Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(18)/2001
Мастацтва
У свеце Бібліі

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?
Постаці
На кніжнай паліцы

ВЕРА І ФІЛАСОФІЯ
Нашы святыні
Юбілеі
Пераклады

IСПЫТ НА МАРАЛЬНАСЦЬ

ВЕРШЫ
Мастацтва
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ
Культура

ВЯРТАННЕ НАЗАЎСЁДЫ

Галіна СІНІЛА

ЧЫМ ЁСЦЬ ЧАЛАВЕК?

Два аповеды пра стварэнне чалавека

Калі назіраю нябёсы Твае —
Справу далоняў Тваіх,
Месяц ды зоркі, што ўсталяваў Ты,
[Тады думаю я]:
Чым ёсць чалавек,
Што Ты памятаеш аб ім,
І сын чалавечы,
Што Ты ўспамінаеш аб ім?
Ты няшмат меншым за анёлаў зрабіў яго,
Славаю і раскошай каранаваў яго.
Ты ўладаром над стварэннямі рук Тваіх
Зрабіў яго,
І ўсё паклаў да ног яго...
(Пс 8/7, 4—7)*

Мінулым разам (гл. НВ, № 2, 2001 г.) мы вялі гаворку пра Сем Дзён Стварэння, пра іх таямніцу. Але ж, безумоўна, таямніцай з таямніц застаецца стварэнне Чалавека, які з самога пачатку, згодна з задумай Божай, быў выдзелены з усяго жывога свету. Чым больш тысячагоддзяў жыве чалавек на зямлі, тым болей углядаецца ён у сябе самога і тым яскравей разумее: з таго, што існуе паводле волі Божай на зямлі, няма нічога, што пераўзышло б чалавека па сваёй складанасці і дасканаласці, па вышыні яго духу, але ж і па жудасных безданях яго душы... І парадокс: чым больш спасцігае сябе чалавек, тым больш таямніцаў...

Паглыбімся ў радкі Вечнай Кнігі, паспрабуем зразумець яе ўрокі, сэнс замацаваных у ёй духоўных парадыгмаў.

Пра стварэнне Чалавека ў Кнізе Быцця апавядаецца двойчы, і аповеды гэтыя настолькі розныя, што, здаецца, супярэчаць адзін аднаму. З гэтай прычыны ў так званай біблійнай крытыцы ўзнікла гіпотэза, што аповеды ўзятыя з розных крыніц і механічна злучаныя. Паспрабуем зразумець, што гэта не так, што два аповеды толькі знешне, для павярхоўнага позірку, уступаюць у спрэчку і ўтрымліваюць у сабе алагізмы, а на самай справе ўсё гэта мае асаблівы — і вельмі глыбокі — сэнс. Нагадаем: у першым аповедзе (Быц 1 — 2, 3) Чалавек створаны на Шосты дзень разам з усялякімі жывёламі, дакладней — пасля іх стварэння. Пра ўзнікненне Чалавека сказана вельмі лаканічна, але адначасова і вельмі важка: «І сказаў Бог: зробім Чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага, і няхай уладараць яны [людзі] над рыбамі марскімі, ды над птушкамі нябеснымі, ды над жывёлаю, ды над усёй зямлёй, ды над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі. І стварыў Бог Чалавека паводле вобраза Свайго, паводле вобраза Божага стварыў яго, мужчыну ды жанчыну стварыў іх. І благаславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзіцеся і памнажайцеся, і напаўняйце зямлю, і валодайце ёю...» (Быц 1, 26—28). Відавочна, што тут Чалавек асэнсоўваецца як арганічная частка велічнага Сусвету, створанага Богам. І хоць Чалавек пастаўлены ўладарыць над Прыродаю, ён павінен заўсёды ўсведамляць сваю роднаснасць ёй, бо менавіта ад яе — паводле волі Божай — ён атрымаў сваю цялесную абалонку, свае першапачатковыя адчуванні. Нездарма ж далей будзе сказана: «І стварыў Пан Бог Чалавека з пылу зямнога...» (Быц 2, 7). «З пылу зямнога» — «з самой зямлі», хаця старажытны каментар адзначае, што ўсе прыродныя элементы, усе матэрыяльныя стыхіі ўдзельнічалі ў фармаванні Чалавека, але Пісанне паведамляе толькі пра галоўны з іх — пра «зямлю». Але ж гэтая «зямля» не ёсць глебаю ці глінаю ў простым, прамым сэнсе слова, як гэта было ў паганскіх антрапаганічных паданнях, асабліва месапатамскіх, — хаця б таму, што Бог адпаведна вызначэнню не можа нічога фармаваць «сваімі рукамі» ў адрозненне ад шумерскага Энкі ці вавілонскага Мардука (гл. наш папярэдні артыкул). У той сістэме каардынат, дзе Бог адкрывае Сябе як маральны Абсалют і чыстую духоўнасць, такое разуменне немагчыма. Таму выраз «з пылу зямнога» трэба разумець як тое, што Чалавек — «дзіця зямлі», гэта значыць — стварэнне Прыроды, але, не будзем забывацца, — Прыроды, якая сама створана Богам і атрымала ад Яго адпаведны імпульс. Такім чынам, Біблія дае нам зразумець, што ў пэўнай ступені Чалавек — прадукт эвалюцыі Прыроды, Чалавек — істота біялагічная і не можа жыць па-за межамі прыроднай прасторы. Дарэчы, адсюль вынікае і неабходнасць захоўваць гэтую прастору, берагчы яе. Чалавек створаны, каб клапаціцца пра ўсё жывое, бо ён сам — арганічная частка жывога.

...Такім чынам, у першым аповедзе даволі яскрава падкрэслены біялагічны, натуральны пачатак у Чалавеку: ён створаны разам з жывёламі, адразу за імі (хоць і выдзелены тым загадкавым, што толькі ён — паводле вобраза і падабенства Божага). Старажытны каментар падкрэслівае: Чалавек таму створаны апошнім, каб не заносіўся высока, каб памятаў, што які-небудзь камар — і той створаны раней за яго, што ўсе жывыя істоты патрэбныя Богу і служаць агульнай гармоніі. Як і ўсіх жывёлаў, Бог благаслаўляе Чалавека і наказвае яму, як і ім, пладзіцца і памнажацца. Першы аповед можна назваць космацэнтрычным, бо ў цэнтры ўвагі Бога — і чытача тэксту — універсум, яго станаўленне, законы яго развіцця, якім падпарадкаваны і Чалавек. Хоць ён і пануе над прыродным светам, але адначасова абслугоўвае і прыродны свет.

Другі аповед пра стварэнне свету (Быц 2, 4—25) можна вызначыць як антрапацэнтрычны, бо ў дадзеным выпадку менавіта Чалавек — і Чалавек як асоба — у цэнтры Божай задумы, усё астатняе падпарадкавана асэнсаванню месца чалавека ў сусвеце. Тут пра Стварэнне свету сказана вельмі сцісла, а галоўная ўвага аддадзеная Чалавеку і яго ўнутраным праблемам — праблемам яго экзістэнцыяльнай самоты і душэўных супярэчнасцяў. Адпаведна другому аповеду, Чалавек быў створаны яшчэ да ўзнікнення расліннага і жывёльнага свету, а апошні быў Богам аддадзены пад асаблівы клопат Чалавеку і на карысць яму. Больш таго, менавіта ў другім аповедзе распавядаецца, як Чалавек дае назовы — імёны — усім жывым істотам, а гэта значыць — надае ім сэнс, вызначае лёс і тым самым бярэ ўдзел у станаўленні тварнага свету. У другім аповедзе Чалавек не толькі ўключаны ў прыродную прастору, але і проціпастаўлены ёй: для яго «агароджана» Богам асаблівая культурная прастора — Эдэмскі Сад, і квіценне гэтага Саду павінен падтрымліваць Чалавек. У «культурнай прасторы», проціпастаўленай «прасторы натуральнай», Чалавек адчуе сваю непазбыўную самоту, пранізлівую тугу па іншаму Чалавеку — па Другому, у стасунках з якім наша жыццё набывае сэнс. І тут, у гэтым таямнічым Садзе, з'явіцца жанчына, будзе ўсталяваная Богам інстытуцыя шлюбу і сям'і, а потым адбудзецца падзея, якая стане пачаткам і вытокам складанай, амбівалентнай — жахлівай і высокай — гісторыі чалавецтва. Гэтая падзея, пра якую мы даведваемся ўжо за межамі аповеду пра стварэнне свету і Чалавека, — пераход ад няведання да ведаў, пераход, звязаны з парушэннем Запаведзі Божай, так званае грэхападзенне.

Такім чынам, мы бачым, наколькі розныя два аповеды. Дарэчы, самая старажытная экзэгеза — юдэйская — лічыць, што яны абсалютна супадаюць у часе: аповеды распавядаюць не пра тое, што адбылося адно за адным, але менавіта пра тое самае, але па-рознаму. Больш таго, габрэйскія мудрацы лічаць, што і падзеі, звязаныя з грэхападзеннем, адбыліся ў межах Сямі Дзён Стварэння, дакладней — Адам і Ева паспрабавалі плод з Дрэва Пазнання яшчэ ў Дзень Шосты, за тры гадзіны да надыходу святой Суботы. І да яе ж надыходу яны былі выгнаныя з Эдэмскага Саду, пасля чаго Бог ужо нічога не перарабляў, не змяняў у сваёй задуме наконт свету. Вось і адно з магчымых тлумачэнняў наяўнасці двух аповедаў: першы дае агульны план Божай задумы, другі — яе непасрэдную рэалізацыю, звязаную з некаторымі зменамі і ўдакладненнямі. Але, можа, яшчэ больш важна тое, што два аповеды даюць розныя праекцыі аднаго і таго ж працэсу, высвятляюць розныя яго бакі, падпарадкоўваючыся не элементарнай, а духоўнай логіцы. Невыпадкова ж і Бог выступае тут у розных сваіх праявах, з якімі суаднесены Яго розныя імёны: Элагім («множная вялікасць») — праяўленне Бога як Творцы і Уладара універсуму — і невымоўны Тэтраграмматон (чатыры літары, што замяняюцца словам АданайБог), які сімвалізуе літасць і міласэрнасць у адносінах Бога да свету і перш за ўсё — да Чалавека (у нашым зямным досведзе адлюстраванне гэтай любові Бога да Чалавека можна знайсці толькі ў самаахвярнай любові маці да свайго дзіцяці).

Але ж і Чалавек, як мы ўжо адзначылі, паўстае ў гэтых аповедах у розных сваіх праявах. Вядомы рэлігійны філосаф ХХ ст. рабі Ёсэф Салавейчык вельмі слушна вызначыў Чалавека першага аповеду як «чалавека фізічнага» (ці «чалавека прыроднага»), а Чалавека другога аповеду — як «чалавека метафізічнага». Мысляр пісаў: ««Фізічны чалавек» вядзе інстынктыўнае біялагічнае існаванне, якое з матэматычнай дакладнасцю абмежавана біялагічнымі законамі. Ён экстрэмальна прагматычны і не здольны да рэзкіх зменаў. Толькі тады, калі чалавек парывае з фізічнай прыродай, адмаўляючыся прызнаваць межы, калі ён марыць, калі ён прагне бязмежнасці, толькі тады ён можа дасягнуць велічы. У другім раздзеле паказаны чалавек «метафізічны», які цягнецца да бязмежнасці і прагне шчасця. «Фізічны чалавек» самазадаволены, «метафізічны» — заклапочаны»»1. Працягваючы разважанні свайго папярэдніка і настаўніка, сучасны каментатар П. Палонскі заўважае: «...з пункту гледжання Першага аповеду пра Стварэнне, свет валодае незалежнай каштоўнасцю... З пункту гледжання Другога аповеду, каштоўнасцю валодае выключна чалавек, а іншы свет не заслугоўвае нават падрабязнага апісання. ...У сувязі з гэтым адрозненнем у ацэнцы свету па-рознаму даецца таксама апісанне ролі чалавека: Адам Першага аповеду — гэта «валадар», а Адам другога аповеду — «свет у сабе»»2.

Несумненна, два аповеды ўзаемадапаўняльныя. Паспрабуем разабрацца, наколькі гэта магчыма, і ў тым, што іх аб'ядноўвае, і ў тым, што іх адрознівае, і ў тым, як усё гэта разам уплывае на наша разуменне прызначэння і сутнасці чалавека. Па-першае, скажам, што стварэнне Чалавека адзначана як трэцяя якасная ступень усяго працэсу велічнай і асаблівай працы Божай: менавіта тут гучыць непаўторны дзеяслоў бара, які не мае дакладнага лексічнага адпаведніка ні ў адной з вядомых нам моваў і можа быць перакладзены толькі апісальна: стварыў тое, што не існавала раней (нешта якасна новае), стварыў з нічога. Паказальна, што ўпершыню гэтае бара гучыць на пачатку Стварэння, калі свет узнікае як цэлае, другім разам — калі ствараецца жывое жыццё (арганічная матэрыя — у процілегласць неарганічнай), на трэці ж раз — калі ўзнікае Чалавек. Тым самым біблійны тэкст адзначае для нас тры асноўныя моманты космагенэзу. Больш таго: у другім аповедзе ў дачыненні да Чалавека ўжываецца дзеяслоў ваййіцэр — «вырабіў», і з асаблівым напісаннем — з па-двойнай літарай ёд (і кароткім). Згодна са старажытным тлумачэннем, гэта сведчыць, што стварэнне Чалавека кардынальна вылучана з усяго жывога: раслінны і жывёльны свет узнік паводле Слова Бога апасродкавана — са стыхій вады і зямлі, Чалавек жа быў «выраблены» Самім Богам. Дзве літары ёд сімвалізуюць тое, што Чалавек створаны адразу для двух светаў — для зямнога, матэрыяльнага, а таксама для іншага, будучага свету, дзе ён — і толькі ён, у адрозненне ад усіх жывёлінаў — паўстане перад Богам і будзе трымаць адказ за свае ўчынкі, і набудзе жыццё вечнае. І яшчэ: як ужо адзначалася намі раней (гл. папярэдні артыкул), толькі пасля стварэння Чалавека, напрыканцы Шостага Дня Стварэння, было сказана Богам тов мэод («вельмі добра», дакладней — «добра вельмі») у дачыненні да ўсяго створанага. І хоць гэтыя словы — і нават простае тов («добра») — не вымаўленыя непасрэдна пасля апісання стварэння Чалавека, але ж сусвет набывае стан тов мэод толькі тады, калі ў ім прысутнічае Чалавек. І вось што цікава: тоячы ў сабе шматмерныя сэнсы, тэкст уключае нас у дзівосную гульню слоў. Так, слова мэод на іўрыце складаецца з трох літараў (ад пачатку на гэтай старажытнай мове не пішуцца галосныя): мем, алеф, далет (так гучаць іх назовы ў алефбэце — алфавіце). Але ж гэта — тыя самыя літары, якія складаюць у арыгінале слова «чалавек»: адам — усё тыя ж, хоць і ў іншым парадку, алеф, далет, мем. Гэта яшчэ раз падкрэслівае, што без Адама — Чалавека — немагчыма дасягненне завершанасці і гармоніі універсуму; толькі ён спараджае асаблівую гармонію, без якой сусвет не мае сэнсу, але ён жа, Чалавек, як пакажа нам далейшы тэкст, можа самым небяспечным чынам парушаць гармонію Боскага быцця. Заўважым, што слова адам ужываецца ў тэксце (асабліва ў першым аповедзе) хутчэй не як імя асабістае, а як вызначэнне прынцыпова новага роду, створанага Богам, як радавое імя чалавека. Яно нават пішацца ў тэксце з пэўным артыклем (а няпэўнага ў іўрыце няма), які ніколі не ставіцца перад імёнамі ўласна асабовымі: «Вэівра Элогім га-адам...» («І стварыў Бог чалавека...» — Быц 1, 27; івра — асаблівая форма сучаснага часу, звернутага ў мінулае, усё ад таго ж дзеяслова бара). Але ж, вядома, услед за традыцыяй (юдэйскай і хрысціянскай) мы будзем з пашанай пісаць гэтае імя з вялікай літары: Адам — наш агульны бацька, родапачынальнік усяго чалавецтва. Адам Кадмон (Адам Першапачатковы) — так называе яго Кабала, габрэйская містычная традыцыя. Адам Кадмон — першавобраз усіх рэчаў, увасабленне ўсяго роду чалавечага; ён увабраў у сябе бязмежна добрыя якасці Божыя: мудрасць, веданне, прыгажосць, сілу...

І з першага, і з другога аповеду вынікае, што стварэнне Чалавека — галоўная мэта ўсяго Стварэння. І зноў зразумець дзёрзкі, наватарскі погляд Бібліі нам дапамагае параўнанне з навакольнай культурнай прасторай. Усе вядомыя нам старажытныя пісьмовыя культуры Блізкага Усходу асэнсоўвалі чалавека як свайго кшталту падручны сродак для абслугоўвання багоў. Асабліва яскрава гэта бачна на прыкладзе шумерскай і акадскай (вавілонскай) культураў. Ад іх дайшлі некалькі розных паданняў пра ўзнікненне чалавека, але ўсе яны падобныя ў пэўных асноўных момантах: чалавек ствараецца праз фізічныя намаганні божышча з гліны (як у шумерскіх паданнях) альбо з гліны, змяшанай з крывёю забітага божышча (як у вавілонскай «Паэме пра стварэнне свету», або «Энума эліш» — «Калі ўверсе...»); стварэнне чалавека вынікае з неабходнасці ўзяць каму-небудзь на сябе «цяжкія кашы багоў» (г.зн. — цяжкую, чорную, няўдзячную працу), сачыць за «хлявамі багоў» — іншымі словамі, забяспечваць у першую чаргу багоў ежай і адзеннем, а ўжо потым клапаціцца пра сябе. Так ці інакш, толькі ў Бібліі слова «Чалавек» пачынае вымаўляцца «з вялікай літары», толькі ў ёй ён становіцца не сродкам, а мэтаю, тым, дзеля каго створаны зямны свет.

У аповедзе пра «першага Адама» мы інтуітыўна адчуваем, што ключавымі для разумення Божай задумы наконт Чалавека з'яўляюцца наступныя словы: «Зробім Чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага...» (Быц 1, 26). У такой кароткай фразе — такое мноства загадак! Да каго звернута гэтае «зробім» — наасэ? Сапраўды, дзеяслоў стаіць у арыгінале ў першай асобе і множным ліку. Як сумясціць гэта з нашым веданнем пра Божае Адзінства? Ужо ў сівой старажытнасці людзі шукалі на гэтае пытанне адказы і дзівосна тое, што знаходзілі самыя розныя — яшчэ адно пацверджанне здольнасці Вечнай Кнігі спараджаць розныя прачытанні, не вычэрпваючыся да рэшты (на думку слыннага пісьменніка Умбэрта Эка, гэта і ёсць паказчык «мастацкасці» тэксту). Цікава, што адзін з самых старажытных габрэйскіх каментараў да Кнігі Быцця асабліва вылучае гэтае месца, падкрэслівае яго для нас. Паводле падання, калі прарок Майсей запісваў Тору з вуснаў Усявышняга, ён спыніўся, пачуўшы «зробім Чалавека», і спытаў: «Божа, чаму ж ты кажаш «зробім», калі я ведаю, што Ты — Адзін? Ці не спатыкнуцца на гэтым недасканалыя галовы?» На гэта Бог сказаў прароку: «Пішы, пішы! Той, каму наканавана спатыкнуцца, спатыкнецца, а людзі разумныя — паразважаюць...» Тым самым старажытны каментар запрашае нас паразважаць і перш-наперш адкінуць недарэчнае і прымітыўнае тлумачэнне гэтага слова як паказчыка «рэліктаў» паганскай свядомасці ў біблійным тэксце ці, наогул, адсутнасці Адзінабожжа: «зробім» — значыцца, шмат багоў рабілі ці «асіставалі» галоўнаму. Такое тлумачэнне прымітыўнае хаця б таму, што літаральна ў наступным вершы цвёрда сказана: «І стварыў Бог Чалавека...» (Быц 1, 27). Не «стварылі» — «стварыў»... Яшчэ адзін габрэйскі каментар сцвярджае, што Бог сказаў так таму, што раіўся з анёламі, якія нябачна прысутнічалі пры стварэнні Чалавека. Пры такім падыходзе дзеянне Бога становіцца парадыгмаю для кожнага чалавека: перад сур'ёзным крокам у жыцці трэба параіцца з іншымі людзьмі, нават з тымі, чые парады табе не вельмі патрэбныя. Дарэчы, згодна з паданнямі, анёлы ўстрывожыліся, калі пачулі пра задуму Бога і асабліва — пра свабоду волі, якую Ён вырашыў даць Чалавеку. І нават папярэджвалі, што гэта можа прывесці да цяжкіх наступстваў і пакутаў Самога Бога. Але Ён — Святы, Благаслаўлёны, Ён — выслухаў усё гэта і стварыў Чалавека.

Безумоўна, хрысціянская экзэгеза бачыць у таямнічым «зробім» першае вельмі важнае ўказанне на Тройцу, на трыадзіную прыроду Бога. «Зробім» — гэта гавораць Бог-Айцец, Бог-Сын, Які выступае як увасабленне самога Слова Божага, і Дух Святы. Паводле Дантэ Аліг'еры, які абапіраецца на каталіцкую экзэгезу, гэта «Найвышэйшая Сіла, Паўната Ведання і Любоў» — тая самая Любоў, што «рухае Сонца і зоркі» (як вядома, гэтым радком завяршаецца Дантава «Камедыя»). Мы бачым, якія бязмежныя глыбіні адкрываюцца ў кожным слове тэксту. Але ёсць яшчэ адно тлумачэнне — агульнафіласофскага, агульначалавечага плану. Магчыма, гэтае «зробім» звернута да самога Чалавека, які павінен свядома адгукнуцца на імпульс волі Божай, стаць Чалавекам. Здаецца, тэкст падкрэслівае, што працэс станаўлення Чалавека, працэс сталення Асобы магчымы без намаганняў самога Чалавека. Так і ў жыцці кожнага з нас: прыходзячы ў гэты свет, мы атрымліваем вялізны патэнцыял, што даецца нам Богам, але як мы яго рэалізуем — залежыць ад нас. Такім чынам, кожны з людзей так ці інакш паўтарае ў сваім лёсе тое, што адбылося з «першым» Адамам: з Божай дапамогай (усведамляе гэта чалавек ці не) і сваімі намаганнямі кожны становіцца тым, чым ён ёсць. Дарэчы, выхоўваючы нашых дзяцей, дапамагаючы ім пасталець, мы міжволі паўтараем вялікую Боскую формулу — «зробім». Так, збіраючыся пайсці з малым дзіцём на прагулку, маці скажа: «А цяпер абуем чаравічкі і пойдзем на вуліцу». А настаўнік на ўроку скажа сваім вучням: «А цяпер зробім такое практыкаванне..» Чаму яны ўжываюць гэтую форму дзеяслова ў першай асобе і множным ліку? Безумоўна, таму, што гэта формула вучнёўства, навучання, перадачы духоўных і практычных ведаў, формула сутворчасці. Да сутворчасці і запрашае Бог Чалавека. Цікава, як тлумачыў словы «зробім Чалавека» знакаміты пачынальнік хасідызму Баал-Шэм-Тоў («Уладар Добрага Імя») — Бешт, што жыў на Украіне ў ХVІІІ стагоддзі. На пытанне сваіх вучняў, чаму Бог так гаворыць, ён адказваў: «А гэта Святы, Благаславёны Ён, кажа Чалавеку: «Калі ты не дапаможаш мне, як жа Я дапамагу табе? Давай жа аб'яднаемся і створым разам што-небудзь добрае — цябе, Чалавек». Заўважым, што такое разуменне загадкавай формулы «зробім Чалавека» дазваляе ўбачыць у ёй вельмі важную для ўсяго біблійнага тэксту ідэю — ідэю свабоды волі, свабоды маральнага выбару, без якога Чалавек не можа быць Чалавекам.

Не менш важным у вызначэнні Чалавека з'яўляецца славутае «паводле вобразу і падабенства Божага». Менавіта гэты выраз часта разумеюць няправільна, пераносячы яго на фізічную, цялесную прыроду чалавека, маючы на ўвазе яго знешняе аблічча. Гэта, відаць, адбываецца амаль несвядома ў тых людзей, якія не вельмі задумваюцца над сутнасцю Божага вобразу ў Бібліі, не разумеюць кардынальнага яго адрознення ў параўнанні з успрыманнем багоў паганскай свядомасцю. Гэта паганская міфалогія стварала багоў адпаведна з вобразам чалавека, надзяляла іх цялеснасцю і формай (як жартаваў у свой час знакаміты французскі асветнік Шарль Луі Мантэск'ё, калі б у трохвугольнікаў былі багі, то яны б мелі трохвугольную форму). А ў межах біблійнага светапогляду ўсё якраз наадварот: Бог стварае Чалавека паводле вобразу, які Ён задумаў, і паводле Свайго вобразу. Але ж — нагадаем самае галоўнае — гэты Вобраз прынцыпова нятварны, няствораны; Бог — абсалютная духоўнасць, Ён не мае аніякай бачнай, выяўнай формы. Яшчэ вельмі старажытны каментар гаварыў, што слова цэлем («вобраз») мае на ўвазе духоўны склад чалавека. Так, толькі ў гэтым сэнсе можна разважаць пра вобраз Божы і падабенства Божае ў Чалавеку. Здаецца, гэтае Богападабенства выўляецца ў трох асноўных якасцях, дадзеных Богам Чалавеку, і толькі Чалавеку. Першае — асобасны ўзровень чалавечага розуму. Чаму мы падкрэсліваем, што ён асобасны? Таму, што розум існуе і ў Прыродзе. Так, Прырода жыве паводле на дзіва разумных законаў, і чым больш мы яе пазнаем, тым больш упэўніваемся ў гэтым, як і ў тым, што самі сабой, стыхійна, такія законы не маглі ўзнікнуць. Нагадаем знакамітыя словы Вальтэра, якія заўсёды цытаваліся ў савецкіх падручніках і кнігах у скарочаным выглядзе нібыта доказ ягонага «атэізму»: «Калі б Бога не было, яго трэба было б выдумаць...» Ды ў Вальтэра ёсць працяг, які ўшчэнт знішчае «атэістычны» сэнс выказвання: «Але ўся Прырода крычыць пра Яго існаванне» (варыянт: «Але хто ж, маючы здаровы розум, будзе сумнявацца ў Яго існаванні»). Так, Прырода сапраўды «крычыць» пра існаванне Творцы. Але ж розум у Прыродзе існуе дыфузна, на ўзроўні нейкай праграмы. Разумная Прырода ўсё ж такі не мысліць, не ўсведамляе сябе. І толькі Чалавек, як і Бог, з'яўляецца Асобай, якая асэнсоўвае свае паводзіны, кантралюе іх, сама стварае «праграму» свайго быцця. Другое — і, здаецца, галоўнае: толькі Чалавек з усіх жывых істотаў, створаных Богам, надзелены, як і Ён, свабодаю выбару. Але калі Бог у Яго дасканаласці заўсёды выбірае дабро, то чалавек можа вагацца паміж дабром і злом і выбіраць зло. Больш таго, юдэйская традыцыя дадае, што ў гэтым сэнсе чалавек вальнейшы і складанейшы за анёлаў, бо яны не могуць выбіраць, з'яўляючыся інструментамі ў Божых руках. І, нарэшце, трэцяе, што вынікае з усяго папярэдняга: толькі Чалавек здольны да духоўнага самаўдасканалення і да творчасці. Ён таксама стварае свае светы, стварае мастацтва, стварае культуру і цывілізацыю, і ў гэтай крэатыўнай здольнасці ён падобны на Бога. Згодна са старажытным каментарам, слова дмут («падабенства») ужываецца ў Пяцікніжжы тады, калі трэба вызначыць з'яву, якая не мае аналагаў. У дадзеным выпадку маецца на ўвазе духоўны свет Чалавека, яго свядомасць.

Як мы ўжо казалі, «першы» Адам створаны як арганічная частка светабудовы, і ў той жа час ён нібыта ўбірае ў сябе гэтую светабудову. Так, менавіта Адам першага аповеду надзелены з самага пачатку сексуальным жыццём: як і іншых жывых істотаў, Бог стварыў яго як мужчыну і жанчыну і наказаў пладзіцца і памнажацца, гэта значыць — нараджаць дзяцей. Адам першага аповеду не ведае самоты і ўнутраных дысанансаў. «Да той пары, пакуль існуе сусвет, ён не будзе самотным», — заўважае р. Ёсэф Б. Салавейчык3. Але ж ёсць пэўны парадокс у тым, як апісана стварэнне «першага» Адама: тут нічога не гаворыцца пра яго фізічную прыроду, пра яго цялеснасць (акрамя ўказання на сексуальнае жыцце); наадварот, менавіта тут гаворка ідзе пра вобраз і падабенства Божыя. Таму, можа, трэба прыслухацца да думкі выдатнага знаўцы старазапаветных тэкстаў Д. У. Шчадравіцкага: ««Першы» Адам па ўсіх прыкметах сімвалізуе дух чалавека. Ён азначае чалавека духоўнага, веданням і сілам якога няма мяжы, які ўладарыць над усёю зямлёю, з'яўляючыся падабенствам і вобразам Божым. Агада, старажытнагабрэйскі зборнік легендаў, паданняў і тлумачэнняў, шмат увагі аддае падрабязнасцям стварэння Адама. Адзін агадычны каментар кажа: Адам быў створаны «ад краю неба да краю неба» — такі ён быў вялізны (пар. Друг 4, 32). Гэта трэба, вядома, разумець не літаральна: хутчэй за ўсё гэта тычыцца велічнасці духа чалавечага, што абдымае ўвесь свет»4. Можа, і так (у рознасці інтэрпрэтацый ізноў адкрываецца бязмежная глыбіня біблійнага тэксту). Але ж бясспрэчна, на нашу думку, адно: «першы» Адам, суцэльны і гарманічны, не ведае ўнутраных дысанансаў. Ён жыве ў гармоніі з Прыродай і пануе над светам зямным, як Бог пануе над сусветам.

...Цяпер угледзімся — дакладней, учытаемся, услухаемся — у апісанне стварэння «другога» Адама. Дарэчы, калі ў першым аповедзе ўжываўся перш-наперш дзеяслоў бара («стварыў [якасна новае]»), то ў другім — йацар (дакладней у тэксце — ваййіцэр), які таксама можна перакласці як «стварыў», але ён мае асаблівае сэнсавае адценне: «сфармаваў», «сканструяваў», «вырабіў», «перастварыў [з таго, што ўжо было]»: «І вырабіў Пан Бог Чалавека з пылу зямнога, і ўдзьмуў у ноздры яго дыханне жыцця, і стаў Чалавек душою жывою» (Быц 2, 7). З гэтага вынікае, што, стварыўшы нешта якасна новае (першапачатковага Адама), Бог перастварыў яго, надаў яму больш складаную форму і сутнасць. Калі «першы» Адам — Адам Кадмон — быў суцэльны і гарманічны, то «другі» — Адам Афар («чалавек з пылу», «чалавек з праху») — заяўлены як больш складаны і супярэчлівы. Па-першае, ён мае дыхатамічную прыроду: з аднаго боку — мін га-адама («з зямлі»), з другога — ён мае нішмат хайім («дыханне жыцця», ці «душу жыватворную»). Гэта значыць, што ён злучае пачатак тленны, смяротны, і несмяротны — вечную душу, часцінку Руах га-кодэш — Духа Святога. Чалавек, гаворыць нам Біблія, ёсць істотаю духоўна-цялеснаю. Выраз «з пылу зямнога», ці з «зямлі», як мы ўжо адзначалі, не трэба разумець літаральна: гэта ўказанне на тое, што чалавек мае матэрыяльнае, рэчыўнае цела, што ён — «дзіця зямлі», што ён таксама ў пэўным сэнсе жыве паводле біялагічных законаў, якім падуладнае ўсё жывое. Невыпадкова адама («зямля») — слова таго ж кораня, што і адам — «чалавек». Але адначасова гэтае слова блізкае па гучанні да адамэ — «стану падобным» (адамэ ле Эльён — «стану падобным да Усявышняга») — і, магчыма, утрымлівае ў сабе ўказанне на духоўную веліч Чалавека. Адпаведна з логікай Бібліі, толькі тады, калі біялагічная істота атрымлівае часцінку Божага дыхання — найвышэйшую душу (нішмат хайім), Чалавек становіцца сапраўды жывым — і таксама ў двух сэнсах. Па-першае, ад найвышэйшай — разумнай — душы атрымлівае жыццё душа жывёльная (нефеш), якая ажыўляе цела Чалавека праз яго кроў, але пасля смерці не пераходзіць у жыццё вечнае. Апошняе дадзена толькі той часціне, што завецца нешама — разумны дух, найвышэйшая душа. Гэтае ж слова — нешама — прагучыць у Кнізе Прыпавесцяў Саламонавых: «Свяцільня Госпада — душа чалавека...» (Прып 20, 27). Па-другое, толькі ўвабраўшы ў сябе найвышэйшую духоўную сутнасць, Чалавек становіцца асобай. «Увесь гэты верш ... апісвае ўздзеянне духа на падуладныя яму сферы і ўзроўні чалавечай істоты дзеля свайго праяўлення на зямным, рэчыўным узроўні», — піша Д.У.Шчадравіцкі5.

...Але супярэчлівасць Чалавека заяўлена ў другім аповедзе не толькі як супярэчлівасць духа і цела. Гаворка ідзе пра супярэчлівасць самой разумнай душы, якая можа натхняць Чалавека і на дабро, і на зло (этымалагічна нешама звязаная з нашам, што значыць, акрамя «дзьмуць», «надаваць дыханне», яшчэ й «натхняць»). Нагадаем пра падвойны ёд у дзеяслове ваййіцэр («і вырабіў»). Як кажа старажытны каментар, гэта ўказанне не толькі на прыналежнасць чалавека да двух светаў — матэрыяльнага і духоўнага, але і на дваістасць яго душы. П.Палонскі піша: «Само па сабе слова йецэр азначае «страсць», «імкненне». І таму апісаны ў Торы «падвойны йецэр у душы чалавека» трэба ўспрымаць перш за ўсё як наяўнасць адначасова імкнення да дабра і імкнення да ліха, якія суіснуюць у нашай душы»6.

Як мы бачым, узнікненне Чалавека ў сапраўдным сэнсе гэтага слова палягае, на думку Бібліі, за межамі антрапалогіі ў яе біялагічным сэнсе. У Чалавеку злучаюцца дзве велічныя сферы — Прырода і Дух, і, магчыма, парадокс першага аповеду, калі чыста духоўнае стварэнне «паводле вобраза і падабенства Божага» тычыцца «фізічнага» Чалавека як часткі Сусвету, атрымлівае тлумачэнне ў другім аповедзе: здзейсніць духоўнае прызначэнне Чалавек можа толькі ў дваістасці і адначасова адзінстве плоці і духу. Чалавеку ў адрозненне ад усіх жывых істотаў дадзена «іскра Божая» — яго несмяротная душа, яго высокі розум, яго свядомасць. Дарэчы, дасюль застаецца найвялікшай таямніцай праца нашага мозгу пры тым, што добра вывучаны яго рэчыўны склад, тыя хімічныя рэакцыі, што ў ім адбываюцца. Але чаму чалавек мысліць і стварае, калі не мысліць і не стварае прымат, у якога мозг мае такую ж вагу і аб'ём? Можа, справа ў асяроддзі? Навукоўцы-антраполагі ішлі на дзёрзкія эксперыменты: бралі толькі што народжанага прымата і выхоўвалі з чалавечым немаўлём (сваім дзіцем). Дзіўна: да трох месяцаў яны супадалі ў сваім развіцці і рэакцыях, але пасля гэтага тэрміну дзіця рабіла такі рэзкі скачок наперад, што назаўжды пакідала ззаду беднага прымата... Сёння навуцы зразумела, што бездань, якая палягае паміж свядомасцю чалавека і свядомасцю найвышэйшых малпаў, такая ж непераадольная, як паміж свядомасцю апошніх і якой-небудзь інфузорыяй-туфелькай. Зразумела таксама, што свядомасць чалавека — вынік грандыёзнага мутацыйнага скачка. Але хто б сказаў, чым (ці кім) ён выкліканы! Застаецца ўслухоўвацца ў біблійныя словы ці прыслухацца да слоў Г.К.Чэстэртана: «Узнікненне Чалавека — гэта не эвалюцыя; гэта, хутчэй, рэвалюцыя».

Асаблівае стаўленне Бога да Чалавека падкрэслена тым, што менавіта для яго, Свайго ўлюбенца, Усявышні стварыў асаблівую прастору — дзівосны Сад, ган Эден («сад асалоды»), знакаміты Эдэм. Гэты Сад Чалавек павінен быў захоўваць і апрацоўваць. Што сімвалізуе гэты Сад? Можа, тую гармонію духа і цела, унутраную гармонію душы, якую Чалавек не павінен згубіць ці да якой ён павінен прыйсці? Адразу згадваецца вальтэраўскае: «Кожны павінен апрацоўваць свой сад...» Але ж Эдэмскі сад свядома проціпастаўлены астатняй прыроднай прасторы як прастора культурная і як месца асаблівага іспыту, што будзе пасланы Чалавеку. Эдэм выступае, безумоўна, сімвалам шчаслівага няведання — можа, блажэннага, а можа — блазнаватага. Сапраўды, няведанне дае жыць проста і лёгка, а веды прыносяць страту цэласнасці, даюць адчуць складанасць сябе самога і свету, трагізм быцця. Нездарма ж мудры Эклезіяст скажа: «...у вялікай мудрасці шмат смутку, і той, хто памнажае веды, памнажае тугу» (Экл 1, 18). Але менавіта ў Эдэме і адбудзецца пераход да ведання, да пазнання — пераход, які, здаецца, наканаваны Чалавеку і без якога ён не стане Чалавекам, без якога немагчыма яго вечнае жыццё. Нездарма ж Сам Бог пасадзіў там два таямнічыя дрэвы — Эц га-Хайім (Дрэва Жыцця) і Эц га-Даат тов вэ-ра (Дрэва Пазнання дабра і зла). Самі іх назовы гавораць пра тое, што іх нельга ўспрымаць толькі як канкрэтныя дрэвы, яны сімвалізу.ць таямніцу жыцця і таямніцу пазнання. І Усявышні дазваляе Чалавеку есці плады ад усялякага дрэва, акрамя Дрэва Пазнання дабра і зла. Чым выкліканая гэтая забарона? Тым больш, што яна, магчыма, можа толькі падштурхнуць Чалавека яе парушыць. Як вядома, адзін з найстаражытнейшых архетыпаў, вядомых у сусветнай культуры, — забарона і яе парушэнне. Ды і навошта забараняць Веды? Мы ж прывыклі, што гэта паняцце высокае, святое. Як можа Чалавек без ведаў? Вядома, не можа. Дзе ж тут логіка? Дробязна і банальна тлумачыць забарону «рэўнасцю» Бога, які «баіцца», што Чалавек, паспытаўшы пладоў з Дрэва Пазнання, стане роўным Яму. Роўным Яму стаць немагчыма адпаведна з вызначэннем. Больш таго, калі Бог мог гэтага «баяцца», то навошта было ствараць Чалавека? Відаць, справа ў іншым. Бясконца любячы сваё самае дасканалае стварэнне, Бог хоча перасцерагчы яго і адначасова даць яму адчуць сваю свабодную волю — свабоду быць верным і свабоду адхіляцца ад веры. Перасцерагчы, бо Пазнанне сапраўды тоіць у сабе небяспеку і можа далёка завесці Чалавека і ўсё чалавецтва — нават да самазнішчэння. Здаецца, Бог хоча на пэўны час ахаваць свайго ўлюбёнца ад несвоечасовых ведаў, як мы жадаем абараніць сваіх яшчэ малых дзяцей ад ведання жахлівых і незразумелых ім бакоў жыцця. Душа Чалавека павінна была падрыхтавацца да ўспрымання такога няпростага, можа, нават жорсткага спазнання дабра і зла. Чалавек жа паспяшаўся... Але пра гэтае — пазней.

Пакуль жа, менавіта ў дзівоснай прасторы Эдэмскага саду, Чалавек востра адчуў сваю самоту. «І сказаў Пан Бог: нядобра быць Чалавеку аднаму; зраблю яму памочніка да пары яму [памочніка, які адпавядае яму]...» (Быц 2, 18). Упершыню прагучала з вуснаў Божых ло тов — «нядобра». Чаму ж нядобра, калі раней было сказана тов мэод — «добра вельмі»? Верагодна, справа ў тым, што настала пара Чалавеку ўсвядоміць сваю самоту, сваю тугу па Іншаму Чалавеку, перажыць самоту як духоўную прагу. Як тлумачыць р. Салавейчык, «слова левадо («самотны») мае два значэнні: аб'ектыўную самоту і суб'ектыўнае адчуванне самоты. Чалавек можа знаходзіцца ў натоўпе ў гарадскім парку і быць самотным. У рэальнасці прысутнасць натоўпу можа толькі ўзмацніць пачуццё самоты. Самотнае існаванне — гэта духоўны стан. Чалавек унікальны ў сваёй самоце — адчуванні, што яго не разумеюць. ...«Фізічны чалавек» ненавідзіць самоту і не спасцігае яе. Людзі, што ўсведамляюць сябе, ведаюць, што такое самота. Гэтае адчуванне ўзнікае з глыбіняў асобы»7. Так, можна пагадзіцца, што чалавек становіцца асобаю, калі ўсведамляе сваю самоту, сваю унікальнасць — а гэта значыць немагчымасць быць зразуметым да канца. Можа, таму ў «метафізічнай» прасторы Сада Чалавек першапачаткова унікальна самотны і тым самым адчувае прагу й тугу па такім жа самотным, як ён. І Бог здзяйсняе яго мару.

Наогул узнікае пытанне: чаму Бог стварае аднаго Адама, а не адразу ўсё чалавецтва? Чаму аднаго Адама, а не асобна мужчыну і жанчыну? І хоць у першым аповедзе мы чытаем, што Адам створаны захар у-нкева («мужчынам ды жанчынаю»), аднак разумець гэта можна па-рознаму, і ў Эдэме мы бачым толькі аднаго Адама. Вельмі важна тое, што чалавецтва, паводле логікі Святога Пісання, паходзіць ад аднаго агульнага продка, ад адных прабацькоў (дарэчы, Біблія была першай кнігай у сусветнай культуры, якая ўказала на агульны выток рода чалавечага). Як гаворыцца ў Агадзе, зроблена гэта для таго, каб ніхто на ўсёй зямлі не гаварыў другому: «Мой продак лепшы за твайго». Тым самым здымаюцца адразу ўсе магчымыя і немагчымыя расавыя тэорыі. З пункту гледжання Бібліі яны не маюць пад сабою аніякай глебы: усе людзі — дзеці Божыя, усе роўныя перад Богам. Немагчыма весці гаворку пра біялагічную ці інтэлектуальную перавагу аднаго народа над адным, а ўсе разыходжанні абумоўленыя шляхамі, якія мы выбіраем, гістарычнымі лёсамі, нашай здольнасцю ці няздольнасцю адгукнуцца на заклік Божы. Немагчыма весці і гаворку пра перавагу мужчын над жанчынамі ці наадварот, бо ўсе мы — людзі. Безумоўна, ствараючы аднаго Чалавека, Бог падкрэслівае яго унікальнасць і — тым самым — унікальнасць кожнага з нас. Кожны Чалавек — непаўторны свет, няма двух абсалютна падобных людзей, і Чалавека немагчыма кланіраваць, немагчыма «штампаваць» ці збіраць на канвееры. Кожны Чалавек нясе ў сабе ўвесь род чалавечы, як нёс яго Адам. Вось чаму габрэйскія мудрацы запісалі як вынік пасля абмеркавання раздзелаў Торы, якія апісваюць стварэнне Чалавека: «Чалавек — гэта цэлы свет, і той, хто губіць хаця б адну душу, губіць цэлы свет. Той жа, хто ратуе хаця б адну душу, ратуе цэлы свет».

Але ёсць яшчэ адно тлумачэнне, чаму ў Эдэме змешчаны адзін Адам. Як мы ўжо казалі, менавіта таму, каб ён адчуў сваю самоту і тугу па роўным сабе, па другой чалавечай асобе, па такому ж як ён, але Іншаму. Толькі ў стасунках з Іншым раскрываецца чалавек і адкрывае самога сябе, у самім сабе адкрывае здольнасць да самаахвярнай любові, праз любоў да бліжняга вучыцца самааддана і шчыра любіць Бога. Таму Усявышні і гаворыць: «Нядобра быць чалавеку аднаму...» Наконт гэтага ло тов («нядобра») Д.У.Шчадравіцкі піша: «...звязана яно з самотай, замкнёнасцю, адарванасцю чалавечай асобы, бо ў такім стане душа адлучаецца ад усеагульнай любові Божай, страчвае магчымасць самааддачы і самапапаўнення, і ліхія намеры могуць атрымаць да яе доступ. Так і органу цела, якому бракуе краватоку, пагражае амярцвенне...»8 Бог прыводзіць да Адама ўсіх створаных Ім жывых істотаў, каб той даў ім імёны (гэта значыць — не толькі стварыў мову, але і класіфікаваў усё жывое), а таксама вырашыў, ці знойдзе ён між імі тую істоту, з якой спазнае паўнату й гармонію быцця. Вядома, што чалавек не знаходзіць яе сярод жывёлаў, бо яму неабходны не толькі фізічны, але й духоўны партнёр. І тады Бог стварае жанчыну — як вядома, з рабра Адама.

Як жа зразумець гэта? Як першапачатковую падначаленасць жанчыны мужчыну? Але ці быў Адам Першапачатковы мужчына ў прамым сэнсе слова? Так, у першым аповедзе сказана, што Бог стварыў Чалавека «мужчынам і жанчынаю». Але тое, што стаіць у арыгінале — захар у-нкева — хутчэй азначае мужчынскі і жаночы род, злучаныя ў Адаме Першапачатковым (дарэчы, на іўрыце гэтыя словы — захар і нкева — і выкарыстоўваюцца для абазначэння граматычнай катэгорыі роду), а таксама наяўнасць у душы кожнага чалавека мужчынскага і жаночага пачаткаў. Як кажа старажытны каментар, мужчына і жанчына былі першапачаткова створаныя злітымі ў адно і, вядома, не паводле прынцыпу гермафрадытызму: Чалавек меў андрагінную прыроду, гэта значыць, што два пачаткі ў ім былі злучаныя ў недасягальнай цяпер гармоніі. Але ж гармонія непазбежна павінна была парушыцца, як толькі чалавек усвядоміў сваю адзіноту. Таму Бог ускладняе «праграму» — падзяляе Чалавека на мужчыну і жанчыну. Справа ў тым, што слова цэла, якое традыцыйна перакладаецца, пачынаючы з Септуагінты, як рабро, рабрына, мае на іўрыце яшчэ некалькі значэнняў: «кант», «старана», «частка», нават «палова». У адным з сучасных перакладаў Торы на рускую мову так і сказана: «І стварыў Пан Бог з той часткі, якую [Ён] узяў з [цела] Чалавека, жанчыну...»9. Такім чынам, можна зразумець, што Бог вылучае жаночую «частку», жаночую «палову» з андрагіннага Адама (нездарма ж муж і жонка часта кажуць адно пра адно: «мая палова»). «І сказаў Чалавек: вось, гэта костка ад касцей маіх і плоць ад плоці маёй; яна будзе звацца жонкаю, бо ўзятая ад мужа» (Быц 2, 23). У арыгінале глыбінная сувязь — не толькі фізічная, але і духоўная — мужа і жонкі падкрэсленая тым, што гэтыя словы на іўрыце аднаго кораню: ішіша.

Задумваючы падзяленне мужчынскага і жаночага пачаткаў, Бог вымаўляе дзіўныя словы: «...зраблю яму эзэр кенегдо» — літаральна — «памочніка супраць яго» ці «памочніка-праціўніка». Само гэта вызначэнне ўтрымлівае ў сабе дыялектычную супярэчнасць, якая мае на ўвазе адзінства. Гэта цудоўна выказалі яшчэ найстаражытнейшыя каментатары тэксту. Так, у талмудычным трактаце «Йевамот» запісана: «Сказаў рабі Эліэзер: «Што [значыць] сказанае: 'зраблю яму памочніка супраць яго'? Будзе ён годны — памочнік, не будзе ён годны — праціўнік»»10. Сучасная каментатарка і даследчыца Н.Лейбавіч працягвае гэтую думку: «Толькі калі яны «годныя», калі яны абодва робяць дабро і чыстыя перад Богам, дзве процілегласці злучаюцца і прыляпляюцца адна да аднае, і ствараецца гармонія»11. Так, мужчына і жанчына — у пэўным сэнсе дзве процілегласці, што не могуць існаваць адна без адной, не могуць спасцігнуць сябе адно без аднаго, і яны могуць ствараць гармонію, калі адчуваюць у сваім жыцці прысутнасць Трэцяга — Бога. Згодна са старажытнымі тлумачэннямі, Бог прысутнічае ў сапраўднай сям'і, што жыве паводле законаў Божых. Запаведдзю, што ўсталёўвае шлюб і сям'ю як найважнейшыя формы чалавечага жыцця, завяршаецца аповед пра стварэнне мужчыны і жанчыны і Чалавека наогул: «Таму пакіне чалавек бацьку свайго і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць адной плоццю» (Быц 2, 24). Дакладней, тут адразу дзве запаведзі: аб неабходнасці шлюбу і сям'і, а таксама аб нараджэнні дзяцей. Сапраўды, толькі ў дзіцяці двое, што пакахалі адно аднаго, стануць сапраўды адной плоццю. Як дзівосна, што стасункі ў сям'і, паміж мужам і жонкай, Біблія вызначае як «прыляпленне» — гэтаксама, як і стасункі паміж Богам і чалавекам, бо не аднойчы чытаем мы гэты палкі заклік да душы чалавечай: прыляпляцца да Бога, хадзіць шляхамі Яго...

Такім чынам, у двух аповедах пра стварэнне Чалавека сцісла і разам з тым глыбока гаворыцца пра найважнейшы сэнс чалавечага быцця. Перад намі паўстае Адам як род чалавечы і Адам як асоба, чалавек «фізічны» і чалавек «метафізічны», чалавек самадастатковы і чалавек, што, адчуўшы неверагодную самоту, імкнецца да другога чалавека, ірвецца да ведаў пра свет і самога сябе... Здаецца, усё было зроблена Усявышнім для сусветнай і чалавечай гармоніі: «І былі абое голыя, Адам і жонка яго, і не саромеліся» (Быц 2, 25). Як разумець гэтую адсутнасць сораму? Вядома, адсутнасцю граху. А ў тэксце, такім на першы погляд простым, ізноў ёсць таямніца: арум — «голы» — мае агульны корань з дзеясловам арам — «прасякаць», «пранікаць», «быць праніклівым». Такім чынам, арум можна зразумець як «праніклівы», «мудры», а яшчэ — «бачны наскрозь», «адкрыты для Бога». Сапраўды, першыя людзі былі адкрытыя перад Богам як на далоні, нічога не хавалі ад Яго. Аднак хутка, вельмі хутка, зрабіўшы пэўны крок, яны пачнуць хавацца... Але пакуль што пакінем іх у радаснай і шчаслівай гармоніі.

Заканчэнне будзе.


  1. Соловейчик Й.Б. Община Завета. Иерусалим, 1989. — С. 24—25.
  2. Полонский П. Две истории Сотворения мира. Иерусалим, 1999. — С. 96.
  3. Соловейчик Й.Б. Община Завета. — С. 26.
  4. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: В 8 ч. Ч. 1. Книга Бытия. М., 1994. — С. 44.
  5. Тамсама. — С. 45.
  6. Полонский П. Две истории Сотворения мира. — 133.
  7. Соловейчик Й.Б. Община Завета. — С. 26.
  8. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: В 8 ч. Ч. 1. Книга Бытия. — С. 50.
  9. Пятикнижие Моисеево, или Тора / Перевод и отбор комментариев З.Левина, Б.Хаскелевича, Й.Векслера; под общ. ред. проф. Г.Брановера: В 5 т. Т. 1. Брейшит. М., 5752 (1991). — С. 51.
  10. Цыт. па: Лейбович Н. Новые исследования Книги Брейшит в свете классических комментариев. Иерусалим, 1997. — 21.
  11. Тамсама.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY