Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(11)/2000
На кніжнай паліцы

ЭНЦЫКЛІКА FIDES ET RATIO
З жыцця Касцёла

ГЭТА МЕСЦА — СВЯТОЕ
Мастацтва

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

«І ПАЧУЛА ГОЛАС...»

«ПЕРАКАЗАНАЯ ПАМЯЦЬ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Нашы святыні
Проза

ПІСЬМЕННІК ІГНАЦЫЁ СІЛОНЭ
Да юбілею 2000 Года
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Постаці

ДАРОГА АПОСТАЛЬСТВА
Погляд збоку

В.Ваньковіч. Аўтапартрэт.
Валеры БУЙВАЛ

«MAESTRO ВАЛЕНЦІ»

Да 200-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча (1800—1842)

Ёсць творцы, кожны год жыцця якіх, кожны твор кладуцца ў скарбонку нацыянальнай спадчыны. Іх імёны служаць арыенцірам да вызначэння пэўнай нацыянальнай культуры, пэўнага этнасу: Рэпін і Шышкін — Расія, Гоя — Іспанія, Хогарт — Англія, Матэйка — Польшча... І засталіся ў гісторыі мастацтва іншыя постаці. Яны ўжо пры жыцці былі грамадзянамі Еўропы, служылі агульначалавечым ідэалам, адорваючы сучаснікаў і нашчадкаў сваімі адкрыццямі. Мы памятаем, што Тарвальдсэн — датчанін, Кіпрэнскі — рускі, Пікасо — іспанец. Але абсалютная каштоўнасць іх творчасці вымяраецца паводле шкалы еўрапейскай культуры. З імі асацыіруецца перш за ўсё пэўны мастацкі светапогляд, пэўны стыль, развіццю і сцвярджэнню якога яны паслядоўна служылі. Імем першага са згаданых называецца адна з вяршыняў класіцызму, і датчане ганарацца гэтым. Другі — узнёслы еўрапейскі рамантык. А Пікасо, вядома, стаў адным з сімвалаў авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя ў шматаблічным яго ўвасабленні. І справа не ў тым, што гэтыя мастакі значную частку жыцця правялі па-за межамі сваёй радзімы.

На наш погляд, Валенці Ваньковіч належыць да другой «катэгорыі» творцаў. За яго спрачаюцца храністы літоўскай культуры (для іх ён — Vankiavicius) і польскай. Не будзем удзельнічаць у спрэчцы. Творы Ваньковіча могуць быць прадметам дыскусіі, але эстэтычнай, мастацтвазнаўчай, гісторыка-культурнай. Мастак атрымаў класічную адукацыю. Ён якраз належыць да першага пакалення беларускіх творцаў, якія маглі засвоіць прафесійныя дысцыпліны ў навучальных цэнтрах на радзіме. У пачатку ХІХ ст. у еўрапейскім мастацтве панаваў класіцызм. Гэты стыль, мастацкі светапогляд сваёй крыніцай меў мастацтва антычнасці, тую, першую грэцкую і рымскую класіку, на высакародных руінах і прыгожых міфах якой грунтавалася ўся еўрапейская культура. На антычных узорах будавалася сістэма навучання ў Полацкім езуіцкім калегіуме, дзе падлетак Валенці рабіў першыя крокі ў мастацтве. Калегіум меў выдатную калекцыю твораў выяўленчага мастацтва і першакласных педагогаў. Рысунак выкладалі мастакі-французы Якуб Пірлінг і Якуб Журдэн, а таксама знакаміты святар, вучоны-энцыклапедыст Габрыэль Грубэр. Юнаку на ўсіх стадыях шкалярства выключна шэнціла на педагогаў.

А захапленне мастацтвам пачалося ў Валенція яшчэ ў дзяцінстве. Будучы мастак нарадзіўся 12 мая 1800 года у родавым маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павету (цяпер Чэрвеньскі раён) Менскай губерні ў сям’і павятовага суддзі Мельхіёра Ваньковіча. Шляхецкі род Ваньковічаў пачаўся яшчэ ў ХІ ст., калі баярын Ванька за ваенныя подзвігі атрымаў тытул ад вялікага князя Кейстута. Маці Валенція — Схаластыка — паходзіла са старажытнага роду Гарэцкіх.

Пасля Полацка юнак накіроўваецца ў беларускія Афіны — Вільню, дзе ў 1818—24 гг. вучыцца на факультэце жывапісу, скульптуры і графікі універсітэта. У гісторыі нашай культуры віленская мастацкая школа заняла асобнае месца. Ян Рустэм і Ян Дамэль, лідэры гэтага мастацкага цэнтру, былі настаўнікамі Ваньковіча. Штудыйныя малюнкі віленскага перыяду сведчаць аб засваенні пачынаючым мастаком законаў класіцызму: пластычнасць формы, строгі лінейны лад, стылізацыя матыву паводле антычных узораў. Трэба зазначыць, што ў беларускім мастацтве класіцызм нават на позняй стадыі свайго развіцця не набыў уласцівасцяў, характэрных для іншых нацыянальных мастацкіх школ: халоднай трактоўкі ідэалізаваных вобразаў, паўтарэння кампазіцыйных штампаў, браку кантакту з натурай. Ваньковіч, як і іншыя беларускія мастакі, успрымаў антычную гісторыю і міфалогію як яркі, поўны пачуццяў і жарсцяў свет. І мастацкія рашэнні яму дыктавала не толькі натхненне. Юнак чытаў у арыгінале творы Герадота, Тацыта, Ксенафонта. Не выпадкова ён атрымаў першую прэмію ў конкурсе на кампазіцыю па тэме са старажытнагрэцкай міфалогіі «Філактэт на востраве Лемнас». Акрамя таго, ён наведваў заняткі на факультэце фізічных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджання святла.

Выключныя поспехі дазволілі Ваньковічу працягнуць вучобу ў імперскай сталіцы. У 1824 г. па рашэнні вучонай рады універсітэту ён быў накіраваны ў Пецярбургскую Імператарскую Акадэмію мастацтваў. Ян Рустэм у суправаджальным лісце так сфармуляваў задачы пецярбургскага перыяду: «Вывучаць антычнасць і капіраваць узоры. Потым працаваць з натуры, удасканальвацца ў кампазіцыі, капіраваць алеем па палатне творы найбольш дасканалых майстроў (асабліва венецыянскіх). Навучыўшыся рысаваць, трэба развіць пачуццё формы, мадэліроўкі. Прысвяціць вольныя ад мастацтва гадзіны вывучэнню гісторыі, як старажытнай, так і сучаснай, бо вывучэнне ўзбагаціць ідэямі фантазію і дасць уздым пачуццям...»

Трэба прызнаць, што Ваньковіч значна перавыканаў гэтую праграму. Фактычна за чатыры гады ён сфармаваўся як выдатны самастойны мастак. І гэта не выпадкова, бо ягонымі педагогамі ў Акадэміі былі вядучыя майстры расейскага класіцызму А.Ягораў і В.Шабуеў. Ён шмат працаваў і адну за адной заваёўваў узнагароды. Таленавітым юнаком хутка зацікавіліся ў культурных колах Пецярбурга. Партрэты ягонага пэндзля прыцягвалі ўсеагульную ўвагу.

На шчасце, ён не быў самотны ўдалечыні ад радзімы. Побач з ім у Акадэміі вучыўся яго равеснік яшчэ па віленскім перыядзе В.Смакоўскі (ён пакінуў цікавыя ўспаміны пра Ваньковіча). Беларускія мастакі А.Арлоўскі і І.Аляшкевіч таксама жылі і працавалі тады ў Паўночнай Пальміры. І самае галоўнае, тут ён зноў сустрэўся з Адамам Міцкевічам, таксама сябрам па Віленскім універсітэце. Значна паўплывалі на развіццё мастака расейскія літаратары В. Жукоўскі, П. Вяземскі, М. Палявы.

Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг.
Адам Міцкевіч стаў добрым геніем творцы. Партрэт вялікага паэта «Адам Міцкевіч на скале Аю-Даг», выкананы ў гэты час, набыў значэнне маніфесту рамантызму ў беларускім жывапісе. Ваньковіч дасягнуў у ім прафесійнай смеласці і прадэманстраваў непаўторную адоранасць. Карціна намалявана свабодным, лёгкім мазком, у адзінай плыні формы. Колеры, някідкія, але жывыя, трапяткія, злучаюцца ў далікатныя гамы шматслойнага пісьма. Душа героя карціны зліваецца з прыродай, думкі і настрой знаходзяць гарманічны водгук у краявідзе. Развітаўшыся з класіцызмам, мастак аддаў сябе новай стыхіі, якая заваёўвала еўрапейскае мастацтва. Безумоўна, вялікую ролю ў гэтай «перамене курсу» адыграла творчасць яго сучасніка, мастака-рамантыка А.Кіпрэнскага.

А. Пушкін каля крыніцы.
Застаецца толькі пашкадаваць, што не захаваўся парны гэтаму палатну партрэт. Адам Міцкевіч пазнаёміў Валенція Ваньковіча з Аляксандрам Пушкіным. Вядома, што мастак працаваў над партрэтам вялікага паэта (не будзем забывацца, што ўсе трое былі маладыя сябры-равеснікі), але захаваўся толькі малюнак алоўкам «Пушкін каля крыніцы».

...Непадалёк ад новага сталічнага тэлецэнтру, у канцы вуліцы Парніковай стаіць прыгожы будынак, які вылучаецца ў безаблічным наваколлі сваімі класічнымі рысамі. Сюды, у родавы маёнтак у Сляпянцы, Ваньковіч вярнуўся з Пецярбурга ў 1828 г. Тут ён працаваў, збіраў калекцыю твораў мастацтва, выхоўваў вучняў. Адсюль часта выязджаў у Вільню.

Вакол Ваньковіча ўтварылася кола творчай інтэлігенцыі Менску. Кампазітар Станіслаў Манюшка, сям’я якога была ў даўніх сяброўскіх і сваяцкіх адносінах з Ваньковічамі, апісаў у сваіх успамінах музычныя вечары, што адбываліся ў доме Эдварда, стрыечнага брата мастака, на вул. Валоскай (цяпер вул. Інтэрнацыянальная). Там выступалі і героі партрэтаў Ваньковіча — музыканты еўрапейскай славы Марыя Шыманоўская і Караль Ліпіньскі. А модныя ў тыя гады карты саступалі месца шахматам, музыцы і літаратуры.

На Беларусь насунулася навальніца 1830—31 гг. Ваньковіч вырашыў далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але працяглая хвароба не дала здзейсніцца гэтаму намеру. Ён цяжка перажываў паразу паўстання і трагічны лёс народу. Скончыўся шчаслівы перыяд у жыцці мастака. Рамантычныя ідэалы маладосці разбіліся аб мур рэакцыі, што правіла баль па ўсёй Еўропе, не толькі ў мікалаеўскай Расіі.

Мастак перажываў глыбокі крызіс. Сухоты аслаблялі ягоны арганізм. Нервовыя прыпадкі магла ўлагодзіць толькі ягоная жонка. У 1839 г. ён канчаткова вырашыў ад’ехаць за мяжу. Тагачаснае падарожжа — гэта не цяперашняе мільгаценне вакзалаў і аэрапортаў. Мастак падоўгу спыняўся ў культурных цэнтрах Еўропы, напружана працаваў над карцінамі, капіраваў класічныя творы ў музеях Дрэздэна, Мюнхена, Страсбурга.

Маці Божая з Дзіцем і св. Янам Хрысціцелем.
У Парыжы яго гасцінна сустрэў Адам Міцкевіч (у яго доме на вуліцы Д’Амстэрдам мастак і жыў да самага скону). Не зважаючы на цяжкую хваробу, Ваньковіч працаваў над новымі творамі. Апошняя ягоная карціна «Маці Божая Вастрабрамская» знаходзіцца ў парыжскім касцёле Сэн-Севярын. Віленскі святы абраз заступніцы Беларусі натхніў мастака, прагучаўшы заключным акордам яго зямнога жыцця і непарыўнай лучнасці з Радзімай.

12 мая 1842 г. Міцкевіч запісаў тэстамант сябра. Багаццем паміраючага былі толькі карціны. Частку з іх ён перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — А.Міцкевічу і А.Тавяньскаму. Астатнія былі прададзеныя з аўкцыёна за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла. Пахавалі мастака на парыжскіх могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні. І цяпер там стаіць прыгожы, строгіх формаў надмагільны абеліск. Думаецца, што гэтая магіла павінна стаць месцам паломніцтва для беларусаў, якія шляхамі Ваньковіча апынуцца ў Парыжы.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбурга, Варшавы, Кракава, Парыжа. Адным словам, па-за межамі сучаснай Беларусі. Галоўныя дасягненні Ваньковіча належаць жанру партрэта. Мая любімая работа (з ліку «нехрыстаматыйных») — «Партрэт невядомага ў жоўтай камізэльцы» з віленскага Мастацкага музея. Тут раскрыўся каларыстычны дар мастака, які, на жаль, часцей за ўсё стрымліваў свабоднае гучанне колераў, грунтуючыся на прыглушанай акадэмічнай гаме. У гэтым партрэце ёсць энергія святла, якая прасякае кожную часцінку выявы.

Партрэт невядомай.
Партрэты літаратараў Казіміра Пясецкага і Антонія Гарэцкага, губернатара Менска Сяргея Строганава, аўтапартрэты мастака — гэта галерэя выразных характараў, плён пранікнёнага назірання і саманазірання. Строгія, класічныя па кампазіцыі, яны тым не менш увасабляюць бясконцыя варыяцыі творчых рашэнняў. Жаночыя патрэты пэндзля Ваньковіча пяшчотныя і гарманічныя. У пастэльным «Партрэце невядомай» з Нацыянальнага мастацкага музея ў Варшаве вельмі хочацца бачыць адлюстраванне жонкі мастака — Анэлі з Растоцкіх, прыгожай, адукаванай шляхцянкі, з якой ён ажаніўся яшчэ ў Пецярбургу (яна надоўга перажыла мужа, памерла ў 1870 г.). Рэлігійныя творы Ваньковіча сведчаць пра яго вернасць класічнай спадчыне еўрапейскага жывапісу і стаяць трохі ўбаку ад асноўнага шляху развіцця ўсёй творчасці. Так, карціна «Маці Божая з Дзіцем і св. Янам Хрысціцелем» перадае захапленне мастака італьянскай рэнесансавай традыцыяй.

Напалеон каля вогнішча.
Асобная старонка — тэма Напалеона. Захавалася палатно драматычнага гучання «Напалеон каля вогнішча», а ў Парыжы была створана карціна «Апафеоз Напалеона». Неапраўданыя надзеі пакалення Ваньковіча на вызваленне Радзімы з расейскай няволі ў выніку крыжовай выправы з Еўропы працягвалі хваляваць творцу і ягоных сучаснікаў. На мастака паўплывалі містычныя рэлігійныя плыні, асабліва рух так званай «напалеонаўшчызны», дзе постаць і дзейнасць вялікага карсіканца ўспрымалася як Боскае наканаванне. Даследчыкі адзначаюць, што герой карціны Ваньковіча — Напалеон-пакутнік, выратавальнік Еўропы і Айчыны мастака.

Вясной гэтага года павінна адбыцца надзвычай важная падзея ў беларускай культуры. Адкрыццём новага музея ў старым горадзе Мінска завершыцца шматгадовая праца калектыву спецыялістаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі (мастацтвазнаўцы І.Паньшына і Н.Сычова) і ВА «Белрэстаўрацыя» (архітэктары І.Дорахава і А.Кандратаў).
Магіла В. Ваньковіча на парыжскіх могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні.
Назва музея (на вул. Інтэрнацыянальнай) абрадуе ўсіх, каму дарагія памяць і творчасць таленавітага майстра — «Дом Ваньковіча». У згаданым вышэй будынку, які належаў стрыечнаму брату мастака Эдварду, разгорнута экспазіцыя «Мастацтва і культура Беларусі канца ХVІІІ — пачатку ХІХ ст.». Архіўныя дакументы, фотаматэрыялы, кнігі, гравюры і літаграфіі тае пары раскажуць пра мастака і ягоную эпоху. Адноўлены інтэр’еры «галантнага стагоддзя», у экспазіцыю ўключана мэбля, прадметы эпохі. А стрыжнем экспазіцыйнага шэрагу з’яўляецца галерэя партрэтаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, выкананых сучаснікамі Ваньковіча. Адзіным пакуль аўтэнтычным творам пэндзля мастака ў музеі з’яўляецца «Партрэт Аляксандра Манюшкі» (дзядзькі славутага кампазітара) ранняга перыяду творчасці жывапісца. У адной з залаў размясцілася канцэртная гасціная на 50 месцаў, дзе будзе гучаць камерная музыка.

Apertae Musarum januae.
Дзверы музаў расчыненыя.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY