыя дэталёва рэгламентуе ўжыванне званоў у іх асноўнай - сігнальнай - функцыі: «Гук звана, які заклікае братоў у хор для адпраўлення афіцыя, павінен быць двайным. Спачатку - кароткім, пачуўшы які браты павінны падрыхтавацца, пакінуць свае заняткі і не брацца за новыя. Другі сігнал-звон няхай будзе такой працягласці, каб да яго спынення браты маглі сабрацца ў касцёл з самых аддаленых месцаў кляштара. Паміж першым і другім сігналамі звона павінен быць такі прамежак, каб браты паспелі падрыхтавацца» (4; c. 48).
Эмацыйныя ўражанні ад гучання званоў у нясвіжскім дамініканскім касцёле вельмі прыгожа апісаў У. Сыракомля4 ў вершы «Школьныя часы - новае апавяданне Яна Дэмбарога»:
Як памяць былога, у вежы касцёла Званы, як і некалі, граюць вясёла. Я голас іх помню. Адзін, ружанцовы, Будзіў сном скаваныя нашы галовы. Працяжны, з пад'енкам, у золаце раніц Плыў звон той і клікаў усіх на ружанец... Другі звон быў, помніцца добра, вялікі - На Мшу ён у дні урачыстыя клікаў. Меў голас ён грозны, гучаў з гэткай сілай, Што ў жылах, здавалася, кроў нават стыла. Калі чвэрць дванаццатай граў у нядзелі, Аж глухла ўсё ў горадзе, вокны дрыжэлі... У гэтакі дзень, ва ўрачыстыя хвілі, Чацвёра кляшторных у звон той званілі: Яго шанавалі - у свята й без свята, Ён выліты быў шчэ з турэцкіх гарматаў. З усіх тых званоў быў найменшы звон трэці, Ды голас яго буду помніць да смерці: Прарэзлівы, ўвесь аж захлёбваўся ў гранні, Бы вучань, што вывучыў добра заданне. Калі ён звінеў, дык - ні многа ні мала - Ураз дзвесце сэрцаў тады трапятала (c. 162 - 163). |
Верш дазваляе жыва ўявіць дыферэнцыяцыю ў выкарыстанні розных па памеры і гукавым спектры званоў для розных момантаў дня. Апісанне Сыракомлі добра супадае з кананічнымі патрабаваннямі Канстытуцыі ордэна прапаведнікаў, таму можна лічыць традыцыйным для дамініканскіх кляштараў Беларусі функцыянальны падзел званоў на «ружанцовы», «вялікі» і «школьны». Нават прыведзеная ім колькасць званоў - тры - таксама, як здаецца, была тыповай для ВКЛ. Напрыклад, тры званы мелі дамініканскія кляштары ў Чашніках, Наваградку, Лішкаве, Шумску, Ушачах, Папорцах і г.д. (1; c. 71).
ЛІТАРАТУРА:
Харальная тэорыя
![]()
Design and programming by |
![]()
|
![]() |