![]() Ніл Гілевіч нарадзіўся 30.09.1931г. у вёсцы Слабада, што на Лагойшчыне. Скончыў Беларускі дзяржаўны універсітэт, пасля аспірантуру пры ім. Народны паэт Беларусі. Прафесар. Заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева. Аўтар шматлікіх зборнікаў паэзіі, кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы, плённа працуе ў галіне перакладу. |
|
* * * Трыццаць адзін склад Уціснуць у пяць радкоў Строга па схеме: Пяць-сем-пяць-сем-сем, — і ўсё! Вось вам, сябры, і «танка». * * * Ёсць водападзел Рэчак і рэк на зямлі — Воля прыроды! А ёсць і водападзел Душ. Чыя ж бы тут воля? * * * Якая цяплынь — Якраз пасярод зімы! Выйшаў на ганак — І здалося: дыханне Адталай раллі пачуў. * * * Зноў быў навёў я Ідэальны парадак На сваім стале — І зноў, дзякаваць Богу, Перамагае жыццё. * * * Сэрца не здрахла — Яму не даюць драхлець Добрыя людзі: Раняць і раняць яго. Дык мабілізуецца! * * * Як заспяваў ён — Раптам, на сцежцы лясной, Летнім світанкам! Адкуль жа трэба ісці, Каб гэтак шчасліва пець? * * * Падалі адвар. Водар — родны, а чаго — Пазнаць не магу. Ці не гэта і ёсць лёс Беларускай культуры? * * * Смецце ў космасе Носіцца па арбітах — Абломкі ракет... Гляджу ў сінь нябёс: ну й ну! І там насмецілі ўжо! * * * Самы высокі І самы белы касцёл — Наш быў, у Гайне. Заглянеце мне ў душу — Пераканаецеся. * * * Так страшна ўявіць, Колькі я дам аднойчы Клопату родным, — Што хай бы я ўлёгся лепш Дзесь у брацкай магіле. * * * Да дзеда ў госці З мамай ідзем — ірвуся Наперад хутчэй, — Знаю: за трэцяй гарой Будзе дзедава вёска. * * * А быў жа ён — час, Калі мне здаваліся: Рачулка — ракой, Пагорачкі — горамі, Дзедава слова — Божым. * * * Белая поўня. Белы сувой дарогі. Хутка і дома! Камашы ў адной руцэ, Куфэрак кніг — у другой. * * * «Любіць — не любіць...» Помню, абшчыпваў і я Белы рамонак. Забава, а як хацеў Скончыць пялёсткам «любіць»! * * * Сон, а забыцца Не хоча. Дзіўная рэч: Праходзяць гады, А ён, той сон пра яе, Не-не ды і ўспомніцца. * * * Старыя кнігі... Наважыў збыць — і не змог: У кожнай — знакі Алоўка... Вешкі пуцін, Якімі ішла душа. * * * Праз колькі гадоў Унук мой будзе юнак, І нейкі мардач Пагоніць яго ў Чачню... Лепш сёння загіну я!.. * * * Перад канчынай Бацька мне скрушна сказаў: «Вось, паміраю, А тых, з кімі ўсё жыццё Змагаўся, стала шчэ больш...» * * * Як добра было б, Каб знік страшны цень вайны, Каб рунь ажыла, І каб шпакі занялі Домік, што я ім зрабіў! * * * Родныя гукі... З гукаў — родныя словы... Са словаў — песні, Казкі, паэмы, драмы, Жыццё, Радзіма, Народ. |
|
2003, студзень—сакавік. |