Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(33)/2005
Галерэя
Год Эўхарыстыі

MANE NOBISCUM DOMINE

ПАЭЗІЯ

ЗАКАНЧЭННЕ ГОДА ЭЎХАРЫСТЫІ

ДЗЯКУЮЧЫ ЭЎХАРЫСТЫЧНАМУ ХРЫСТУ

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

ХІБА Ж ГЭТА НЕ ЦУД?

РУКІ ДАЮЦЬ ХЛЕБ
Мастацтва

«ГЭТА ЧЫНІЦЕ НА МАЮ ПАМЯЦЬ...»
На кніжнай паліцы
Нашы святыні

БЛІЗНЯТЫ... БРАТЫ?
На шляху веры
Проза
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Успаміны
У выдавецтве «Про Хрысто»

ПРЫГОДА БЫЦЦЯ
Падзея

Кс. др. Ян КРЭМІС

ЭЎХАРЫСТЫЯ — ГЭТА ХРЫСТУС

Сакрамэнт Эўхарыстыі — гэта адзін з сямі сакрамэнтаў Касцёла, устаноўленых Хрыстом. Гэта сакрамэнт, у якім Хрыстус прысутнічае не толькі ў слове і знаку, не толькі праз удзяленне чалавеку ласкі, але прысутнічае рэальна, праўдзіва і субстанцыяльна, аб чым ужо навучаў славуты Трыдэнцкі Сабор1.

Эўхарыстыя — гэта Езус!

Езус, які паклікаў мяне да веры. Езус, які паслаў мяне абвяшчаць свету Яго Евангелле. Езус, які, спадзяюся, прыме мяне ў сваё Валадарства, калі прыйдзе ў славе.

Хрыстус паклікаў мяне да веры, даў мне веруючых бацькоў, якія з дзіцячых гадоў вучылі мяне ўласным прыкладам па-сапраўднаму любіць Бога і людзей. Сёння, будучы святаром, я ўдзячны Яму за тое, што мае бацькі, простыя вясковыя людзі, не толькі захавалі ў сваім сэрцы, але і пераказалі мне каштоўны скарб каталіцкай веры.

Здаецца, мая першая сустрэча з Эўхарыстычным Езусам была так нядаўна, а прамінула ўжо амаль 25 гадоў. Памятаю, як мама дома вучыла мяне катэхізісу, а я, каб вывучыць асноўныя малітвы, перапісваў іх зразумелымі літарамі. Пасля такой падрыхтоўкі патаемна з бацькамі ехалі ў Глыбокае ў касцёл, бо ў Мосары наш парафіяльны касцёл працаваў толькі 4 разы на год. У глыбоцкім касцёле ў закрыстыі адбылася мая першая споведзь, а ў бочнай капліцы святар удзяліў мне першую святую Камунію. Да сённяшняга дня памятаецца радасць ад гэтай першай сустрэчы з Езусам, утоеным у Эўхарыстыі. Сустрэчы, якую я з перспектывы часу ўспрымаю як тое, што паўплывала на ўсё маё далейшае хрысціянскае жыццё.

Калі я гляджу сёння на святкаванне ўрачыстасці Першай Камуніі ў нашых касцёлах, у мяне часам узнікае з аднаго боку пачуццё добрай зайздрасці і разам з тым — пачуццё слушнага клопату. Добрай зайдрасці, бо Першая Камунія — сустрэча з Эўхарыстычным Хрыстом, гэта адна з самых важных падзей у жыцці кожнага хрысціяніна2, гэта вялікае свята, якога дзеці 1970–1980 гадоў былі амаль пазбаўлены з-за палітычнай сітуацыі. Пачуццё клопату, бо нярэдка падчас сённяшняй арганізацыі Першай Камуніі большая ўвага надаецца другасным рэчам, зусім не важным, скіраваным на матэрыяльны, а не на духоўны сэнс святкавання. На жаль, часта падарункі, фотаздымкі, салодкі стол становяцца галоўнымі элементамі першакамунійнай урачыстасці.

Усё маё свядомае хрысціянскае жыццё злучана з Эўхарыстыяй. Вучоба ў школе, вучылішчы, духоўнай семінарыі — гэта паасобныя крокі на шляху людскога і хрысціянскага станаўлення. Шмат чаго ўспамінаю з таго, што было ў той час. Бывала, што даводзілася хавацца ад варожых людскіх вачэй, акружнымі шляхамі прабірацца да святыні, каб быць на Эўхарыстыі. Можна было часам бачыць слёзы бацькоў, якім забаранялася вучыць сваё дзіця таму, у што самі вераць, і нават былі пагрозы пазбавіць бацькоўскіх правоў.

Сітуацыя змянілася на пачатку 90-х. Падчас навучання ў школе Хрыста — семінарыі, Эўхарыстыя стала для нас цэнтрам усёй фармацыі. Мы — семінарысты, кожны дзень шмат разоў збіраліся ў семінарыйнай капліцы, каб супольна і паасобку праслаўляць Эўхарыстычнага Езуса. Маліліся да Эўхарыстычнага Хрыста, пра прысутнасць якога нагадаваў чырвоны агеньчык, што гарэў пры табэрнакулюме, шмат разважалі над Яго заклікам «Ідзі за Мною», «Будзь Маім слугою».

Святарства, святарскае пакліканне — гэта вялікі дар і вялікая таямніца. І вось 7 снежня 1996 года ў мінскай архікатэдры праз малітву і ўскладанне рук ксяндза кардынала Казіміра Свёнтка я атрымаў гэты дар. Стаў слугою Эўхарыстыі, атрымаў нічым не заслужаны дар. Дар, які адначасова з’яўляецца заданнем: «Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і паслаў, каб ішлі і прыносілі плён» (пар. Ян 15,16).

Душпастарская праца ў Мінску, вучоба ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне, дыдактычная праца ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску — гэта чарговыя этапы рэалізацыі майго святарскага паклікання, якое заўсёды было і застаецца непадзельна злучаным з цэлебрацыяй Эўхарыстыі — ахвяры Хрыста, якая з’яўляецца крыніцай шчасця і радасці ўсяго хрысціянскага жыцця3.

Гледзячы на людское жыццё, несумненна можна сказаць, што кожнаму чалавеку ёсць за што дзякаваць Богу, свайму Стварыцелю і Збаўцу. Эўхарыстыя — гэта падзяка. Складаючы ахвяру святой Імшы, Касцёл моліцца ва ўсіх інтэнцыях Божага народу: узносіць малітвы праслаўлення, перапрашэння, просьбы, а таксама падзякі. Эўхарыстыя — гэта дасканалы культ Бога, і толькі Бога4, таму не выпадкова Касцёл устанаўлівае нормы яе цэлебрацыі. Так, напрыклад, у Агульных уводзінах да Рымскага Імшала ў раздзеле, які так і называецца «Структура Імшы, яе элементы і часткі», Касцёл выразна пералічвае яе розныя элементы5, нагадвае пра неабходнасць захоўваць літургічныя прадпісанні адносна спосабу прамаўлення малітваў, сакральнае маўчанне, гаворыць пра пэўныя жэсты, літургічныя дзеянні, аднак нідзе не згадавае пра ролю апладысментаў падчас цэлебрацыі, якія апошнім часам становяцца ўсё больш і больш моднымі ў нашых святынях.

На шляху да вечнасці Касцёл прапануе розныя пабожныя практыкі, якія дапамагаюць хрысціяніну весці сакрамэнтальнае жыццё. Свядома абмінаючы разважанне над хрысціянскім абавязкам удзелу ў нядзельнай Эўхарыстыі6, якая з’яўляецца «асяроддзем і вяршыняй сакрамэнтальнага жыцця»7, хачу заахвоціць да цэлебрацыі набажэнстваў першых пятніц месяца ў гонар Найсвяцейшага Сэрца Езуса і першых субот — у гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Мяне больш заахвочвае практыка першых субот, аднак кожны мае права выбару, галоўнае, каб чалавек праз удзел ва ўзгаданых набажэнствах набліжаўся да алтара Божай ласкі, бо адным з элементаў гэтых набажэнстваў ёсць сакрамэнтальная споведзь, якая і дазваляе нам годна яднацца з Эўхарыстычным Езусам8. Добра арганізаваныя і перажытыя ў нашых парафіях, гэтыя набажэнствы сапраўды могуць прынесці вялікі духоўны плён як у нашым зямным жыцці, так і ў вечнасці, да якой мы ўсе імкнёмся.

Напрыканцы хацелася б дадаць, што святасць Касцёла залежыць ад святасці яго ўдзельнікаў — Народу Божага, што пілігрымуе пад кіраўніцтвам Езуса Хрыста, які ў жыцці кожага хрысціяніна павінен быць Дарогаю, Праўдаю і Жыццём. І калі так будзе, то ўсялякія разважанні на тэму Эўхарыстыі, якія б ні былі яны асабістыя, заўсёды будуць сканцэнтраваныя вакол асноўнай праўды: Эўхарыстыя — гэта Хрыстус!

 


  1. Пар. BF VII 289.
  2. Пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 914.
  3. Пар. LG 11.
  4. Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, нум. 1359–1361.
  5. Пар. Агульныя уводзіны да Рымскага Імшала, нум. 27–90. Мінск, 2004.
  6. Пар. Кодэкс кананічнага права, кан. 1247–1248 §1; Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, нум. 2180–2183.
  7. RH 20.
  8. Пар. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, нум. 1415; Кодэкс кананічнага права, кан. 916.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY