![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
![]() На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Пocтaцi
Роздум аб веры
Мастацтва
200 гадоў Мінскай дыяцэзіі
Пошукі і знаходкі
Паэзія
Вандроўкі па Беларусі
Haereditas
Вакол праблемы
|
Вацлаў ПАНУЦЭВІЧ
ПОЛЬСКАЯ МОВА
|
![]() |
Жыгімонт ІІІ. Кароль польскі і Вялікі князь ВКЛ. |
Магнаты зноў, асабліва літоўскія, падтрымоўвалі рэфармацыю ў польскай мове з дзьвюх прычынаў: 1) дзеля аслабленьня ці разьбіцьця каталіцкага Касьцёла - уласьніка вялізных зямельных уладаньняў, высьлізнуўшага з-пад іхняга кантролю і 2) каб быць правадырамі рэвалюцызуючай шляхоцкай масе, а гэта значыць не згубіць над ёй кантролі. У гэтым духу дзейнічаў Жыгімонт Аўгуст, стараючыся ўсякімі спосабамі апанаваць унутраную сытуацыю, вытвараную рэфармацыяй і шляхоцкім рухам да «дэмакрацыі».
Не значыць гэта, што як магнаты, так і Жыгімонт Аўгуст «паланізавалі» Літву разам з падтрымкаю рэфармацыйнага руху. Калі паслы шляхты з Падлясься ў сваіх петыцыях дамагаліся ў Жыгімонта Аўгуста ў гадох 1565 і 1568, каб лісты з канцылярыі ВКЛ, пісаныя да іх, былі па-лаціне, або па-польску, бо нібы яны «русінскай» (зн. сёньня - беларускай) мовы не разумеюць, кароль (ён жа і Вялікі Князь Літ.) іх просьбы адкінуў, а толькі даў у канцылярыю ВКЛ інструкцыю, каб да «рускіх» лістоў для Падляскай шляхты далучаліся пераклады па-лаціне (не па-польску)6.
Іншая рэч, што гэты самы Жыгімонт Аўгуст праводзіў «палянізацыю» самой Польшчы ды талераваў польскую мову ў Літве. Так у лацінскай інструкцыі, дадзенай паслу ў Рым да папы Паўла ІV у 1555 г., кароль выказвае пажаданьне, «каб рэлігійны культ, выконваемы ў сьвятынях публічна, адбываўся ў мове народу краіны». Пры гэтым даваўся прэцэдэнс апостальскага дазволу ў сваім часе баўгарам, а палякі таксама славяне. Мабыць, Жыгімонт Аўгуст спольшчаньнем каталіцкага Касьцёла ў Польшчы хацеў падарваць вялізныя посьпехі рэфармацыйнага руху. З гэтага часу маем інструкцыю Кракаўскай капітулы на сынод 1551, дзе выразна гаворыцца, таму што гэрэтыкі прыцягваюць да сябе людзей, шырачы сваю веру па-польску, дык трэба супрацьдзейнічыць гэрэтыкам таксама ў польскай мове7. Сам Жыгімонт Аўгуст на вальным сойме ў Пятркове ў 1562-63 гг. ужо вёў (першы раз) нарады па-польску, за што яму дзякаваў правадыр пратэстанцкай польскай шляхты - Мікалай Сяньніцкі8.
У тым самым часе ў Трыдэнце адбываўся каталіцкі Сабор, які прыняў рад рэформаў для аздараўленьня каталіцкага Касьцёла ды супрацьдзеяньня рэфармацыі. Дэкрэтам з 11 ліст. 1563 г. наказвалася катахізацыя насельніцтва ў мове народнай, а таксама казаньні ў нядзелі і ў сьвяточныя дні. Гэта таксама падбадзёрвала элемэнты, якія побач сэктантаў, дамагаліся палянізацыі публічнага жыцьця ў Польшчы.
На сойме элекцыйным у Варшаве ў лістападзе і сьнежні 1575 г., выступалі ўжо цьвёрда прамоўцы з дамаганьнем, каб кандыдат на караля ведаў польскую мову. На сынодзе біскупаў у Варміі 1575 кардынал Гозьюш пагаджаецца на сьпеў некаторых песьняў у Касьцёле па-польску. Акрамя ўсяго, новыя каралі пасьля Жыгімонта Аўгуста, як француз Гэнрык Валёіз, вугорац Стэфан Баторы, швед Жыгімонт Ваза зусім ня ведалі польскай мовы, ды яна зноў заняпала, а верх узяла лаціна, якую пашыралі езуіты і іншыя законы.
Так выглядае ў агульных рысах тая расхваляна польшчына, якая расьцьвіла была маленькімі букецікамі ў выніку рэфармацыі ды палянізацыйнай акцыі Жыгімонта Аўгуста («залаты век») ды зноў завяла пасьля ягонай сьмерці. А што было ў пару Ягайлы, Казіміра, Аляксандра, Жыгімонта Старога, хай яшчэ сьведчаць далейшыя факты.
* * *
![]() |
Ягайла. Кароль польскі і Вялікі князь ВКЛ. |
Традыцыі незалежнага духовага жыцьця адзначаў Сымон Тэафіл Турноўскі ў кніжыцы: «Адлюстраваньне хрысціянскага набажэнства ў Польшчы і ў Літве», Вільня, 1604: «Ягайла выклікаў з чэхаў у Кракаў сьвятароў, якія не на лацінскай мове, але на славянскай зразумелай мове адпраўлялі набажэнства ў 1394 г. (...)»9.
Польская мова пачынае пакрысе прабівацца сярод пануючай у Польшчы чужаземшчыны (нямецкай мовы, чэшскай, лаціны, славянскай) толькі ў 16 ст. У брашуры С.Фалімера з 1534 г. («O ziolach») чытаем: «Карона, не маючы ніякіх кніг на сваёй мове, была такою беднаю, што зь яе дзівіліся і насьміхаліся іншыя народы...»10.
Марцін Бельскі ў дэдыкацыі П.Кміце («Жыціі філосафаў») 1535, пісаў: «Рэкамедую яе для пашырэньня польскай мовы, на якой перад тым ня шмат пісалася па прычыне яе цяжкасьці, так каб кожны, каму прыдзецца яе чытаць і хто на гэтай зямлі народжаны, ні ў якім разе роднаю моваю не пагарджаў».
Выхаванец кн. Альбрэхта Каралевіцкай Акадэміі Ян Сэклюцьян у прадмове да Катахізму, Каралевец, 1547, піша па-польску, бо дасюль ксяндзы глумілі польскую мову: «Бог захацеў па сваёй ласцы адкрыць нам польскую мову, на якой выдаюцца кнігі і гучыць слова Божае, якое было зглумлена і сьвятарамі занядбана».
Названы вышэй Марцін Бельскі ў сваёй «Хроніцы ўсяго сьвету», Кр. 1551, 16 гадоў ад свайго першага выказу аб неахайнасьці палякаў да свае мовы, не знаходзіць ніякага поступу: «Многія палякі пагарджаюць сваёю моваю, асабліва сьвятары, якія не толькі самі не чытаюць, але і іншым забараняюць чытаць Сьвятое Пісаньне па-польску, хаваюць яго ад простага чалавека, што ідзе супроць Бога, супроць людзей і звычаю»11.
У іншым месцы Бельскі піша: «Русіны (г.зн. сёньняшнія беларусы) нашмат больш за нас маюць, бо на сваёй роднай мове пішуць і чытаюць, а мы _ чужаземнаю, лацінскаю.., якая не можа ісьці кожнаму з нас на паслугу, як у касьцёлах, у праве, так і ў іншых месцах, бо не кожны гэтую лаціну разумее і не кожны на ёй піша...; менавіта для іх я гэту працу здзейсьніў... таму што ў ва мне жыла любоў да Айчыны...»12.
Мікалай Рэй, пачынальнік польскай мастацкай літаратуры, кальвін, выхаванец Каралевецкай акадэміі, у сваім творы «Вобраз», 1560, таксама выказвае сваё абурэньне, што польская мова ў пагардзе ў саміх палякаў: «Няма больш нядбалых людзей чым палякі, якія б менш за іх любілі сваю мову». У творы «Зьвярынец» Рэй супраць усялякай пагарды кідае вядомую фразу:
«А няхай народы ўсе чужыя знаюць,
Што палякі не гусі, што сваю мову маюць»13.
Той самы Рэй у прадмове да перакладу Апакаліпсу, Кракаў, 1565, дае шырэйшы выклад, як палякі самі зглумілі й патапталі сваю мову (а што ўжо казаць быццам яна на экспарт!) (...)
Міма некаторай выпрацоўкі польскай літаратурнай мовы ў другой палове 16 веку, што сьцьвярджаў Рэй, аднак каталіцкі Касьцёл непрыхільна ставіўся да польскай мовы. Вось як Бэнэдыкт Гэрбэст у кніжаццы: «Навука сапраўднага хрысьціяніна», Кракаў, 1566, аргумантуе, чаму ён быў прымушаны пісаць па-польску: «Са сьвятарскіх вуснаў (не з кніжак) просты люд павінен шукаць Божай волі»14.
Гэта сама сьцьвярджае Якуб Вуек, перакладчык Сьв. Пісьма на польскую мову. У «Каментары да Сьвятога Пісаньня», 1584, ён вучыць, каб вернікі лепш слухалі казаньняў, чымся чытаць рэлігійныя кніжкі. Ён прымушаны Пастыльлю выдаць па-польску, каб супрацьдзеіць уплывам рэфармацыйных кніжкаў, пісаных па-польску15.
Галава Езуітаў Пётра Скарга ў «Казаньні аб сакрамантах» Кракаў, 1600, бароніць лаціну як мову Касьцёла. Ён кажа, што народныя мовы хутка зьмяняюцца, а старыя мовы, як лаціна, грэка й гэбраіка не зьмяняюцца. У палеміцы з Арыянамі (1608) Cкарга зноў падае прычыну пісаньня каталіцкіх кніжак па-польску: «Ерытыкі пальшчызнаю найбольш простых людзей спакушаюць; супрацьпаставіцца ім трэба тою ж моваю»16.
Можна было б працягваць выказваньні многіх польскіх аўтараў ХVІІ і ХVІІІ стст. аб адсталасьці, беднасьці польскай мовы ды вышэйшасьці лаціны, якую нанава ўвялі ў школах езуіты, піяры, бэрнардыны і інш. законы, але гэта спрычыніцца да лішняга загружаньня нашага нарысу. У агульнасьці скажам, што ў ХVІІ-ХVІІІ стст. школьная лаціна ўжо ня здолела заглушыць прабуджанай у ХVІ веку польскай мовы ў пісьме, кніжках і публічным жыцьці, але спрычынілася да вытварэньня свайго роду моўнай трасянкі польска-лацінскай.
* * *
А вось гістарычныя факты, калі польская мова ў Польшчы пачала ўводзіцца ў дзяржаўным жыцьці. Не сталася гэта за Ягайлы і першых Ягайлавічаў!
Абагулім сказанае. Як бачым з прыведзеных шматлікіх гістарычных фактаў, што да 1515-20 г. у самой Польшчы не было аб'яваў змаганьня за ўвядзеньне польскай мовы ў публічнае карыстаньне. Мова польская лічылася мовай плебсу, простага народу, недастойнай для пануючай клясы. Такой мовай была лаціна, а ў гарадох - нямецкая. З хвілінай канчатковага зламаньня крыжацкага закону ў вайне 1519-1521, што скончылася ў 1525 г. так зв. «голдам прускім» кн. Альбрэхта на рынку ў Кракаве, а таксама пад дзеяньнем рэфармацыі - пачаўся ў Польшчы ў нізох рух антынямецкі. А дзеля таго, што рэфармацыя выкінула кліч народных моваў супраць каталіцкай лаціны, дык нізы (дробная шляхта, мяшчане), не знаючыя лаціны, пачалі рух за польскую мову супраць нямецкай мовы і лаціны. Мова гэтая ані была апрацованай, ані ўзгоднена, але ў выглядзе пляменных дыялектаў, поўная народнага прымітывізму, якой нельга было перадаць вышэйшыя паняцьці з касьцельнай навукі ці дзяржаўна-праўныя. Патрэба жыцьця аднак змусіла першых энтузіястаў польскай мовы ў Польшчы да паступовага адшліфаваньня сырой гаворкавай мовы простага народу так, што за Жыгімонта Аўгуста прыняла яна выгляд літаратурнай мовы.
Паказьнікам на ПАЧАТАК руху за польскую мову могуць быць першыя эдыкты Жыгімонта Старога ў гадох 1520, 1522, 1525 супраць пачынаючай рэфармацыі ў Польшчы. Эдыкты ня здолелі яе затрымаць, а разам з гэтым і фармацыі польскай мовы ў Польшчы. Міма ўсяго, на працягу 16 веку польская мова ў самой Польшчы мела аграмадны супраціў з боку каталіцкага Касьцёла, магнатаў і асвечаных вярхоў. Такім чынам гаварыць аб палянізацыі ЛІТВЫ за Ягайлы і ягоных першых наступнікаў ня мае ніякіх асноваў.
* * *
Цяпер падышлі мы да пытаньня галоўнага: калі ў ЛІТВЕ (Беларусі) распаўсюдзілася польская мова, якія прычыны й дзейнікі ўспамагалі гэты працэс?
Першыя гістарычныя весткі аб тым, што ў Літве, у Наваградку і ў Вільні, знаходзілася насельніцтва з польскай простай мовай у пару Гедыміна, сьведчыць ліст Гедыміна з 26 травеня 1323 году да нямецкіх францішканаў саскай правінцыі, каб прыслалі чатырох ксяндзоў, умеючых гаварыць па-»руску», па-польску, ды па-жэмгальску («quatuor fratres scientes polonicum, semigallicum ac ruthenicum ordinatis, tales ut nunc sunt et fuerunt»)б).
Што гэта было за насельніцтва з польскай мовай, для якога трэба было духоўнікаў з веданьнем польскай мовы (перш за ўсё для споведзі) названы дакумант ані іншыя з пары Гедыміна не гавораць. Выглядае з дакуманту, што і раней былі прысыланыя францішкане з веданьнем мовы польскай (Tales ut fuerunt), мабыць пры Вітэні. Дасьледнікі31 згодныя з тым, што польскае насельніцтва ў Літве, пачынаючы ад Мендаўга аж да Ягайлы, - гэта палонныя палякі, узятыя Літвой падчас частых наездаў. В.Абрагам палічвае ад 1246 да 1383 гадоў на аснове крыніцаў 20 вялікіх наездаў Літвы на Польшчу, якія канчаліся, апрача разбурэньняў і пажараў, рабункам усякіх вартасьцяў і вывадам многіх тысячаў палонных, мужчын, жанчын і цэлых сем'яў.
Варта мець перад вачыма гэтыя напады Літвы на Польшчу, каб пазбыцца легенды, быццам Польшча прадстаўляла пагражальную небясьпеку для Літвы ці нейкую вышэйшую культурную арганізацыю.
1246 | Напад Літвы на Малапольшчу пад сам Кракаў, Monumenta Poloniae historica (MPH) ІІ, 564, 838, 877. | |
1260 | на Плоцк у Мазуршчыне, MPH ІІ, 586; | |
1262 | на Мазуршчыну, MPH, ІІ 807, 839. Іпат. Лет. 565. «Полона много взяша». | |
1273 | на Люблін, MPH, ІІ, 842. | |
1277 | на Лэнчыцу ў цэнтральнай Польшчы MPH, ІІ, 843, ІІІ, 176, узята ў палон 40.000 насельніцтва: «Litvani Lanciciam crudelissime devastaverunt abducentes secum in captivitatem preter eos, qui occisi sunt, quadraginta millia hominum utriusque sexus»в). | |
1286 | на Гостынін у Куявах, MPH, ІІ, 851, ІІІ, 185; | |
1294 | зноў на Лэнчыцу, МГП, ІІ, 852, ІІІ, 43. Дусбурх, Chronica 1. с. ІІІ, 250, SRP, І, 156, падае, што ліцьвіны, якіх было 800, вялі з сабой па 20 палонных. | |
1295 | на Гнойно, MPH, ІІ, 853, 883; | |
1299 | на Добрынскую зямлю, Дусбург, ІІІ, 277; SRP, І, 165; | |
1307 | на Каліскую зямлю, MPH, ІІІ, 45; | |
1323 | на Добрускую зямлю, MPH, ІІІ, 45, 119, 229; Дусбург, ІІІ, 346; SRP, І, 188: «fere XX millia hominum Christianorum ab infidelibus occisa et in servitutem perpetuam sunt reducta»г). З польскіх крыніцаў вынікае, што было палонена каля 10 тыс. | |
1324 | на Мазуршчыну, Дусбург, ІІІ, 277, SRP, І, 191; Semkowicz, Krytyczny roźbiór Dziejów polskich Jana Długosza, Kr. 1887, 344, аспрэчвае весткі Длугаша аб тым, быццам у 1325 г. з нагоды шлюбу дачкі Гедыміна Альдоны з Казімірам Вялікім, Літва зьвярнула 20.000 палонных палякаў. Гэтага факту не пацьверджвае ніякая тагачасная крыніца. | |
1326 | на Любускую зямлю, MPH, ІІІ, 45, 229; | |
1338 | на Мазуршчыну, MPH, ІІІ, 119; | |
1350 | на Лукаў, Сандомір і Каліш, MPH, ІІ, 630; «innumerabilem populum christianum in servitutem abduxerunt»д); | |
1368 | на Пултуск, MPH, ІІ, 631; | |
1376 | на Малапольшчу, MPH, ІІ, 675, ІІІ, 201, 212: «23 millia hominum ceperunt» - 23.000 палонных. У Яна з Чарнкова: «multitudo innumerosa populi sexus utriusque in servitutem perpetuam fuit miserabiliter abducta»е). | |
1383 | напад Ягайлы на Мазуршчыну, вяртаньне Літве Падлясься, спусташэньне Сандоміршчыны, MPH, ІІ, 734 ды палон насельніцтва. |
![]() |
Вітаўт. Малюнак М.Купавы. |
Вось-жа «чэлядзь нявольная» была галоўнай працоўнай сілай на панскіх і шляхоцкіх дварох і гарадскіх пасёлках. Яна тварыла прыдворную службу, займалася рамесьніцтвам на карысьць пана, гародніцтвам і інш. Беручы пад увагу, што галоўны кантынгент палонных перад 1386 годам паходзіў з Польшчы, дык зразумелым становіццца, чаму на вялікапанскіх дварох і дварох замажнейшай шляхты найбліжэйшае асяродзьдзе было польскамоўнае, што давала магчымасьць і гаспадаром чэлядзі навучыцца па-польску. Мы ведаем, што Вітаўт, Скіргайла, Гаштаўты і іншыя князі й магнаты пачатку ХV ст. гутарылі і польскай мовай. Паводле летапісу Быхаўца (ПСРЛ т. 17,500) яшчэ пры Альгердзе Пётра Гаштаўт перайшоў на рыма-каталіцтва, сьцягнуў з Польшчы 14 францішканскіх манахаў ды збудаваў для іх кляштар пад імем Маці Божай на сваёй уласнасьці ў Вільні. Відаць, была патрэба як Гедыміну, так і Альгерду ў каталіцкіх сьвятарох дзеля абслугоўваньня каталіцкага насельніцтва ў Вільні і ваколіцах, прычым у францішканскай хроніцы32 маецца вестка, што названы Пётра Гаштаўт быў у тым часе (1368) Віленскім біскупам. Гэтую вестку пацьвярджае запіс у старых папскіх манускрыптах у Авіньёне з датай 24 сак. 1359 аб бытнасьці ў папы Пётра, Віленскага біскупа33. Як бачым, яшчэ перад «Ягайлавым хростам» існавала ў Вільні біскупства лацінскага абраду з сваім біскупам, якое абслугоўвала каталіцкае насельніцтва, сярод якога вялікую групу тварыла «чэлядзь нявольная» польскага паходжаньня.
Мова польская, як мова часткі «чэлядзі нявольнай» у дзяржаўна-публічным, рэлігійным ды ў культурным жыцьці нашага народу ня мела ніякага значэньня. Яна станавілася толькі зародышам цераз мімавольнае ўспрыняцьце яе з малку (ад чэлядзі) панамі і буйнейшай шляхтай, калі пачнецца РЭФАРМАЦЫЯ ў другой чвэрці 16 ст. На працягу 150 гадоў ад Ягайлавай жаніцьбы з Ядзьвігай (1386) у Літве няма ніякіх сьлядоў у дакумантах, летапісах, літаратуры, каб ужывалася ў публічным жыцьці ці ў прыватнай перапісцы польская мова. Такой мовай была лаціна й літоўская, званая «рускай». Гэта адносіцца і да каталіцкага Касьцёла. Адным з довадаў (апрача касьцельных дакумантаў Віленскай і Медніцкай дыяцэзіяў) была спроба Казіміра Ягайлавіча ў 1453 г., пасьля сьмерці Віленскага біскупа Мацея, паставіць у Вільне выдатнага тэолага паляка Судзівоя з Чэхла. Казімір двойчы яго выклікаў у Пятркоў, дзе адбываўся польскі сойм, намаўляў, каб абняў віленскі пасад. Судзівой аднак адмовіўся, кажучы: «Generose mi Rex, Lithwanicum ydioma ignoro et iam processi in dies et annos, nec de facili possem addiscere illius gentis linguam in hac mea aetate provecta»34. І на гэты аргумант Казімір ня мог нічога адказаць, бо такія былі законы ў Вялікім Княстве, аб чым яшчэ будзе гутарка.
Аб адносінах ліцьвіноў (беларусаў) да польскай мовы (якая ня мела яшчэ літаратурнай апрацоўкі, а толькі ведамая была ў выглядзе розных польскіх гаворак-дыялектаў) можа сьведчыць рэктарскі суд кракаўскага універсітэту ў 1513 г., які прысудзіў чатырох студэнтаў ліцьвіноў на грашавую кару за высьмейваньне студэнтаў-палякаў з Мазовіі з іх мовы. Як прыкладовыя словы падаваліся на судзе: «stank, penk, mienk, pock, tutka, sszijeno, topka»35.
Аднак зрух РЭФАРМАЦЫІ, які пачаўся ад секулярызацыі прусаў ды пераходу крыжакоў у пратэстантызм і падпарадкаваньне прусаў Польшчы (прысяга кн. Альбрэхта ў Кракаве, 1525), хутка ахапіў гарады Польшчы ды перакінуўся ў Літву, калі на загад Жыгімонта Старога пачаўся перасьлед сэктантаў і іх прыхільнікаў. Беглі яны тады ў Літву пад пратэктарат Мікалая Радзівіла Чорнага, канцлера ВКЛ і Віленскага ваяводы, Мікалая Радзівіла Рудога - гэтмана ВКЛ; Яна Кішкі, старосты жамойцкага і інш. Магнаты ВКЛ, у першую чаргу Радзівілы, перакінуўшыся на бок рэфармацыі, гэта значыць супраць каталіцкага Касьцёла, імкнуліся зьліквідаваць эканамічную й палітычную сілу каталіцкага Касьцёла, які валодаў вялікімі зямельнымі фондамі, звольнены быў ад дзяржаўных падаткаў й павіннасьцяў ды выйшаў з-пад палітычнага дзяржаўнага кантролю. Рэфармаваная Царква, адарваная ад Рыма, ды падпарадкаваная дзяржаве і магнатам, стварала візію ўзбуйненьня незалежнасьці і магутнасьці магнацтва. Шляхта й мяшчане таксама бачылі ў рэфармацыі эканамічныя карысьці. Вынікам Статуту (1529), дзе сказана, што духоўныя з закупных і собскіх маёнткаў абавязаны выстаўляць узброеных людзей паводле агульнага закону ды нясьці земскую і вайсковую павіннасьць.
![]() |
![]()
|
![]() |