Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(34)/2005
Галерэя
На кніжнай паліцы
Нашы святыні
Падзеі

АПОСТАЛЬСКІ РУХ БОЖАЙ МІЛАСЭРНАСЦІ
На кніжнай паліцы
Vaticanum II
Кантрапункт

ЦІ ПАТРЭБНА БОГУ РЭКЛАМА?
Хрысціянская думка
Культура
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Юбілеі

РЫЦАР СЛОВА І ДУХУ

КРУГ ВЕЧНАСЦІ
Бібліятэка часопіса
«Наша вера»
Проза

КРЫЖ НАД НЁМАНАМ
На кніжнай паліцы
Постаці
Нашы святыні

* * *
Ён наперад ведае
кожны мой уздых —
не тое што стогн.
І нешта такое ведае,
чаго мне зараз пабачыць
нельга нават здаля,
бо звыш майго зроку.
Ён — беражлівы, спагадлівы,
а я шчымлюся за ласкаю
і ў пару шарай гадзіны,
што сам-насам мушу адбыць...

Шчаслівая!
Магу сабе дазволіць
уздыхаць і стагнаць —
даверлівае дзіця
           ля ног
                       Бацькі-Бога.

 
* * *
А можа вось зараз
толькі кволаю просьбай,
адно нясмелым зваротам
тваім — да Божае ласкі
і трымаецца хтосьці,
над пространню лёсу...

 
* * *
Не прапусціць, не зблытаць ані з чым
вывераны час дакладна іспыту —
запісана ад нараджэння быць
праверанай душы на вернасць
таму, пра што адно здагадваешся тут.

Боль абцяжарыць ці аблегчыць плоць?..
Назад альбо ўперад стыхія панясе
бездапаможнага нявольніка
выпрабавання?
А пры табе вясло тваё і лодка,
скарб сапраўдны ўвесь з табой.
Апала, што лістота ўвосень,
матэрыя, сабраная быццём.
Вяслуй па бурных водах смела
альбо ідзі, калі ўжо навучаны хадзіць,
услед за Тым, Якому шчыра абяцаў
яшчэ пры беразе народзін,
калі дамоўлена было й пра гэты міг і час —
заўжды, паўсюль быць верным абяцаў...

Вывераны час дакладна іспыту.

 
* * *
Няўжо апошняй сечы,
землятрусу, граду,
апошняй страты тут
ужо не абмінуць?

І папярэджаны наўпрост здаўна
наканавання не аспрэчыць чалавек...

Пачвара, распрасцёртая над светам,
Законы і Любоў, нахабная, глынае,
здратаванае карэнне ў кіпцюрах.
Растуць рады ахвярныя ўвачавідкі —
пакутнікі у белых вопратках
маўклівыя чакаюць...

Няўжо Армагедону быць,
і вызначана месца ўжо,
і расхінуты шаты часу?..

 
* * *
Усё, ці ж не ўсё ў прыродзе,
сэнсам адзіным, суцэльным,
з кропкі адной скіравана
і ўвасабляецца, несумяшчальнае бы,
выпадковае на чалавечы розум...

Залева ўскрайкам зімы,
як мусіў бы сівер марозіць.
Грамы па-над графікай крон —
прысадах і паркам зарослым,
што, ведама, грознай прыкметаю.

І раптам скрозь мокрую цемень
да самага сэрца — кліч жураўліны,
адхланне, святло й перамога.

 
* * *
Народжаным у смутак —
пазбыцца смутку як?!.
Калі паблытаны і дні, і ночы,
а душа, як той камяк балесны з
паразбіваных капіляраў, усіх сасудаў.
Можа ўжо пашкоджаных навек
памкненняў светлых і надзей...
Навек — ад нараджэння!..

Падумай толькі, дружа, сам —
нашто было б Яму,
Усемагутнаму Тварцу,
нас слаць сюды на здзек,
дзе кожным летам водар ліп
і музыкаю тхне зямля ў фіялетах...
Звычайна часта забываем мы,
народжаныя ў радасць і палёт,
што смутак толькі так — смуга,
і ёй часова засціць далягляд.
Навала полю шкодзіць,
як каласы стамляюцца да часу
цягнуцца верна ўвысь
і ва ўдзячнасці Ратая славіць.
Нашто было б... падумай, дружа.

 
* * *
І боль страты, канца —
выспа сыпучая,
багно ненаежнае,
вір укрутлівы —
аднойчы, бы раптам,
станецца вопытам.

Ручніком часу асушаны слёзы.

 
* * *
Месы арганнай шляхі
звалі кудысьці далёка,
настойліва вабілі высямі...
І жыццё вырастала ў жыццё,
нагадвала стукам салодкім
уладна знутры пра сябе...

Сына на стромах арганных
неяк застала аднойчы —
нібы добра знаёмаю сцежкай
імкнуў ён душою ўвысь.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY