Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?
Постаці
На кніжнай паліцы

ВЕРА І ФІЛАСОФІЯ
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады

IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ

ВЕРШЫ
Мастацтва
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ
Культура

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Валяр’ян Янушкевіч.
Мемарыяльная дошка на доме ў Фларэнцыі, дзе ў 1823–1833 гг. жыў М.К.Агінскі.
Яўген ЛЕЦКА

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Беларусь часам называюць краінай замкаў. З пэўнай доляй умоўнасці, вядома, бо не так ужо і шмат ацалела на нашай зямлі з таго, што колісь мелі. І наўрад ці калі будзе адбудавана ўсё, што разбурана часам і людзьмі. Гэта немагчыма, дый, бадай, і непатрэбна. Але грамадзяне краіны павінны ведаць сваю гісторыю. А яе ствараюць людзі, таленавітыя творцы, зробленае якімі шмат стагоддзяў назад і сёння кранае запаветныя струны душы. Бо хіба ж мы не сцішваемся ў радасным трымценні пад гукі мелодыі славутага паланэза ля-мінор, вядомага пад назвай «Развітанне з Радзімай»? Нездарма ж у першай палове 90-х, калі абвяшчаўся конкурс на гімн незалежнай Рэспублікі Беларусь, музыка, створаная 200 гадоў назад, прызнавалася і для нашага часу надзвычай актуальнай. Аднаго такога твора дастаткова, каб імя яго аўтара навечна замацавалася ў духоўнай гісторыі народа.

Між тым музычная спадчына Міхала Клеафаса Агінскага вельмі абсяжная. У маладыя гады ён атрымаў выдатную музычную адукацыю, але ягоны кампазітарскі дар напоўніцу раскрыўся падчас усенароднага ўзрушэння, калі на землях Беларусі, Літвы і Польшчы спакваля набрыньваў, а потым выбухнуў паўстаннем пратэст пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, у якім Агінскі ўзяў самы чынны ўдзел. І са зброяй у руках як камандзір паўстанчай залогі, і як кампазітар, аўтар шматлікіх маршаў і баявых песняў. Доўгі час лічылася, што нацыянальны польскі гімн «Ешчэ Польска не згінэла» (словы Выбіцкага) створаны на народную музыку, але ўжо даказана, найперш дзякуючы даследаванню вядомага польскага музыказнаўцы Анджэя Залускага, што належыць яна прафесіяналу высокага класа, а менавіта нашаму земляку Міхалу Клеафасу Агінскаму.

Сваімі каранямі Агінскія сягаюць у сівую даўніну, да Рурыкавічаў. З княжацкага роду герба «Брама» («Агінец») выйшла шмат славутых людзей, якія на працягу некалькіх пакаленняў спавядалі праваслаўе, а потым, як і пераважная большасць беларускіх магнатаў, у ХVІІ ст. перайшлі ў каталіцтва. Дзейнасць Міхала Клеафаса прыпала на час, калі беларуская дзяржава ў якасці саюзнай злучылася з Польшчай, а потым разам з ёю страціла незалежнасць і ўвайшла ў склад Расійскай імперыі. Аднак мара пра аднаўленне ўласнай дзяржаўнасці была ўласцівая лепшым людзям Беларусі, у тым ліку і прадстаўнікам вышэйшага магнацкага стану, да якога належалі Агінскія.

Жыццё і дзейнасць Міхала Клеафаса цесна пародненыя з лёсам ягонага дзядзькі Міхала Казіміра Агінскага (1730—1800). Яны былі не проста сваякамі, але духоўна і светапоглядна вельмі блізкімі людзьмі. Старэйшы з іх яшчэ заспеў час, калі Вялікае Княства Літоўскае ў межах саюзнай дзяржавы захоўвала сваю выразную самастойнасць, пры якой Міхал Казімір займаў такія значныя пасады, як ваявода віленскі, гетман вялікі літоўскі. Ён быў адным з кандыдатаў на трон Рэчы Паспалітай, а потым адным з кіраўнікоў узброенай барацьбы супраць Расійскай імперыі. Аднак ягонае трохтысячнае войска пацярпела паражэнне ад узначаленай А.Суворавым армады. Ад пакарання ўратавала эміграцыя. Але праз пэўны час быў памілаваны, прыехаў на радзіму і вярнуў сабе секвестраваныя маёнткі. Жыў у Слоніме, дзе адкрыў некалькі прадпрыемстваў, друкарню, заснаваў адзін з лепшых у Еўропе тэатр і капэлу. На свае сродкі пабудаваў Агінскі канал. Вядомасць здабыў таксама як аўтар музычных і літаратурных твораў. Пра значнасць ягонай духоўнай спадчыны апавядаецца ў кнізе А.Цеханавецкага «Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме», якая ў перакладзе з нямецкай на беларускую мову выйшла ў 1993 г. у Мінску.

Міхал Клеафас Агінскі (1765—1833), як і дзядзька, меў выдатныя здольнасці. З маладосці працаваў надзвычайным паслом у Галандыі, потым выконваў важную дыпламатычную місію як афіцыйная асоба Рэчы Паспалітай у Лондане. Пасля страты гэтай краінай дзяржаўнасці ў 1791 г. прысягнуў у Магілёве на вернасць Кацярыне ІІ, але падтрымаў Канстытуцыю 3 мая гэтага ж года, якая прадугледжвала аднаўленне польскай дзяржаўнасці, і выступіў на баку нацыянальна-вызваленчага руху. Пасля паражэння эміграваў у Прусію, аднак пакаяўся і вярнуўся. Займаў адказныя пасады, у тым ліку падскарбія літоўскага, ці, кажучы сучаснай мовай, міністра фінансаў. Але тут выбухнула паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі, і Міхал Клеафас на ўласныя сродкі стварыў батальён стралкоў, на чале якога ўдзельнічаў у баявых дзеяннях. Пасля задушэння паўстання жыў за мяжой, потым быў памілаваны і вярнуўся ў маёнтак Залессе, дзе, як і ягоны дзядзька ў Слоніме, займаўся актыўнай культурніцкай дзейнасцю, у выніку чаго правінцыйнае мястэчка здабыла славу Паўночных Афінаў. Побач з гэтым уключыўся і ў дзяржаўную дзейнасць, за што ў 1910 г. атрымаў высокае званне сенатара, чын тайнага саветніка, а ў наступным на імя імператара Аляксандра І, з якім ён быў у прыязных, амаль сяброўскіх дачыненнях, падаў праект утварэння Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі з уключэннем у аўтаномію Гродзенскай, Віленскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Кіеўскай, Падольскай, Валынскай губерняў, Беластоцкай вобласці і Цярнопальскай акругі са сталіцай у Вільні. Планавалася склікаць сойм, як вышэйшы заканадаўчы орган краю, увесці Канстытуцыю і паступова скасаваць прыгоннае права. Ліберальны імператар згаджаўся падтрымаць гэты праект (асабліва з улікам палітыкі Напалеона), аднак кансерватыўныя колы Расіі ўбачылі ў ім пагрозу цэласнасці імперыі і план быў адхілены. Пэўныя прывілеі край, а найперш шляхта, усё ж атрымалі. Самаго ж М.К.Агінскага за дзейнасць на карысць Расіі ўзнагародзілі ордэнамі св. Уладзіміра і Аляксандра Неўскага. Бадай, усё гэта, а найбольш няпэўнасць, а мо нават і несур'ёзнасць стаўлення да праблемы аднаўлення дзяржаўнасці ВКЛ Напалеона, з якім на гэты конт вяліся перамовы, паспрыяла таму, што Агінскія, як, дарэчы, і Тадэвуш Касцюшка, у вайне 1812 г. не выступілі на баку французскага войска. Аднак па вайне і ад Расійскай імперыі прыхільнікі беларуска-літоўскай дзяржаўнасці ніякіх рэальных крокаў у гэтым кірунку не дачакаліся. І гэта, мабыць, было адной з прычын таго, што Міхал Клеафас вырашыў назаўсёды развітацца з Радзімай і ў 1822 г. з'ехаў у Італію. На выбар краіны пражывання мо паўплывала і тое, што ягонай другой жонкай была італьянка. Цікава, што Марыя Нэры разам з трыма дзяцьмі засталася пэўны час жыць у Залессі без мужа. Міхал Клеафас спыніўся ў Фларэнцыі. Займаўся пераважна літаратурнай дзейнасцю. У выніку ў Парыжы на французскай мове выдаў 4-томныя «Мемуары пра Польшчу і палякаў з 1788 да 1815 г.», у 1828 г. напісаў кнігу «Лісты пра музыку», выдадзеную па-польску ў 1956 г.

Міхала Клеафаса пахавалі ў Фларэнцыі пры касцёле Санта Марыя Навэла, але праз 10 гадоў перазахавалі ў касцёле-пантэоне Санта Крочэ, дзе вечным сном спачываюць лепшыя людзі Італіі: Мікеланджэла, Галілей, Дантэ, Расіні ды іншыя славутасці...
Касцёл-пантэон Санта Крочэ, дзе пахаваны М.К.Агінскі.

* * *

Пра нашага славутага земляка існуе досыць вялікая літаратура на розных мовах. Яго жыццё, дзяржаўная, грамадская і творчая дзейнасць асэнсаваны ў кнізе І.Бэлзы «Михал Клеофас Огиньский», 2-е выданне якой з'явілася ў Маскве ў 1974 г., але найбольш поўна, рознабакова і пранікнёна, бадай, у нядаўна выдадзенай у Польшчы манаграфіі Анджэя Залускага, род якога па жаночай лініі ад прабабкі Амеліі (дачкі Міхала Клеафаса) ідзе ад Агінскіх.

Асоба кампазітара, рамантычныя абставіны жыцця, спалучаныя з героікай змагання, кроўныя повязі з Беларуссю, яго нязменны «тутэйшы» патрыятызм не маглі не прывабіць дзеячаў беларускай культуры. М.К.Агінскаму прысвечана эсэ Уладзіміра Караткевіча «Песня Паўночных Афін», дакументальны фільм «Паланэз ля-мінор» рэжысёра Віктара Дашука, а шчымліва-пранікнёная музыка «Развітання з Радзімай» паслужыла своеасаблівым эмацыйным лейтматывам у мастацкім фільме для дзяцей «Паланэз Агінскага» рэжысёра Льва Голуба.

Інтэр’ер касцёла-пантэона Санта Крочэ, дзе пахаваны М.К.Агінскі
Міма гэтай выключнай у нашай гісторыі і музыцы постаці не прайшоў скульптар Валяр'ян Янушкевіч. Ён зрабіў мемарыяльную дошку, што заняла годнае месца на доме (непадалёку ад касцёла Санта Марыя Навэла ў Фларэнцыі), дзе апошнія дзесяць гадоў (1823—1833) жыў і памёр наш славуты суродзіч. Скульптар потым паўтарыў дошку для музычнай вучэльні ў Маладзечне. Падчас адкрыцця да Валяр'яна падышоў добра вядомы ў мастацкіх колах Беларусі маладзечанскі мастак-графік, шчыры патрыёт нашага краю Юрась Герасіменка з прапановамі-развагамі наконт таго, што ў Маладзечне абавязкова павінен стаяць помнік каму-небудзь з славутых людзей, чыё жыццё і дзейнасць звязаны з гэтым кутком Бацькаўшчыны.

Уласна кажучы, у падсвядомасці скульптара адказ на гэтую прапанову нібы быў падрыхтаваны загадзя. Нядоўга счакаўшы, ён зноў наведаў Маладзечна і сустрэўся з дырэктарам музычнай вучэльні Рыгорам Сарокам — сапраўдным беларускім інтэлігентам, які з захапленнем успрыняў намер стварыць скульптуру М.К.Агінскага ў поўны рост. Абодва выдатна адчувалі значнасць задуманага яшчэ і з той прычыны, што такога помніка ў Беларусі не было.

Згадаем, што ў Маладзечне і на Маладзечаншчане былі родавыя ўладанні Францішка Ксаверы, дзядзькі М.К.Агінскага, роднага бацькавага брата Андрэя, у сядзібе якога малады чалавек часта гасцяваў. Потым, як дзядзька памёр, уся маладзечанская маёмасць паводле завяшчання перайшла ў спадчыну да пляменніка. І да гэтага горада ў Міхала Клеафаса было асаблівае пачуццё, пра што красамоўна сведчыць наступны факт. Жывучы ў недалёкім адсюль падораным дзядзькам маёнтку, ён дачуўся пра крызісны стан гарадской гімназіі ў Бабруйску і зрабіў ўсё належнае, выдаткаваўшы на гэта немалыя па тым часе грошы, каб у 1811 г. перавесці яе з настаўніцкім калектывам у Маладзечна. І гэтым самым заклаў падмурак прафесійнай адукацыі. Тую гімназію можна лічыць і папярэдніцай цяперашняй музычнай вучэльні імя Міхала Клеафаса Агінскага, дарэчы, адной з найлепшых у Беларусі. Многія яе выхаванцы дбайна шануюць і высока ганаруюць нацыянальную культуру. На базе гэтай навучальнай установы нарадзіўся і такі высокапрафесійны мастацкі калектыў, як хор «Sonorus», чыя слава даўно перасягнула межы Беларусі (цяпер ён набыў статус капэлы). Свята шануюцца ў вучэльні імя і творчасць М.К.Агінскага.

Мемарыяльная дошка на музычнай вучэльні была ўстаноўлена ў 1995 г., які можна лічыць пачаткам працы Валяр'яна Янушкевіча над скульптурным вобразам М.К.Агінскага. Не думаю, што набярэцца шмат выпадкаў, калі б проста так, на рамантычным уздыме, без аніякага афіцыйнага заказу скульптар узяўся за такую вялікую і адказную працу. У канцы 1999 г. у друку з'явіліся паведамленні, што праца над помнікам аўтару славутага паланэза «Развітанне з Радзімай» завяршаецца.

Валяр’ян Янушкевіч.
Помнік М.К.Агінскаму ў Маладзечне.
Адначасова кінулі заклік на «паспалітае рушэнне», а калі казаць сучаснай мовай і больш дакладна, то кіраўніцтва маладзечанскай музычнай вучэльні звярнулася ў Мінаблвыканкам, раённую адміністрацыю, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у іншыя дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы, а таксама да ўсіх людзей з просьбай падтрымаць грамадскую ініцыятыву і сабраць сродкі на адліццё помніка ў бронзе і яго ўстаноўку ў Маладзечне. Гэты покліч да высокародства быў адразу пачуты. Скульптар удзячны абласному начальству на чале са старшынёй М.Дамашкевічам, а найперш загадчыку Упраўлення культуры А.Акушэвічу.

З абласнога бюджэту на помнік перавялі 15 мільёнаў беларускіх рублёў, а гэта пры цяперашніх фінансавых нястачах грошы немалыя. Істотным быў сам факт афіцыйнай падтрымкі, бо ці ж невядома, што кіраўнікі розных рангаў і нават рознай формы ўласнасці прызвычаіліся глядзець на грамадскія ініцыятывы з пэўнай доляй перасцярогі. Тут жа пры спрыянні абласнога і раённага начальства ўзрушылася ўся Міншчына, а найперш — Маладзечна. На помнік ахвяравалі сродкі звыш пяцідзесяці фірмаў і ўстаноў, сярод якіх і ўсе маладзечанскія школы, што са сваіх больш чым сціплых бюджэтаў і пры ўдзеле бацькоў навучэнцаў сабралі па 500 тысяч рублёў. Асабліва кранальнымі былі тэлефанаванні ў вучэльню некалькі старэнькіх бабулек. Яны прасілі прыслаць вучняў, каб праз іх перадаць свае ашчаджаныя пенсійныя ахвяраванні.

Не засталося ўбаку і Міністэрства культуры, найперш падтрымаўшы скульптара маральна, як, дарэчы, і згаданы Анджэй Залускі, ды абавязаўшыся ў перспектыве выплаціць аўтарскі ганарар.

Такім чынам, гэта быў унікальны для нашай краіны выпадак, прыклад не толькі гарманічнага і надзвычай карыснага паяднання грамадскай ініцыятывы з рэальным дзяржаўным спрыяннем, але шырокага і глыбокага, абуджанага ўсведамленнем значнасці нацыянальнай ідэі, народнага ўзрушэння.

У пошні тыдзень-два, мабыць, як ніколі, давялося Валяр'яну папрацаваць на мяжы сваіх магчымасцяў. Спачатку ў ліцейцы, а потым, і асабліва напружана, над гранітнай калонай-цокалем, на які (такое рабілася ў Беларусі ўпершыню) устанаўлівалі помнік.

Святочнаму настрою пры ўрачыстым адкрыцці спрыялі і сонечна-празрысты вераснёвы дзень, і ўзнёслая музыка, якой, дарэчы, калектыў музычнай вучэльні пад кіраўніцтвам дырыжора і асноўнага натхняльніка ў стварэнні скульптуры Рагора Сарокі завяршыў урачыстасць, яшчэ раз далучыўшы людзей да чароўных мелодый Агінскага ды запрасіўшы ўсіх у своеасаблівае музычнае падарожжа па тых мясцінах і краінах, дзе воляю лёсу давялося пабыць нашаму славутаму земляку.

...Перад вачыма людзей, назаўсёды вярнуўшыся пасля доўгай ростані на родную зямлю, паўстаў малады і летуценны Міхал Клеафас Агінскі. Ягоная ўзнятая рука ў чуйным трапятанні ловіць мелодыю, што дорыць яму само неба...

Яўген Лецка


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY