Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1/1995
На кніжнай паліцы
950 год Наваградку
Постаці

ТРЭБА ІХ ПАЗНАЦЬ
Пошукі і знаходкі
Роздум аб веры

ШЭСЬЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Вандроўкі па Беларусі
Пераклады

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ
Пра самае важнае
З гісторыі Касьцёла
Паэзія
Проза

КОНЮХ
Паэзія

ВЕРШЫ
Па старонках старых выданьняў
Вакол праблемы

ПАН, ГОСПАД, СПАДАР?..

Дантэ АЛІГ’ЕРЫ

БОСКАЯ КАМЕДЫЯ

ПЕКЛА

Песня адзінаццатая

1 Мы падняліся на скалу крутую,
Утвораную з цяжкіх валуноў,
І зазірнуць хацелі ў бездань тую,
4 Адкуль смурод на могільнік ішоў,
Ды пах смярдзючы зблытаў нашы планы –
І мы вярнуліся назад ізноў.
7 «Тут Папа Анастасій1 пахаваны, –
Мы прачыталі на адной з грабніц, –
Дыяканам Фацінам згвалтаваны».
10 У вочы мне Вергілій2 паглядзіць
І скажа: «Трэба пачакаць нямнога,
Каб нюх з паганым пахам пагадзіць».
13 «Мы згубім час!» – прымусіла трывога
Крычаць мяне. «О сын мой дарагі! –
Сказаў паэт. – Каб не згубіць нічога,
16 Скажу табе, што ўбачым тры кругі
Мы ўнізе – за каменнымі грудамі.
Ніжэйшы – самы цесны і тугі.
19 Якімі абцяжараны грахамі
Іх жыхары, скажу я. Мо тады
Ты пойдзеш больш упэўнена кругамі.
22 Зло, небу ненавіснае, заўжды
З’яўляецца ці гвалтам, ці падманам
І прагне ў свет прынесці больш бяды.
25 Ды ашуканства, што спрактыкаваным,
Нахабным і бяздушным лайдакам
Дае магчымасць жыць нарабаваным,
28 Больш страшны грэх. Аддаў гвалтаўнікам
Бог сёмы круг і паступіў больш строга,
Прызначыўшы круг восьмы махлярам.
31 Гвалт часам скіраваны супраць Бога,
Супроць людзей і скарбаў іх парой,
А іншы раз – супроць сябе самога.
34 Забойства – гвалт над плоццю, а разбой,
Падаткі, вымаганні і пажогі –
Насілле над маёмасцю і ёй.
37 Таму прысуд забойцу меней строгі.
У сёмы круг за вонкавы абвод
Аднойчы трапіць кожны звер двухногі.
40 Любы ж самазабойца, як і мот,
Трапляе на абвод сярэдні круга,
Ў якім пакутуе гвалтоўны род.
43 Хто зацягнуў пятлю на шыі туга
І спадчыну ўсю праматаў, тужыць
Павінен як забойца і зладзюга.
46 А ўсе, хто не хацеў па-боску жыць, –
Як атэісты, так і садаміты,
Якіх нібыта Бог стварыў грашыць, –
49 Ва ўнутраным абводзе круга скрыты.
У гурце тым з Кагора3 ліхвяры
І вымагальнік з каралеўскай світы.
52 Бываюць розныя і махляры.
Адзін махляр, як ліпку, абдзірае
Таго, хто верыць людзям да пары,
55 Другі – таго, хто ім не давярае.
У восьмым крузе, дзе наступны роў
Страшней за папярэдні, Бог збірае
58 Лісліўцаў, крывадушцаў, ведзьмароў,
Майстроў падлогу, злодзеяў царкоўных,
Усякіх зводнікаў і гандляроў.
61 А здраднікаў адносін палюбоўных
Паміж людзьмі – дзялкоў, што правялі
Даверлівых братоў адзінакроўных, –
64 Гасподзь ссылае ў самы цэнтр зямлі,
Дзе валадарыць Люцыфер4, якога
Нябёсы скінулі і праклялі».
67 «Цяпер, – сказаў я, – мне вядома многа
Пра той прытон, дзе грэшны люд жыве,
Які нічога не цаніў святога.
70 Скажы, чаму гурмы варожых дзве
І назаўжды аддадзеныя кланы
На здзек вятрам, залеве і дрыгве5,
73 Калі іх Бог не любіць, не сасланы
У гэты спрат, калі ж ён церпіць іх,
Чаму яны так жорстка пакараны?»
76 «Я ад цябе ніколі слоў такіх
Пачуць не думаў, – адказаў Вергілій. –
Скажы, твой розум у краях якіх?
79 Мо трапіў ты ў палон якіх ідылій
І Арыстоцелеву6 «Этыку» забыў?
Бо невядома для адных рэптылій,
82 Як ён грахі на роды раздрабніў.
Нястрыманасць, злабу і зверскі нораў
Грахамі ён галоўнымі зрабіў.
85 Пазбаў свой розум ад ганебных шораў –
Адразу зразумееш сам, чаму
Ўсявышняга не гэтак тлусты бораў,
88 Як злодзей, абражае. І таму
Гвалтаўнікоў на большыя пакуты
Ён аддае, чым першую гурму».
91 «О сонца праўды! – я сказаў. – Крануты
Я так тваім адказам, што лічу:
Мне быць карысна ў стане вечнай смуты.
94 Чаму не спагадае багачу,
Які жыве ліхвярствам, Бог лагодны,
Я ад цябе даведацца хачу».
97 «Хай філасофію, што неабходны
Парадак з’яў тлумачыць, розум твой
Стараецца прыняць за пункт зыходны, –
100 Сказаў Вергілій. – І яшчэ засвой:
За мудраю прыродаю няспынна,
Як Арыстоцель у главе другой
103 Славутай «Фізікі» сцвярджаў, павінна
Ісці мастацтва, каб яго назваць
Унукам Бога кожны мог бязвінна.
106 Мастацтва, праца, веды кіраваць
Павінны намі, бо свой хлеб у поце
Чала свайго нам трэба здабываць.
109 А ліхвяра не ўбачыш у рабоце.
Маглі б, дык абабралі ліхвяры б
Усіх, дыхнуць не даючы галоце.
112 Але пара! Ужо сузор’е Рыб,
З’явіўшыся, зару на ўсходзе будзіць,
І вецер глушыць Калясніцы7 рып.
115 Хадзем хутчэй! Нам некалі марудзіць!»

 

РАЙ

Песня трэцяя

1 О сонца, спапяліўшае каханнем8,
Мне выгляд ісціны адкрыла ты
Сваім надзіва доказным прызнаннем.
4 Ды толькі я сказаць хацеў аб тым,
Была мая істота ўсхвалявана
З’яўленнем прывідаў да нематы.
7 Яны з’явіліся так нечакана,
Што на губах маіх не расцвіла
Праніклівымі словамі пашана.
10 Прыблізна гэтак, як паверхняй шкла
Нярэдка адбіваюцца каралы
І жэмчуг чалавечага чала;
13 Як зіхацяць агаты і апалы
У моры пад празрыстаю вадой,
Калі адпачываюць недзе шквалы,
16 Абліччы бліскалі гурмы людской.
Падман мой адваротны быў падману,
Які хлапца зачараваў ракой9.
19 Чарговы прывід да мяне з туману
Падплыў адбіткам люстраным – і, хоць
Я тварам да яго імгненна стану,
22 Мой позірк не зачэпіцца за плоць.
І я вачамі ў Беатрычэ ўпіўся,
Так і не зняўшы нематы аброць.
25 «Ты смешным хлопчыкам ізноў зрабіўся, –
Каханая мне кінула папрок. –
На ісціну дагэтуль ты не ўзбіўся,
28 Таму і спатыкаешся штокрок.
Узяты тут пад Божую ахову
Ўсе тыя, што парушылі зарок.
31 Пачні лепш з імі шчырую размову.
Як абсалютнай ісціне павер
Іх боскаму даверліваму слову».
34 Я далікатна – помню як цяпер –
Загаварыў са зданню трапяткою,
Якая той жа песціла намер:
37 «Дух, створаны для шчасця і спакою,
Які пад небам вечнага жыцця
Струменіцца празрыстаю ракою,
40 Вярні сваё імя мне з небыцця,
Пра лёс паведай свой». І здань сказала,
Азораная сонцам пачуцця:
43 «Жаданню шчыраму не закрывала
Ніколі наша міласэрнасць брам,
Бо з міласэрным Богам сябравала.
46 Манашкамі быць давялося нам.
Нам сэрцы не разбэсціла пагарда.
Разгледзь уважліва мяне – і сам
49 Пераканаешся, што я – Пікарда10.
Бог перайначыў нас на свой манер –
І я цяпер увагі большай варта.
52 Мы змешчаны ў маруднейшай са сфер11.
Наш спакусіцель – Дух Святы. І рады
Мы ўсе, што тут знаходзімся цяпер.
55 Выходзілі мы часам з-пад улады
Прыстойнасці і доўгу на зямлі –
І не жадаем нічыёй спагады».
58 І я Пікардзе вымавіў: «Знялі
Накідкі вы – і залатыя рызы
Ўсім вам абліччы боскія далі.
61 Другімі сталі і твае абрысы.
На твары светлым, каб не твой расказ,
Не змог бы я знайсці былыя рысы.
64 Але скажы: вы хочаце, каб вас
Бог размясціў на сферах больш высокіх?»
Такі Пікарда мне дала адказ,
67 Зірнуўшы на сябровак яснавокіх
І ярка азарыўшыся агнём
Пачуццяў незабыўных і далёкіх:
70 «Мы ў згодзе з міласэрнасцю жывём
І задаволеныя тым, што маем,
Бо ўласнай волі волі не даём.
73 Калі вышэй мы ўзняцца пажадаем,
Абразім і разгневаем Таго,
Хто асабіста ўсім кіруе Раем.
76 Вялікі грэх аслухацца Яго.
І гэта шчасце, вер, а не спагнанне
Выконваць волю Ўладара свайго.
79 Наш лёс увесь і наша існаванне –
У Божай волі. Толькі ў ёй адной –
Дазвол на радасць і на хваляванне.
82 І ты павінен ведаць, браце мой,
Што на прыступках размясціла згода
Нас у дзяржаве гэтай незямной.
85 У волі Божай – мір наш і лагода,
Яна той акіян, куды цячэ
Ўсё, што стварыла мудрая прырода».
88 Спасціг я ісціну адну яшчэ:
З’яўляюцца ўсе месцы ў небе Раем,
Хоць Бог у ім не ўсім сутаны тчэ.
91 Прыблізна так, як часам насычаем
Смажонкай мы сябе, а спадцішка
Ўжо сталі назіраць за караваем,
94 Мне закарцела, каб мая рука
Тканіну надатканую даткала,
Зматала цалкам нітку з чаўнака.
97 «Заслугі і жыццё, – яна сказала, –
Вышэй за нас жанчыну паднялі,
Чыё і я насіла пакрывала12.
100 З тым, хто прымае клятвы ўсе, калі
Яны сугучны з вераю святою,
Мяне шляхі жыццёвыя звялі.
103 Ісці за ім пакорлівай хадою
Мне захацелася – і я тады ж
Ягонай жонкай стала маладою.
106 Ды іншы мне на долю выпаў крыж
Не захацелі людзі, каб гасціла
Я ў царстве келляў і аціхлых ніш.
109 І гэтае спакойнае свяціла,
Якое к нам нячутна падплыло, –
Сястра, што Богу думкі прысвяціла.
112 Ды люд, што сее не дабро, а зло,
Дамогся, каб святое пакрывала
Сарвана з галавы яе было.
115 Аднак яна набожнасць захавала,
Не зломленая мераю крутой,
І з сэрца пакрывала не сарвала.
118 Ты бачыш цень Канстанцыі святой13,
Што нарадзіла трэці швабскі гонар
Калісь ад швабскай гордасці другой».
121 Сказала так Пікарда і натхнёна
Спяваць Марыі ave пачала,
Пакуль не знікла ў далечы замглёнай.
124 Яе, як вадкасць, прыняла імгла.
Мой позірк следам рухаўся за ёю,
Пакуль Пікарда бачная была.
127 Затым на Беатрычэ з цеплынёю
Я стаў глядзець, але яна мяне
Сляпіла прамяністасцю сваёю,
130 І я ад ззяння гэтага знямеў.

 


Тлумачэньне

  1. Папа Анастасій ІІ (496-498 гг.) імкнуўся ліквідаваць раскол паміж заходняй і ўсходняй царквою і прыхільна аднёсся да канстанцінопальскага легата Фаціна, за што быў названы ератыком.
  2. Вергілій (70-19 гг. да н. э.) – знакаміты рымскі паэт, аўтар «Энеіды». У «Боскай камедыі» ён з’яўляецца правадніком Дантэ праз Пекла і Чысцілішча да Зямнога Раю.
  3. Кагор – горад у Паўднёвай Францыі, які славіўся ў сярэднявеччы сваімі ліхвярамі.
  4. Люцыфер – анёл, які падняў паўстанне супраць Бога, за што быў скінуты Ім з неба; вярхоўны д’ябал Пекла.
  5. Маюцца на ўвазе грэшнікі, якія змешчаны ў першых шасці кругах Пекла.
  6. Арыстоцель (384-322 гг. да н. э.) – грэчаскі філосаф і вучоны.
  7. Каслясніца – сузор’е Вялікай Мядзведзіцы.
  8. Сонца, спапяліўшае каханнем – Беатрычэ, жанчына, якую з дзяцінства любіў Дантэ і якая з’яўляецца яго правадніком у Раі.
  9. Нарцыс прыняў сваё адлюстраванне ў рацэ за жывога юнака, а Дантэ, наадварот, сапраўдныя абліччы – за іх адбіткі.
  10. Пікарда – Пікарда Данаці, родзічка жонкі Дантэ – Джэммы. Брат Пікарды выкраў яе з манастыра і прымусам выдаў замуж.
  11. Маруднейшая са сфер – неба Месяца, першы круг Раю.
  12. Жанчына, чыё пакрывала насіла Пікарда – Клара Асізская, заснавальніца жаночага манаскага ордэна.
  13. Святая Канстанцыя – жонка германскага імператара з 1191 па 1197 гг. Генрыха VI (другога швабскага гонару) і маці Фрыдрыха ІІ (трэцяй швабскай гордасці). Швабія – адно з герцагстваў Германскага каралеўства ў раннім сярэднявеччы. Першым швабскім гонарам быў бацька Генрыха VI Фрыдрых І Барбаросса. Існавала легенда, што Канстанцыя была манашкай, але яе таксама гвалтоўна выдалі замуж.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY