Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

Уладзімір ДЫДЗІК

У ІМЯ НАЙВЯЛІКШАГА ІДЭАЛУ НАРОДА

Юрка ВІЦЬБІЧ. ПАДАНЬНЕ АБ ТАЯМНІЧЫМ СЬВЯТЛЕ

Сапраўднае не знікае. Сапраўднае застаецца назаўсёды. Гэтыя словы справядліва можна аднесці і да творчасці беларускага пісьменніка-выгнанніка Юркі Віцьбіча (1905—1975). Больш за 50 гадоў ягонае імя было пад забаронаю бальшавіцкай улады. Цяпер мы наноў адкрываем для сябе Віцьбіча, чытаючы ягоныя кнігі, аповесці, эсэ і публіцыстыку.

Крыніцаю натхнення для пісьменніка была багатая культурная і духоўная спадчына яго народа. Адтуль Віцьбіч чэрпаў тэмы і сюжэты для сваіх твораў.

Шлях да літаратуры ў яго быў няпросты. Нарадзіўся Георгі Шчарбакоў (сапраўднае імя і прозвішча пісьменніка) 15 чэрвеня 1905 г. на беларуска-расейскім памежжы ў г. Вяліжы былой Віцебскай губерні (цяпер Смаленская вобласць). Юнак, які паходзіў з роду праваслаўных святароў, з-за свайго непралетарскага паходжання не здолеў атрымаць вышэйшай адукацыі: паспеў скончыць толькі педтэхнікум. Недахоп ведаў кампенсаваў штодзённай самаадукацыяй. Каб мець на хлеб штодзённы, будучы літаратар доўгі час працаваў фізічна. Амаль 10 гадоў ён аддаў працы на хімічным заводзе ў Маскве. У выніку тэхналагічнай аварыі застаўся інвалідам.

У 1932 г. Віцьбіч вярнуўся на радзіму, і ў хуткім часе ў Белдзяржвыдавецтве выйшла ягоная першая кніга «Смерць Ірмы Лаймінг». А літаратурны дэбют пісьменніка адбыўся яшчэ ў 1929 г. у часопісе «Узвышша», дзе было надрукавана ягонае апавяданне «Млынова рука» (аўтарскі варыянт назвы «Як загінуў Ясь»). Апавяданне было добра ўспрынята Кузьмой Чорным, і ягоная адзнака стала для аўтара «дыпломам на годнасць», што надала ўпэўненасці ды жадання пісаць далей.

А далей былі напісаны шэраг аповесцяў, апавяданняў, падарожных і краязнаўчых абразкоў. У 1937 г. выйшла яшчэ адна кніга пад сімвалічнаю назвай «Формула супраціўлення касцей». Гэта быў час апагею сталінскіх рэпрэсіяў. Ходзячы па лязы паміж фізічнай свабодай і смерцю, Віцьбіч імкнецца выпрацаваць сваю формулу пасіўнага супраціву пануючаму ў савецкай літаратуры сацрэалізму. Лепшыя задумы і сюжэты ён трымае ў памяці на будучыню, каб у больш спрыяльны час увасобіць іх у літаратурныя творы.

Падчас другой сусветнай вайны, ва ўмовах фашыстоўскай акупацыі Віцьбіч піша вельмі мала. У гэты змрочны трагічны час, калі ўвесь свет ашчацініўся зброяй, калі кожны дзень гінулі тысячы і тысячы людзей, Юрка Віцьбіч рупіцца пра лёс нятленных мошчаў Блаславёнай Еўфрасінні Полацкай. У 1943 г. ён перавозіць урну з мошчамі святой князёўны з Віцебска ў Полацк, у Свята-Еўфрасіннеўскую царкву.

Далей былі гады выгнання і цяжкая фізічная праца ў нямецкага баўэра, але ў вольны час ён мог займацца літаратурнаю творчасцю, не баючыся, што ягоныя творы будуць забараняць і «рэзаць» бальшавіцкія цэнзары.

У 1946 г. разам з Наталляй Арсенневай, Янкам Золакам, Хведарам Ільяшэвічам, Майсеем Сяднёвым ды інш. Юрка Віцьбіч стварае літаратурнае аб’яднанне «Шыпшына», якое па задуме яго стваральнікаў павінна было працягваць традыцыі «Узвышша». Суполка выдавала ў Нямеччыне альманах «Шыпшына» (за 5 гадоў выйшла 9 сшыткаў) — найлепшае дасягненне беларускіх літаратараў у эміграцыі і значны ўнёсак у скарбніцу нацыянальнай літаратуры. У тыя гады Юрка Віцьбіч найбольш выявіў сябе ў форме кароткага нарыса, стаўшы сапраўдным майстрам у гэтым жанры. Ягоныя эсэ і абразкі «У той самы дзень», «Яны прасілі лустку хлеба», «Усіх не расстраляеце», «Над возерам Шпырдынг», «Урачыста панясем цымбалы мнагазвучныя», «Не змоўклі Віцебскія арганы» ды інш. сталі ўжо класікай. Меў рацыю айцец Чэслаў Сіповіч, які сказаў, што ў «беларускай літаратуры Віцьбіч займае першае і выдатнае месца, калі йдзе гутарка пра мастацкі нарыс».

Юрка Віцьбіч перадусім быў шчырым хрысціянінам, трывалым праваслаўным вернікам. Шмат твораў пісьменнік прысвяціў асэнсаванню лёсаў беларускага праваслаўя ў розныя гістарычныя часы ў жыцці беларускага народа, яго цікавілі жыццяпісы благаславёных, духоўная літаратура, сакральная архітэктура і абразы. Ужо ў эміграцыі ён выдаваў беларускі праваслаўны часопіс «Звіняць Званы Святой Сафіі» (выйшла 12 нумароў), бадай самае лепшае выданне з шэрагу падобных, што выдавалі праваслаўныя беларусы ў замежжы. Але праваслаўе не засціла пісьменніку вачэй у разуменні духоўнай еднасці ўсіх хрысціянаў, незалежна ад іх нацыянальнасці ды веравызнання. Юрка Віцьбіч не раз заступаўся за вернікаў іншых канфесіяў, калі абражалася іх вера, калі скажалася гістарычная праўда. Пасля аднаго брыдкага «опуса» супраць беларускіх уніятаў ён адгукнецца на старонках нью-ёркскай рускамоўнай газеты «Новое Русское Слово» ад 25 студзеня 1955 г.: «З’яўляючыся сынам і ўнукам праваслаўных святароў, закатаваных бальшавікамі, я не ў стане ніколі забыць, што мой прадзед — уніяцкі святар, памёр адзінокім і сляпым у ссылцы, у Сараўскім манастыры Цёмнікаўскага павету Тамбоўскай губерні. Гэтае асабістае — кропля ў моры пакутаў беларускага народа...» Творца з павагаю сставіўся да каталіцкай ды уніяцкай культурнай традыцыі, глыбока вывучаў рэлігійную літаратуру і архітэктуру заходняга абраду, шмат гадоў перапісваўся з айцом архімандрытам Львом Гарошкам, са святарамі Беларускага Дому Айцоў Марыянаў у Лондане.

Юрка Віцьбіч з вялікай пашанай ставіўся да постаці апошняга беларускага уніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака, якому і прысвяціў адзін з сваіх лепшых абразкоў «Паданьне аб таямнічым сьвятле», напісаным ў форме народнага падання. У лісце ад 23 лістапада 1951 г. да а. Л.Гарошкі ён піша: «Адначасна дасылаю Вам маленькую імпрэсію ці абразок «Паданьне аб таямнічым сьвятле»... Мяне вельмі цікавіць Ваш погляд на гэты мой твор. Хаця я вельмі старанна апрацоўваў яго, але ўсё-ж магчымы памылкі, як з гістарычнага, гэтак і з рэлігійнага пункту гледжаньня. Калісьці я пісаў пра аднаго Ёзафата (Кунцэвіча. — У.Д.), а цяпер пра другога. Між іншым у маім асабістым архіве ёсьць сургучовы адбітак з пячаткі Архіяпіскапа Ёзафата Булгака, ёсьць таксама малюнкі віцебскае катэдры да Савы Ціхамірава і пасьля яго. Калісьці ў маёй бібліятэцы былі 9-ці тамовыя «Записки Архиепископа Харьковского Саввы», 4 том прысьвечаны ягонаму архіпастарству на Віцебшчыне і варта азнаёміцца з ім, каб пераканацца, што ён зьяўляецца зацятым расейскім цемрашалам. Нібы змагаючыся за чысьціню праваслаўя ўвогуле, ён змагаўся з своеасаблівымі адзнакамі беларускага праваслаўя, падмяняючы яго расейскімі адзнакамі... У маёй сям’і захаваўся ўспамін, як мой прадзед, сьвятар, хаваў ад Савы, у часе ягонай паездкі па эпархіі, статую Збавіцеля, перад якой са сьлязьмі на вачох маліліся беларусы ўсіх веравызнаньняў і якую Сава разам з усімі статуямі хацеў зьнішчыць». Потым Юрка Віцьбіч ласкава перадасць уласную пячатку мітрапаліта Язафата Булгака ў Беларускі музей імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Была ў Юркі Віцьбіча, акрамя іншых фундаментальных праектаў, і задума стварыць грунтоўную хрэстаматыю «Рэлігія ў творчасці беларускіх пісьменнікаў», працу над якой ён распачаў яшчэ ў 1946 г. На жаль, хрэстаматыя так і не пабачыла свет. Свой жыццёвы шлях пісьменнік скончыць 4 студзеня 1975 г. у Нью-Ёрку і будзе пахаваны на мясцовых беларускіх могілках па праваслаўным абрадзе.

Літаратурны абразок «Паданьне аб таямнічым сьвятле» ўпершыню быў апублікаваны ў газеце «Бацькаўшчына» (Мюнхен) за 3 лістапада 1951 г. (№ 15-16 (94-95)).

Уладзімір ДЫДЗІК.

Юрка ВІЦЬБІЧ. ПАДАНЬНЕ АБ ТАЯМНІЧЫМ СЬВЯТЛЕ


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY