Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(24)/2003
Галерэя
Нашы святыні

ПАКУТЫ ЮРАВІЦКАГА КАСЦЁЛА
У свеце Бібліі
На шляху веры

ЯК ЗНАЙСЦІ ЧАС ДЛЯ БОГА?
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПАДРЭЗАНЫЯ КРЫЛЫ
Архіўная старонка

НА СУСТРЭЧУ З МІНУЛЫМ
Haereditas
Пераклады

ПЕРАСЦЯРОГІ ЗБАВЕННЫЯ

МАРАЛІТЭ НА СЦЭНЕ ПРЫДВОРНАГА ТЭАТРА

БЕЗРАЗВАЖЛІВЫ СУДДЗЯ
Мастацтва
Проза

ЧЫРВОНАЯ БРАМА
Юбілеі

НОЧЧУ НА ХУТАРЫ
Проза

МАЛІТВА МАЦІ
Нашы святыні

ВАЧЫМА ФАТОГРАФА
Музыка

Галіна СІНІЛА

«ДЗЕ АВЕЛЬ, БРАТ ТВОЙ?»
ПРЫПАВЕСЦЬ ПРА КАІНА І АВЕЛЯ

«Братазабойства». Гравюра Юліуса Шнорр фон Карольсфельда.
Мінулым разам (гл. Наша вера, № 4 за 2002 г.) мы разважалі пра тое, як інтэрпрэтавала сюжэт пра грэхападзенне першых людзей – Адама і Евы – постбіблейская культурная традыцыя, прынамсі – еўрапейская літаратура пачатку Новага часу. А тым часам доўжылася першая ноч, якую павінны былі правесці па-за Эдэмскім Садам нашы Прабацькі, каб надышоў першы дзень чалавечай гісторыі. Старажытны юдэйскі каментар сцвярджае, што ў Ган Эдэн (Садзе Асалоды, Эдэмскім Садзе) Адам і Ева правялі толькі адну ноч: Сад быў створаны падчас надыходу Дня Сёмага – Шабата (Суботы), і ў гэты ж дзень чалавек саграшыў. Неабходна было б адразу выгнаць людзей з Эдэму, але Бог злітаваўся над імі дзеля святасці Суботы і загадаў пакінуць Эдэм толькі тады, калі яна скончылася, гэта значыць – увечары на пачатку восьмага дня існавання свету (старажытная традыцыя адлічвае новыя суткі з моманту з'яўлення на небасхіле першай зоркі, бо сказана ў Пісанні: «І быў вечар, і была раніца», а не наадварот). Каментар сцвярджае, што Бог пасяліў першых людзей недалёка ад Эдэмскага Саду, на гары Морыя (гэта тое месца, дзе пазней адбудзецца асаблівае выпрабаванне праайца яўрэйскага народа Аўраама, а яшчэ пазней уздымецца Ерусалімскі Храм). Бог спадзяваўся, што жыццё побач з Садам, які быў увасабленнем гармоніі на зямлі, стане своеасаблівай аховай чалавеку, дапаможа яму ўтрымацца ад іншых нядобрых учынкаў.

Вядома, новае жыццё Адама кардынальна адрознівалася ад жыцця ў Эдэме. Ён страціў, згодна з тлумачэннем, шэсць цудоўных рэчаў, якія даў яму Бог: ззянне свайго твару, што было адлюстраваннем ззяння Твару Божага; несмяротнасць свайго цела, якое ў Эдэме – да грэхападзення – наскрозь было адухоўленае; свой велічны рост; дрэвы сталі даваць значна менш садавіны; зямля вырошчвала пустазелле і калючкі; і, нарэшце, галоўнае – той асляпляльны свет, што быў створаны Усявышнім у самы Першы дзень, перастаў ззяць для людзей у сваёй паўнаце. Цяпер чалавека чакалі цяжкая праца і нялёгкія выпрабаванні. Але трэба было жыць і несці адказнасць перад гісторыяй, што пачалася з першай чалавечай сям'і і даволі складаных стасункаў у ёй. Дарэчы, дзве традыцыі – юдэйская і хрысціянская – разыходзяцца ў думках наконт таго, калі з'явіліся першыя дзеці. Згодна з першай, ужо ў час набліжэння Шабата Хава (Ева) нарадзіла пяцёра дзяцей: спачатку Каіна з сястрой-блізніцай, потым Гэвеля (Авеля), што таксама з'явіўся на свет разам з дзвюма сёстрамі-блізнятамі. Такая думка сыходзіць з таго, што, стварыўшы чалавека, Бог даў яму запавет пладзіцца і памнажацца разам з усім жывым, а таксама з таго, што ў Эдэме не было яшчэ доўгага тэрміну цяжарнасці ў жанчыны, таму Ева нарадзіла хутка і лёгка; наяўнасць жа сясцёр, пра якіх нічога не гаворыць Тора, вынікае з неабходнасці абгрунтаваць магчымасць першых шлюбаў – інцэстуальных, што было далей сурова забаронена. Хрысціянская ж экзэгеза лічыць, што Адам і Ева сталі мужам і жонкаю і нарадзілі дзяцей толькі пасля выгнання з Эдэму, бо ў такой паслядоўнасці гэта распавядаецца ў Кнізе Быцця: «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зацяжарыла, і нарадзіла Каіна, і сказала: набыла я чалавека з Панам. І яшчэ нарадзіла брата яго, Авеля. І быў Авель пастухом авечак, а Каін быў земляробам» (Быц 4, 1–2; тут і далей пераклад наш. – Г. С.).

Так ці інакш, але з'яўляюцца на свет першыя дзеці, перадусім сыны, якія, пасталеўшы, працягваюць заняткі свайго бацькі Адама – найстаражытнейшыя прафесіі чалавека: земляробства і пастухоўства. І з імі ж, з першымі дзецьмі (дзеці заўсёды застаюцца для бацькоў дзецьмі, якога б ўзросту яны ні былі), звязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і – сумны вынік адыходу ад Бога. Гаворка ідзе пра першую страшэнную варожасць аднаго чалавека да другога, аднаго брата да другога (а Біблія нагадвае: усе людзі – браты), варожасць, што скончылася забойствам. Пра гэта і распавядае прыпавесць пра Каіна і Авеля ў чацвертым раздзеле Кнігі Быцця. Як мы памятаем, у першай кнізе Бібліі нам паказаны свайго кшталту парадыгмы духоўнага досведу чалавека, першапачаткі гэтага досведу. І цяпер, калі ў свядомасць чалавека (а разам з тым – і ў свет) увайшло зло, унутраная логіка тэксту вымагае даць першавобраз найстрашэннейшага зла, свядомага зла – злачынства, забойства, адняцця жыцця ў іншага чалавека (з пункту гледжання Бібліі гэта адзін з найвялікшых грахоў, бо жыццё дае толькі Бог і толькі Ён можа яго забраць; нездарма ж і Адам створаны напачатку адзін, і гэтым яшчэ больш выразна падкрэсліваецца абсалютная каштоўнасць жыцця, непаўторнасць і незаменнасць кожнага чалавека). Першавобразам свядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін, менавіта пра якога яго маці Ева так таямніча і радасна кажа: «...набыла (прыдбала) я чалавека з Панам» (можна перакласці і як «набыла я чалавека ад Пана»). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэнні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцця, Бог удзімае ў гэтую плоць новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсць душою жывою з пункту гледжання рэлігійнай свядомасці, і забіваць яе, нават на самых ранніх стадыях цяжарнасці, – цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што з'яўляецца на свет, ёсць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу. Чаму ж, калі гэта так, у новых пакаленнях зноў і зноў праяўляецца «сіндром Каіна»? Чаму варожасць да падобнага сабе не пакідае чалавека? Чаму сядзіць у ім агрэсіўнасць у той ці іншай форме, даволі часта прарываючыся вонкі ў найстрашэннейшай форме – забойстве? Сіндром гэты такі незразумелы, часта такі нематываваны, што нават арнітолагі, якія назіраюць, як выштурхвае адно птушаня з роднага гнязда другое (пры тым, што абодвум даволі ежы і цяпла), назвалі гэты феномен «сіндромам Каіна». Дык можа, ён закладзены ў чалавека? Можа, гэта наканаванне? Адплата за першародны грэх? Аб усіх гэтых пытаннях прымушае разважаць прыпавесць пра Каіна і Авеля – адна з самых знакамітых у Бібліі. Прыгадайма часткова яе тэкст, адзначыўшы магчымыя варыянты перакладу найбольш складаных момантаў:

«І быў Авель пастухом авечак, а Каін быў земляробам. І было: праз нейкі час прынёс Каін ад плёну зямлі дар Пану. І Авель таксама прынёс ад першародных авечак сваіх і ад тлушчу іх [ад тлустых з іх]. І Пан звярнуў увагу на Авеля і на дар яго, а на Каіна і на дар яго не звярнуў увагі. І вельмі прыкра [крыўдна] стала Каіну [вельмі засмуціўся Каін], і схіліўся долу твар яго. І сказаў Пан Каіну: «Чаму прыкра табе [чаму засмуціўся ты] і чаму схіліўся долу твар твой? Калі робіш добрае [калі станеш лепш], то ці не ўзнімаеш твар [то даруецца табе], а калі не – то ля ўваходу грэх ляжыць, і да цябе – жарсць яго [цябе вабіць ён], але ты – пануй над ім». І сказаў Каін Авелю, брату свайму... І было: калі яны былі ў полі, падняўся Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быц 4, 4–8).

Ужо пры першым поглядзе на гэты тэкст бачная яго складанасць для разумення. Мы адчуваем у ім таямнічыя «правалы» і недамоўленасці: так, напрыклад, незразумела, як прыносілі ахвяру Богу Каін і Авель; незразумела, які знак даў Бог, што прымае ахвяру Авеля і не прымае ахвяру Каіна (тое, што мы пераклалі як «звярнуў увагу», мае значэнне ў арыгінале «даў бачны знак»; пар. у рускім Сінадальным перакладзе – «призрел»); незразумела і тое, чаму менавіта дар Авеля быў прыняты, а дар Каіна адхілены; незразумела, што сказаў Каін свайму брату, калі яны былі ў полі; і калі адбылося забойства –адразу пасля ахвяравання ці праз нейкі (мажліва, даволі доўгі) час; нарэшце – якім чынам быў забіты Авель? І што канчаткова было прычынай гэтага ўчынку? Як бачым, пытанняў зашмат. Да таго ж, тэкст вельмі неадназначны для разумення і перакладу з прычыны асаблівых якасцяў старажытнага біблейскага іўрыта. Так, словы Бога, звернутыя да Каіна, можна перакласці і наступным чынам: «Калі станеш лепшым, памілаваны будзеш, а калі не, то каля ўвахода грэх ляжыць, ён вабіць цябе, але ты будзеш уладарыць над ім» (Быц 4, 7). Ці так: «Калі робіш добрае, то ці не ўзнімаеш твар? А калі не робіш добрае, то ля дзвярэй грэх ляжыць; ён вабіць цябе, але ты пануй над ім». І што значыць на мове Бібліі гэтае ўзняцце твару і яго схіленне?

Навукоўцы-бібліёлагі ў адзін голас сцвярджаюць, што прыпавесць пра Каіна і Авеля – адзін з найстаражытнейшых па паходжанні, найбольш цьмяных па сэнсе, найцяжэйшых для тлумачэння фрагментаў тэксту Пісання. І галоўная цяжкасць тычыцца нематываванасці (або слабай матываванасці) дзеянняў і ўчынкаў галоўных герояў прыпавесці, у тым ліку і Бога, што з'яўляецца пэўным законам для вельмі старажытных тэкстаў, перадусім сакральных (як ужо было адзначана, не зусім ясна з прамога сэнсу тэкста, чаму Бог прымае ахвяру Авеля і не прымае ахвяру Каіна). Безумоўна, у гэтай прыпавесці перад намі паўстае адна са шматлікіх варыяцый у сусветнай культуры так званага блізнечнага міфа – бадай што найстаражытнейшага архетыпу, які, як і іншыя такога кшталту архетыпы, згодна з канцэпцыяй К.Г. Юнга, канцэнтруе ў сабе найбольш архаічныя абагульненыя мадэлі паводзінаў і ўяўленняў, караніцца ў калектыўнай прапамяці чалавецтва і, бясконца мадыфікуючыся, праходзіць на ўзроўні рытуалаў, міфалагічных і літаратурных сюжэтаў праз усю культуру. Блізнечны міф мае наступную сюжэтную схему: паміж двума братамі (у найстаражытнейшых версіях – менавіта блізнюкамі; у больш позніх – проста братамі і неабавязкова двума) узнікае з той ці іншай прычыны (часцей – з-за зайдрасці) варожасць; дакладней, яе праяўляе той брат, што здольны на падступства і гвалт; два браты паўстаюць як антыподы, як полюсы дабрыні і ліха, і менавіта таму брату, які добры, мяккі, чалавечны, наканавана быць забітым (ці адданым на пакуты) па волі жорсткага і злога. Такім чынам, сам архетып нібы нясе ў сабе канстатацыю неадменнасці падобнай мадэлі паводзінаў у нашым жыцці, агрэсіўнасці і перамогі жорсткай сілы як нейкага наканавання, ад якога не можа пазбавіцца чалавецтва. Безумоўна, асэнсоўваючы гэты феномен на ўзроўні міфалагічнага мыслення і мастацтва, чалавек імкнецца ўсталяваць справядлівасць, хаця б пост-фактум: «узнагародзіць» маральна таго брата, які загінуў або быў прымушаны пакутаваць (ажывіць яго, адпомсціць за яго і г. д.). Так, у знакамітым егіпецкім міфе пра Асірыса і Сета жорсткі і завідны Сет з дапамогай сваіх слугаў забівае брата, але потым жонка Асірыса Ісіда знаходзіць яго цела (паводле адной з версій, збірае яго кавалкі, раскіданыя па ўсім Егіпце па загадзе Сета) і нараджае ад мёртвага мужа (бог урадлівасці, плодных сілаў прыроды, Асірыс не можа памерці канчаткова) сына Гора. Ісіда прымушаная хавацца з сынам ад злоснага Сета, які хоча іх знішчыць. Але настае час, калі Гор, пасталеўшы, помсціць за бацьку (гэтаксама архетып – «сын – мсцівец за бацьку»): ён забівае ў бойцы Сета і дапамагае ўваскрэснуць Асірысу. Варыяцыі на тэмы блізнечнага міфа мы бачым у егіпецкіх літаратурных казках «Два браты», «Праўда і Крыўда» (паміж XVI – VIII стст. да Н. Х.). У апошняй Праўда і Крыўда і ёсць два браты, з якіх, як зразумела з іх імёнаў (словы мужчынскага роду ў старажытнай егіпецкай мове), менавіта Крыўда вельмі жорстка абыходзіцца са сваім братам: асляпляе яго (дакладней, асляпляе Энеада – Дзевятка багоў Геліопаля, якую просіць зрабіць гэта Крыўда, і паганскія багі выконваюць яго просьбу, ніяк не матывуючы свой учынак) і ставіць ахоўваць вароты сваёй хаты. Праўда пакутуе, але потым яго сын помсціць за бацьку. Гэтыя прыклады можна прыводзіць бясконца. Так, безліч сюжэтаў у сусветным казачным фальклоры (і ў славянскім таксама) звязаная з тым, што малодшы брат апынаецца з-за нядобрых стасункаў у сям'і ў цяжкім становішчы, і яму пагражае смерць, але ў фінале ён узнагароджваецца лёсам – атрымлівае жонку-прыгажуню і багацце. У Бібліі, асабліва ў Кнізе Быцця, не раз сустракаецца «блізнечны міф»: Каін і Авель, Ісаў і Якаў, Іосіф і яго браты... Але Біблія істотна трансфармуе схему міфа і напаўняе яе перадусім этычным зместам. Да таго ж, менавіта яна ў кантэксце Старажытнасці першай узнімае пытанне аб тым, ці ёсць здольнасць да агрэсіі і гвалту наканаваннем чалавека і дае на гэта адмоўны адказ (перадусім у слынным сюжэце пра Іосіфа і яго братоў, гаворка аб якім будзе ў асобным артыкуле). Біблія першай ставіць праблему асобаснай адказнасці чалавека перад Богам і іншым чалавекам за злачынства, гаворыць пра дадзеную кожнаму (кожнаму!) чалавеку мажлівасць пазбягаць яго, імкнуцца да дабра і свядома выбіраць яго. І першыя найважнейшыя ісціны, выказаныя якраз у прыпавесці пра Каіна і Авеля, дзе менавіта Каін – парадыгма злачынца – становіцца галоўным героем, прыцягвае да сябе максімальную ўвагу.

Чаму ж на ролю злачынца «прызначаны», калі так можна мовіць, Каін? Можа, таму, што ён земляроб? Чаму негатыўным характарам надзелены земляроб, а пазітыўным - пастух? Напэўна, павінна быць таксама нейкая суаднесенасць (карэляцыя) паміж імёнамі братоў і іх характарамі. Калі больш нічога непасрэдна ў тэксце не матывуе іх характары, то гэта павінны зрабіць іх заняткі і іх імёны, бо вядома, што для старажытнай свядомасці (біблейскай – асабліва) імя – паняцце вельмі важнае і важкае, лёсавызначальнае. Скажам перадусім пра заняткі. Цікава, што апазіцыя «земляроб – пастух», у якой перавага аддаецца менавіта пастуху, вядомая з сівой старажытнасці. Так, ад шумераў дайшла паэма «Спрэчка паміж пастухом і земляробам», або «Сватанне да багіні Інаны» (канец ІІІ тысячагоддзя да Н.Х; усё гэта – умоўныя назвы твора, які ў шумерскай традыцыі называўся па першым радку – «Размова. Ён сястры гаворыць ласкава...»), дзе вельмі шанаваная шумерскай свядомасцю багіня кахання і ўрадлівасці Інана аддае ў рэшце рэшт перавагу пастуху (дакладней, богу пастухоў) Думузі, - пагаджаецца стаць яго жонкай. Але спачатку Інана спыніла свой выбар на Энкімду – апекуну арашальных каналаў ды палёў (заўважым, што шумеры раней за ўсіх асвоілі як ірыгацыю, так і асушэнне балотаў). Але Думузі ў славеснай спрэчцы з Энкімду так ухваляе сваю пастухоўскую справу, малюе такую яркую карціну шчасця і багатага жыцця, што пераконвае багіню. А потым, калі, як гаворыцца ў тэксце, «пастух па палях палітых, // Авечак павёў па палях палітых»1, да яго падышоў земляроб Энкімду, «гаспадар равоў і каналаў». Паміж героямі ўжо гатовая пачацца нежартоўная сварка, якая магла б скончыцца забойствам, але ўсё завяршаецца мірам: Энкімду прапаноўвае Думузі пасвіць ягоных авечак на сваіх арошаных землях, а Думузі запрашае Энкімду на сваё вяселле з Інанай. Безумоўна, перад намі найстаражытнейшая тыпалагічная паралель да сюжэта пра Каіна і Авеля, толькі з іншым фіналам і, безумоўна, з іншым філасофска-этычным напаўненнем. Але пры ўсіх істотных разыходжаннях відавочна адно вельмі адметнае падабенства: перавага, аддадзеная пастуху. Далей менавіта з пастухом Думузі ў шумерскай культуры звязваецца гістарычна першы матыў бязвіннай выкупляльнай (выратавальнай, збавіцельнай) ахвяры.

Даследчыкам найстаражытнейшых культур зразумела, што менавіта з пастухом і пастухоўствам звязваліся пазітыўныя канатацыі аховы, абароны, ахвяравання, правадырства – нават ў тых культурах, дзе побач з жывёлагадоўляй актыўна развівалася земляробства (як у шумераў), ці нават у тых, дзе апошняе пераважала, і падобнай з'яве няма канчатковага рацыянальнага тлумачэння. Гэтыя пазітыўныя канатацыі яшчэ больш узмацняюцца і набываюць новае асэнсаванне ў старажытнаяўрэйскай культуры, сінтэзам якой сталі біблейскія тэксты. Узмоцненая ўвага да вобразу пастуха і яго заняткаў наўпрост абумоўленая рэаліямі жыцця народа, прабацькі якога былі жывёлаводамі-паўкачэўнікамі і які, нават перайшоўшы да аседлага жыцця ў Ханааане пасля Зыходу з Егіпту ў ХІІІ ст. да Н.Х., у першую чаргу займаўся жывёлагадоўляй – развядзеннем авечак і козаў, чаму спрыяў сам прыродны ландшафт паўпустыні, таго, што ў Бібліі вызначаецца як мідбар – не голая пустыня без усялякіх прыкметаў жыцця, але скалістая паўпустыня, дзе можна пасвіць авечак і козаў. Мы ўбачым і далей, што менавіта пастухі пасля Авеля паўстаюць як пазітыўныя персанажы Бібліі. Менавіта пастух надзелены не толькі знешнім вострым зрокам і слыхам, але зрокам і слыхам унутраным, што і дазваляе яму пачуць тое, чаго не чуюць іншыя, – заклік Божы. Пастухамі з'яўляюцца патрыярхі Аўраам, Ісаак, Якаў. І Майсей, які пасвіць статкі свайго цесця Йітро (Іафора), атрымлівае ля падножжа Харыва (Сіная) Адкрыццё Божае і пакліканне прарока. Абавязковы атрыбут пастуха – посах – становіцца сімвалам сапраўднай духоўнай улады, знакам добрага пастыра, які пасланы Самім Богам да людзей (згадаем цуды, што адбываюцца з посахамі Майсея і яго брата Аарона – першасвятара і родапачынальніка ўсіх святароў Адзінага Бога). Топіка добрага пастухоўства, што імпліцытна прысутнічае ў Торы (Пяцікніжжы Майсеевым), потым экспліцытна разгортваецца ў Кнігах Самуіла і Кнігах Цароў (1–4-й Царстваў), у прароцкіх кнігах: пастух Давід, улюбёнец Бога і людзей, памазаны на царства як пастыр народа Божага, пастух Амос, узяты «ад статкаў авечак», каб прарочыць народу Ізраіля... У кнігах прарокаў вобраз пастуха напаўняецца асаблівым сакральным зместам: Сам Бог паўстае як добры пастыр, што збірае і лечыць Сваіх авечак. Так, суцяшаючы свой народ, што апынуўся ў вавілонскім палоне і пакутуе (падзеі VI ст. да Н.Х.), прарок Йехэзкэль (Езэкііль) гаворыць ад імя Бога: «...вось, Я Сам адшукаю авечак Маіх і агледжу іх. Як пастух лічыць статак свой, калі знаходзіцца сярод статка свайго рассеянага, так і Я перагледжу авечак Маіх і вызвалю іх з усіх месцаў, у якія яны былі рассеяныя ў дзень воблачны і змрочны. І выведу Я іх з народаў, і збяру іх з краін, і прывяду іх у зямлю іх, і буду пасвіць іх на гарах Ізраілевых... Я буду пасвіць авечак Маіх і Я буду ахоўваць іх, гаворыць Пан Бог. Згубленую адшукаю, і выкрадзеную вярну, і параненую перавяжу, і хворую падсілкую... ...буду пасвіць іх па праўдзе» (Іез 34, 11–16). І далей: «...вы – авечкі Мае, авечкі паствы Маёй; вы – чалавекі, а Я – Бог ваш, гаворыць Пан Бог» (Іез 34, 31). З пастухоўствам у прароцкіх кнігах звязваецца гармонія будучай Месіянскай эры, калі, адпаведна слову прарока Йешаягу (Ісаі), «воўк будзе побач жыць з ягнём, і барс будзе разам ляжаць з казлянём; будуць разам цяля, леў і вол, і малое дзіця іх павядзе; і карова пасвіцца будзе з мядзведзіцай, і дзеткі іх будуць ляжаць разам...» (Іс 11, 6–7).

Такім чынам, тое, што пазітыўны характар набывае Авель і што Бог прымае яго ахвяру, мае пэўнае абгрунтванне ў старажытнай культуры наогул і ў духоўным сэнсе Святога Пісання ў прыватнасці. Але чаму такім негатыўным становіцца земляроб Каін (пры тым што даволі мірна паводзіць сябе «гаспадар палёў» Энкімду ў шумерскай паэме)? Тут можа быць толькі адно дапушчэнне: земляробства з самага пачатку звязалася ў яўрэйскай свядомасці з паганскімі культурамі, у цэнтры якіх – культы ўрадлівасці і сексуальнасці, як гэта было ў ханаанеянаў. Таму ізраільцяне, пасяліўшыся ў Ханаане – Зямлі Запаветнай (запаведанай Самім Богам у спадчыну Аўрааму і яго нашчадкам), даволі востра адчувалі напружанне і варожасць з боку паганскіх плямёнаў, яскрава ўсведамлялі іншасць свайго светапогляду, сваіх уяўленняў пра Бога. Нездарма ж вобраз Божы звязаўся ў старажытнаяўрэйскай свядомасці не з зямлёй, урадлівай глебай, а са стыхіямі агню і ветру, якія ёсць найменш рэчыўнымі і сцвярджаюць імпліцытна пазапрыродную дамінанту біблейскай свядомасці. Як піша С. С. Аверынцаў, «цяжкая коснасць зямлі далей ад гэтай дамінанты», таму ў Бога «няма на зямлі месца, з якім Ён быў бы прыродна звязаны, – у адрозненне ад заходнесеміцкіх (ханаанейскіх. – Г. С.) баалаў (ваалаў), самі імёны якіх уключалі вызначэнне мясцовасці, што ім належала (Баал Пеор – «гаспадар Пеора», Мелькарт – «цар горада»)»2. І далей: «Бытавым апірышчам для такіх уяўленняў было вандроўнае жыццё продкаў старажытных яўрэяў, а пазней – шматлікія перасяленні, «паланенні» і выгнанні»3. Такім чынам, чаму земляроб (не наогул, а ў прыпавесці пра Каіна і Авеля) набыў адмоўны характар у параўнанні з пастухом, крыху зразумела. Але чаму ж ён завецца Каін?

Справа ў тым, што лінгвісты перакананыя: агульнасеміцкі корань qjn мае семантыку «каваць», «каваль» (дарэчы, гэты корань можна лічыць настратычным, коранем агульначалавечай пра-мовы). Міфолагі і фалькларысты высветлілі, што амаль ва ўсіх народаў – старажытных і не вельмі – постаць каваля звязваецца з нечым таямнічым і адмоўным, небяспечным, з магіяй і варажбой (вядома, што кузні звычайна будаваліся па-за межамі вёсак). Таму адмоўны характар Каіна «падмацоўваецца» тым негатыўным пачаткам, які нясе ў сабе яго імя. Але чаму, паўторым ізноў, ён, каваль згодна з іменем, з'яўляецца земляробам па сутнасці? Можа, Біблія «не ведае» пра семантыку старажытнага кораню ці не ўсведамляе гэтага? Не, усведамляе, бо далей мы чытаем аповед пра нашчадкаў Каіна, што становяцца свайго кшталту «культурнымі героямі», родапачынальнікамі асноўных заняткаў людзей, рамёстваў і мастацтваў: Яваль – «бацька тых, хто жыве ў шатрах са статкамі» (Быц 4, 20), г. зн. ізноў – пастухоў; Юваль – «бацька ўсіх, хто грае на гуслях і жалейках» (Быц 4, 21), г. зн. – музыкантаў, а музычны талент таксама першасна звязваецца з заняткамі пастуха, што збірае статак з дапамогай таго ці іншага музычнага інструменту; нарэшце – Туваль-Каін – «каваль усіх прыладаў з медзі і жалеза» (Быц 4, 22). Тут, у апошнім выпадку, імя вельмі добра адпавядае прафесіі героя; больш за тое, яно азначае «памагаты (супольнік) Каіна». Каб растлумачыць хоць неяк гэтае разыходжанне ў выпадку з першым Каінам, ізноў патрабуецца нейкае дапушчэнне: можа, гэта адбылося таму, што «негатыўнасць» кавалёў наогул (так бы мовіць, негатыўнасць на ўзроўні, згодна з Юнгам, «калектыўнага несвядомага») і канкрэтная негатыўнасць ханаанейскіх кавалёў, якія, як паведамляе нам Біблія, напрыклад, у Кнізе (Езуса) Навіна і Кнізе Суддзяў, валодалі сакрэтам жалеза, а яўрэі, што прыйшлі ў Ханаан – не, звязалася ў старажытнаяўрэйскай свядомасці з негатыўнасцю пераважна земляробчай паганскай культуры Ханаана. Але дакладнага адказу на складанае пытанне пра разыходжанне семантыкі імя Каіна і яго прафесіі няма.

Дарэчы, вельмі прыблізнай з'яўляецца і навуковая этымалогія імя Авеля. Дакладней, яе няма зусім, і застаецца давяраць этымалогіі народнай, што выводзіць імя Гэвель (так яно гучыць у арыгінале) з таго ж кораню, што і слова гавэль – «подых» (дакладней, пара, што выходзіць з роту падчас дыхання), пазней – «марнасць», «тленнасць» (у гэтым сэнсе яно ўжываецца Эклесіястам). І тады, магчыма, імя Гэвеля-Авеля азначае кароткасць яго жыцця, яго знікненне з зямлі без усялякага следу (гэта значыць – нашчадкаў) пасля сябе. Дарэчы, менавіта гэта ставіцца, згодна з думкай старажытнаяўрэйскіх мудрацоў, у найстрашэннейшую віну Каіну: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, знішчыў цэлы свет, бо, як вядома, яшчэ абмяркоўваючы пытанне пра Адама Першапачатковага, пра тое, што ён быў створаны адзін, талмудычныя мудрацы вынеслі вердыкт: «Чалавек – гэта цэлы свет, і той, хто знішчае хоць адну душу (у сэнсе – чалавека. – Г. С.) – знішчае цэлы свет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы свет»4. Ёсць у самім тэксце Кнігі Быцця і народная этымалогія імя Каіна: «набыты [з Богам, ад Бога], бо па словах Евы, што ўжо ўзгадваліся вышэй, яна «набыла чалавека [разам] з Панам» (так чытае юдэйская традыцыя; магчымае і такое разуменне: «...стварыла я чалавека [разам] з Панам»; пар. рускі Сінадальны пераклад: «...приобрела я человека от Господа», а таксама пераклад М. Лютэра: «Ich habe einen Mann gewonnen mit Hilfe des Herrn» – «Я здабыла (атрымала) чалавека з дапамогаю Пана»). Так ці інакш, але ў арыгінале, у тэксце на іўрыце, стаіць дзеяслоў каніці (слоўнікавая форма – кана), які мае семантыку «набываць [багацце, маёмасць, нешта карыснае]», «купляць». З аднаго боку, гэта можна патлумачыць, як указанне на тое, што дзеці – галоўнае багацце чалавека, якое набываецца толькі разам з Богам, і нават як указанне на асаблівыя спадзяванні Бога на Каіна (бо гэта сказана менавіта пра яго) – спадзяванні, якія той не спраўдзіў. З другога боку, гэта можна разумець як указанне на тое, што асноўнай сутнасцю Каіна і яго роду стане набыццё маёмасці, цяга да ўсяго матэрыяльнага. Апошняя думка з'яўляецца агульнапрынятай у класічным яўрэйскім каментары і падзяляецца хрысціянскай экзэгезай. Вельмі слушна піша выдатны знаўца старазапаветных тэкстаў Д. У. Шчадравіцкі: «Імя Кайін, «Каін», паходзіць ад старажытнаяўрэйскага дзеяслова кана, які азначае «набываць уласнасць»; імя Гэвель, «Авель», – ад дзеяслова гаваль, які азначае «дзьмуць», «дыхаць». У гэтых імёнах – уся сутнасць абодвух братоў. Каін – чалавек, моцна звязаны з зямлёй, які пасылае ўдзячнасць не так Богу, як зямлі. Ён упэўнены, што законы прыроды, прыродныя з'явы – гэта аснова яго дабрабыту. Авель жа – чалавек духу, «паветранай лёгкасці», які не прывязаны да зямлі. Першы брат імкнецца набываць, жыве матэрыяльнымі клопатамі. Апрача таго, слова «кайін» азначае меднае ці жалезнае кап'ё: гэта чалавек, што нібыта са зброяй у руках ахоўвае сваю ўласнасць і імкнецца да яе павелічэння. Зразумела, Каіна павінен быў з самага пачатку раздражняць яго брат, які жыў духоўнымі імкненнямі. Таму канфлікт паміж імі і першае братазабойства караняцца ўжо ў самой іх прыродзе: чалавек цялесны ненавідзіць чалавека духоўнага, зайздросціць яму і імкнецца яго знішчыць»5.

Такім чынам, канфлікт паміж Каінам і Авелем можна разглядаць як канфлікт паміж чалавекам, які цалкам замкнёны на зямных, матэрыяльных, цялесных турботах, і чалавекам, які жыве перадусім турботамі духоўнымі, ці нават яшчэ шырэй – як канфлікт паміж бездухоўнасцю і духоўнасцю, паміж злом і дабром. Старажытнаяўрэйскі каментар сцвярджае, што браты сапраўды мелі вельмі розныя характары, і Каін быў зусім не падобны на свайго праведнага брата Гэвеля. Каін нарадзіўся раней, чым яго бацька Адам пакаяўся ў сваім граху, і таму ў Каіна была душа, да якой паспеў прыляпіцца змей – той змей, што спакушаў Адама і Еву і, паводле тлумачэння мудрацоў, увасабляў «злосны намер» у самім чалавеку – намер, якому ў рэшце рэшт даў волю Каін. Браты і заняткі свае выбралі свядома: Гэвель, чалавек набожны, не захацеў апрацоўваць зямлю, бо яна была праклятая Усявышнім пасля грэхападзення Прабацькоў; Каін жа, чалавек упарты, лічыў, што пакаранне Божае – «са смуткам будзеш карміцца ад яе [зямлі]» (Быц 3, 17) – тычыцца толькі яго бацькі, Адама, а сам ён ні за што не хацеў несці адказнасці. І Каін стаў земляробам, прычым праца настолькі захапіла яго, што ён ужо нічога не заўважаў і ні пра што іншае, нават пра служэнне Богу, не думаў.

Нарэшце настаў час, калі браты павінны былі прынесці ахвяру Богу ад плёну свайго (старажытная традыцыя кажа, што Бог даў знак зрабіць гэта 14 Нісана, каб ушанаваць той дзень ці, дакладней, ноч, калі далёкія нашчадкі Адама – сыны Ізраіля – выходзілі з рабства Егіпецкага, калі адбудуцца дзівосныя падзеі Песаха – юдэйскага Вялікадня). Пры гэтым Каін, згодна з каментарам, прынёс самы горшы плод – ільнянае семя, каб паказаць Богу, што зямля амаль нічога не нараджае, а таму ён і не абавязаны Яму служыць; Авель жа выбраў найлепшых ягнятаў для сваёй ахвяры – самых укормленых першародных першагодкаў. У тэксце Бібліі не сказана дакладна, што Каін прынёс дрэнныя плады; гаворыцца толькі, што ён прынёс нешта «ад плёну зямлі» («ад пладоў зямлі»). Як заўважае Д. У. Шчадравіцкі, ён прынёс «хутчэй за ўсё... тое, што найменш патрэбна было яму самому»6. Але ж пра ахвяру Авеля сказана больш падрабязна: «І Гэвель таксама прынёс ад першародных авечак сваіх і ад тлустых [ад тлушчу іх]» (Быц 4, 4). Тут даволі адчувальны акцэнт на асаблівым клопаце менавіта Авеля – прынесці Богу самае лепшае, што ў яго ёсць (потым і ў Ерусалімскі Храм, згодна з указаннем Усявышняга, будуць прыносіцца толькі беззаганныя, чыстыя першародныя жывёліны). Вось чаму старажытная юдэйская экзэгеза мае рацыю. Да таго ж (і гэта, бадай, галоўнае), справа ў тым, што Бог чытае ў душах сыноў Адама, бачыць іх наскрозь. Ён бачыць чысціню намераў Авеля і тое нядобрае, што нараджаецца ў душы Каіна, яго няшчырасць, яго патэнцыяльную схільнасць да зла. Яна праяўляецца хаця б у тым, што Каін перажыў вельмі прыкрае пачуццё, калі ўбачыў, як Бог прыняў ахвяру Авеля (магчыма, праз агонь, які паў з неба на ахвярнік; менавіта так Усявышні адкажа на палымяную малітву прарока Эліягу, або Іллі, калі той будзе адстойваць годнасць Адзінага Бога ў спрэчцы з прыслужнікамі Баала). Гэтае пачуццё, якое спакваля пачынае разбураць асобу, мала-памалу атручвае душу чалавека, – зайздрасць. Так, біблейскі тэкст сцвярджае, што асновай па сутнасці ўсіх наўмысных злачынстваў – ад малога да вялікага – з'яўляецца зайздрасць. Можа, гэта і ёсць першая праява йецэр га-ра – «злога намеру», які ўвасабляў змей у Эдэме. «Спачатку йецэр га-ра – гэта проста тонкая сетка павука ў сэрцы чалавека, прычым чалавек можа з лёгкасцю знішчыць зло ў сабе і вызваліцца ад граху. Аднак, калі супраць гэтага зла нічога не рабіць, яно набірае моц і становіцца як тоўсты канат, што трымае карабель. А пачалося ж усё з тоненькай павуцінкі. Спачатку йецэр га-ра прыходзіць да чалавека ў госці. Калі яго зараз жа не выгнаць, ён стане гаспадаром у доме»7, – так распавядае старажытны юдэйскі каментар.

Напэўна, так і адбылося з Каінам: йецэр га-ра ўзняў галаву ў яго душы тады, калі схіліўся долу ягоны твар. І менавіта пра гэта спытае яго Бог: «Чаму прыкра табе? І чаму схіліўся долу твар твой?» (Быц 4, 6). Д. У. Шчадравіцкі лічыць, што «схілены твар», апрача сведчання пра цяжкі душэўны стан чалавека, сімвалізуе «зварот да ніжэйшых сіл, бо ў міфалогіі ўсіх народаў існуе ўяўленне пра тое, што вышэйшыя, добрыя сілы духоўнага свету знаходзяцца наверсе, на небе, а ніжэйшыя, што перашкаджаюць усяму добраму, – унізе, у апраметнай; таму, звярнуўшы твар уніз, Каін нібыта звяртаецца да сіл апраметнай і дазваляе ім завалодаць сабою»8. Магчыма, што і так. Безумоўна, зло ўмацоўваецца ў душы чалавека менавіта тады, калі ён пачынае сумнявацца ў сіле Адзінага Бога, страчвае сапраўдную веру, звяртаецца да іншых багоў, да ўсялякай варажбы. Зло набірае моц, калі чалавек пачынае сумнявацца ў справядлівасці Бога. Так адбылося і з Каінам, які палічыў, што Бог ставіцца да яго несправядліва. Але пакуль што Каін можа змяніць сітуацыю. Сведчанне гэтага – словы Бога, звернутыя да яго. Дарэчы, тое, што Бог пачынае дыялог з чалавекам, згодна са старажытнай традыцыяй, – знак спадзявання Бога на гэтага чалавека. Але Каін не спраўдзіў гэтага спадзявання, не зразумеў таго клопату аб ягонай душы, які гучаў у словах Божых, не адчуў папярэджання сабе. «Чаму засмуціўся ты?» – пытаецца Бог і раіць Каіну (як і кожнаму чалавеку) даследаваць сваю душу: «Калі робіш добрае, ці не ўзнімаеш твар?» Гэта значыць: калі робіш дабро ад чыстага сэрца, то трэба верыць у сябе і не засмучацца, што знешне нешта не так (можа, гэта выпрабаванне, пасланае табе). Гэта значыць таксама, што ўсё добрае ў чалавеку звязана з імкненнем уверх, са зваротам да неба, да Бога, з самаўдасканаленнем (нагадаем, што працытаваны выраз можна перакласці і як «Калі будзеш рабіць дабро – даруецца табе...», і як «Калі станеш лепшым, памілаваны будзеш...»). Бог гаворыць чалавеку, што для яго заўсёды адкрыты шлях пакаяння, вяртання да Яго. «А калі не робіш добрае, то ля дзвярэй грэх ляжыць...» Тут выкарыстаны старажытнаяўрэйскі дзеяслоў равац («ляжаць»), які ўжываецца толькі ў адносінах да жывёліны, а не да чалавека. Тым самым падкрэсліваецца, што сам грэх звязаны з ніжэйшым, жывёльным, пачварным пачаткам у чалавеку, што ён «ляжыць» нібыта ля ўваходу ў свядомасць чалавека, знаходзіцца ў яго падсвядомасці і імкнецца завалодаць і яго розумам, і яго пачуццямі. Розныя спакусы падсцерагаюць нас «ля дзвярэй», але на тое мы і людзі, каб пераадольваць іх. Здаецца, яшчэ ніколі раней не быў выказаны так магутна, з такой сілай пачуцця заклік да чалавека быць чалавекам, перамагаць цёмнае ў сабе; ніколі і нідзе яшчэ не сцвярджалася так і здольнасць чалавека ўзвышацца над злом і грахом, і яго адказнасць перад Богам і самім сабою: «...ён [грэх. – Г.С.] вабіць цябе, але ты пануй над ім». Тут тлумачэнне і папярэджанне: Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла... Але, як мы сказалі, Каін, агорнуты толькі сваёй крыўдай і зайздрасцю, нават не пачуў гэтай перасцярогі, і здарылася тое, што здарылася.

Тора дае нам зразумець, што братазабойства не адбылося адразу. Тым самым выключаны момант дзеянняў Каіна ў стане так званага афекту: не, гэта быў прадуманы, свядомы крок. Напісана так: «І сказаў Каін Авелю, брату свайму. І было: калі яны знаходзіліся ў полі, узняўся Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быц 4, 8). Таямнічы момант у тэксце: што мог сказаць Каін Авелю? Мы адчуваем тут, здаецца, амаль што свядома ўжыты прыём рэціцэнцыі – замоўчвання, за якім адкрываецца прастора для роздуму і творчай фантазіі. Згодна з адным з тлумачэнняў, Каін пераказаў брату тое, што пачуў ад Бога, але, звярнуўшы гэта павучанне да Авеля; замест таго каб пайсці па шляху, указанаму Богам, ён абвінаваціў Авеля, «пераклаў з хворай галавы на здаровую». Яшчэ адно тлумачэнне (агульнапрынятае ў юдэйскай традыцыі) кажа, што паміж братамі адбылася спрэчка наконт маральных асноваў светабудовы, і Каін сцвярджаў, што Бог несправядлівы, што гэтай справядлівасці наогул нідзе няма... (Ці не гаворым мы часта тое самае, калі жыццё хоць крышачку пакрыўдзіла ці, як нам здаецца, «абышло» нас сваімі шчодрасцямі? Нам так уласціва скардзіцца на жыццё і на Бога...) Як распавядае Мідраш (юдэйскі каментар, які адшуквае сэнс, што не вельмі выразна, імпліцытна прысутнічае ў Святым Пісанні), Каін сказаў Авелю: «Няма ні справядлівасці, ні суддзі, ні будучага свету!» Авель адказаў: «Ты не маеш рацыі! Справядлівасць існуе. Твая ахвяра засталася непрынятай з-за таго, што ты прынёс яе з няшчырымі памкненнямі»9. Але Каін працягваў блюзнерыць, зневажаць Бога. Такім чынам, ужо ў старажытным каментары Каін паўстае як правобраз не проста братазабойства, але блюзнерства, небяспечнага багаборніцтва. Відавочна, што апошняе становіцца лёсавызначальным крокам, які вядзе чалавека па шляху злачынства, знявагі ды жыцця, створанага Богам, абсалютнай самадазволенасці.

Далей жа тэкст Пісання дае зразумець, што паміж укараненнем багаборніцтва ў душы Каіна і самім злачынствам таксама прайшоў пэўны час, бо слыннае «І было...» у Бібліі служыць дзеля ўвядзення новага аповеду, распавядання пра тое, што адбылося праз нейкі час. Паводле падання, забойству папярэднічаў даволі доўгі перыяд, калі ахоплены рэўнасцю, прыкрасцю, зайздрасцю, злосцю Каін углядаўся ў наступствы дабраславення Божага, якое атрымаў Авель, і адрынутасці яго ўласнай ахвяры. Авель атрымаў вялізны прыплод ад сваіх авечак, а Каін зусім не сабраў ураджаю, што прымусіла яго яшчэ больш умацавацца ў крыўдзе на ўвесь свет і на Бога, у рэўнасці да Бога, Які клапоціцца толькі пра Авеля, у злосці на апошняга. І вось настаў час, калі яны з братам былі адны ў полі. Каін толькі і шукаў нагоды, каб абрынуць сваю злосць і крыўду на брата, каб устараніць яго. Ён прапанаваў Авелю: «Калі мы спадчыннікі Адама, давай падзелім свет! Ты бяры сабе ўсё, што рухаецца, я вазьму сабе сваю зямлю». Авель не хацеў ніякіх сварак і спрэчак і таму згадзіўся. Тады Каін усклікнуў: «Прэч! Ты стаіш на маёй зямлі!» Авель пабег, але Каін бег за ім з крыкам: «Прэч! Зямля належыць мне!» На высокім узгорку ён дагнаў брата і ўжо гатовы быў забіць яго. Паміж братамі пачалася барацьба, але мацнейшы Авель прыціснуў Каіна да зямлі. Той стаў прасіць літасці: «Нас толькі два сыны ў бацькі, што скажаш ты яму, калі заб'еш мяне?» І тады Авель, які вельмі любіў бацьку і нават свайго змрочнага брата, адразу адпусціў яго. Каін падняўся на ногі, узяў з зямлі камень і ўдарыў ім Авеля ў шыю. Той упаў мёртвы. Так бачыць тое, што адбылося ў полі, Мідраш. Іншыя каментары кажуць, што Каін не ведаў, як забіць брата, а таму шпурляў у яго палкі і камяні, пакуль не трапіў яму ў шыю.

Асэнсоўваючы гісторыю Каіна і Авеля, прычыну сваркі паміж імі, яўрэйскія мудрацы так ці інакш спрабавалі даць абагульненую мадэль – парадыгму – усіх спрэчак, сварак, войнаў паміж людзьмі. Так, яны ўказвалі на тое, што расколіна ў стасунках Каіна і Авеля ўзнікла яшчэ тады, калі яны ажаніліся са сваімі сёстрамі-блізнятамі (гэта вымагалася неабходнасцю працягу роду чалавечага; потым такія шлюбы былі строга забароненыя). Справа ў тым, што Каін абвясціў пра сваю прывілею на адну з дзвюх сясцёр Авеля: «Яна павінна быць маёй, бо я – першынец!» Авель не пагадзіўся, сказаўшы, што сястра належыць яму, бо нарадзілася разам з ім. Такім чынам, адна з найраспаўсюджаных прычын сварак і нават забойстваў і войн у свеце – жанчына (прыгадаем хаця б Траянскую вайну, якая, паводле элінскага міфа, адбылася з-за Алены Прыгожай). Другой такой жа распаўсюджанай прычынай з'яўляюцца маёмасныя спрэчкі, эканамічныя інтарэсы (мы ведаем, што вялікая колькасць злачынстваў і войнаў звязаная з імі). Калі браты былі ў полі, Каін сказаў Авелю: «Узлятай з маёй зямлі!» Авель адгукнуўся: «А ты здымай вопратку, бо яна зробленая з воўны і скуры маіх авечак!» Так стаялі адзін супроць аднаго і крычалі: «Узлятай!» – «Здымай!», а потым Каін забіў Авеля. І ўрэшце – прычына рэлігійная, рэўнасць да Бога, высвятленне, каго больш любіць Бог, чыя вера найлепшая. Мы ведаем таксама, колькі крыві гэта прынесла чалавецтву, і, напэўна, няма таго, што магло б так засмуціць Бога, як гэтае «высвятленне стасункаў» паміж Яго дзецьмі.

Адкуль Каін ведаў, як забіваць брата, куды ўдарыць яго? Гэта ж было першае забойства. Якое ні кволае чалавечае жыццё, але ж адняць яго не так проста, тут таксама патрэбна, калі можна так мовіць, пэўнае «майстэрства». Мідраш распавядае, што аднойчы Каін бачыў, як Адам пераразаў вену быка, прызначанага для ахвяры Богу, таму і ўдарыў брата вострым камянём у шыю. Пакінуўшы цела Авеля ў полі (згодна з адной з версій, схаваўшы яго ў полі), Каін вырашыў сам схавацца ад бацькоў і ад Бога. Але немагчыма схавацца ад вока Усявышняга, якое бачыць свет і кожнага чалавека наскрозь. Бог ізноў распачынае дыялог з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаянне. Біблія падкрэслівае, што нават калі чалавек саступіў са шляху Божага, здзейсніў страшэнны ўчынак, ён можа пачаць цяжкую працу самавыпраўлення, вызвалення ад граху, ён можа заслужыць літасць Бога. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца (думку пра выратавальную сілу пакаяння будуць асабліва развіваць біблейскія прарокі). Той, хто сапраўды пакаяўся, пацвердзіў гэтае пакаянне сваімі справамі, не загіне. І пачаць трэба з сумленнага і поўнага прызнання ўласнай віны. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быц 4, 9). Справа не ў тым, што Бог не ведае, дзе Авель (што добра ведае, зразумела з Яго наступных слоў). Гэтае пытанне, безумоўна, мае сэнс, падобны да пытання Адаму: «Дзе ты, Адам?» Гэта пытанне да чалавечай душы, якое настойліва заклікае задумацца над тым, што ў ёй адбываецца. Гэта пытанне, якое кліча да адказнасці перад Богам, людзьмі (нашчадкамі, гісторыяй), самім сабою. Выраз «Дзе Авель, брат твой?» нездарма стаў крылатым: гэта формула адказнасці аднаго чалавека за другога, бо ўсе людзі – браты, гэта формула адказнасці за ўсё, што адбываецца навакол. Праз яе выказаны сам дух біблейскай цывілізацыі, якая стаіць на адказнасці чалавека. А Каін... Каін не хоча несці адказнасці: «Не ведаю! Хіба я вартаўнік брату майму?» (Быц 4, 10). Гэты выраз таксама стаў крылатым, але з рэзка адмоўным напаўненнем – як цынічнае ўхіленне ад адказнасці наогул і ад адказнасці за ўласнае злачынства ў прыватнасці. Да таго ж, у гэтых словах, як зазначыла ўжо і найстаражытнейшая яўрэйская экзэгеза, нельга не пачуць здзеклівае ўпіканне Самому Богу: гэта ж Ты – галоўны Гаспадар і Вартаўнік свету; чаму ж ты не выратаваў Авеля, чаму дазволіў мне забіць яго? Зазначым, што гэта таксама тыповая мадэль паводзінаў многіх людзей: ухіліцца ад адказнасці, схавацца за тое, што свет такі недасканалы, што ў рэшце рэшт ва ўсім вінаваты Сам Бог, калі Ён ёсць...

Пачуўшы адказ Каіна, Бог вымаўляе страшныя і жорсткія словы: «Што нарабіў ты?! Голас крыві брата твайго даносіцца да Мяне ад зямлі. І цяпер пракляты ты ад зямлі, якая раскрыла вусны свае, каб прыняць кроў брата твайго з рукі тваёй» (Быц 4, 11). Цікава, што ў арыгінале слова «кроў» стаіць у множным ліку. Як тлумачыць традыцыя, маецца на ўвазе не толькі кроў Авеля, але і ўсіх яго ненароджаных нашчадкаў. Забіваючы аднаго чалавека, злачынец забівае цэлы свет – вялікую колькасць людзей. «Кроў брата твайго...» Колькі будзе праліта яе яшчэ пасля, нявіннай крыві! І кожны раз кроў будзе крычаць да Бога, патрабуючы адплаты. Бог праклінае Каіна: «І цяпер пракляты ты ад зямлі [зямлёй]... Калі будзеш апрацоўваць зямлю, больш не стане яна даваць табе сваёй сілы, выгнаннікам і вандроўнікам будзеш ты на зямлі» (Быц 4, 11, 12). Заўважым, што Каін – першы чалавек, пракляты Богам. Адам і Ева не былі праклятыя, бо яны зрабілі памылку, а не злачынства. Пракляты быў змей, праз якога грэх увайшоў у душу чалавека. Каін таксама пракляты як чалавеказабойца, як душагуб. Яму наканавана застацца ў памяці людзей правобразам найстрашнейшага злачынства, найвялікшага граху перад Богам.

Узнікае пытанне: чаму Бог адразу не пакараў Каіна па прынцыпе «мера за меру», чаму не адняў у яго жыццё? Адказ адзін: Бог судзіць свет па найвялікшай літасці; тут жа гаворка ідзе пра самых першых людзей, якіх Ён не хоча караць смерцю, прынамсі адразу; Святы, дабраславёны, Ён не хоча адняць у Адама і Евы апошняга сына (пакуль што апошняга), бо аднаго яны ўжо страцілі. Магчыма, яшчэ цепліцца надзея, што пакаянне прачнецца ў жорсткай душы Каіна. І тут мы зноў маем справу з адным з вельмі складаных фрагментаў старажытнага тэксту. Каін адказвае Богу: «Вялікі грэх мой, недаравальны [невыносны]» (Быц 4, 13). Здаецца, Каін прызнае сваю страшэнную віну, і менавіта тады, калі ўсведамляе, наколькі залежыць яго жыццё і ўратаванне ад Бога, таму Усявышні і пакідае яму жыццё, наканаваўшы несці цяжар недаравальнай віны. Так чытае гэты біблейскі верш юдэйская традыцыя. Дарэчы, М. Лютэр, перакладаючы тэкст з арыгіналу, зразумеў яго менавіта так: «Meine Suende ist groesser, denn dass sie mir vergeben werden moege» («Мой грэх большы, чым можна мне дараваць»). «Пакаранне маё большае, чым знесці можна», – так разумее пераважна традыцыя хрысціянская, што звязана з блізкасцю напісання слоў «грэх» і «пакаранне» на іўрыце і з рознасцю перадачы іх у арыгінальным тэксце ТаНаХа (Старога Запавету) і ў Сэптуагінце (перакладзе ТаНаХа на грэцкую мову). Пры такім прачытанні ў словах Каіна няма пакаяння, ёсць толькі страх перад адплатай. Праўда, і Мідраш кажа, што хоць на словах Каін і выказаў пакаянне, яно не было поўным. Але і ў гэтым выпадку Бог залічыў Каіну нават такое падабенства пакаяння і зрабіў пакаранне мягчэйшым.

Біблейскі тэкст вельмі тонка зазначае, што злодзей баіцца пакарання, адэкватнага яго злачынству, бо на самай справе душы ўсіх людзей звязаныя адна з адной, хоць і не заўсёды ўсведамляюць гэта. Яны былі аб'яднаныя ў Адаме Першапачатковым, таму сапраўдны чалавек перажывае смерць другога чалавека як сваё няшчасце, як сваю смерць (узгадаем Джона Дона: «Смерць кожнага чалавека робіць меншым мяне, таму не пытайся ніколі, па кім звоніць звон: ён звоніць па табе»). Менавіта таму і будзе сказана далей у Пісанні: «...любі бліжняга твайго, як самога сябе...» (Лев 19, 18). Пад гэтым бліжнім як юдэйская, так і хрысціянская традыцыі разумеюць кожнага чалавека. Адпаведна той, хто губіць бліжняга, губіць сябе самога. Напэўна, нават Каін адчуў, што ён сам паставіў сябе ў становішча адрынутага ад Бога і грамадства; само жыццё яму не ў радасць, бо ён баіцца, што кожны, хто сустрэнецца з ім, заб'е яго, бо Бог прысудзіў яму доўгае жыццё з адчуваннем сваёй адрынутасці, адзіноты, віны. Каін скардзіцца Богу: «Вось Ты цяпер зганяеш мяне з твару зямлі, і схаваюся я ад твару Твайго, і буду выгнаннікам і вандроўнікам на зямлі, і першы, хто сустрэнецца са мной, заб'е мяне» (Быц 4, 14). І тады Бог паставіў нейкі таямнічы знак на Каіна, каб ніхто не забіў яго, і сказаў не вельмі зразумелае: «За тое ўсялякаму, хто заб'е Каіна, адпомсціцца ўсямёра [у сем разоў]» (Быц 4, 15). Але гэтае «ўсямёра» – шыватайім – можна прачытаць і як «у сёмым пакаленні», а ўвесь выраз – як забарону забіваць Каіна, бо яму (Каіну) адпомсціцца ў сёмым пакаленні. І хоць выраз «Каінава пячаць» даўно і нездарма разумеецца як адбітак на чалавеку страшэннага граху, непазбытнай віны, як знак забойцы, усё ж відавочна, што ў вуснах Бога гэты знак меў таксама і сэнс абароны Каіна ад людзей. Чаму так? Па-першае, тым самым Бог дае нам зразумець, што суд чалавечы – заўсёды адносны, часта вельмі павярхоўны і хуткі. Ён рэдка высвятляе ісціну ў поўным яе аб'ёме, даволі часта проста памыляецца, а гэта вельмі небяспечна, калі справа тычыцца жыцця чалавека. Сапраўдны суд – суд Божы. Толькі Бог можа здзейсніць прынцып «мера за меру» – прынцып адэкватнай адплаты злачынцу, і вельмі страшна, калі чалавек бярэ на сябе ролю «апошняй інстанцыі». Яшчэ небяспечней гэта, калі чалавек асьмельваецца на індывідуальную помсту ці вырашае знішчаць «непатрэбных» грамадству, тых, хто «перашкаджае» нармальнаму жыццю. Вось чаму ніхто не можа ўзняць руку на Каіна. Па-другое, гэта робіцца, як мы ўжо адзначалі, дзеля Адама і Евы, а таксама дзеля ўсяго роду чалавечага, дзеля развіцця культуры (сярод нашчадкаў Каіна, як ужо згадвалася, будуць так званыя культурныя героі, заснавальнікі рамёстваў і мастацтваў) – і робіцца з надзеяй, што нашчадкі будуць асэнсоўваць і пераадольваць грэх свайго продка. Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Па-трэцяе, грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасцю (вельмі сімвалічна супадзенне ў гучанні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, гэтае «непрыкаяны» і ёсць вытворнае ад «Каін»?), немагчымасцю поўнага пакаяння (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасцю ад людзей. Ці можа быць пакаранне цяжэйшым? Можа, гэта горш за смерць? Можа, таму і наш сучаснік, знакаміты паэт-бард, напісаў: «Каину дай раскаянье и не забудь про меня...»

Але, як мы сказалі, у выніку пакаранне Каіну было крыху мякчэйшае, бо Бог убачыў пэўныя, хоць і вельмі нязначныя, зрухі ў яго душы. Мідраш даводзіць да нас, што зямля працягвала не даваць яму харчавання, не нараджала там, дзе сеяў Каін, расчынялася пад ім, ён павінен быў бясконца мяняць месца свайго прытулку, але з цягам часу яму было дазволена выбраць для сябе пэўнае месца, дзе ён мог спыніцца. Асабліва абмяркоўваецца ў Мідрашы і той знак, што зрабіў Каіну Бог. Наконт гэтага існуюць некалькі думак. Магчыма, знак, дадзены Каіну, – праказа, якая і не дазваляла людзям падняць на яго руку (ці з прычыны страху перад хваробай, ці таму, што ён ужо атрымаў ад Бога пакаранне, роўнае смерці). Па іншай версіі, Бог даў Каіну асаблівага сабаку, які ахоўваў яго і папярэджваў аб усялякай небяспецы. Была думка, што на ілбе Каіна вырас рог (ці рогі), які дазваляў яму змагацца з тымі, хто нападаў на яго. Нарэшце, агульнапрынятым яўрэйскімі каментатарамі стала меркаванне, што Бог паставіў на ілбе Каіна адну з літараў Свайго невымаўляльнага Святога Імя (Тетраграматону, бо на пісьме выкарыстоўваюцца толькі чатыры літары, што абазначаюць зычныя гукі гэтага таямнічага Імя).

«І пайшоў Каін ад Твару Пана, і пасяліўся ў зямлі Нод [зямлі блукання], на ўсходзе ад Эдэму» (Быц 4, 16). «Пайшоў... ад Твару Пана...» Гэта можна тлумачыць па-рознаму: і як усё ж такі праяву сумлення ў цьмянай душы Каіна – сораму, які не дазваляў яму больш бачыць Твар Бога і прыносіць Яму ахвяры (ён лічыў сябе нявартым гэтага), і як адвечнае жаданне чалавека з нячыстым сумленнем хавацца ад Твару Божага, як схаваліся пасля грэхападзення Адам і Ева. Як тлумачыць Мідраш, Каіну дазволена было застацца ў межах адной тэрыторыі, але бясконца блукаць па ёй. Д. У. Шчадравіцкі лічыць, што зямля (краіна) Нод на ўсходзе ад Эдэму можа быць ідэнтыфікаваная са старажытнай Месапатаміяй, дзе ў даліне Тыгра і Еўфрата ўзнікла найстаражытнейшая ў гэтым рэгіёне цывілізацыя – Шумер, які дасягнуў росквіту ў III-II тыс. да Н. Х. Рака Перат, альбо Прат, г. зн. Еўфрат, сапраўды згадваецца сярод рэк, што выцякаюць з Эдэму; апошні згодна з уяўленнямі старажытных яўрэяў знаходзіўся недзе ля вытокаў Тыгра і Еўфрата. Шчадравіцкі лічыць таксама (і гэта вельмі цікавая і слушная думка), што невыпадкова назва аднаго з дапатопных гарадоў (якія існавалі да Суветнага Патопу) – Эрэду (Ірыду) – супадае з гучаннем імя ўнука Каіна – Ірада. «І пазнаў Каін жонку сваю, і яна зацяжарыла і нарадзіла Ханоха...» (Быц 4, 17). Імя сына Каіна Ханох (грэцкая яго версія – Энох) літаральна азначае «выхаванец», бо ён сапраўды выхаванец Каіна. Але якое выхаванне можа даць свайму сыну Каін? Мы паўтараемся ў той ці іншай ступені ў нашых дзецях, і, можа, у тым і справа, што сын Каіна робіцца падобным на Каіна. Чаму ж тады – ізноў узнікае пытанне – Бог дазволіў працягвацца гэтаму роду? Паўторым, хаця няма ніякай упэўненасці ў тым, што мы ведаем дакладны адказ: каб давесці да іх, нашчадкаў Каіна, і да нас, вельмі-вельмі далёкіх нашчадкаў Адама і Евы, што ёсць свабода волі, што чалавек можа, калі прыкладзе ўсе намаганні, стаць іншым. Бог дае шанец гэтаму роду і сцвярджае найвялікшую нашу адказнасць перад дзецьмі, перад гісторыяй, перад абліччам будучага свету.

Каін жа будуе першы горад, які называе імем свайго сына – Ханох. Чаму Каін выступае як пачынальнік горадабудаўніцтва? Ён баіцца людзей і імкнецца адгарадзіцца ад свету. Здаецца, горад, які будаваў Каін, з самага пачатку становіцца сімвалам няправеднага, тупіковага шляху развіцця цывілізацыі. Нездарма ў тэксце гаворыцца «будаваў», а не «пабудаваў»: гэта азначае, што Каіну не дадзена было давесці да канца ніводнае са сваіх пачынанняў, што створаная ім цывілізацыя была ў рэшце рэшт асуджаная на пагібель. А пакуль што ў Каіна нараджаюцца дзеці, і іх імёны, як адно, сведчаць пра дэградацыю: Ірад – «той, хто не дрэмле ў спуску», г. зн. не перастае ўсё больш і больш апускацца ў духоўным сэнсе; Мехіаэль – адначасова і «той, хто забыўся на Бога», і «той, каго выкрасліў (на каго забыўся) Бог»; Метушаэль – «той, хто просіць смерці. «Вось «духоўная біяграфія» нашчадкаў Каіна, адбітая ў іх імёнах, – піша Д. У. Шчадравіцкі. – Выхаванец Каіна Энох – духоўна заняпалы Ірад – Мехіаэль, які забыўся на Бога... Нарэшце з'яўляецца Мафусал, што просіць смерці (сабе і іншым?), – чалавек, які цалкам пакінуў Бога, і таму пакінуты Ім. Усё гэта сімвалічна тычыцца і ўнутранага развіцця цялеснага чалавека, які ідзе па слядах Каіна: усё больш апускаючыся маральна, ён нарэшце ўжо не хоча жыць, ён просіць сабе смерці»10.

І вось нараджаецца пятае пакаленне ад Каіна, а гэта значыць – сёмае ад Адама, і ў гэтым пакаленні павінен загінуць Каін (як мы памятаем, яму павінна адпомсціцца ў сёмым пакаленні). Метушаэль (Мафусал) нараджае Лэмеха (Ламеха), імя якога можна прыкладна перакласці як «да слабасці», г. зн. «прызначаны для слабага, нестаноўчага жыцця». Гэты Ламех ажаніўся з дзвюма жанчынамі – Адай і Цыляй. «І нарадзіла Ада Яваля – ён быў родапачынальнікам тых, хто жыве ў шатрах са статкамі. А імя брата яго – Юваль, ён быў родапачынальнікам усіх, хто грае на гуслях і жалейцы. А Цыля, яна таксама нарадзіла – Туваль-Каіна, [майстра] усялякіх прыладаў з медзі і жалеза; сястра [ж] Туваль-Каіна – Наама» (Быц 4, 20–22). Як мы ўжо адзначалі, дзеці Ламеха – нашчадкі Каіна – становяцца культурнымі героямі. Але ў гэтым тэксце ёсць пэўны падтэкст, бо справа ў тым, што развіваюць нашчадкі Каіна ўсё тую ж «каінаву» цывілізацыю, пачынаюць у ёй нешта асаблівае. Там, дзе ў перакладзе слова «статкі», у арыгінале стаіць мікнэ – «скаціна», «жывёла» (у сэнсе – «статкі хатніх жывёлаў»). Але гэтае слова азначае таксама «маёмасць», «тое, што набыта», «купленае» (той жа корань, што ў імені «Каін»). Такім чынам, магчыма, гэта ўказанне на тое, што ў нашчадкаў Каіна прынцып служэння багаццю, маёмасці стаў асноўным. Да таго ж, як кажа традыцыйны каментар, Яваль быў першым, хто пачаў ствараць паганскія капішчы, а яго брат Юваль граў падчас паганскага богаслужэння на музычных інструментах. Імя «Туваль-Каін» можна перакласці як «супольнік Каіна», а гэта значыць, што ён удасканаліў «рамяство» Каіна – вырабляючы розныя прылады для забойства, для вайны. Імя ж Наамы («прыемная», «прывабная»), магчыма, сімвалізуе пагоню гэтай цывілізацыі за асалодай, сувязь паміж гэтай пагоняй і гвалтам, забойствамі, войнамі (але наконт Наамы ёсць і іншыя меркаванні).

Аднойчы Ламех расказаў дзвюм сваім жонкам пра двайное забойства, якое ён учыніў. Дакладней, нават не расказаў – ён спеў пра гэтае, бо з вуснаў Ламеха мы чуем першую песню (у арыгінале – моцна рытмізаваны тэкст): «Ада і Цыля! Паслухайце голас мой! Жанкі Лэмехавы, пачуйце словы мае. Мужа забіў я ў язву мне і хлапчаня ў рану мне. Калі Лэмеху адпомсціцца ўсямёра, то Лэмеху – ў семдзесят сем разоў» (Быц 4, 23–24). Пра што гаворыць гэты зусім незразумелы, на першы погляд, сапраўды вельмі цьмяны тэкст? Гэта тлумачыць Мідраш. Пад старасць Лэмех аслеп, але працягваў хадзіць на паляванне. Яго вадзіў уласны сын – Туваль-Каін, які скіроўваў лук і стралу бацькі ў цэль. А яшчэ быў жывы іх продак Каін, які чым далей, тым болей адчуваў сваю непрыкаянасць і часта блукаў па лясах, хаваўся ў чароце. І вось аднойчы, калі Лэмех і Туваль-Каін палявалі, нешта мільганула ў чароце, падобнае на звера. Туды скіраваў Туваль-Каін стралу свайго бацькі. Калі Лэмех зразумеў, што забіў Каіна, ён у страшэннай злосці так ударыў сына, што той зваліўся мёртвы. Таму для Лэмеха гэта падвойнае забойства – язва і рана. Ён не хацеў забіваць свайго продка і свайго сына, але «ўключылася» нешта ад Каіна ў ім, і ізноў пралілася кроў. Паданне кажа, што, пачуўшы гэтую жудасную песню, жонкі Ламеха адмовіліся жыць з імі, але ён угаварыў іх. Ён сказаў ім, што калі пакаранне Каіна, які свядома забіў Авеля, было адкладзенае Богам да сёмага пакалення, то ягонае будзе адцягнута ажно да семдзесят сёмага. Гэтыя словы маюць сімвалічны падтэкст, бо сам Ламех і яго нашчадкі – нашчадкі Каіна – загінуць намнога раней, падчас Сусветнага Патопу. На думку Д. У. Шчадравіцкага, гаворка ідзе пра тое, што як у сёмым пакаленні адпомсцілася той жа мерай Каіну, так у семдзесят сёмым пакаленні будзе выкупленая несвядомая віна Ламеха: «Калі ж, кім і як будзе выкупленая віна Ламеха, яго міжвольны грэх? У Евангеллі ад Лукі падаецца радавод Езуса Хрыста, што ўзыходзіць да Адама, і ў ім налічваецца роўна 77 імёнаў (Лук 3, 23–38). Значыць, згодна з дзівосным прасвятленнем Ламеха, у 77-м пакаленні ад Адама будзе выкуплены грэх міжвольнага забойцы. Менавіта Езус Хрыстус прынёс на Галгофе ахвяру, што выкупіла грахі кожнага чалавека, які каецца ў іх перад Богам»11.

А што ж Адам і Ева? Як перажылі яны гэта падвойнае страшэннае гора – смерць аднаго свайго сына і тое, што забойцам стаў другі? Пра гэта маўчыць тэкст, ізноў пакідаючы вялікую прастору для нашай фантазіі. Безумоўна, яны пахавалі Авеля. Мідраш распавядае, што спачатку бацькі, агорнутыя роспаччу, зусім не ведалі, што рабіць з мёртвым целам сына: яны ж ніколі яшчэ нікога не хавалі. Тады Пан Бог даў ім знак. Ён паслаў у поле двух воранаў і зрабіў так, што адзін з іх памёр. Другі ж сказаў: «Я пакажу Адаму, што рабіць далей». Ён выкапаў у зямлі яму і пахаваў у ёй таварыша. Ва ўзнагароду за гэта Бог не даў загінуць птушанятам загінуўшага ворана, і, можа, пра гэта нагадвае адзін з Псалмоў: «Ён дае ежу звярам і варанятам, якія гучна скардзяцца» (Пс 147, 9). Іншая версія гаворыць, што зямля ўвесь час выштурхоўвала цела Авеля, бо не хацела прымаць яго раней за Адама, які першы быў створаны з зямлі, і што пахавалі Авеля толькі з Адамам, а дагэтуль цела яго не падлягала распаду. Відаць, тое, што адбылося ў ягонай сям'і, вельмі ўразіла Адама, прымусіла яго яшчэ вастрэй адчуць сваю віну (паводле аднаго падання, Авель быў забіты суком, адламаным ад Дрэва Пазнання). Мідраш кажа, што пасля грэхападзення Адам не дакранаўся да Евы, а цяпер ён стаў яшчэ болей пасціцца. І толькі праз 130 гадоў ізноў вярнуўся Адам да Евы, і яна нарадзіла сына, знешне вельмі падобнага да Адама. Так пачнецца новая старонка ў гісторыі чалавецтва. Але пра гэтае – пазней.

Імёны Каіна і Авеля назаўсёды ўвайшлі ў свядомасць людзей той цывілізацыі (ці нават некалькіх), што пабудаваная на Бібліі. Першы забойца і першая ахвяра... Каін назаўжды стаў не проста архетыпам забойцы, але перадусім прататыпам чалавека, які жыве пераважна матэрыяльным, чалавека плоцевага, залішне прывязанага да гэтага свету. Авель – прататып чалавека духоўнага, які не ставіць мэтай жыцця набыццё багацця, які імкнецца аддаць лепшае Богу і людзям, для якога апрача зямнога, матэрыяльнага існуе свет будучы, Царства Божае. З трох сыноў Адама менавіта Авель стаў прататыпам Месіі – таго, хто ўвядзе чалавецтва ў Месіянскую эру, эру гармоніі, дабрыні і міласэрнасці. Ужо ў старазапаветных апокрыфах Авель паўстае як першы святы, як першамучанік. Так успрымалі яго і ў эпоху ранняга хрысціянства. У Евангеллі ад Мацея сказана, што Езус, выкрываючы грэшнікаў, гаварыў ім: «Няхай прыйдзе на вас уся кроў праведная, пралітая на зямлі, ад крыві Авеля праведнага да крыві Захарыі...» (Мц 23, 35). Апостал Павел у Пасланні да Яўрэяў параўноўваў кроў Авеля з Кроўю Хрыста, пралітай за людзей, – Кроўю, «якая гаворыць лепш за Авелеву» (Яўр 12, 24). Такім чынам, для хрысціянскай свядомасці Авель, першы пастыр, які прынёс ахвяру, пажаданую Богам, які сам стаў першай бязвіннай ахвярай, ахвярным ягнём, выступае як сімвалічны правобраз Хрыста, Ягняці Божага, чыя Кроў павінна збавіць людзей ад іх грахоў, прывесці іх да вялікага Уратавання. Сама ахвяра Авеля становіцца сімвалам Эўхарыстыі, яго смерць – прадвесцем смерці Укрыжаванага. Пра Каіна ж у апостала Яна гаворыцца, што ён «быў ад лукавага» (1 Ян 3, 12). На гэтай выснове некаторыя хрысціянскія гностыкі сцвярджалі, што Каін быў на самай справе не сынам Адама, а сынам Евы ад змея (сатаны). Але гэта супярэчыць тэксту Бібліі, тым больш што словы апостала маюць сімвалічны сэнс: у духоўным сэнсе Каін стаў «сынам змея», «сынам д'ябла» (як памятаем, і найстаражытнейшы каментар кажа, што да яго душы прыляпілася змяя).

Вельмі рана сюжэты, звязаныя з Каінам і Авелем, уваходзяць у хрысціянскае мастацтва, прысутнічаюць як павучанне і заклік да роздуму, як сімвалічныя сцэны ў інтэр'ерах шмат якіх еўрапейскіх касцёлаў. Так, «Ахвярапрынашэнне Авеля» паўстае на мазаіцы базылікі Санта-Апалінарэ ін Класэ ў Равэне (Італія, VII ст.), і размешчанае яно насупраць «Ахвярапрынашэння Аўраама»12, на мазаіцы ж касцёла Сан-Вітале (Італія, VI ст.) – паралельна «Ахвярапрынашэнню Мельхісэдэка»13. Сцэна, у якой Бог пасылае нябесны агонь на ахвяру Авеля, адлюстраваная на барэльефе залы капітула касцёла ў Солсберы (Англія, ХІІІ ст.), на вітражы касцёла ў Шалон-сюр-Марн (Францыя). На бронзавых дзвярах касцёла Санкт-Міхаэль у Хільдсгейме (Германія) рука Бога паказвае на ахвяру Авеля. Сцэна забойства Каіна Ламехам паказаная ў Каталанскай Бібліі з Радэза (ХІ ст.), на капітэлі касцёла ў Атоне (ХІІ ст.), на барэльефе касцёла ў Ліоне (ХІІІ ст.) і г. д. Гэтыя матывы арганічна пераходзяць і ў еўрапейскае мастацтва, прычым мастакоў хвалюе менавіта сцэна забойства Каінам Авеля, якая дае магчымасць перадаць трагізм быцця чалавека, стварае прастору для мастацкай экспрэсіі і дынамікі (карціны Карэджа, Тыцыяна, Я. Тынтарэта, А. Дзюрэра, П.П. Рубенса, Рэмбрандта і інш.).

Складанасць лаканічнага біблейскага тэксту, пэўная таямніца (ці нават шэраг таямніцаў) у ім, прымушалі шмат якіх мысляроў і паэтаў асэнсоўваць і пераасэнсоўваць прыпавесць пра Каіна і Авеля. Адна з найцікавейшых і глыбокіх апрацовак гэтага сюжэту ў еўрапейскай літаратуры – філасофска-сімвалічная драма выбітнага англійскага рамантыка Дж.Г. Байрана «Каін» (1821), вызначаная самім аўтарам як містэрыя. У ёй Каін паўстае як герой-мысляр, які ўсумніўся ў справядлівасці Бога і створанага Ім свету (як памятаем, гэты матыў прысутнічае ўжо ў вельмі старажытных слаях каментару да Святога Пісання), як бунтар, што выступае супраць «рабскай пакорлівасці» «людскога статку», наогул – супраць усіх установаў, якія абмяжоўваюць асобу, прыгнечваюць яе. Пад пяром Байрана Каін становіцца ўвасабленнем гіпертрафаванай гордасці, анархічнага бунту дзеля бунту, які прыводзіць героя на край бездані, да гранічнай спустошанасці. І вельмі прыкметна, што свайго кшталту «духоўным настаўнікам», каталізатарам гэтага бунту ў імя бязмежнай волі, якая становіцца пасткай для чалавека, пакутамі і пагібеллю душы, з'яўляецца, на думку Байрана, Люцыпар (у містэрыі адчувальны ўплыў «Страчанага Раю» Дж. Мілтана14). У паэзіі ранняга сімвалізму прыкметная нетрадыцыйная інтэрпрэтацыя біблейскіх вобразаў у вершы французскага паэта Ш. Бадлера «Авель і Каін» са слыннага зборніка «Кветкі зла»: Авель асэнсоўваецца як родапачынальнік усіх добранадзейных, добранамерных, законапаслухмяных мяшчанаў, якія ўтульна ўладкаваліся ў жыцці, Каін жа – як бацька ўсіх, каго гоніць жыццё, хто збіваецца са шляху, праклятых і адрынутых: «А ты, род Каінаў, паўзеш, // І ў брудзе смерць – твая дарога!» (пераклад паводле перакладу Эліса. – Г. С.). У сваю чаргу пераасэнсоўваючы бадлераўскую тэму і праз біблейскі тэкст выяўляючы метафізічны сэнс чалавечага лёсу, малады паэт К. Міхееў, які жыве ў Мінску, піша:

Влача за собою мотыгу в бурых кровоподтеках,
со дня рождения мира упрям, угрюм, неприкаян,
в обнимку с собственной тенью, ползущей следом в потемках,
по всем пустырям вселенной бредет одиноко Каин.

...Пока на тщедушных выях ярмо, как велит обычай,
тащат Адамовы чада на нивах будней тоскливых,
несет он иное бремя, подобно упряжке бычьей,
скорбь человечьего рода взвалив на крутой загривок.

Пока следы не поглотит дороги жадная слякоть,
пока не засохнут язвы, алеющие, как вишни,
он помнит: дарованы очи смертным не чтобы плакать,
а чтобы увидеть небо, где ангелы и Всевышний.

...Глядя в заплывшие гноем собачьи глаза окраин,
скорбя, плутая, петляя, открытый безбрежной тайне,
по всем пустырям вселенной проходит упрямый Каин,
и блещут звезды Господни, благословляя скитанье!

«Путь Каина» 15

Пакуль працягваецца дыялог чалавека з Бібліяй, са Словам Божым, што гучыць у ёй, працягваецца і роздум над прыпавесцю пра Каіна і Авеля. На зямлі не засталося ў прамым, фізічным сэнсе ні нашчадкаў Авеля (яны не нарадзіліся), ні нашчадкаў Каіна (яны загінулі падчас Патопу). Але ў сэнсе духоўным у душы кожнага з нас ёсць нешта ад Каіна і нешта ад Авеля. На жаль, ёсць людзі (і іх шмат), якія ў пэўным сэнсе сталі «добрымі» вучнямі Каіна. Як выкараніць гэта з нас? Бог спадзяецца на працу душы кожнага чалавека.


  1. Гл.: От начала начал: Антология шумерской поэзии / Вступ. ст., пер., коммент. В.К. Афанасьевой. СПб., 1997. – С. 130.
  2. Аверинцев С.С. Иудаистическая мифология // Мифы народов мира: Энциклопедия: В 2 т. Т. 1. М., 1991. – С. 588.
  3. Тамсама.
  4. Гл. падрабязней: Сініла Г. «Чым ёсць чалавек?»: Два аповеды пра стварэнне чалавека // Наша вера. 2001. № 4 (18). – С. 8–15.
  5. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: Пятикнижие Моисеево. М., 2001. – С. 69.
  6. Тамсама.
  7. Вейсман М. Мидраш рассказывает: В 6 т. Т. 1. Берешит. Иерусалим, 1990. – С. 89.
  8. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: Пятикнижие Моисеево. – С. 70.
  9. Гл.: Вейсман М. Мидраш рассказывает: В 6 т. Т. 1. Берешит. – С. 90.
  10. Щедровицкий Д.В. Введение в Ветхий Завет: Пятикнижие Моисеево. – С. 74.
  11. Тамсама. – С. 76–77.
  12. Пра ахвярапрынашэнне Аўраама гаворка будзе ісці ў асобным артыкуле.
  13. Пра гэты сюжэт і яго сэнс гаворка будзе ісці таксама ў артыкуле пра Аўраама.
  14. Гл. падрабязней пра асэнсаванне вобразу Сатаны-Люцыпара ў Дж. Мілтана ў нашым артыкуле «Чалавек па волі ўласнай заняпаў...» (Прыпавесць пра грэхападзенне ў асэнсаванні літаратуры Новага часу)» (Наша вера. 2002. № 4. – С. 20–29).
  15. Михеев К. Стихи Мнемозине. М.: Новое знание, 2002. – С. 196.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY