Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(20)/2002
Мастацтва
Юбілеі (Да 120-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы)
Пра самае важнае
Haereditas

МАЕ ПАДАРОЖЖЫ

АПАВЯДАННІ
Мастацтва
У свеце Бібліі
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Проза

ЗАБОЙЦА АНЁЛА
Постаці

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР
Культура
Пра самае важнае

Наталля МАЗОЎКА

ПРАЛАТ СТАНІСЛАЎ ШАНТЫР

Імя гэтага чалавека сёння на Беларусі мала каму вядомае. Аднак у свой час, у перыяд, што супаў з падзеламі Рэчы Паспалітай, і пазней ён адыграў значную ролю і ў гісторыі Касцёла на Беларусі, і ў гісторыі Слуцка.

Станіслаў Урсын Шантыр нарадзіўся 7 верасня 1764 года ў вёсцы Горспля Полацкага павета ў сям’і земскага суддзі. Калі ў 1779 годзе Станіслаў Чарневіч, тагачасны рэктар Полацкага езуіцкага калегіума, выклапатаў у імператрыцы Кацярыны II і мітрапаліта Станіслава Богуш-Сестранцэвіча дазвол на адкрыццё навіцыяту езуітаў у Полацку, сюды ў шматлікіх шэрагах здольнай моладзі 28 студзеня 1780 года паступіў і Шантыр. Ужо ў той час ён вызначаўся красамоўствам, жывым розумам, моцнай воляй, нязломным характарам.

У 1787 годзе Шантыр пачаў вывучаць тэалогію ў Полацкім езуіцкім калегіуме, але ўжо 8 чэрвеня 1788 года выйшаў з ордэна езуітаў. Гэта было выклікана, верагодна, тагачасным становішчам ордэна. У 1773 годзе папа Клімент XIV сваёй булай «Dominus ac Redemptor noster» забараніў яго дзейнасць. Аднак Кацярына II, насуперак рашэнню папы, захавала ордэн на землях усходняй Беларусі, далучанай да Расійскай імперыі ў выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Старэйшыя і больш дасведчаныя сябры ордэна супакойвалі сваіх сабратоў, што ў Расійскай дзяржаве була не набыла моцы закону, а таму няма падставаў да хвалявання. Аднак у 1783 годзе папскі нунцый Ян Анджэй Аркеці, накіроўваючыся ў Пецярбург, завітаў у Оршу і Віцебск і папракнуў ордэн у непаслушэнстве Апостальскай сталіцы. У выніку манахі пачалі пакідаць кляштарныя муры. Пазней гэтак жа паступіў і 24-гадовы Шантыр, бо, паводле ягоных слоў, «не мог знесці чарвячка баязлівага сумлення».

Стаўшы свецкім ксяндзом, Станіслаў Шантыр паспяхова ўздымаўся па іерархічных прыступках. У хуткім часе ён заняў пасаду каноніка смаленскага, потым – сакратара Магілёўскай кансісторыі. Неўзабаве Шантыра наблізіў да сябе мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч, зрабіўшы яго кіраўніком сваёй канцылярыі. Шантыр, які меў тады значны ўплыў сярод беларускіх іерархаў, атрымаў ступень пралата і ўвайшоў у склад Рыма-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, стаў яе асэсарам. Гэта быў кульмінацыйны момант у яго кар’еры і сяброўстве з Сестранцэвічам, бо з гэтага часу і ажно да смерці яны заставаліся заклятымі ворагамі.

Пачалося з таго, што ў 1805 годзе самалюбны мітрапаліт, які ў сваёй дзейнасці імкнуўся да абсалютнай улады, падаў тагачаснаму міністру юстыцыі П. В. Лапухіну праект рэфармавання духоўнай іерархіі. Гэта выклікала занепакоенасць сяброў Духоўнай калегіі. Аднак, абураючыся ўчынкам Сестранцэвіча, ніхто з іх не зрабіў аніякіх крокаў, каб прадухіліць яго намеры. Не спалохаўся толькі Шантыр. Ён неадкладна падаў імператару Аляксандру I прашэнне, да таго ж, складзенае настолькі талкова, што той адразу загадаў адклікаць праект мітрапаліта. З боку Шантыра гэта быў адважны крок, бо ўсе добра ведалі пра помслівасць Сестранцэвіча.

Ужо ў наступным годзе Станіслава Шантыра выдалілі з Духоўнай калегіі і пазбавілі ўсіх бенефіцыяў. У 1808 годзе ён быў высланы ў Віленскую дыяцэзію, дзе атрымаў сціплую парафію ў Мілейчыцах. А калі ў 1811 годзе пасля смерці біскупа Цыпрыяна Адынца вызвалілася пасада кіраўніка Магілёўскай дыяцэзіі, Сестранцэвіч катэгарычна выступіў супраць прызначэння на яе Шантыра.

Найбольш значны перыяд жыцця кс. Станіслава Шантыра звязаны са Слуцкам, дзе ён чвэрць стагоддзя заставаўся пробашчам мясцовай парафіі. Праўда, мітрапаліт Сестранцэвіч і тут спрабаваў перашкодзіць свайму ворагу і не дазволіць яму заняць гэтае месца. Аднак кс. Шантыр, энергічны палітык з вялікімі сувязямі, заўсёды ўмеў знаходзіць шляхі паратунку, кожны раз кампраметуючы гэтым свайго помслівага кіраўніка. Гэтым разам пратэкцыю яму склаў князь Адам Чартарыйскі, сябра і дарадчык Аляксандра I. Дзякуючы яго ўмяшанню кс. Станіслаў Шантыр у 1815 годзе ўсё ж атрымаў Слуцкую парафію. А ў 1816 годзе, калі Віленскі універсітэт хацеў абраць яго сваім ганаровым сябрам (яшчэ ў 1805 годзе ён атрымаў тут ступень доктара тэалогіі і доктара права) і мітрапаліт у чарговы раз апынуўся на яго шляху, кс. Шантыр звярнуўся за падтрымкай да графа А. К. Разумоўскага, тагачаснага міністра народнай асветы. Той рашуча адхіліў данос мітрапаліта і зацвердзіў Шантыру вучоную ступень.

Увогуле гэта быў чалавек амбітны і дзейны, прагны да барацьбы; рэдкая з’ява ў тыя часы пашыранага вальнадумства – ён быў глыбока веруючым. Калі справа тычылася веры, кс. Шантыр не пагаджаўся ні на якія кампрамісы, і ўсе сродкі здаваліся яму добрымі. Ён зацята змагаўся і словам, і пяром з масонамі і Расійскім біблейскім таварыствам, «выкрываў» віленскіх філаматаў і філарэтаў, называючы іх «шайкай», нападаў на універсітэцкую рэформу Адама Чартарыйскага і філасофскія ідэі Гераніма Страйноўскага, судзіўся з кальвіністамі за сваю паству…

Ксёндз Шантыр, самавіты і красамоўны, надзвычай удала падтрымліваў у Слуцку аўтарытэт свайго веравызнання: на яго пышныя набажэнствы ў фарным касцёле збіраліся вернікі розных канфесій. Бывала, у велікодны вечар ён наўмысна спяшаўся з урачыстым набажэнствам і, тройчы тэатральна выскокваючы з сярэдзіны амбоны з запаленымі свечкамі, гучным голасам усклікаў па-беларуску: «Хрыстос уваскрос!» Прысутныя радасна падалі на калені, а пасля набажэнства, разыходзячыся па хатах, гаварылі: «Навошта нам чакаць іншага набажэнства, калі ў фары ксёндз Шантыр урачыста абвясціў Божае Уваскрэсенне – пара разгавецца». Іншыя святары бачылі гэта і незадаволена бурчалі, але што яны маглі зрабіць з уплывовым пралатам?

На дух не выносячы кальвіністаў (як вядома, мітрапаліт Сестранцэвіч таксама паходзіў з кальвінскай сям’і і толькі пазней перайшоў у каталіцтва), кс. Шантыр вырашыў супернічаць з імі і на культурнай ніве. Ведаючы, што кальвіністы маюць дабрачынны пансіён і прыцягваюць да яго моладзь, ён склаў выдатны праект арганізацыі ў Слуцку дабрачыннага таварыства. Падрыхтаваны статут у 1817 годзе быў ухвалены ўрадам, а сама ўстанова атрымала грашовыя падарункі і пахвалу Аляксандра I. Пра вялікае памкненне да дабрачыннасці сведчыць той факт, што на працягу сямі гадоў толькі Слуцкі павет сабраў больш за 148 000 рублёў. З гэтай значнай сумы, якой распараджаўся камітэт на чале з кс. Станіславам Шантырам, выхоўвалі бедных вучняў, заснавалі ў розных месцах павета 6 шпіталяў і 15 вясковых школак, у якіх вучыліся 300 дзяцей, аказвалі матэрыяльную дапамогу жабракам.

Яшчэ адной філантрапічнай ідэяй ксяндза было заснаванне ў 1818 годзе ва ўладаннях Слуцкай фары «шляхецкіх пасяленняў». Убачыўшы мізэрнае становішча дробнаместачковай шляхты, звычайна неадукаванай і эксплуатаванай памешчыкамі, ён вызначыў ёй для пасялення фальваркі Келя ў Слуцкім і Чавусы ў Бабруйскім паветах. Дзякуючы намаганням пралата абмерылі зямлю і падзялілі яе на дробныя ўчасткі, пабудавалі засценкі і засялілі іх убогай шляхтай на вельмі спрыяльных умовах. Ксёндз Шантыр забяспечыў пасяленцаў разнастайнай дапамогай, увёў абавязковае навучанне ў адчыненых школках, стварыў ашчадную касу. Агульная плошча пасяленняў складала 61 валоку, і на іх уладкаванне заснавальнік выдаткаваў з уласнай кішэні 4000 злотых. На жаль, пасля адыходу кс. Шантыра ў 1840 годзе ўсё гэта развалілася і перастала існаваць.

Заслугі кс. Станіслава Шантыра як рэлігійнага пісьменніка звязаны, перш за ўсё, з напісанай ім працай «Звесткі па гісторыі Касцёла і каталіцкага веравызнання ў краінах, што знаходзяцца пад расійскім панаваннем» (ч. 1–2). Кніга гэтая, прысвечаная гісторыі каталіцтва ў Расіі ў 1773—1827 гадах, выйшла ў Познані ў 1843 годзе.

Дакладна невядома, дзе і калі памёр ксёндз Станіслаў Шантыр. Аднак захаваўся рукапіс, названы ім «Успаміны пра маё жыццё і розныя ў ім здарэнні...», датаваны 1846 годам. Значыць, у гэты час 82-гадовы ксёндз Шантыр яшчэ жыў…


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY