Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Папа Ян Павел ІІ

«УСТАНЬЦЕ, ХАДЗЕМ!»

Пачатак у №2(28)/2004

Частка ІІ

ДЗЕЙНАСЦЬ БІСКУПА

«Служэнне сваё выконвай» (2 Цім 4, 5)

Біскупскія заданні

Вярнуўшыя ў Кракаў з маёй першай біскупскай пілігрымкі на Ясную Гару, я пачаў працаваць у курыі. Быў адразу менаваны генеральным вікарыем. Магу шчыра сказаць, што пасябраваў з усімі супрацоўнікамі кракаўскай курыі: з ксяндзамі Стэфанам Маршоўскім, Мечыславам Саторам, Мікалаем Кучкоўскім, ксяндзом інфулатам Багданам Нямчэўскім. Гэты апошні як дзекан капітулы пасля найбольш рашуча хадайнічаў, каб я быў менаваны арцыбіскупам насуперак усёй арыстакратычнай традыцыі, бо ў Кракаве арцыбіскупы звычайна выбіраліся з асяроддзя арыстакратаў. Таму было нечаканасцю, калі пасля ўсіх іх быў менаваны я, «пралетар». Аднак гэта здарылася праз некалькі гадоў, у 1964 годзе. Я яшчэ вярнуся да гэтага.

У курыі я пачуваўся добра і кракаўскія гады ўспамінаю з вялікаю ўдзячнасцю і радасцю. Да мяне пачалі прыходзіць святары з рознымі справамі. Я з энтузіязмам узяўся за працу. А вясною пачаліся візітацыі.

Паступова я ўваходзіў у новыя касцёльныя функцыі. Разам з біскупскім пакліканнем і кансэкрацыяй я прыняў новыя заданні. У скарочанай форме яны змешчаны ў літургіі біскупскай кансэкрацыі. Як я ўжо згадваў, з часу маёй сакры ў 1958 годзе абрад біскупскіх пасвячэнняў быў зменены, аднак яго сутнасць засталася тая ж. Даўні звычай, устаноўлены Айцамі Касцёла, наказваў запытаць будучага біскупа перад людзьмі, ці хоча ён захаваць веру і выконваць даверанае яму кіраўніцтва паслугі. Цяпер гэтыя пытанні гучаць так:

Ці хочаш з ласкаю Духа Святога выконваць аж да смерці уладу, даручаную нам Апосталамі, якую атрымаеш праз ускладанне нашых рук?

Ці хочаш верна і нястомна абвяшчаць Евангелле Хрыста?

Ці хочаш захаваць чысты і непарушны скарб веры, які, згодна з Апостальскай традыцыяй, заўсёды і ўсюды ахоўваецца ў Касцёле?

Ці хочаш будаваць Цела Хрыста, гэта значыць Ягоны Касцёл, і прабываць у яго еднасці з калегіумам біскупаў, пад уладаю наступніка святога апостала Пятра?

Ці хочаш па-сапраўднаму быць паслухмяным наступніку святога Пятра?

Ці хочаш, як любячы айцец разам з усімі нашымі супрацоўнікамі, святарамі і дыяканамі, клапаціцца аб святым людзе Божым і скіроўваць яго на дарогу збаўлення?

Ці хочаш дзеля Імя Панскага быць даступным і міласэрным для ўбогіх, падарожных і ўсіх працуючых?

Ці хочаш, як добры пастыр, шукаць авечак, якія заблудзіліся, і адносіць іх у аўчарню Панскую?

Ці хочаш нястомна прасіць Усемагутнага Бога за святы люд і бездакорна выконваць уладу Найвышэйшага Святара?1

Словы, тут прыведзеныя, несумненна, глыбока запісаліся ў сэрцы кожнага біскупа. Яны з’яўляюцца водгуллем пытанняў Езуса над Галілейскім возерам: «Сымон, сын Ёнін, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?» (...) Езус кажа яму: „Пасі авечкі Мае!“ Яшчэ кажа яму другі раз: „Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?” (...) Езус кажа яму: „Пасі авечкі Мае!“ І кажа яму трэці раз: «Сымон Ёнін, ці любіш ты Мяне?» і сказаў Яму: „Пане, Ты ўсё ведаеш, Ты ведаеш, што я люблю Цябе“. Езус кажа яму: „Пасі авечкі Мае!“» (Ян 21, 15-17). Не твае авечкі, не вашыя, а Мае! Бо Ён стварыў чалавека. Ён яго адкупіў. Ён выкупіў усіх, да аднаго, цаною сваёй Крыві!

 
Пастыр

У хрысціянскай традыцыі ўсталяваўся біблійны вобраз пастыра ў трох постацях: таго, хто нясе на плячах згубленую авечку; таго, хто вядзе свае статкі на зялёную пашу; і таго, хто пастырскім посахам ахоплівае сваіх авечак і бароніць іх ад небяспекі.

Ва ўсіх трох вобразах увасабляецца адно пасланне: пастыр для авечак, а не авечкі для пастыра. Ён так цесна з імі звязаны, што гатовы жыццё аддаць за авечак (пар. Ян 10, 11). Кожны год у дваццаць чацвёрты і дваццаць пяты тыдзень звычайнага перыяду ў Літургіі гадзін з’яўляецца доўгае казанне пра пастыраў св. Аўгустына (пар. Гадзіна чытанняў).

Спасылаючыся на Кнігу прарока Эзэхеля, біскуп Гіпоны вельмі востра крытыкуе дрэнных пастыраў, гэта значыць тых, што не клапоцяцца пра авечак, а толькі пра саміх сябе: «Паглядзім жа цяпер, што праўдзівае Слова Божае кажа пастырам, якія пасуць саміх сябе, а не авечак: „Напіліся малака, апрануліся ў сукно; забілі тлустае быдла, аднак жа авечак не пасвілі. Слабой не ўмацоўвалі, пра здароўе хворай не дбалі, скалечанай не перавязвалі, заблуканай не прывялі назад, згубленай не знайшлі, моцную прыгняталі; разбрыліся мае авечкі, бо не мелі пастыра“» (Гадзіна чытанняў, панядзелак ХХІV тыдня). Аднак св. Агустын прыходзіць да сцвярджэння поўнага аптымізму: «Няма недахопу ў добрых пастырах, але ўсе ў Адным. (...) Усе (...) добрыя пастыры знаходзяцца ў Адным і адно складаюць. Калі яны пасуць, Хрыстус пасе. (...) Бо ў іх Яго голас і Яго любоў» (Гадзіна чытанняў, пятніца ХXV тыдня).

Якія ж кранальныя разважанні пра пастырскае служэнне пакінуў нам таксама св. Рыгор Вялікі: «Свет поўны святароў, але няшмат работнікаў на жніве Пана. Хоць і прымаем святарскі сан, але задання служэння не выконваем. (...) Занядбоўваем абавязак абвяшчэння і, на наша няшчасце, як бачу, называемся біскупамі. Утрымліваем годнасць, а ігнаруем абавязкі годнасці. Тыя, хто быў нам давераны, пакідаюць Бога, а мы маўчым» (Гадзіна чытанняў, субота ХХVІІІ тыдня). Штогадовы напамін, які літургія скіроўвае да нашай свядомасці, звяртаючыся да адказнасці перад Касцёлам!

 
Ведаю авечак сваіх (пар. Ян 10, 14).

Добры пастыр ведае сваіх авечак, і яны яго ведаюць (пар. Ян 10, 14). Несумненна, заданне біскупа разумна імкнуцца да таго, каб як найбольш людзей, якія разам з ім утвараюць лакальны Касцёл, маглі пазнаёміцца з ім асабіста. Са свайго боку ён сам будзе імкнуцца быць блізка да іх, каб ведаць, чым яны жывуць, што іх радуе і што хвалюе іх сэрцы. Асноваю гэтага ўзаемапазнання з’яўляюцца не так прынагодныя сустрэчы, як, хутчэй, сапраўдная зацікаўленасць тым, што адбываецца ў людскіх сэрцах, нягледзячы на ўзрост, становішча альбо нацыянальнасць кожнага чалавека. Такая зацікаўленасць ахоплівае і тых, хто блізка, і тых, хто далёка (пар. Дэкрэт аб пастырскіх заданнях біскупаў у Касцёле, 16). Цяжка сфармуляваць нейкую сістэматычную тэорыю на тэму адносінаў да людзей. Тым не менш, мне вельмі дапамагаў персаналізм, які я спасцігаў, вывучаючы філасофію. Кожны чалавек – гэта непаўторная асоба, і таму ніколі a priori не магу запраграмаваць нейкіх адносін, якія б былі прымальныя для ўсіх, але пэўным чынам павінен вучыцца ім кожны раз спачатку. Добра пра гэта сказана ў вершы Юрыя Лебэрта:

Спасцігаю цябе, чалавек,
Цяжка, глыбока, паволі.
Спасцігаю цэлы свой век
З радасцю ціхай і болем.2

Для біскупа вельмі важна мець кантакт з людзьмі і набыць уменне кантактаваць з імі рознымі спосабамі. Што датычыць мяне, то характэрна, што ў мяне ніколі не было ўражання завялікай колькасці маіх кантактаў. Тым не менш я пастаянна дбаў пра тое, каб у кожным выпадку захаваць індывідуальны характар гэтых адносінаў. Кожны чалавек – гэта асобны раздзел. Я заўсёды дзейнічаў згодна з гэтым перакананнем. Аднак я разумею, што гэтаму нельга навучыцца. Гэта проста ёсць, выплывае знутры.

Зацікаўленасць іншым чалавекам пачынаецца з малітвы біскупа, з яго размовы з Хрыстом, які яму давярае «сваіх». Малітва рыхтуе нас да сустрэчаў з іншымі. Гэта сустрэчы, на якіх, дзякуючы духоўнай адкрытасці, можам адзін аднаго спазнаваць і разумець таксама й тады, калі часу не так шмат. Я проста дзень у дзень малюся за ўсіх. Калі сустракаю чалавека, то ўжо за яго малюся, і гэта заўсёды дапамагае з ім кантактаваць. Мне цяжка сказаць, як успрымаюць гэта людзі – трэба спытаць іх саміх. Аднак маю такі прынцып, што кожнага прымаю як асобу, якую прысылае Хрыстус, як таго, каго Ён мне даў і разам з тым задаў.

Не люблю выразу «натоўп», які пазначаны ананімнасцю; аддаю перавагу азначэнню «мноства» (па-грэцку plethos: Мк 3, 7; Лк 6, 17; Дз 2, 6; 5, 14 і інш.). Хадзіў Хрыстус дарогамі Палестыны, а за ім часта ішло вялікае мноства людзей; гэтаксама было ў выпадку з Апосталамі. Зразумела, служэнне, якое выконваю, вымагае ад мяне сустрэчаў з многімі людзьмі, часам з вялікім мноствам.

Так было, напрыклад, у Маніле, дзе былі мільёны маладых людзей. Аднак жа нельга было ў тым выпадку казаць пра ананімны натоўп. І так бывае ўсюды.

У Маніле я меў перад вачыма ўсю Азію. Колькі хрысціянаў і колькі ж мільёнаў людзей, якія на гэтым кантыненце яшчэ не ведаюць Хрыста! Вялікую надзею ўскладаю на дынамічны Касцёл на Філіпінах і ў Карэі. Азія – вось наша супольнае заданне на трэцяе тысячагоддзе!

Пераклад з польскай мовы
Крыстыны Лялько.

 


  1. Рымскі пантыфікал, Абрад пасвячэння біскупа.
  2. Poezje, Warszawa, 1923, s. 114. (Пераклад К. Лялько).


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY