Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(3)/1997
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

ЗАГАДКАВАЯ І СТАРАЖЫТНАЯ
Навяртанне
Да юбілею 2000 года
Мастацтва

АПОСТАЛ ДУХОЎНАСЦІ

«Я ЎКЛАНІЎСЯ ЯМУ»
Роздум аб веры

ШЭСЦЬ ПРАЎДАЎ ВЕРЫ
Пераклады

ВЕРШЫ
Пра самае важнае

ПАНЕ, НАВУЧЫ НАС МАЛІЦЦА...

КРЫЖ ПРЫДПРОЖНЫ
Жыццё ў законе

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ
Драматургія

...І ЗНОЙДЗЕШ СУЦЯШЭННЕ
Паэзія

ВЕРШЫ
Сведчаць архівы

ПУНКЦІРЫ ЦЯРНІСТАГА ШЛЯХУ
З жыцця Касцёла

Ірына ЖАРНАСЕК

НА ВЕРНАСЦЬ ХРЫСТУ

Полацк. Капліца сясцёр эўхарыстак.
Жанчыны ў хабітах... Адны кажуць пра іх, што яны пагарджаюць чалавечым шчасцем, радасцямі свету і таму апранулі яго на сябе. Другія кажуць, што яны расчараваліся ў жыцці і таму надзелі хабіт. Трэція сцвярджаюць, што яны носяць яго ў знак нейкага пратэсту...

І адны, і другія, і трэція памыляюцца. Бо наўрад ці магчыма вызначыць і зразумець, чаму жанчына ахвяруе сваё жыццё Богу. Як нікому з нас не дадзена зразумець таямніцу Божага паклікання.

...Супольнасць сясцёр-служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі паўстала ў 1923 годзе, тады ж, калі на Віленшчыне біскупам Матулевічам быў адноўлены Закон Марыянаў. І так ужо было наканавана лёсам, каб гэтыя два Законы ішлі далей па жыцці побач, узмацняючы адзін аднаго малітваю, добрым словам падтрымкі, дзейснай дапамогай. Так ужо вызначыў для іх Пан Бог, што ўсе выпрабаванні яны неслі разам. А апошняга на іхнюю долю хапіла з лішкам.

Сястра Ядвіга Віршута, якая пражыла ў законе ўжо шэсцьдзесят гадоў, добра памятае свае першыя крокі манаскага жыцця. Яна, маладзенькая, пакінула тады бацькоўскі дом з даволі заможнай гаспадаркай і гатовая была адразу ж цярпець суровыя выпрабаванні дзеля Езуса. Але ў кляштары яе спаткалі з ласкай, сёстры не шкадавалі добрага слова падтрымкі. У дамку, дзе жылі сёстры ў Друі, было даволі ўтульна, чыста, пасцель далі белую ды мяккую... «Якая ж тут можа быць ахвярнасць?» – расчаравана думала сястра Ядвіга. Думала і не ведала, што ўсё яшчэ наперадзе.

Неўзабаве прыйдзе час – і новая ўлада адбярэ ў іх дом, а ўсе пошукі справядлівасці скончацца тым, што сёстры будуць жыць у сцюдзёным хлеўчуку, а потым вымушаныя будуць надоўга зняць свае хабіты. Але, зняўшы іх, саступіўшы нялюдзскай уладзе ў замаху на іхняе сумленне, яны ўсё ж не саступілі ёй у галоўным. Яны не выракліся Хрыста, не адмовіліся служыць Яму. Так, яны ўжо не будуць мець магчымасці выходзіць у сваіх хабітах на вуліцу, быць у іх на людзях, – тым даражэйшыя будуць хвіліны, калі ў часе святаў, зачыніўшы шчыльна дзверы, яны будуць даставаць свае найпрыгажэйшыя для іх уборы, свае хабіты і... маліцца ў іх. І чуць сябе шчаслівымі.

Чорныя дні настануць і для святарства. Страшнай смерцю сярод жытнёвага поля, бліз дарагой ягонаму сэрцу Друі, загіне ксёндз Яўгені Кулеша. У вагні вайны прымуць пакутніцкую смерць ксяндзы Юры Кашыра і Антоні Ляшчэвіч. У далёкае сібірскае выгнанне пралягуць шляху ксяндзоў Андрэя Цікоты, Язэпа Германовіча, Фабіяна Абрантовіча, Лявона Лаўцэвіча, Люцыяна Паўліка... Сёстры-эўхарысткі заставаліся ў родных мясцінах. Але яны напоўніцу дзялілі пакуты святарства. Яны плакалі разам з друйскімі парафіянамі над дамавінаю кс. Кулешы, яны, маладзенькія законніцы, разам з ксяндзамі-марыянамі неслі слова Божае, Божую праўду спустошанай зямлі Дрысеншчыны і пасля разам з імі перажылі тую страшную ноч у Росіцкім касцёле, гатовыя стаць на Суд Божы. Ды ксёндз Ляшчэвіч выпрасіў у фашыстаў літасць для сясцёр. І яны праз некалькі дзён горка плакалі над жудасным попелам Росіцы, над паўтарытысячнаю ахвяраю ўсеспалення, у якой знайшлося месца ксяндзам Кашыру і Ляшчэвічу.

Сцежкі лясныя... Колькі іх будзе пройдзена сёстрамі? Ад хутара да хутара, ад хутара да хутара... Па тых сцежках то адна, то другая сястра панясуць харчы тым святарам, якія спадзяваліся перажыць, унікнуць турэмнае долі. Калі б толькі маці законная Апалонія Пяткун магла злічыць валізы з харчамі, кіламетры бездаражы, якія яна прамерала ў тыя гады па дарогах Браслаўшчыны ды Мёршчыны! А потым былі пасылкі. У Сібір – выгнаннікам. І лісты, лісты, лісты: падтрымкі, просьбы парады, бясконцага суму і адначасна бясконцай надзеі на міласць Божую. Почасту сёстрам даводзілася адмаўляць сабе ў кавалку хлеба, каб адаслаць тую, такую дарагую і неабходную пасылку ў Сібір.

Зняўшы хабіты, яны знешне ўжо нічым не адрозніваліся ад астатніх людзей. Але гэта толькі знешне, толькі вонкава. Той, хто пільней прыглядаўся да гэтых жанчын, мог і тады адчуць тое нябачнае святло, што выпраменьвалі іхнія душы. Стрыманасць, далікатнасць, зычлівасць і бясконцая цярплівасць вылучала сясцёр. А глыбока ў душах заставалася і дапамагала жыць вера. Нягледзячы ні на якія цяжкасці яны працягвалі жыць законным жыццём: мелі пастаянную сувязь паміж сабой, адбывалі рэкалекцыі (калі не маглі сабрацца разам, то хоць бы паасобку), час ад часу збіраліся на супольныя малітвы. Яны ўпарта не хацелі прызнаваць замах дзяржавы на чалавечае сумленне.

У 1969 годзе ў справаздачы на генеральнай капітуле законная маці Апалонія Пяткун пісала: «Асновай нашага законнага жыцця з’яўляецца Канстытуцыя, якую мы вельмі любім і, нягледзячы на цяжар знешніх умоваў, імкнемся жыць па ёй... Духоўныя практыкі раніцай і ўвечары адбываем разам. У полудзнь жа молімся паасобку, бо ў гэты часць большасць сясцёр вымушаныя знаходзіцца на дзяржаўнай працы. Штомесяц адбываем рэкалекцыі ў адзін, прызначаны дзеля гэтага дзень, хаця і не ўсе могуць прысвяціць цэлы дзень на тое, каб засяродзіцца. Гадавыя рэкалекцыі на працягу васьмі дзён адбываем малымі групамі альбо паасобку... Сямейны стан супольнасці імкнемся падтрымліваць не толькі ў нейкім асобным доме сясцёр, але таксама і паміж дамамі, дзелімся матэрыяльным дабром і, як толькі можам, узаемна дапамагаем адна адной».

Адведзіны хворых.
А як было змірыцца з тым, што многія і многія людзі не мелі магчымасці паспавядацца, атрымаць касцельны шлюб, пахрысціць сваіх дзяцей, давесці іх да споведзі?.. Па-сутнасці, у касцёл не баяліся хадзіць у тыя часы толькі беспартыйныя бабулі ды дзядулі. Людзі ўпотайкі імкнуліся жыць па-хрысціянску. А таму і пасты захоўвалі, і святы святкавалі, і да споведзі хадзілі – часам за няблізкі свет. Дзяцей да першай споведзі рыхтавалі з асаблівай асцярожлівасцю. І тут на дапамогу прыходзілі сёстры эўхарысткі. Маленькія падпольныя школкі працавалі то ў лесе, то ў якой-небудзь непрыкметнай хаціне. Быў выпадак, калі сястра Рузалія Марцілёнак навучала дзяцей на гарышчы дома, у якім жылі сёстры эўхарысткі. Хтосьці данёс у міліцыю, тая з’явілася і шукала дзяцей, але міліцыянты не дадумаліся, што навучаць праўдзе Божай можна і на гарышчы – так і не знайшлі. Трэба было бачыць, як цешылася потым сястра Рузалія, успамінаючы той выпадак. Яна ўвогуле ўмела цешыцца жыццю і ўсялякай прыгажосці ў ім, незабыўная сястра Рузалія. Яна, улюбёная ў музыку і касцельны спеў, не тое, што дня – гадзіны не магла пражыць без мелодыі. Дзівосныя хрысціянскія спевы не пакідалі яе, што б яна ні рабіла, чым бы ні займалася. Узгадваюць, як яна, спяшаючыся з Іказні ў Слабодку, ішла, спявала і, ўяўляючы перад сабой касцельны хор, дырыжыравала тым нябачным хорам. У такія хвіліны яе ўдзячнымі слухачамі былі прыдарожныя дрэвы ды жытнёвыя палі.

Часам дзівішся: дзе, адкуль, з якой бяздоннай крыніцы, гэтыя жанчыны бралі сілы, каб годна супрацьстаяць моцнай і бесчалавечнай сіле – бязбожжу? Тыя сілы яны чэрпалі ў Бога – бясконцай крыніцы дабрыні, любові, мужнасці. Менавіта гэтая сіла прымусіла сорак год таму сястру Валерыю Русачонак пакінуць свае родныя Лужкі, сваю працу, утульны бацькоўскі дом і прыйсці ў Браслаў, у непрыкметны дамок, пад вокнамі якога буялі дзівосныя півоніі. За вакном чуўся п’янаваты гоман суседняй піўной, а ў дамку гучалі сцішаныя малітвы. Гэтае нялюдскае суседства магло б здацца абсурдным, непрыдатным для таго, каб знайсці душэўны спакой і лагоду сэрца. Засталася. І цярпела ўсе выпрабаванні, і заўсёды памятала, што на дне чамадана ляжыць хабіт – дарагі для яе строй, які так хацелася адзець адкрыта і пайсці ў ім па вуліцы...

Не адна з іх, маладых, прыгожых, усмешлівых, перажыла тыя хвіліны душэўнае буры, якія зведала маладзеньская сястра Ядвіга ў цягніку, праязджаючы паўз свой родны дом. Ехала і моцна-моцна трымалася за лаўку, на якой сядзела. Па твары цяклі слёзы, у вачах стаяў родны дом, дзе яе заўсёды чакалі. Гэты дом клікаў да сябе, а яна сядзела, пабялелымі ад напругі пальцамі сціскала лаўку і думала, каб толькі не разняць пальцаў, толькі б не адпусціць лаўкі, бо тады яна можа падняцца і сысці на станцыі... Вытрывала, не адпусціла пальцаў, праехала паўз родны дом туды, куды яе клікаў Хрыстус. Бо Ён таксама чакаў. І гэтае чаканне немагчыма было падмануць...

Свет почасту да болю не разумеў іх. Таму яны часта, вырашыўшы прыняць крыж законніцы, не маглі адкрыта сказаць пра тое нават сваім родным. Часта аб гэтым рашэнні не ведалі нават бацькі. Але былі і іншыя выпадкі. Да прыкладу, сям’я Скур’ятаў са Слабодкі аддала на службу Богу дзвюх сясцёр эўхарыстак і аднаго брата марыяніна.

Надоўга ці не, але час змяніўся. Сёстры эўхарысткі не хаваюць больш сваіх хабітаў, не тояць сваю веру, не навучаюць дзяцей катэхізму ў лесе альбо на гарышчы. Усё гэта яны адкрыта робяць у касцёлах. Цяпер, калі людзі зноў павярнуліся да Бога, калі многія і многія захацелі знайсці Яму месца ў сваім жыцці і жыцці сваіх дзяцей, дапамога сясцёр вельмі дарэчы. Вельмі многім людзям яны дапамаглі знайсці Бога. Дапамогуць і яшч. шмат. Супольнасць мае свае дамы ў Полацку, Браславе, Слабодцы, Ідолце, Друі, Барысаве, Удзеле...

Гістарычны дзень у іх жыцці.
Летам 1996 года давялося прысутнічаць на ўрачыстасці ў Удзелаўскім касцёле. Упершыню пасля доўгага перапынку на Беларусі сёстры эўхарысткі складалі законныя шлюбы. У той дзень Галіна Салодкая, Вольга Бяляева і Марыя Матылёнак змянілі свае белыя вэлюмы навіцыятак на чорныя вэлюмы законных сясцёр. У той дзень яны прысягалі перад алтаром Хрыста год жыць у чысціні, паслушэнстве, пакоры і вернасці Езусу, прысутнаму ў Эўхарыстыі. У той жа дзень Алена Шымко, Вольга Брэхун, Валянціна Арсоба, Вольга Кузняцова і Таццяна Салодкая пацвердзілі свае шлюбы яшчэ на год, а Фэліцыя Журня і Рэгіна Шаркель адсвяткавалі свае пяцідзесятыя ўгодкі службы ў Законе. Гэтая падзея, безумоўна, засталася запісанаю ў кнізе вечнасці. І тыя словы прысяжнай малітвы, якія сёстры прамаўлялі перад Езусам у Эўхарыстыі, перад сваёй законнай маці і перад усімі прысутнымі на Святой Імшы, напэўна ж, апякалі іхнія вусны сваёй праўдзівай прастатой.

... Адна за другой дзяўчаты падыходзяць да кленчніка перад алтаром, апускаюцца на калені:

"Я, Галіна Салодкая, у прысутнасці сясцёр і перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце..."
– Я, Галіна Салодкая, у прысутнасці сясцёр і перад Езусам у Найсвяцейшым Сакрамэнце сведчу, што ўсім сэрцам хачу наследаваць Хрыста і прысвяціць сябе пашырэнню хвалы Божай. Таму на твае рукі, шаноўная маці-начальніца, складаю шлюб Усемагутнаму Богу – на працягу года захоўваць убогасць, чысціню і паслушэнства паводле Канстытуцыі Супольнасці сясцёр-служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі. З поўным даверам аддаюся сям’і законнай, каб у ёй, паслухмяная Духу Святому, пры дапамозе Найсвяцейшай Марыі Панны і маіх апекуноў, служачы Касцёлу, магла займець дасканалую любоў. Дык няхай мне дапаможа Езус, прысутны ў Найсвяцейшым Сакрамэнце, і Яго Святое Евангелле.

– А я моцай надзеленай мне ўлады, – адказвае маці-начальніца, – прымаю шлюбы, складзеныя табой у Супольнасці сясцёр-служабніцаў Езуса ў Эўхарыстыі, і горача прашу Бога, каб ты верна выконвала іх у лучнасці з Эўхарыстычнай ахвярай.

Яны прынеслі сябе ў ахвяру. Спачатку – на год. Потым – яшчэ на год. Потым... Вельмі хочацца верыць, што яны не здрадзяць Езусу Хрысту і сваім прыкладам, сваім жыццём прыцягнуць іншых да Яго. За плячыма – год навіцыяту. У іх быў час падумаць, усё ўзважыць, ацаніць свае мажлівасці. Быў час, каб у малітвах, у разважаннях шукаць адказ на тое пытанне, якое аднойчы абвострана паўстала перад імі: «Што мне рабіць, Езу, каб жыццё не страціла сэнсу?» Яны знайшлі гэты адказ у пакоры Звеставання. Яны адказалі: «Іду».

Пакуль што на іхніх галовах белы вэлюм. Але хутка, ужо вельмі хутка будзе новы – чорны. І вось гэты момант надыходзіць.

– Прымі гэты вэлюм, – ціха і ўрачыста прамаўляе святар, – па якім усе пазнаюць, што ты цалкам належыш Хрысту і аддадзена на службу Касцёлу.

Потым кожная з іх атрымлівае крыж:

– З Хрыстом прыбітая да Крыжа, не жыві ўжо болей дзеля сябе, але для Таго, хто дзеля цябе памёр і ўваскрос.

Потым:

– Прымі і палюбі пазнаную табой Канстытуцыю сям’і, і ўсё тваё жыццё няхай будзе яе адлюстраваннем.

Безумоўна, гэты ліпеньскі дзень 1996 года застанецца ў гісторыі Супольнасці сясцёр-служабніц Езуса ў Эўхарыстыі і ў гісторыі ўсяго Касцёла на Беларусі як яшчэ адно аднаўленне справядлівасці. Праз шмат гадоў пераследу веры гэтыя дзяўчаты адкрыта, не тоячыся заявілі Богу і людзям аб сваім жаданні асаблівым чынам з’яднацца з Богам, асаблівым чынам служыць Яму. Вядома ж, яны ведаюць, што чакаюць іх суровыя выпрабаванні. Бо нашая зямля, часта неўзараная, часта незасеяная, яшчэ буяе пустазеллем бездухоўнасці, дарэмнага растрачвання Божых дароў. Іх часта не будуць разумець у свеце. Але ж мы памятаем, што і «Яго свет не пазнаў».

...Неяк з сястрой Валерыяй Русачонак здарыўся такі выпадак. Ехала яна ў аўтобусе з Удзела да Полацка, ехала, малілася ружанец і, заглыбіўшыся ў размову з Богам, не звяртала ўвагі на тое, што адбываецца навокал. Ды раптам яе крануў за плячо незнаёмы мужчына. Азірнулася, а ён працягнуў ёй грошы. Здзівілася: навошта? А мужчына і растлумачыць толкам не ўмеў, чаму ён дае тыя грошы. Затым і яшчэ некалькі пасажыраў працягнулі ёй купюры. Сястра Валерыя падзякавала і сказала, што перадасць іх на будову касцёла ў Полацку. Нязначны, здавалася б, выпадак. Але ў ім, як у люстэрку, адбілася нашая рэчаіснасць, гэтае такое частае суседства – глыбокай веры ў Бога, духоўнае трываласці, душэўнае раўнавагі і спакою з аднаго боку і разгубленасці, няўпэўненасці, пошуку тае самае трываласці з другога. Чаго яны прагнулі больш, тыя людзі, якія працягвалі сястры-законніцы грошы? Аддзячыць ёй за ейныя малітвы, веру, за тыя ўсе цяжары, якія несла яна на сваіх слабых з выгляду плячах? Папрасіць у Бога прабачэння за тое, што самі не мелі тае вернасці і трываласці? Падзякаваць Богу за тое, што жанчыны ў хабітах маюць цяпер магчымасць адкрыта маліцца за наш супярэчлівы свет і выпрошваць у Бога літасць да яго?

Мабыць, не адзін з нас адчувае штосьці падобнае, калі бачыць жанчыну ў хабіце. Яе постаць назаўсёды застанецца для свету загадкай. Чым жа мы можам аддзячыць гэтым людзям за іхнюю ахвярнасць? Мабыць, самаю годнаю падзякаю можа быць шчырая малітва падтрымкі, малітва падзякі, малітва надзеі. Дык няхай жа яны, якія безупынна шлюць Богу малітвы за нас, адчуваюць і ад нас гэтую падтрымку. І няхай у нашых сэрцах заўсёды будзе асаблівая павага і ўдзячнасць да гэтых жанчын у строгіх чорных строях – асаблівых служанак Божых.

Незабыўная сустрэча ў Рыме.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY