* * * Не вый у коміне, вятрыска, Далёкі мой і крэўны брат, І кроплямі дажджу не пырскай На апусцелы ціхі сад. Не спаць і мне з табой да рання, Стаіўшыся ў начной цішы: Ты — валацуга па прызванні, І я вандроўнік у душы. Паслухай, лепей кінь бадзяцца, Спачні хоць крыху ў пастцы сцен. Няхай табе — спакой і праца, А мне — трывога перамен! * * * Несуцяшальна і нястрымна Нібы ад свечкі тонкі дым, Цяпло сыходзіць ад каміна, Ад нас — гады. Хвіліна гіне за хвілінай У пырсках часу залатых… А недзе блізка той прыпынак, Дзе сыйдзеш ты. Успыхнуць чырванню рабіны, І зледзяніць твой скон зіма, З палёгкай разагнуцца спіны: Цябе — няма. Але жыццё на тым не згіне, Бо Творцы мудрага рука З падатлівае злепіць гліны Твой дублікат. ДАРОГІ Вы дарагія мне Гасціннасцю абочын, Усцяж якіх суседзяць І студні, і крыжы, Дарогі, па якіх Мы так зацята крочым, Яшчэ хацеў бы доўга Адно — дарогай жыць! ПОЗНЯЯ ВІШНЯ Белыя кроплі ў зялёным: Вішня прыбралася кветам. Жніўню тры дні да скону, Столькі ж да скону лета. Гонкая, любая вішня, Глянь, як у небе хмарна! Квет твой запознены, лішні, Долу асыплецца марна. Дорыш адну гарчыну. Сэрцу шчэ болей слёзна: Я пакахаў дзяўчыну, Ды непапраўна позна. Сам жа свавольнік гэткі – Сэрца не ў час расквеціў… Звянуць пачуццяў кветкі, Не абзавуцца дзеці. Квет твой цнатлівы і цёплы, Ў сэрцы не будзе замглёны. Свецяцца белыя кроплі Позна ў лісці зялёным. БЕЛАСТОК У гарадах блукаў далёкіх, Губляўся ў скопішчах людзей, І толькі ў ціхім Беластоку, Так, так, у ціхім Беластоку, Найбольш утульна і мілей. Да Заменгофа вольным крокам Прайсці па Ліпавай наўсцяж… Бо толькі ў шчырым Беластоку, Так, так, у шчырым Беластоку Яшчэ застаўся подых наш. А як злятаюцца аблокі На мадэрновы свенты Рох! Ды ўсё таму, што ў Беластоку, Так, так, у светлым Беластоку Здаецца, часам, ходзіць Бог. Яшчэ не раз усцешаць вока Пляц і Браніцкага Версаль, Пакуль спачну — не ў Беластоку, Так, так, спачну не ў Беластоку, А ў Беларусіі, на жаль… РЫБКА Рыбіна-гарэза пляжыць хвалі целам, вольна раскашуе ў бездані рачной, то хвастом — аж пырскі! — прабліскоча смела, то імкліва кінецца з кручы галавой. У вадзе крыштальнай жвір на дне здаецца смелай ганарліўцы срэбным мурагом. Аніхто не трэба ледзяному сэрцу, толькі б супраць плыні піць жыццё нагбом. Не дражні, бліскучка, долю сваю злую, не паказвай сонцу шэры плаўнічок, бо аднойчы ранкам і цябе ўпалюе востры і цярплівы рыбака кручок. СВАЯКАМ На кладах, па-над стромкім Дняпром, Між старых раскудлачаных ліп, Спяць даўно неабудным сном Баба Ганна і дзед Піліп. Ручаіна ды жвірысты груд, Кружна ўзносіцца клёкат буслоў. Тут жылі і пакутвалі тут, Сябравалі з касой ды вяслом. Дзе жалобныя кірлі крычаць Над нястомнаю плынню Дняпра, Будуць вечна, нязбудна спаць Дзед Піліп і яго сястра. У клапотах, якіх віхор, Не пакінуць мяне ні на міг, Бо ёсць права ў тых, хто памёр, Ад бяды бараніць жывых. Быццам зоркі нябёс, неўпрыкмет Падыходзяць да родных сядзіб І, здаецца, глядзяць мне ўслед Баба Ганна і дзед Піліп. СВЯТЫ ВЕЧАР Гомель, стамлёны за год, палагоднеў… Дай жа яму адпачыць ад хады, Боскае міласці дай хоць сягоння, Вечар калядны, вечар святы! Хораша як тут, у парку над Сожам, Срэбрам гараць над ракою масты, Плечы капліцы аснежаны гожа… Вечар калядны, вечар святы! Ў небе асмужаным соймішча зораў Рдзіста раздзьмулі наўсцяж халады. Месяц блішчыць над званіцай сабора… Вечар калядны, вечар святы! Вуліцы вабяць неонам стракатым, Смехам гуллівым — задор малады, І спадзяванне на вечнае свята… Вечар калядны, вечар святы! Вечнае свята… І некалі сына Пах усхвалюе хваёвы, густы, Сонейка цёплае мандарына, Гомель калядны, вечар святы! |